Вы тут

Сяргей Барташ: Няма ў свеце больш ганаровай і адказнай працы, чым праца хлебароба


Трэцяя нядзеля лістапада — дзень ушанавання хлебаробаў, людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё працы на зямлі. Зусім скора ва ўсіх кутках нашай краіны пройдуць урачыстасці, прысвечаныя гэтаму святу, Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Напярэдадні прафесійнага свята «Звязда» звярнулася з пытаннямі да міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Сяргея Барташа.


— Сяргей Іванавіч, на сёння работы па збору ўраджаю ўжо амаль скончаны і можна падвесці нейкія вынікі…

— Так, некаторыя вынікі ўжо ёсць. Адзначу, што ў гэтым годзе працаўнікам сельскагаспадарчай галіны давялося працаваць у даволі складаных умовах надвор’я, але яны справіліся з усімі цяжкасцямі, вырасцілі і, галоўнае, сабралі важкі ўраджай. На сёння агульны намалот збожжа, уключаючы рапс, ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, складае больш як 9 мільёнаў 400 тысяч. Найбольш высокія рэзультаты ў хлебаробаў Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Дарэчы, у кожнай з іх па чатыры раёны намалацілі больш за 100 тысяч тон збожжа.

Калі казаць пра іншыя культуры, то тут сітуацыя таксама добрая: валавы збор цукровых буракоў складае каля 5 млн тон, бульбы — больш за 1 млн тон, кукурузы на зерне намалочана больш за 2 млн тон. Адзначу станоўчыя вынікі і ў вырошчванні такой важнай культуры, як лён. Сёлета яго, у пераводзе на льновалакно, плануем атрымаць больш за 35 тысяч тон.

Што датычыцца вырошчвання гародніны, то спажыўцы натуральных вітамінаў могуць быць спакойнымі — сёлетні ўраджай дазваляе забяспечыць патрэбы краіны ў гэтай прадукцыі: ужо сабрана больш за 180 тысяч тон. Цікава тое, што за апошні час значна пашырыўся асартымент вырошчваемай у адкрытым і закрытым грунце гародніны — на сёння гэта больш за 40 найменняў. Пладова-ягадных культур вырошчваем больш за 30 найменняў. Увогуле вытворчасць пладова-ягаднай прадукцыі за апошнія 10 гадоў павялічылася ў тры разы, вырошчваюцца практычна ўсе віды культур, якім падыходзяць кліматычныя ўмовы нашай краіны. Апошнія, да слова, мяняюцца з-за глабальнага пацяплення…

— То-бок магчыма, што паўднёвая экзотыка можа стаць мясцовай звыклай культурай?

— Можа быць. Сярод новых, перспектыўных кірункаў у раслінаводстве адзначу вырошчванне фундуку. Дзеля рэалізацыі гэтага праекта ў РУП «Інстытут пладаводства» закладзены доследны сад фундуку з мэтамі вывучэння біялагічных асаблівасцяў культуры і адпрацоўкі асобных тэхналагічных прыёмаў яе вытворчасці ў нашых умовах. Акрамя таго, ідзе работа па вывучэнні магчымасцяў развіцця вінаградарства ў нашай краіне. Арганізацыямі НАН Беларусі вядзецца даследчая работа па вывучэнні сартоў вінаграду, пераважна з павышанай мароза- і зімаўстойлівасцю, комплекснай устойлівасцю да захворванняў і шкоднікаў, вывучаюцца тэхналогіі яго апрацоўвання ў нашых кліматычных умовах.

У гэтай частцы ўсё залежыць ад умоў надвор’я і ад нашых навукоўцаў. Менавіта навуковая работа дапамагае ўкараняць не толькі новыя культуры, але і інавацыі ўвогуле. Вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук, навукова-педагагічныя работнікі устаноў вышэйшай аграрнай адукацыі забяспечваюць надзейны патэнцыял устойлівага інавацыйнага развіцця сельскай гаспадаркі. Дзякуючы ім створаны новыя сарты і гібрыды сельскагаспадарчых раслін, пароды жывёл, эфектыўныя тэхналогіі, якасная тэхніка, шырокі асартымент харчовых тавараў.

— А як складваецца сітуацыя ў жывёлагадоўлі?

— Адна з галоўных задач, пастаўленых Прэзідэнтам у гэтай галіне, — павелічэнне пагалоўя. Асноўнымі шляхамі вырашэння гэтай задачы міністэрства бачыць скарачэнне непрадукцыйнага выбыцця, захаванне тэхналогій кармлення і ўтрымання жывёл, строгае выкананне ветэрынарна-санітарных мерапрыемстваў.

