Вы тут

Сем прыкмет старэння. Як яго адцягнуць?


Гады — не бяда. Але мы пачынаем заўважаць, што навакольныя неяк іранічна пазіраюць на нас і размаўляюць з асаблівай папераджальнасцю, як з маленькім дзіцем. Прычына можа быць у тым, што ўзроставыя змены непрыкметна для нас саміх пачынаюць адбівацца на паводзінах.


Дзе норма, а дзе паталогія?

Вельмі важна своечасова адсачыць у сабе пачатак гэтых змен і строга кантраляваць свае паводзіны або звярнуцца да спецыялістаў. Большасць старэчых дыягназаў невылечныя. Аднак можна адтэрмінаваць развіццё хваробы, падоўжыць актыўнае жыццё пажылога чалавека і загадзя падрыхтавацца да магчымых ускладненняў.

— Узроставыя змяненні — не паталогія, а норма. Насцярожыць павінны толькі небяспечныя сімптомы. Сярод іх неахайнасць. А менавіта адмова ад звычайных гігіенічных працэдур, рэгулярнай змены адзення, падтрымання парадку ў жыллі. Яшчэ адна прыкмета — падазронасць. Чалавеку пачынае здавацца, што яго пераследуюць, падслухоўваюць, падглядваюць, жадаюць забіць, атруціць. Таксама небяспечным сімптомам з’яўляецца страта арыентацыі ў прасторы і часе. Чалавек перастае пазнаваць сваякоў і сяброў, блытае актуальныя і даўнія падзеі, размаўляе з памерлымі людзьмі, спрабуе сысці «дадому» з уласнай кватэры, — пералічвае трывожныя прыкметы ўрач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярына Азарава.

Сярод іншых сімптомаў — гіперсексуальнасць. Жанчыне здаецца, што ўсе ў яе закаханы, какетнічаюць і хочуць спакусіць. Мужчына аддаецца фантазіям аб сваіх адносінах з юнымі дзяўчатамі, непрыстойна жартуе. Таксама буянства. Па нязначных прычынах ці ўвогуле без нагоды чалавек учыняе гучны скандал, брудна лаецца, ламае мэблю, лезе ў бойку.

Насцярожыць блізкіх мусіць і паталагічнае назапашванне. Старыя людзі захламляюць хату велізарнай колькасцю непатрэбных рэчаў, смецця, пустых упаковак і катэгарычна адмаўляюцца з імі развітвацца. Ну і апошняя прыкмета — страта крытычнасці. Пажылы чалавек лічыць сябе «геніем», «прыгажуном» і г. д., перастае задумвацца аб якасці і наступствах сваіх дзеянняў.

Сон, харчаванне і фізічныя нагрузкі

Каб аддаліць такую непрыемную перспектыву, варта найперш звярнуцца да здаровага ладу жыцця. У сталым узросце мозгу неабходны паўнавартасны адпачынак.

— Пажылым людзям варта спаць не менш за 7,5 гадзіны ў дзень, адпачываць днём, клапаціцца, каб у спальні было свежае, насычанае кіслародам паветра. Пры парушэннях сну медытацыя, аўтатрэнінг і фітапрэпараты будуць карыснейшыя, чым седатыўныя медыкаменты, — раіць Кацярына Азарава.

Харчаванне павінна забяспечваць мозг неабходнымі амінакіслотамі, вітамінамі і мінеральнымі рэчывамі. Карысная ежа, якая змяшчае прыродныя антыаксіданты, вітаміны D, Е, В12, — гэта морапрадукты, арэхі, разынкі, курага, чарніцы, журавіны, морква. Варта ўключыць у меню малочныя прадукты, якія змяшчаюць прабіётыкі (жывыя малочнакіслыя бактэрыі). Невялікая колькасць натуральнага чырвонага віна (50-100 грамаў у дзень) абароніць сасуды і сэрца. А вось мясам лепш не злоўжываць — жывёльны тлушч спрыяе развіццю атэрасклерозу.

Пасільныя фізічныя нагрузкі стымулююць арганізм пажылога чалавека, павялічваюць утрыманне кіслароду ў крыві. Штодзённая зарадка паляпшае і памяць, і настрой. А вязанне, вышыванне, канструяванне, маляванне, праца з клавіятурай камп’ютара прымушаюць мозг «варушыцца» праз развіццё дробнай маторыкі пальцаў.

Не — адзіноце, так — інтэлектуальным заняткам

Памятайце, што адзінота для пажылых людзей згубная. Страчваючы стымул да актыўнага жыцця, чалавек вельмі хутка ўпадае ў дэпрэсію і губляе сувязь з рэальнасцю. Таму чым больш у старога чалавека спраў, заняткаў, абавязкаў і захапленняў, блізкіх сяброў, дзяцей, унукаў, вучняў і выхаванцаў, тым даўжэй удаецца супрацьстаяць няўмольнаму часу. Зносіны (у тым ліку ў віртуальным свеце) абараняюць ад дэпрэсіі, хатнія гадаванцы дапамагаюць захаваць цікавасць да жыцця. А шлюбнае жыццё і рэгулярныя інтымныя адносіны запавольваюць старэнне мозгу дзякуючы эндарфінам і палавым гармонам.

Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць інтэлектуальным заняткам. Карысныя гульні, якія патрабуюць логікі і ўвагі, — шахматы, шашкі, даміно. Добра развівае памяць разгадванне крыжаванак. Царкоўныя малітвы не толькі стымулююць мозг, але і дапамагаюць захоўваць душэўную раўнавагу.

Перамагчы старасць немагчыма, але заўсёды ёсць шанц заставацца ў цвярозым розуме і цвёрдай памяці, а таксама маладым у душы да самых сталых гадоў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.