Вы тут

Якія пытанні вырашалі актывісты Маладзёжнага парламента на міжрэгіянальных злётах


Міжрэгіянальныя злёты маладых парламентарыяў прайшлі па ўсёй Магілёўскай вобласці пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Маладыя актывісты збіраліся на розных пляцоўках і вырашалі самыя розныя надзённыя пытанні. Адна з сустрэч адбылася на базе МДУ імя Куляшова. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі актыву Маладзёжных парламентаў Магілёва і Бабруйска. У якасці спікераў выступілі мэр Магілёва Аляксандр Студнеў, старшыні Магілёўскага і Бабруйскага гарсаветаў Максім Гурын і Міхаіл Жалудоў, рэктар ВНУ Дзяніс Дук, прадстаўнікі абласной выканаўчай і прадстаўнічай улады, лідары грамадскіх аб’яднанняў.


Прыклад для іншых

Праграма такіх дыялогаў была напоўнена рознымі мерапрыемствамі. Гэта і дыскусійныя пляцоўкі, і абмеркаванне электаральнай актыўнасці моладзі, і адкрыты дыялог на прадмет патрыятычнага выхавання, іншых агульных пытанняў, наведванне мемарыяльных комплексаў і аб’ектаў, экскурсіі на вядучыя прадпрыемствы і знаёмствы з сучаснай вытворчасцю айчыннай прамысловасці, размовы ў працоўных калектывах. Як адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса Магілёва Максім Гурын, сёння шмат увагі надаецца маладзёжнай палітыцы для таго, каб маладыя людзі набіраліся вопыту, мелі магчымасць пра сябе заявіць і ўключыцца ў прафесійную работу на карысць дабрабыту і росквіту як Прыдняпроўскага краю, так і краіны ў цэлым.

Рэктар МДУ імя Куляшова Дзяніс ДУК нагадаў, што летась была закладзена аснова развіцця краіны на бліжэйшыя гады. Па выніках рэферэндуму былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Праграма злётаў якраз і будавалася на тых фундаментальных рэчах, якія закладзены ў Асноўны Закон. Гэта і сямейныя каштоўнасці, і гістарычная памяць, і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, і мясцовае самакіраванне.

— Маладыя парламентарыі сваім прыкладам павінны паказаць сваім аднагодкам, як адносіцца да электаральнай кампаніі, — падкрэсліў ён. — Старшыня ЦВК Ігар Карпенка ацаніў электаральную культуру беларускага народа як вельмі высокую. І каб яе не страціць, трэба, каб была пераемнасць, адказнасць.

Дыялогі па сутнасці

Фармат «пытанне-адказ» — адзін з самых эфектыўных, бо дапамагае адразу ж расставіць усе кропкі над «і». Напрыклад, Захара, навучэнца абласнога ліцэя № 3, цікавіла, як павысіць працэнт паступлення моладзі на педагагічныя спецыяльнасці. Рэктар МДУ імя Куляшова Дзяніс Дук расказаў, што ВНУ, якая якраз і рыхтуе педагагічныя кадры, клапоціцца, каб студэнт ужо з першага курса вучыўся быць не проста педагогам, але і лідарам, меў магчымасць паспрабаваць рэалізавацца ў грамадскім жыцці. Гэта ў будучым дапаможа яму будаваць кар’еру і, магчыма, стаць моцным упраўленцам.

Малады парламентарый з Бабруйска папрасіў падказаць, як пераканаць тых, хто не вельмі добра разумее важнасць электаральнай кампаніі. Максім Гурын заўважыў, што таму і праводзяцца дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы, акцыі, каб гэта растлумачыць. Маладзёжныя актывы якраз тыя фарміраванні, якія змогуць потым гэтую інфармацыю рэтрансліраваць на сваіх аднагодкаў і сяброў. Старшыня абласнога Савета ветэранаў Анатоль Глаз патлумачыў, што адна справа — выбраць чалавека, які дэкларуе твае погляды, і зусім іншая — калі супрацьлеглыя. Толькі свядомы выбар дапамагае зрабіць жыццё ў родным горадзе, краіне больш камфортным і кіруемым. І любы выбаршчык павінен разумець, што гэта трэба яму, а не камусьці іншаму. Моладзі гэта датычыцца ў першую чаргу, бо ў недалёкай будучыні менавіта яна будзе вызначаць шлях развіцця краіны.

Пра асаблівасці электаральнай кампаніі моладзі расказаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Яўген Дуплеўскі.

Думаць пазітыўна, дзейнічаць крэатыўна

Старшыня Маладзёжнага парламента пры Магілёўскім абласным Савеце дэпутатаў Міхаіл Пагоцкі займаецца гэтай дзейнасцю з 2020 года. Разам з дэпутатамі рэалізавана шмат розных мерапрыемстваў, і гэты вопыт, лічыць малады чалавек, неацэнны.

— У Чэрыкаве, дзе мы пабывалі, такая форма зносін вельмі спадабалася маладым людзям, — рэзюмуе Міхаіл. — І наша мэта — ахапіць як мага больш народу. Адлегласць не павінна стаць нейкай перашкодай для стасункаў. Хочацца пачуць галасы ўсіх. Усе прапановы акумулюем і паказваем экспертам з ліку дэпутатаў. Усё, што магчыма, рэалізуем у жыццё, калі ўзнікнуць складанасці, звернемся ў больш высокія інстанцыі, будзем абмяркоўваць са старшынёй Магілёўскага аблсавета Ірынай Раінчык.

