Вы тут

Якія рэчы добра будуць глядзецца ў гардэробе ў халодную пару года?


Світары, пуловеры, вадалазкі, кардыганы дапамагаюць перажыць пахмурныя дні. Яны саграваюць на працы, на прагулцы, дома. Выбраць з цяперашняга багацця свой выраб, з якім зможаш стварыць розныя вобразы з улікам ужо наяўнага гардэроба, — задача не простая, але вельмі займальная. На што звярнуць увагу, каб гэта ўдалося? Распавяла наш пастаянны кансультант — дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда.


Фота: pexels.com

Класіка вяртаецца

— Намеціўся курс на «ціхую раскошу». У трэндзе — больш класічныя, а не спартыўныя рэчы, — адзначае Марына Машэда. — Папулярныя світары, пуловеры, джэмперы, вадалазкі, лонгслівы. Іх мы носім блізка да цела, і пры іх выбары трэба зважаць на якасць матэрыялу, каб пачувацца камфортна.

Па-ранейшаму перавага аддаецца свабодным вырабам, пад якія можна нешта апрануць, але ад празмерна аб’ёмных формаў ужо адмаўляюцца. Набываючы новую рэч, заўсёды трэба ўлічваць, дзе вы збіраецеся яе насіць: дома, на працы, на лецішчы і г. д. У залежнасці ад гэтага абраць шыкоўную ці, наадварот, практычную мадэль для паўсядзённага жыцця.

Кофты. І гэта ўсё пра іх

Кофтамі можна назваць розныя вырабы: світары, джэмперы, пуловеры, лонгслівы, вадалазкі, кардыганы і гэтак далей. Але адрозненні ў гэтых рэчах ёсць.

Світар — прадмет вязанага адзення для верхняй часткі цела без зашпілек з доўгім рукавом.

Джэмпер — трыкатажнае адзенне без зашпілек або з зашпількай уверсе, якая апранаецца праз галаву. Даўжыня — да таліі ці сцёгнаў. Выраз гарлавіны можа мець любую форму, часцей яна круглая.

Пуловер — разнавіднасць джэмпера такой жа даўжыні з V-падобным выразам, без зашпілек і гузікаў.

Лонгсліў — тонкая футболка з доўгім рукавом, круглай гарлавінай, кроем рэглан. Ён мае форму, якая аблягае цела, і падкрэслівае фігуру. Можа выкарыстоўвацца як першы слой пад нешта (кардыган, пінжак, джэмпер), але часта іх апранаюць і як самастойныя рэчы.

Вадалазка — тонкі аблягальны світар з каўняром, які закрывае шыю. Выбраўшы яе, можна абысціся без шаліка.

Кардыганы — разнавіднасць кофты, якая складаецца са спінкі і двух палавінак. Класічныя мадэлі з воўны, з V-падобным выразам, зашпіляюцца на гузікі.

Чым папоўніць гардэроб?

У гэтым сезоне актуальныя кароткія кофты, а таксама — з V-падобнымі выразамі, з адкладным каўняром, вялікімі рукавамі, завязкамі, на гузіках у тон асноўнай ніткі, з высокім горлам і маланкай-зашпількай па цэнтры, світары-пола.

Таксама варта звярнуць увагу на вязаныя кофты. Пераважна манахромныя, розных фасонаў, тэкстур, як правіла, з доўгімі рукавамі. Элементы дэкарыравання — розныя складаныя ўзоры: «шышачкі», «косы». Падыдуць пад джынсы, штаны, можна камбінаваць са спадніцамі.

У трэндзе застаецца світар-сукенка. Перавага аддаецца вязаным вырабам даўжынёй да сярэдзіны сцягна. Могуць быць дапоўнены раменьчыкам. Прыгожа глядзяцца пад паліто, з высокімі ботамі.

І, вядома, аверсайз кофты — бо гэта, у першую чаргу, пра зручнасць. Пад іх лёгка знайсці джынсы, штаны, чаравікі ці красоўкі. А вось верхняе адзенне трэба выбіраць, прымяраючы прама на такія прасторныя кофты — яны патрабуюць свабодных куртак і паліто.

Што да каляровай гамы, папулярныя вырабы як пастэльных тонаў, так і яркіх расфарбовак. Шакаладны, бардовы, ізумрудна-зялёны, гарчычны, аранжавы, бірузовы — дыяпазон актуальных колераў у гэтым сезоне на рэдкасць вялікі, і не варта сябе стрымліваць, калі хочаце быць яркай і дазволіць сабе стаць больш прыкметнымі.

Прымета сезона

Сёлета ў гардэробе шмат універсальных рэчаў, якія лёгка камбінуюцца адна з адной. Напрыклад, большасць кофтаў выдатна спалучаецца з моднымі ў 2023 годзе скуранымі спадніцамі і штанамі.

Вольга ПАКЛОНСКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.