Вы тут

Сітуацыя з адзёрам у суседніх краінах неспрыяльная


Сітуацыя з адром у нашай краіне стабільная, нягледзячы на павышэнне захваральнасці на гэту інфекцыю ў Расіі і іншых краінах. У Беларусі зарэгістравана ўсяго 59 выпадкаў. Пра гэта паведаміў намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка.


Рэгіструюцца выпадкі ва ўсіх рэгіёнах за выключэннем Брэсцкай вобласці.

— У трэці выпадкаў захворванне звязана з выездам за межы краіны. Апошнія выпадкі сведчаць пра тое, што захворваюць дзеці, бацькі якіх адмовіліся ад вакцынацыі ў адпаведнасці з нацыянальным календаром прышчэпак супраць адру, краснухі і эпідпаратыту, — расказаў Аляксандр Тарасенка.

Нагадаем, што ў краіне вакцынацыя супраць адру ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак. Дзецям яна праводзіцца планава ў 1 і 6 гадоў. Таксама прышчапляюцца ўсе кантактныя асобы, звязаныя з хворым на адзёр. У непрышчэпленых дзяцей адзначаецца цяжкі ход хваробы з працяглым перыядам ліхаманкі і верагоднасцю развіцця постінфекцыйных ускладненняў (пнеўманія, энцэфаліт і г. д.), у тым ліку аддаленых (востры склеразавальны панэнцэфаліт праз 6-10 гадоў пасля перанесенага захворвання).

Пасля захворвання, як і пасля прышчэпак, імунітэт захоўваецца практычна пажыццёва.

— Калі казаць пра клінічныя праявы, то адзёр — гэта высокакантагіёзнае інфекцыйнае захворванне з высокай тэмпературай, агульнай інтаксікацыяй, паражэннем слізістых абалонак вачэй, дыхальных шляхоў і наяўнасцю сыпу. Крыніцай інфекцыі з’яўляецца толькі хворы на адзёр чалавек. Практычна ў 100% выпадкаў не абаронены чалавек (раней не прышчэплены, калі ён не хварэў на адзёр) заразіцца пасля кантакту з хворым на адзёр. Першыя сімптомы — гэта слабасць, недамаганне, тэмпература, пяршэнне ў горле, кашаль. На 4-5 дзень з’яўляецца сып, які пачынаецца з галавы, шыі і ідзе на тулава і канечнасці, — расказаў Аляксандр Тарасенка.

Сёлета вялікая колькасць выпадкаў адру выяўлена ў Расіі — каля 7,5 тысячы, Казахстане — больш за 6,7 тысячы, Кыргызстане — 2,5 тысячы выпадкаў, Турцыі — 9,7 тысячы выпадкаў. Паводле інфармацыі СААЗ, у свеце за 9 месяцаў 2023 года зарэгістравана больш за 9 мільёнаў выпадкаў адру, больш за 136 тысяч — са смяротным зыходам.

— Захворванне сур’ёзнае, у 40% выпадкаў дае ўскладненні, у тым ліку пнеўманію. Таму рэкамендую вакцынавацца і прышчапляць дзяцей, — падкрэсліў Аляксандр Тарасенка.

Успышкі адзёру перыядычна ўзнікаюць у розных краінах, у тым ліку развітых, нягледзячы на шырокую вакцынацыю.

Метадаў спецыфічнага лячэння інфекцыі не існуе, але захворванне можна прадухіліць пры дапамозе вакцынацыі — самага бяспечнага і эфектыўнага спосабу абароны.

Дарослым мэтазгодна ўдакладніць звесткі аб раней праведзеных прышчэпках супраць адру ў паліклініцы па месцы абслугоўвання і пры неабходнасці атрымаць вакцынацыю.

У выпадку з’яўлення сімптомаў, падобных да захворвання на адзёр (павышэнне тэмпературы, з’яўленне сыпу і г. д.), а таксама наяўнасці ў анамнезе факта выезду за мяжу Беларусі рэкамендуецца:

  • звярнуцца па медыцынскую дапамогу, выклікаўшы на дом урача або брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі (не наведваць паліклініку самастойна);
  • выключыць або максімальна абмежаваць свае кантакты са сваякамі, знаёмымі і іншымі людзьмі, каб не заразіць іх;
  • выкарыстоўваць індывідуальныя сродкі аховы органаў дыхання (медыцынскую маску);
  • максімальна часта праветрываць памяшканні і праводзіць вільготную прыборку;
  • выконваць «рэспіраторны этыкет» і гігіену рук (мыць рукі вадой з мылам або выкарыстоўваць сродак (пажадана спіртазмяшчальны) для дэзынфекцыі рук);
  • абавязкова паведаміць урачу аб паездках за межы краіны ці горада.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «У 40% выпадкаў адзёр дае ўскладненні»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.