Вы тут

Як зрабіць модны нюдавы макіяж: парады візажыста


Нюд — «макіяж без макіяжу» — заняў першыя радкі папулярнасці яшчэ ў далёкім 2017-м, і менавіта нюдавы макіяж — галоўны трэнд мэйкапу ў гэтым халодным сезоне. Нічога дзіўнага: такі мэйк візуальна робіць сваю «гаспадыню» маладзейшай гадоў на 5–10, дадае ёй дзявочага шарму і намякае: маўляў, ніякай касметыкі, гэта я сама па сабе такая прыгожая, і ўзрост нада мной не ўладарыць. Прачнулася, памылася — і на вуліцу.

Але мода (і асабліва — б’юці-сфера) заўсёды хітруе і хлусіць, і верыць ёй нельга. Для стварэння гэтага зманліва простага і натуральнага вобраза насамрэч трэба больш уменняў і касметычных сродкаў, чым для класічнага вячэрняга макіяжу. Але для чалавечага розуму няма нічога немагчымага, да таго ж мы вас зараз усяму навучым…


Пакрокавая стратэгія

— Сакрэт добрага нюдавага макіяжу — у тэкстуры, колеры і насычанасці сродкаў, — тлумачыць візажыст Марына Цырыковіч. — Трэба выбіраць лёгкія тэкстуры і прыглушаныя, мяккія і натуральныя тоны.

Асабліва важна пры стварэнні нюдавага макіяжу папярэдне ўвільгатніць старанна ачышчаны твар, кажа спецыяліст. Калі падрыхтоўка была праведзена добра, танальны сродак ляжа роўна і натуральна. Таму ў ідэале пры падрыхтоўцы твару да нюдавага макіяжу варта скарыстацца скрабам і тонікам.

Пры нюдавым макіяжы асноўны ўпор робіцца на роўны, здаровы колер твару — гэта значыць, на танальны сродак (які на скуры павінен быць незаўважным). Каб гэтага дасягнуць, лепш скарыстацца базай пад макіяж. Праймер выраўняе паверхню скуры і схавае няроўнасці яе колеру — пачырваненні, няяркія плямкі пасля летняга сонца (з яркімі, вядома, праймер не справіцца), зробіць менш прыкметнымі сасудзістую сетачку на крылах носа і цёмныя кругі пад вачыма.

— Праймер можа быць бясколерным, але таксама гэты сродак выпускаецца ў розных колерах, кожны з якіх накіраваны на пэўную опцыю, — тлумачыць візажыст. — Напрыклад, блакітны нейтралізуе нездаровае шараватае адценне скуры (звычайная праблема людзей, якія жывуць у экалогіі вялікага горада), ружовы надае твару свежасць, жоўты выдатна таніруе цёмныя кругі пад вачыма, зялёны карэкціруе чырвоныя прышчыкі і іншыя пачырваненні, залацісты надае эфект ледзь кранутай загарам скуры, белы асвятляе і выраўноўвае тон.

Наступны этап пасля нанясення праймеру — уласна, танальны сродак. Але калі дэфекты скуры занадта прыкметныя, патрэбен яшчэ і прамежкавы этап — кансілер. 

Гэты сродак наносіцца кропкава на праблемныя зоны і растушоўваецца. Праблемнымі могуць быць крылы носа, вобласць пад вачыма, верхнія павекі. Сакрэт — у добрай растушоўцы кансілера, бо пасля ўсіх гэтых слаёў мы наносім танальны сродак.

— Выбар танальнага сродку, максімальна набліжанага да натуральнага колеру вашай скуры, — задача нумар адзін, калі вы вырашылі зрабіць нюдавы макіяж, — кажа візажыст. — Лепш, калі сродак будзе лёгкі і напаўпразрысты.

У ідэале гэта можа быць ВВ або СС-крэм, а не ўласна «таналка». Гэтыя касметычныя прадукты не маюць шчыльнай тэкстуры, і калі яны якасныя, то выдатна падладжваюцца пад ваш колер скуры. Вынік можна замацаваць пудрай (асабліва калі скура тлустая). Але пудру лепш абраць празрыстую і лёгкую. А можна абысціся і без яе.