Менавіта ў гэтых кірунках ідзе інтэнсіўная работа, і ўжо ёсць першыя вынікі. Прырост пагалоўя малочнага статка на пачатак кастрычніка склаў больш за 1,1 тысячы галоў, усяго ж у параўнанні з мінулым годам дабавілася больш за 45 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Таксама ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы Мінсельгасхарчам сумесна з аблвыканкамамі распрацаваны графікі па камплектаванні жывёламі ўсіх новых і рэканструяваных малочнатаварных комплексаў пад тэхналагічную патрэбу. Сёння трэба даўкамплектаваць 

78 комплексаў, гэта работа ідзе і знаходзіцца на пастаянным кантролі ведамства.

Калі ж казаць у цэлым пра вытворчасць мяса і малака, то зазначу, што вытворчы патэнцыял гэтых галін дазваляе ў поўным аб’ёме забяспечыць харчовую бяспеку краіны. Узровень самазабеспячэння па мясе складае больш за 130%, а па малочнай прадукцыі — больш за 270%. Такім чынам мы цалкам закрываем патрэбы ўнутранага рынку і можам без шкоды для яго прадаваць гэтую прадукцыю за межы краіны. А існуючыя вытворчыя магутнасці перапрацоўчай галіны дазваляюць спакойна працаваць з аб’ёмамі сыравіны, якія павялічваюцца. Так, на дадзены момант прырост перапрацоўчай харчовай прамысловасці склаў 105,5% да суадноснага перыяду 2022 года. Забяспечана павелічэнне больш за 100% масла, сухога абястлушчанага малака, сухой сыроваткі, сухога цэльнага малака, цэльнамалочнай прадукцыі, малочных і мясных кансерваў, мяса і субпрадуктаў, каўбасных вырабаў і паўфабрыкатаў.

— Прэзідэнт паставіў перад урадам задачу стрымлівання росту цэн. Якія меры прымаюцца ў Міністэрстве для яе вырашэння?

— Па-першае, Мінсельгасхарчам рэалізуецца галіновая палітыка па павелічэнні вытворчасці харчовых тавараў. Чым іх больш на ўнутраным рынку — тым ніжэйшы іх кошт для спажыўцоў.

Для забеспячэння рынка сезоннай пладова-агародніннай прадукцыяй Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю сумесна з нашым міністэрствам захаваны падыходы па фарміраванні стабілізацыйных фондаў, уключаючы цэнавую палітыку. Так, цэны на пладова-агароднінную прадукцыю застаюцца дагаворнымі, але для захавальнікаў стабфондаў вызначаецца максімальны, «крытычны» ўзровень яе набыцця. У далейшым ажыццяўляецца маніторынг фактычных цэн закладкі, і ў выпадку перавышэння «крытычнага» ўзроўню могуць прымацца меры цэнавага рэгулявання.

Па-другое, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання надзелена паўнамоцтвамі па ўстанаўленні закупачных цэн на прадукцыю раслінаводства, якая закупляецца для дзяржаўных патрэб. У пералік дзяржзаказу ўключаны зерне харчовае, алейнае насенне рапсу, півавараны ячмень, цукровыя буракі. Такое рэгуляванне дазваляе захоўваць прымальныя для ўнутранага рынку цэны на мукамольна-крупяныя, хлебабулачныя вырабы, а таксама на іншую прадукцыю.

Па-трэцяе, міністэрства таксама ўпаўнаважана рэгуляваць цэны на сыравінныя складнікі для вытворчасці харчовых тавараў. Так, устаноўлены гранічныя максімальныя цэны на малако — сыравіну, свіней, буйную рагатую жывёлу, жыта і пшаніцу харчовую, цукровыя буракі, цукар, муку, масла…

Мы, як кажуць, трымаем руку на пульсе і імкнёмся трымаць цэны на даступным для ўсіх катэгорый спажыўцоў узроўні.

— Вы згадвалі пра экспарт беларускай прадукцыі. Можна падрабязней: куды яна сёння пастаўляецца, якія напрамкі экспарту найбольш перспектыўныя?

