Вы тут

Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі не абмяжоўваецца форумам рэгіёнаў


Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі — падзея, якая праходзіць раз на год, але работа над задачамі і планамі, якія ён ставіць, ідзе круглы год. Прынамсі, як і супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў самых розных сферах. Міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву нашых краін і форуму рэгіёнаў як яго сімвалу была прысвечана сустрэча старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з намеснікам старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Юрыем Вараб’ёвым.


Юрый Вараб’ёў — сустаршыня арганізацыйнага камітэта Форуму рэгіёнаў. Наталля Качанава падкрэсліла, што ў беларускага боку ёсць шэраг прапаноў наконт правядзення чарговага форуму. Самая значная з іх — правесці форум не ў адным горадзе, а ў двух, якія размешчаны побач. Спікер Савета Рэспублікі таксама падкрэсліла, што Форум рэгіёнаў будзе праходзіць два дні. Першы дзень плануецца прысвяціць рабоце секцый, другі — пленарнаму пасяджэнню. «Віцебск прапануецца для правядзення пленарнага пасяджэння, выставак, канцэртнай праграмы, горада майстроў, які можна будзе шырокамаштабна разгарнуць. У Віцебску гэта будзе зроблена вельмі добра, там штогод праходзіць „Славянскі базар“ і ёсць досвед. Акрамя таго, нашы мерапрыемствы будуць праходзіць у дні „Славянскага базару“. Але мы жадаем вам паказаць яшчэ Полацк. Гэта самы старажытны горад нашай краіны — упершыню згадваецца ў 862 годзе. Там ёсць шмат таго, што нас аб’ядноўвае. З Валянцінай Іванаўнай Матвіенка мы абмеркавалі тэматыку маючага адбыцца форуму і сышліся ў тым, што гэта павінна быць — сумеснае інавацыйнае развіццё нашых краін, рэалізацыя саюзных праграм, у прыватнасці імпартазамяшчэння, каб нам забяспечыць сёння сваю эканамічную бяспеку», — сказала Наталля Качанава.

Абмеркаванне вынікаў і перспектыў сумеснай работы працягнулася падчас Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Валерый Бельскі падчас пасяджэння заўважыў, што за дзевяць месяцаў бягучага года тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй склаў 35,5 мільярда долараў. Гэта амаль на 11 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, у якім узаемны гандаль таксама біў усе рэкорды. «Але гэта высокая планка не спыняе нашы ўрады і нашы прадпрыемствы, якія павялічваюць тавараабарот», — заўважыў ён. Таксама Валерый Бельскі звярнуў увагу, што працягваецца рэалізацыя інвестыцыйных праектаў на прамысловых прадпрыемствах Беларусі, у тым ліку за кошт крэдытных сродкаў Расійскай Федэрацыі. «Дзейнасць гэтых прадпрыемстваў арыентавана ў першую чаргу на выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі, якая будзе запатрабавана і ў Беларусі, і ў Расіі. У цэнтры ўвагі кіраўнікоў нашых дзяржаў і ўрадаў — далейшае развіццё кааперацыйных сувязяў і новых сумесных праектаў. Безумоўна, дастойны ўклад у агульную дынаміку ўносіць штогадовы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі», — падкрэсліў ён.

Другое пытанне на парадку дня пасяджэння Міжпарламенцкай камісіі было звязана з фарміраваннем заканадаўства Беларусі і Расіі на прыкладзе мяккага падыходу да мадэльнага заканадаўства. «Мадэльныя законы ствараюцца не дзеля таго, каб іх у такім выглядзе прыняць. Гэта толькі вопыт, прапанова да фарміравання законаў Саюзнай дзяржавы. Таму важная тэма, мы абмеркавалі, як гэта лепш рабіць, як планаваць гэтую працу, у якіх сферах нам трэба развіваць гэта супрацоўніцтва», — расказаў Юрый Вараб’ёў.

Актыўна абмяркоўвалася пытанне станкабудавання. Па словах Юрыя Вараб’ёва, на прыкладзе Ніжагародскай вобласці відаць, што рэгіёны паміж сабой развіваюць вельмі складаныя вытворчыя праекты, напрыклад, такія, як завод па будаўніцтве станкоў. «Гэта няпростае пытанне, але вельмі важнае для нашых дзяржаў. Мы ўбачылі, што некаторыя міждзяржаўныя праекты могуць быць рэалізаваны з дапамогай бюджэту Саюзнай дзяржавы, і тут ёсць перашкоды. Мы разгледзелі гэтыя перашкоды, мы ўнясём свае прапановы, як палепшыць выкарыстанне саюзнага бюджэту для сумесных навукова-тэхнічных распрацовак у агульных інтарэсах пры развіцці нашых прамысловых аб’ектаў», — адзначыў ён.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец у размове з журналістамі падкрэсліў, што пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі — гэта свайго роду зверка гадзіннікаў па рэалізацыі дамоўленасцяў, якія абмяркоўваліся на форумах рэгіёнаў Беларусі і Расіі, рэалізацыі дагавораў аб супрацоўніцтве, якія былі заключаны. «Сёння, напрыклад, мы абмеркавалі дагаворы, якія былі заключаны паміж Гомельскай і Ніжагародскай абласцямі. Гэта адно з такіх канцэптуальных пытанняў, якое з’явілася сёння прадметам абмеркавання. Другое пытанне датычылася развіцця мадэльнай заканатворчасці інстытутаў мяккага права ў частцы збліжэння, уніфікацыі, гарманізацыі заканадаўстваў дзвюх краін», — сказаў ён. Сенатар назваў перспектыўным напрамак мадэльнай заканатворчасці ў частцы выпрацоўкі адзіных падыходаў да рэгулявання найбольш важных грамадскіх адносін у сферах, якія ўзаемна цікавыя для Беларусі і Расіі. У прыклад Сяргей Сівец прывёў мадэльны заканадаўчы акт «Аб сістэме абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў Саюзнай дзяржавы». У распрцоўцы знаходзіцца праект мадэльнага закона аб прыгранічным супрацоўніцтве. «Таму сёння атрымалася дастаткова канструктыўная размова. Шмат карыснай інфармацыі атрымалі члены міжпарламенцкай камісіі. Гэта сустрэча стане яшчэ адной вяхой далейшага міжпарламенцкага супрацоўніцтва і развіцця нашых інтэграцыйных дамоўленасцяў», — дадаў Сяргей Сівец.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.