Вы тут

Чым прыцягваюць увагу чытачоў кнігарні Гродна?


«Веды» 

Кнігарня — адна з найстарэйшых у горадзе, пачала дзейнічаць яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Гродзенцы ведалі яе пад назвай «Школьнік». Гэта было абумоўлена і блізкасцю навучальных устаноў, у тым ліку двух універсітэтаў. Таму аб’ём навуковай літаратуры тут застаецца адным з самых вялікіх. Тым не менш сюды прыходзяць і па мастацкую літаратуру, якая прадстаўлена даволі шырока. Паколькі крама знаходзіцца побач з чыгуначным вакзалам, сюды часта заходзяць і пасажыры цягнікоў. Многія набываюць сувеніры, календары. 

— Паступілі вельмі змястоўныя і прыгожыя беларускія календары з відамі архітэктурных славутасцей Гродзеншчыны, «Белпошта» прадставіла цікавыя паштоўкі, стылізаваныя пад 50–60-я гады. Яны насычаны колерам і кожная са сваім сюжэтам, — расказвае загадчыца крамы Ірына Зялёнка. 

На паліцах можна ўбачыць літаратуру, прысвечаную старажытным сядзібам Гродзеншчыны, Выдавецкага дома «Звязда». Дарэчы, рэгіён прадстаўлены на асобным стэлажы. Ірына Тадэвушаўна зазначыла, што не хапае невялікіх брашур пра Гродна, іх проста няма. Праўда, нядаўна па просьбе філіяла друкарня выпусціла серыю паштовак з відамі Гродна, але гэтага недастаткова. Варта было б пашырыць асартымент фотаальбомаў з рознабаковай тэматыкай. Але гэта залежыць ад выдавецтваў і творчых аўтарскіх калектываў. 

— У нас добры попыт на беларускую класіку, у тым ліку і на рускай мове. Гэтыя выданні, як правіла, купляюць у падарунак пры паездках у Расію. Вельмі папулярны ў гэтым плане Уладзімір Караткевіч. З сучасных беларускіх аўтараў чытаюць Алеся Карлюкевіча, Людмілу Рублеўскую, Кацярыну Хадасевіч-Лісавую. Асобны стэлаж прысвечаны гродзенскім пісьменнікам, — пракаментавала загадчыца крамы.

Яна звяртае ўвагу на вялікі выбар геаграфічных картаў. Кажа, што гэта заўважаюць і наведвальнікі. Ёсць у крамы і яшчэ адна цікавая асаблівасць. Навучальная літаратура тут прадстаўлена не па прадметах, як было раней, а па класах. Такую ідэю падказалі ў адным з выдавецтваў, маўляў, гэта французскі вопыт. Такім чынам, некалькі гадоў таму была зроблена перастаноўка. Новы падыход аказаўся даволі зручны як для прадаўцоў, так і для пакупнікоў. 


«Праметэй» 

Кніжная крама знаходзіцца ў самым цэнтры старога горада, на пешаходнай вуліцы. Яна самая ажыўленая ў горадзе. Большасць будынкаў узростам не адну сотню гадоў. У такім якраз і месціцца «Праметэй». Гродзенцы памятаюць гэтую краму як мінімум з 50-х гадоў, калі тут размяшчалася «Паліткніга». З цягам часу плошчы былі пашыраны і змянілася назва. Рэдка які турыст абмінае гэты гандлёвы пункт, які мае арыгінальны выгляд. 

— Вітрыну афармляў дызайнер, майстар арыгамі, у гэтым наша фішка. Фігуры зроблены з паперы, побач шыльды з літаратурнымі цытатамі. Арыгінальна аформленыя вітрыны прывабліваюць як саміх гродзенцаў, так і гасцей горада, — кажа загадчыца Людміла Чарэпка.

Работнікі крамы звяртаюць увагу на беларускамоўную літаратуру, якая шырока прадстаўлена. Сярод работнікаў таксама ёсць аматары сучасных беларускіх аўтараў. 

— Я заўсёды чакаю творы Наталлі Марчук, якая ставіць сваю гераіню ў розныя незвычайныя сітуацыі. Вельмі цікава і для дзяцей, і для дарослых. Чытаюць Паўла Гушынца, Кацярыну Хадасевіч-Лісавую. Кніга Алеся Карлюкевіча «Шубуршун» біла ўсе рэкорды продажу, твор, перакладзены на кітайскую мову, таксама карыстаўся попытам, — заўважае намеснік загадчыцы крамы Наталля Дзяшук. 