— І яшчэ некалькі слоў аб танальным сродку — дакладней, аб яго колеры, — кажа Марына. — Для стварэння макіяжу ў стылі нюд вельмі важна падабраць максімальна прыдатны да вашага тону скуры танальны сродак. Таму выбіраць гэты касметычны прадукт трэба пры дзённым асвятленні, а не пры святле электрычных лямпаў. Спрабаваць адценне трэба на скулах або шыі, а не на запясці, як чамусьці лічыцца правільным. І, нарэшце, нанёсшы на скуру сродак з пробніка «ў тэставым рэжыме», даём крэму папрацаваць 5–10 хвілін і толькі потым ацэньваем вынік.

Нюдавы мэйк у гэтым сезоне не мае на ўвазе контурынгу з дапамогай скульптара і хайлайтара. Уласна, жорсткі контурынг, якім ён быў гадоў восем таму, сёння сышоў у мінулае — маляваць «янота» на твары не модна ўжо шмат гадоў. Але калі ўсё ж хочацца падкрэсліць скулы і скарэкціраваць лінію падбародка, варта падабраць пудру крыху больш цёмнага, чым ваша скура, адцення — галоўнае, колер не павінен быць рудым: ні бронзавым, ні, барані бог, цагляным. Заўважым, што правільныя для нашага халоднага колератыпу тоны для скульптарынгу ёсць у беларускіх брэндаў — напрыклад, у Relouіs, а таксама ў LUXVІSAGE. У апошняга — асабліва любімая нашымі дзяўчатамі ўжо не першы год палетка Іdeal sculptіng нумар 3: звычайна ў краме яе няма, таму што «раскупілі».

Слова пра бровы

Цяпер прапрацоўваем бровы. У бягучым сезоне (як і гэтым летам) архітэктура броваў будуецца па прынцыпе «максімальная натуральнасць». Гэта значыць, ні выразна акрэсленай формы, ні відавочна заштрыхаваных алоўкам прабелаў быць не павінна. «Залысінкі» паміж валаскамі, калі такія маюцца, запоўніць можна, але без фанатызму, і колер алоўка павінен быць ідэнтычны сапраўднаму колеру вашых броваў.

— Будаваць архітэктуру брыва пачынаем з сярэдзіны, з кропкі выгібу. Далей кіраваць да яго пачатку ці да «хвосціка», вырашаць вам, галоўнае, каб брыво мела максімальна натуральны выгляд, — тлумачыць візажыст. — Валаскі фіксуем гелем.

У гэтым сезоне, адзначае суразмоўніца, у трэндзе натуральная прыгажосць. І ў першую чаргу, калі казаць пра бровы, гэта датычыцца формы.

— Вітаюцца шырокія бровы без моцнага выгінання і без заломаў. Ніякіх «броваў домікам».

Калі шырокімі бровамі прырода вас не ўзнагародзіла або калі вы страцілі іх прыродную форму ў пагоні за модай (напрыклад, многія жанчыны калісьці пачалі выскубваць свае бровы ў нітачку — гэтага патрабавала мода, але сёння такія бровы састарэлі), варта прыгледзецца да сучасных тэхнік карэкцыі броваў: мікраблендынг, ламініраванне, нарошчванне.

Візажысты раяць не скідаць з рахункаў сродкі для росту броваў. Напрыклад, цяпер модны алей усьмы дазваляе актывізаваць спячыя валасяныя цыбуліны і пракладвае найкарацейшы шлях да густых шырокіх броваў, якіх патрабуе сучасная мода. Гэты алей з насення гаючай паўднёвай расліны з спрадвечных часоў выкарыстоўваўся ўсходнімі жанчынамі для стымуляцыі росту броваў і веек. Сродак не толькі спрыяе росту новых валасінак, але і сілкуе, увільгатняе і надае аксамітны бляск ужо наяўным, расказвае спецыяліст. Зрэшты, і больш звыклыя алеі могуць саслужыць службу. Напрыклад, для самастойнага масажу броваў можна выкарыстоўваць кропельку рэпейнага або касторавага алею. Капніце яе на ўказальны палец і правядзіце па брыву ад пераносся да скроні. Ну і, вядома, для росту броваў, веек і валасоў важна правільна харчавацца — так, каб у арганізм паступалі вітаміны А і Е. Уключыце ў рацыён яблыкі, цытрусавыя і бабовыя, а таксама печань.

