Вы тут

Найвышэйшая форма рэабілітацыі — калі чалавек патрэбен


Пытанні дзяржаўнай палітыкі па інтэграцыі людзей з інваліднасцю ў грамадства, стварэнне даступнага асяроддзя і паляпшэнне іх якасці жыцця абмеркавалі эксперты на пасяджэнні Савета па ўстойлівым развіцці, якое прайшло ў Мінску. Удзел у пасяджэнні прыняў і намеснік старшыні Савета Рэспублікі Валерый Бельскі. «Сацыяльная абарона людзей з інваліднасцю з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на забеспячэнне іх роўнасці і паўнапраўны ўдзел у жыцці грамадства. У сістэме дзяржаўнай і сацыяльнай падтрымкі людзі з інваліднасцю займаюць асаблівае месца. Шэсць працэнтаў насельніцтва краіны — гэта больш за паўмільёна чалавек — людзі, якія маюць інваліднасць», — сказаў ён.

Пытанні сацыяльнай абароны людзей з інваліднасцю знаходзяцца ў зоне пастаяннай увагі кіраўніка дзяржавы, урада. Валерый Бельскі расказаў, што пры Савеце Рэспублікі функцыянуе кансультатыўны Савет па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які ўзначальвае Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Валерый Бельскі нагадаў, што яшчэ на мяжы 2000-х гадоў лічылася, што асноўная мэта дапамогі інвалідам — аказанне матэрыяльнай падтрымкі. «У сучасным свеце задачы трансфармаваліся. І сёння ключавая мэта — інтэграваць людзей з інваліднасцю ў грамадства. У гэтым сэнсе Беларусь не стаіць на месцы, пастаянна ўдасканальваючы нацыянальнае заканадаўства ў сферы забеспячэння правоў і сацыяльнай дапамогі інвалідаў, садзейнічаючы тым самым стварэнню даступнага асяроддзя, паляпшэнню якасці жыцця інвалідаў і падтрымцы сем’яў з інвалідамі», — адзначыў сенатар. Па яго словах, менавіта на вырашэнне гэтых задач накіраваны Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», які ўступіў у сілу з 2023 года. Асноўная задача гэтага закога — паўнапраўнае ўключэнне людзей з інваліднасцю ў грамадства.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі звярнуў увагу, што адным з важных кірункаў дзейнасці дзяржавы ў адносінах да інвалідаў з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа. Імёны беларускіх паралімпійцаў ведаюць ва ўсім свеце, яны неаднаразова перамагалі на вядучых спаборніцтвах. У лютым 2022 года беларускія паралімпійцы былі адхілены ад удзелу ў міжнародных стартах. Але ўжо ў кастрычніку 2023 года Міжнародны паралімпійскі камітэт змяніў сваё рашэнне і дазволіў беларусам выступаць, хоць і пад нейтральным сцягам.

Старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Алег Шэпель падкрэсліў, што для гэтага была праведзена вялікая работа, было задзейнічана мноства людзей. Але гэта сябе апраўдала — беларускі бок змог даказаць, што спарстмены ні ў чым не вінаватыя і маюць поўнае права займацца справай, якой прысвяцілі жыццё. Алег Шэпель таксама ўзначальвае грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку». У сваім выступленні ён адзначыў, што вельмі важна, што дзяржава дала інвалідам магчымасць працаваць і развівацца. «Вышэйшая форма рэабілітацыі — калі чалавек запатрабаваны і патрэбен. Чалавек з абмежаванымі магчымасцямі можа калі не ўсё, то вельмі многае», — падсумаваў Алег Шэпель.

Удзел у савеце прыняў Аляксей Талай, грамадскі дзеяч, паралімпіец, матывацыйны спікер. Ён расказаў, што да спецыялістаў мясцовага дабрачыннага фонду Аляксея Талая з кожным годам звяртаецца ўсё больш людзей з інваліднасцю, якія шукаюць падтрымку і магчымасці для развіцця. Па словах Аляксея Талая, выдатна, што людзі не замыкаюцца ў сабе: «Раней гэта было лакальна, але паціху гэта набрала глабальны маштаб. Людзі не баяцца казаць пра свае праблемы». Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць і важнасць рэабілітацыйных цэнтраў для людзей, якія страцілі канечнасці. Па яго словах, найлепшы варыянт — пасля бальніцы прыязджаць туды, дзе інваліды могуць убачыць магчымасці для росту, спланаваць дарожную карту свайго жыцця.

Падчас пасяджэння Савета па ўстойлівым развіцці эксперты таксама абмеркавалі рэалізацыю прынцыпу інклюзіі ў адукацыю, медыцынскую рэабілітацыю інвалідаў, стварэнне лічбавага даступнага асяроддзя, эканамічную падтрымку людзей з інваліднасцю.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.