Магілёў і Бабруйск як буйныя гарады маюць шмат кропак судакранання. Ілья Печань, намеснік старшыні Маладзёжнага парламента пры Бабруйскім гарсавеце дэпутатаў лічыць ідэальным такі фармат сустрэч.

— Нашы актывісты — прадстаўнікі навучэнскай моладзі, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, вельмі крэатыўныя і ініцыятыўныя, — кажа ён. — Такія сустрэчы даюць магчымасць нам знайсці агульныя кантакты і ў далейшым узаемадзейнічаць паміж парламентамі як вобласці, так і Магілёва і Бабруйску паасобку. У нас у парламенце маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 31 года — ужо цалкам сфарміраваныя асобы.

У фармаце «міравога кафэ»

Міхаіл Пагоцкі выступіў мадэратарам практыка-арыентаванай часткі злёту, арганізаваў работу ў фармаце «міравое кафэ». Ён папрасіў сваіх калег, маладых парламентарыяў, падзяліцца на каманды і заняць месцы за столікамі па тыпе «Што? Дзе? Калі?». Толькі ў гэтым выпадку трэба было не на пытанні адказваць, а разам зрабіць нейкі цікавы праект. Было прапанавана пяць тэм: міжнароднае рэгіянальнае супрацоўніцтва, мясцовае самакіраванне, гістарычная памяць, сямейныя каштоўнасці, маладзёжная ініцыятыва. Эксперты таксама прынялі удзел у абмеркаванні. Кожныя сем хвілін каманды за столікамі мяняліся і працягвалі тыя праекты, якія пачыналі рабіць іншыя. Напрыканцы адбылася іх абарона.

Дзіяна Камарова абараняла праект па тэме «Сямейныя каштоўнасці». Вынікам калектыўнай работы стала даволі цікавая праграма. Былі прапанаваны такія варыянты прапаганды сямейных каштоўнасцяў, як факультатыў у школах, конкурс «сямейныя традыцыі» сярод маладых сем’яў і сем’яў са стажам, стварэнне цэнтра сямейнага кансультавання і іншыя.

А вось Лія Зайцава прэзентавала праект па мясцовым самакіраванні. Адной з ідэй яго стваральнікаў стала прапанова працаваць з ідэямі ад насельніцтва. Дарэчы, вельмі актуальная ў дадзены момант. Дырэктар абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Паліна Церашкова, якая таксама прысутнічала на злёце, падзялілася тым, што Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў аб’явіў аб пачатку прыёму праектаў грамадзянскіх ініцыятыў на 2024 год. Іх мэта — паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва. Ініцыятарамі могуць быць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў і пастаянна пражываюць у вобласці. Праекты, што прайшлі папярэдні разгляд у аблсавеце, будуць дапушчаныя да конкурснага адбору, які праводзіцца Магілёўскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Пераможцы атрымаюць фінансавую падтрымку на іх рэалізацыю. Галоўнае — паспець заявіць аб сабе да 8 снежня.

Пераемнасць дэпутацкая

Старшыня Бабруйскага гарсавета Міхаіл Жалудоў перакананы, што вопыт работы маладзёжных парламентаў Бабруйска і Магілёва вельмі цікавы.

— Праблемы ў маладзёжным асяроддзі двух гарадоў ідэнтычныя, — кажа дэпутат. — Падчас стасункаў у іх больш магчымасцяў знайсці нейкія новыя кампрамісныя варыянты. Нават вось такая форма, калі маладыя людзі сядзяць за сталамі і вырашаюць нешта агульнае для сваіх праектаў, — гэта магчымасць пазнаёміцца, зацікавіцца, пасябраваць, абмяняцца меркаваннямі і адрасамі. Такія сустрэчы важныя яшчэ і тым, што на іх расказваецца пра электаральную кампанію, бо моладзь потым даносіць гэтую інфармацыю да сваіх сяброў. Такую традыцыю трэба захаваць для таго, каб разам знаходзіць і выбудоўваць нейкія алгарытмы дзеяння.

—У нашай краіне надаецца асаблівая ўвага моладзі, — падкрэслівае важнасць сустрэч старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. — Улічваючы сучасныя глабальныя тэндэнцыі ў сусветнай палітыцы, сёння як ніколі актуальныя для нас тэмы фарміравання патрыятызму, гатоўнасці абараняць наш агульны дом, захоўваць культурную спадчыну, традыцыі. Падчас сустрэч усе гэтыя пытанні прагаворваліся і абмяркоўваліся. Акрамя гэтага, моладзь мела магчымасць паглядзець, чым жывуць іншыя раёны, якія ў іх ёсць адметнасці, арыенціры. У Круглым маладыя людзі прэзентавалі ўжо рэалізаваныя ініцыятывы, і ўсім было цікава. Мы пабывалі ў музеі, наведалі турыстычны аб’ект «Мікалаеўскія сажалкі». У Асіповічах пабывалі ў артылерыйскай 51-й брыгадзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, пазнаёміліся з умовамі армейскага жыцця. У Хоцімску абмеркавалі шмат розных ініцыятыў, наведалі Свята-Траецкі сабор. Ва ўсіх злётах удзельнічала моладзь з некалькіх найбліжэйшых да месца правядзення раёнаў. А гэта і новыя знаёмствы, і агульныя інтарэсы, і магчымасць пашырыць сваю дзейнасць за межы аднаго асобна ўзятага раёна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.