Яшчэ адна парада: не важна, якая форма ў вашых броваў, змяняць яе ў гэтым сезоне — дрэнны тон. Прамыя, завостраныя, выгнутыя: няхай будуць такімі, якія падарыла прырода — лепшы стыліст і візажыст. Прычым нават калі бровы адрозніваюцца адна ад адной, гэта толькі надасць вашаму твару шарм. Лёгкая асіметрычнасць нават у трэндзе. Антытрэнд — маляванне чужых, «інстаграмных» броваў на сваім непаўторным твары.

Ну а што да макіяжу броваў, у нюдавым фармаце лепш за ўсё выкарыстоўваць некалькі адценняў сухіх або крэмавых ценяў. Бо натуральнае брыво не па ўсёй даўжыні аднаго колеру: тоненькі кончык заўсёды афарбаваны цямней, чым пачатак. Так што паэкс-
перыментуйце з макіяжам броваў — майстар-класаў у сетцы хоць адбаўляй, — і вы ўбачыце, як адразу памаладзее твар.

Матавыя цені, бэжавыя румяны

Прыйшла чарга макіяжу вачэй. Выразная чорная стрэлка ў нюдавым вобразе будзе выглядаць чужародна. Лінію росту веек падкрэсліваем ценямі карычневага або шэрага колеру, рухомае павека вылучаем з дапамогай бэжавых ці ружова-бэжавых ценяў, светла-карычневай або жамчужна-шэрай гамы. Тэкстуры ценяў выбіраем матавыя. Дапушчальныя залацістыя або персікавыя адценні. Чорная туш у нюдавым макіяжы таксама, хутчэй за ўсё, будзе выглядаць «не роднай». Добра, што набыць каляровую туш сёння не праблема. У ідэале падыдзе карычневы колер, але можна выкарыстоўваць і шэры. Туш наносім у адзін пласт — інакш на фоне «макіяжу без макіяжу» мы атрымаем эфект «вельмі нафарбаваных павек».

Важная рыска — румяны. Патрэбны няяркія, прыглушаныя тоны — персікава-бэжавая або пастэльна-ружовая гама. Ну, і вусны, зразумела, падкрэсліваем бляскам натуральнага колеру. Матавая тэкстура тут наўрад ці падыдзе, лепш абраць эфект вільготных вуснаў.

Дарэчы, яшчэ нядаўна менавіта скулы былі «самай трэндавай» часткай твару, і на скулы «як у Анжаліны Джолі» (калі не стварыць з дапамогай пластыкі або іншых б’юці-працэдур, дык хоць бы паспрабаваць намаляваць) трымала раўненне кожная модная дзяўчына. Гэтыя часы прайшлі, кажа Марына Цырыковіч. Мэйкап у стылі нюд патрабуе максімальнай натуральнасці рыс твару, у модзе індывідуальнасць і непаўторнасць, і вашы скулы зараз могуць быць любымі, як і форма твару ў цэлым. Але калі ўсё ж высокія скулы не даюць вам спакою і бударажаць уяўленне, то візуальна вылучыць гэтую частку твару дапаможа такі трук: невялікае зацямненне кончыка падбародка і бакавой часткі лба і вылучэнне крыху больш светлым, чым ваш натуральны тон скуры, прадуктам цэнтра лба. 

У гэтым выпадку скулы зрокава «праявяцца» ярчэй і будуць выглядаць больш высокімі і выпуклымі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.