Вы тут

Па колеры і прызначэнні сартуюць адходы на новым комплексе пад Оршай


Выраб шчапы, драбненне буйнапамерных адходаў, кампаставанне арганікі, ачыстка сцёкаў і сартаванне другаснай сыравіны не проста на пластык, шкло і паперу, але па колеравай і мэтавай прыналежнасці (малочныя ПЭТ-бутэлькі, зялёная і карычневая пластыкавая тара, празрыстыя ПЭТ-бутэлькі, упакоўкі з-пад бытавой хіміі, бляшанкі, ёмістасці ад аўтамабільных рэчываў — усё паасобку). Такія задачы выконваюць на новым смеццесартавальным комплексе, што нядаўна запрацаваў на базе палігона цвёрдых камунальных адходаў непадалёк ад Оршы.


З-пад малака, алею, хіміі...

Рэгіянальны палігон цвёрдых бытавых адходаў магутнасцю 60 тысяч тон стаў міжрэгіянальным аб'ектам для Аршанскага, Дубровенскага і Талачынскага раёнаў. Галоўная мэта прадпрыемства — прымаць, сартаваць, перапрацоўваць і захоўваць цвёрдыя камунальныя адходы так, каб мінімізаваць колькасць смецця, якое не падлягае ўтылізацыі.

— Лінія сартавання дазваляе сартаваць другасныя матэрыяльныя рэсурсы не толькі па саставу (пластык, шкло, папера, метал), але і па колеры і прызначэнні. Сартаванне тут адбываецца ўручную, і кожнаму работніку даведзена задача вымаць канкрэтны від упакоўкі: малочныя бутэлькі, з-пад хіміі, празрыстыя і г. д., — пракаментаваў Андрэй РАМАШКА, намеснік міністра ЖКГ. — У рэзервуарах для пэўнага віду адходаў відаць, што сыравіна адсартавана якасна. Яна адбіраецца зыходзячы з запытаў канкрэтнага перапрацоўшчыка-вытворцы.

Цыкл палігона пачынаецца з узважвання адходаў і вымярэння радыяцыйнага фону. У залежнасці ад віду адходы накіроўваюць на спецыялізаваныя ўчасткі. Там адбываецца механічная перапрацоўка і паўаўтаматычнае сартаванне змешаных цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) з выманнем другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР).

— Аб'ект досыць перадавы, і самыя брудныя і непрыемныя аперацыі робяць машыны. Выбіраецца арганіка для кампаставання, другасная сыравіна для перапрацоўкі, будзе рабіцца і RDF-паліва для ўжывання на энергаёмістых прадпрыемствах, — заўважыў Аляксандр СУБОЦІН, старшыня Віцебскага аблвыканкама, які прысутнічаў на запуску новага завода.

У зоне ЦКА адходы сартуюцца і з іх здабываецца другасная сыравіна. На сартавальным комплексе ўстаноўлены аптычны сканер, балістычны сепаратар, віхратокавы сепаратар і магнітныя сканеры. Дзякуючы гэтым прыладам адходы праходзяць тры стадыі сартавання. Спачатку візуальны агляд смецця, затым пагрузчыкам адходы падаюцца ў раздзіральнік пакетаў, дзе яны вызваляюцца ад «тары», пасля — на канвеер, дзе смецце дадаткова аглядаюць і вымаюць з яго інертныя матэрыялы і шклабой.

— Пасля папярэдняга сартавання адходы паступаюць у балістычны сепаратар, дзе яны падзяляюцца на фракцыі: аб'ёмную 3D і плоскую 2D, — расказаў Аляксандр ПАРФЁНАЎ, намеснік дырэктара прадпрыемства «Аршанская спецаўтабаза» (менавіта яго дачэрнім прадпрыемствам стаў палігон ЦКА). — 3D-фракцыя адпраўляецца на віхратокавы сепаратар, дзе з яе аддзяляюцца каляровыя металы. Потым адходы, якія ўтрымліваюць ДМР, ідуць на ручное сартаванне. 2D-фракцыі накіроўваюць на аптычны сканер, які дазваляе раздзяліць адходы па відах. У кожным этапе сартавання прыстунічаюць магнітныя сепаратары для вымання чорных металаў.

Адабраная са смецця ў розныя рэзервуары другасная сыравіна трапляе на прэс, які дадаткова абсталяваны перфаратарам для праколвання ПЭТ-бутэлек. Адсартаваны шклабой і чорныя металы ідуць на склад часовага захоўвання. Для пластыку, ПЭТ-бутэлек, бляшанак і макулатуры прызначаны другі склад. Фракцыі да 70 міліметраў і зялёныя раслінныя адходы адпраўляюцца на корты кампаставання, а смецце, якое не падлягае перапрацоўцы, — на корты захавання.

— У цюкі асобна прасуюцца папера, цэлафан, бляшанкі, ПЭТ-бутэлькі, тара з-пад хіміі, каністры, якія пасля адпраўляюцца на заводы на перапрацоўку. Лініі ўсё робяць самі, мне дастаткова толькі сачыць, каб абсталяванне працавала правільна і не давала збою, — заўважыў прасаўшчык палігона Ігар КУРАНАЎ, задача якога — назіраць за работай лініі прэса і канвеера.

Драўніну — на шчапу, будаўнічае смецце — на шчэбень

На пачатку будаўніцтва смеццесартавальнага завода пад вёскай Солаўе яго кошт складаў крыху больш за 120 мільёнаў рублёў, аднак дзякуючы карэкціроўцы праектных рашэнняў і выгаднай закупцы матэрыялаў удалося сэканоміць звыш 35 мільёнаў. Галоўным інвестарам стала прадпрыемства «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». На прадпрыемстве, як плануецца, з'явіцца 127 новых рабочых месцаў, 56 з якіх — для сартавальнікаў. Сярэдні заробак для працаўнікоў у 2024 годзе прадугледжаны 1130 рублёў.

Адзін з тэхналагічных этапаў работы са смеццем на прадпрыемстве — сартаванне і часовае захоўванне буйнапамерных адходаў з выманнем з іх каштоўных рэсурсаў. У зоне буйнапамерных адходаў іх перарабляюць на адпаведных устаноўках (яны, дарэчы, мабільныя, таму могуць выкарыстоўвацца непасрэдна па месцы ўтварэння будаўнічых адходаў). Атрыманую шляхам драбнення буйнапамерных і драўняных адходаў дзелавую шчапу плануюць выкарыстоўваць для ўласных патрэб кацельнай палігона, а таксама прадаваць іншым прадпрыемствам. А другасны шчэбень са скрышаных будаўнічых адходаў — для рамонту і ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі Оршы і раёна.

Бітумаўтрымлівальныя адходы, якія перапрацоўваюцца на асобнай устаноўцы, стануць бітумізаваным кардонам (яго плануюць рэалізоўваць кампаніям, якія вырабляюць сухія сумесі для дахавых масцік) і бітумнай крошкай (для дарожнага будаўніцтва).

На прадпрыемстве ёсць таксама некалькі рэзервуараў для фільтрацыі сцёкавых вод. Такім чынам, работа комплексу дазволіць сартаваць і апрацоўваць усе віды смецця, што ствараецца ў рэгіёне, і адпраўляць на другаснае выкарыстанне, у тым ліку тыя камунальныя адходы, якія раней захоўваліся на палігонах.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.