Работнікі задаволены, што сёння надаецца значная ўвага менавіта беларускай літаратуры. Яны памятаюць той час, калі амаль нічога з яе не паступала, асабліва што датычылася дзіцячай літаратуры. А вось з выданнямі для падлеткаў пакуль таксама ёсць праблемы, такой літаратуры недастаткова. Кажуць, што складана прапанаваць нешта такое, што магло б прыцягнуць увагу чытача дадзенага ўзросту. Таксама пастаянна запатрабаваны беларускія казкі для дзетак у малым фармаце, невялічкія кніжкі з малюнкамі. 

З года ў год крама займае прызавыя месцы па рэалізацыі і прапагандзе беларускіх выданняў у рэспубліцы. Для нагляднасці на сценах развешаны партрэты беларускіх класікаў. Расце колькасць кніг на стэлажах. Прадстаўляць кніжную прадукцыю для работнікаў не складае асаблівай цяжкасці, бо яны самі сочаць за навінкамі і могуць параіць свой тавар наведвальнікам. 

— Мы папулярызуем навінкі ў сацыяльных сетках, прыгожа прэзентуем кніжныя выданні, нават самі аўтары выказваюць падзяку. Шукаем для фота нейкі цікавы інтэр’ер альбо гарадскі ландшафт. Калі сам чытаеш, кнігу нескладана папулярызаваць. Стараемся гаварыць па-беларуску. Практыкуем раз на тыдзень абслугоўванне пакупнікоў на беларускай мове. 

Дарэчы, ёсць попыт і на перакладную літаратуру. Напрыклад, вельмі хутка разышліся кнігі пра Гары Потэра, перакладзеныя на беларускую мову. Хоць яны і нятанныя. Гэтую нішу можна было б запоўніць перакладной літаратурай. У тым ліку і моладзь зачапіць, лічаць работнікі філіяла «Гроднакніга». 


«Раніца» 

Крама «Раніца», як і «Праметэй», знаходзіцца на цэнтральнай гістарычнай вуліцы Гродна. Яна вядома ў горадзе сваімі маштабамі — тут чатыры залы. Адну сцяну займае красамоўнае пано на кніжную тэму. Загадчыца Алена Яскілевіч праводзіць невялікую экскурсію. 

— Нядаўна завяршыўся сезон падрыхтоўкі да навучальнага года, калі значным попытам карысталася вучэбная літаратура, цяпер больш бяруць календары. Да навагодніх свят мы падрыхтавалі сувеніры, падарункі, прыгожа аформленыя нататнікі, робім выкладкі да кожнага свята з адпаведнай прадукцыяй. 

Загадчыца расказала, што да кожнага свята ёсць свая прыярытэтная прадукцыя. Напрыклад, жанчынам у падарунак бяруць кулінарныя выданні, літаратуру па дамаводстве, псіхалогіі, на тэму сямейных адносін. Многія купляюць у падарунак карціны па нумарах, «алмазныя» карціны. На вяселле ці на дзень нараджэння дзяцей бяруць фотаальбомы. Мужчынам — стыльныя нататнікі. Вельмі зручна прадстаўлены школьныя наборы — усё ў адным кейсе. 

Адна з залаў поўнасцю прысвечана таварам для дзяцей. Загадчыца робіць акцэнт на вялікай колькасці прадметаў для творчасці. Гульні, размалёўкі, энцыклапедыі для розных узроставых груп — ад 2 гадоў і далей. 

Паколькі плошча крамы вялікая, пакупнікі могуць скарыстацца інфакіёскам, які ўстаноўлены непадалёку ад увахода. Тут інфармацыя па кожным тавары. Дастаткова набраць назву выдання альбо прозвішча аўтара, як з’явіцца ўся інфармацыя. Таксама крама абсталявана сістэмай відэаназірання. 

Алена Яскілевіч робіць акцэнт на папулярнасці беларускіх выданняў. Тут, кажа яна, самы вялікі выбар — прадстаўлены ўсе беларускія выдавецтвы і ўся літаратура, якая выдаецца ў Беларусі. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара 


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.