Вы тут

Віцебскі ўклад у гераічнае мінулае


У горадзе на Дзвіне збіраюць савецкія манеты, якія напярэдадні 9 мая 2025 года з’явяцца на Паклоннай гары ў Маскве ў выглядзе бронзавага манумента.


Акцыя «Жывая памяць удзячных пакаленняў» праходзіць у межах праекта «Дзеці Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням», што рэалізоўваецца дабрачынным фондам імя Аляксея Талая. У межах акцыі кожны ахвотны можа апусціць савецкія манеты ў колбу. Потым будуць пераплаўлены ў бронзавы народны помнік. Два падобныя памятныя знакі ўжо гатовы: адзін размясціўся на набярэжнай у парку Перамогі ў Мінску, другі ў наступным годзе будзе ўсталяваны каля сцен Брэсцкай крэпасці.

Памятны знак у выглядзе трохкутнага пісьма ваенных гадоў і дрэва, якое стаіць побач, — памяць аб гераічным часе, а таксама пакаленні спадчыннікаў Перамогі, якія выраслі ў мірныя гады. Па задумцы аўтараў праекта, манумент для многіх людзей стане сямейнай каштоўнасцю, аб’яднае і ўмацуе сувязь пакаленняў.

У пачатку кастрычніка колба для збору манет з’явілася ў віцебскім Мастацкім музеі. На адкрыцці дабрачыннай акцыі першыя манеты ў яе апусцілі кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікі Рассупрацоўніцтва, Каардынацыйнага савета расійскіх суайчыннікаў пры Пасольстве Расіі ў Беларусі, Віцебскага грамадскага аб’яднання «Рускі дом», Крыла прадпрымальнікаў ГА «Беларускі саюз жанчын», абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», ветэраны і школьнікі.

«Ганаруся тым, што для трэцяга помніка мы адкрываем збор і тую самую колбу, куды грамадзяне змогуць апусціць манетку ад сваёй сям’і, менавіта ў Віцебску, маім родным рэгіёне. Мы прагаварылі гэтую магчымасць з паўнамоцным паслом Расійскай Федэрацыі Барысам Грызловым. Ён, даведаўшыся, наколькі грандыёзныя сацыяльна значныя праекты рэалізоўваюцца на прасторы Саюзнай дзяржавы (цяпер пакуль на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь), выказаў словы падтрымкі і поўнай гатоўнасці ажыццявіць таксама маштабна гэты праект і ў Расійскай Федэрацыі. ...Гэта будзе знак для ўсяго свету, што мы разам: і нашы лідары, і народ, і нашы ўнутраныя пасылы, і нашы справы», — адзначыў заснавальнік дабрачыннага фонду грамадскі дзеяч Аляксей Талай.

Збор манет, разам са спонсарскай дапамогай, актыўна працягваецца. На мінулым тыдні да дабрачыннай акцыі далучыліся прадстаўнік дабрачыннага фонду Аляксея Талая па горадзе Віцебску і Віцебскай вобласці, кіраўнікі і члены гарадской і абласной арганізацый Беларускага саюза афіцэраў, грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ваенных маракоў», Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Віцебскай гарадской арганізацыі ветэранаў, навучэнцы і педагогі віцебскіх школ № 5 і № 8, студэнты медыцынскага Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта, якія з’яўляюцца членамі патрыятычнага клуба «Служу Айчыне».

Манеты ў аналагічныя колбы ўжо апусцілі і перадалі жыхары многіх гарадоў. У іх ліку жыхары Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Пскова, Вялікіх Лук, Электрасталі, Курска, Казані і іншыя. Колба ў Віцебску прабудзе да вясны 2025 года, таму кожны зможа ўнесці свой уклад у агульную справу дзеля гераічнай памяці. Валанцёры плануюць устанавіць падобныя колбы ў іншых беларускіх гарадах.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.