— Пачну з таго, што якасныя, натуральныя і смачныя прадукты — гэта ўжо ўстойлівы брэнд нашай краіны. А попыт на іх не зніжаецца незалежна ад кан’юнктуры міжнародных рынкаў. У гэтым годзе павялічваюцца натуральныя аб’ёмы экспарту, у параўнанні з мінулым годам расце індэкс фізічнага аб’ёму па харчовых таварах.

Традыцыйна асноўны напрамак экспарту — Расійская Федэрацыя і другія краіны СНД. Найбольшая ўдзельная вага прыпадае менавіта на гэтыя краіны. Акрамя таго растуць пастаўкі ў краіны Азіі, асобныя краіны Афрыканскага кантынента, якія бачацца вельмі перспектыўным напрамкам: сёлета пачаліся пастаўкі малочнай сыроваткі ў Сенегал, сухога абястлушчанага малака ў Егіпет, узгоднена пастаўка яго ж у Рэспубліку Зімбабвэ да канца бягучага года. А ўвогуле геаграфія вельмі шырокая, сярод найбольш аддаленых кропак назаву Мексіку, Уругвай, Японію, Аўстралію, Інданезію. Вялікія перспектывы сёння адкрываюцца ў адносінах з Кубай, прэм’ер-міністр якой зусім нядаўна наведаў аб’екты аграпрамысловага комплексу нашай краіны.

Асобным радком адзначу рост паставак у Кітайскую Народную Рэспубліку. Сёлета права экспарту ў гэту краіну атрымала 21 прадпрыемства харчовай прамысловасці і сем вытворцаў рапсавага і соевага шроту. Зарэгістравана сумеснае прадпрыемства для рэалізацыі ў КНР малочнай прадукцыі ААТ «Савушкін прадукт», ідзе актыўная работа па стварэнні сумеснага прадпрыемства з ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»: падпісаны статут, распрацаваны графік рэалізацыі праекта, які прадугледжвае наладжванне вытворчасці марожанага ў Кітаі ў снежні гэтага года.

Адзначу, што ў частцы пашырэння знешнегандлёвых сувязяў работа вядзецца пастаянная і сістэмная. Акрамя таго, што пашыраем сетку міжнародных кантактаў, значную ўвагу звяртаем на асартымент прадукцыі на ўжо асвоеных рынках. Імкнёмся яго павялічваць. У гэтым годзе замежныя спажыўцы ўпершыню пакаштавалі новыя віды малочнай прадукцыі беларускай вытворчасці: сумесі малочныя сухія — для дыетычнага прафілактычнага харчавання, для марожанага з паніжаным утрыманнем цукру, безлактозныя для дзяцей ранняга ўзросту, спецыялізаваныя для спартсменаў, для студэнтаў, людзей сярэдняга і сталага ўзростаў. Пашырылі лінейку безлактозных прадуктаў і прадуктаў без цукру, масла.

— Некалькі слоў пра задачы на будучыню, перспектывы?

— Безумоўна, нягледзячы на дасягнутыя вынікі, перад намі стаіць шэраг задач па далейшым развіцці і ўдасканаленні вытворчасці. Акрэслю толькі некаторыя, ключавыя. У раслінаводстве да 2025 года неабходна забяспечыць вытворчасць не менш за 10 мільёнаў тон зерня, 1 мільён тон алейнага насення рапсу, 5 мільёнаў тон цукровых буракоў, 55 тысяч тон ільновалакна. Выкананне гэтых паказчыкаў дазволіць забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку і надбавіць на аснове гэтай сыравіны экспартную прадукцыю з высокім дабаўленым коштам. У жывёлагадоўлі, акрамя вышэйзгаданага нарошчвання статка, важнай задачай з’яўляецца фарміраванне якаснай і збалансаванай кармавой базы.

— На заканчэнне размовы, што б вы пажадалі работнікам аграпрамысловага комплексу напярэдадні прафесійнага свята?

— Як вядома, лёгкага хлеба не бывае. Зямля патрабуе ўвагі і павагі круглы год, без свят і выхадных, і няма ў свеце больш ганаровай і адказнай працы, чым праца хлебароба. І за ўсімі дасягненнямі галіны — людзі, прафесіяналы, здольныя вырашаць самыя складаныя задачы.

Я дзякую ўсім работнікам аграпрамысловага комплексу за іх працавітасць, адданасць абранай прафесіі, ініцыятыўнасць, адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў і шчыра жадаю моцнага здароўя, шчасця, міру на роднай зямлі і далейшых поспехаў у прафесійнай дзейнасці!

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Загаловак у газеце: Зямля патрабуе павагі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.