Вы тут

Модны паказ эксклюзіўнага адзення прайшоў у Гродне


Прастата, прыгажосць і адкрытасць — так характарызуе свае калекцыі іх аўтар Эвеліна Аўгусціновіч-Зубакіна. Галоўным прынцыпам у стварэнні адзення яна называе спалучэнне сучаснасці і даўніны. Маладая дызайнерка падрыхтавала некалькі калекцый, якія прадставілі юныя мадэлі ў межах вечара «Формула стылю», арганізаванага Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я. Карскага. 


Звяртае на сябе ўвагу незвычайная назва калекцыі — «Эрла». Як паясніла сама аўтар, такі тытул даваўся вышэйшай арыстакратыі ў ХІ стагоддзі. У сучасным выкананні старажытнай пышнасці няма, аб ёй сведчаць хіба толькі ўпрыгожванні і ўзоры. Калекцыя выканана з натуральнага льну, крой просты, сарочкавы. Эвеліна выбрала для ўвасаблення сваёй фантазіі зялёны колер, якога багата ў беларускай прыродзе. Пры гэтым прысутнічае натуральны колер льну з немудрагелістым аздабленнем. Новыя фасоны яскрава прадэманстравалі зусім юныя мадэлі. 

А яшчэ адну калекцыю дызайнеркі «На досвітку новага свету» прадставілі таксама школьніцы, але старэйшага узросту. Калекцыя у насычаным блакітным колеры са стылізаваным белым арнаментам. Па словах Эвеліны, арнамент мае вельмі багатую гісторыю і значэнне. Ён быў адметным і характэрным для той ці іншай мясцовасці. Па ім можна было зразумець, адкуль чалавек прыбыў. Тут ёсць адсыл да мінулага, кажа Эвеліна, спалучэнне сучаснасці і даўніны. Такія тэндэнцыя зараз вельмі папулярныя ў дызайнерскай модзе. Гэты кірунак узяла за аснову сваёй канцэпцыі і гродзенка і нават атрымала ў сваёй справе маральную падтрымку ад самой каралевы Велікабрытаніі Елізаветы ІІ. 

Некалькі гадоў таму Эвеліна адправіла высокай асобе пісьмо са здымкамі сваёй калекцыі «На досвітку новага свету». У сваім пісьме яна звярталася да каралевы з пытаннем: ці варта зараз у маладзёжнай модзе сумяшчаць сучаснсць са старажытнымі традыцыямі. У хуткім часе ў Гродна прыйшло пісьмо ад каранаванай асобы. Елізавета ІІ адказала, што такі падыход да моды правільны, народныя традыцыі важна не толькі шанаваць, але і сумяшчаць з сучасным

Што падштурхнула беларуску адправіць пісьмо ажно ў Букінгэмскі палац?

—Было цікава даведацца думку каранаванай асобы, хоць я і не спадзявалася атрымаць адказ, — расказала субяседніца. — Пісьмо прыйшло праз месяц, з аўтографам каралевы. Я была вельмі ўзрушана, гэта дало новы імпульс для работы і упэўненасць, што я іду ў правільным кірунку. Зараз, напрыклад, ёсць задумка сканструяваць калекцыю адзення з асіметрыяй і клеткай. Яна так і будзе называцца — «Асімклет»

Эвеліна скончыла гуманітарны каледж у Гродне, працуе настаўнікам у сярэдняй школе. Таму і мадэлямі яна выбрала сваіх вучаніц, якія вельмі адказна ставяцца да свайго новага амплуа. Дзяўчынкі кажуць, што хадзіць па подыуму не складана, галоўнае — трэба быць упэўненымі ў сабе. Самі дзяўчаты з задавальненнем могуць апрануць такія сукенкі на шпацыр у цёплы летні дзень. Яны ўпэўнены, што і на вуліцы такую мадэль абавязкова заўважаць. Праўда, свае калекцыі дызайнерка не прадае і заказаў на адзенне не бярэ. 

Кажа, што яна не швачка — мадэліруе адзенне так, як падказвае яе густ. Свае калекцыі стварае сама — ад закупкі тканіны і патрэбных аксэсуараў да пашыву адзення. На гэты конт у дызайнеркі строгае правіла — ніхто не павінен дапамагаць, праца толькі ўласная. Такая пазіцыя і наконт грошай. Маўляў, ніхто не абавязаны плаціць, акрамя самога аўтара. Гэта як у кулінарыі: павінна быць адна рука, адзіны аўтар і выканаўца, тады страва будзе асаблівай і па смаку, і па афармленні, і нават па настроі. 

—У мяне сваё ўласнае бачанне калекцыі. Што мяне натхняе, тое я і раблю. Мне вельмі падабаецца лён. я люблю з ім працаваць, ён дастаткова цяжкі ў рабоце, мнецца, дзесьці не паддаецца, але ў гэтым і ёсць прыгажосць, шарм. І з ім ты можаш паказаць традыцыі нашай краіны. Гэта вельмі важна зараз, — лічыць Эвеліна.

Работу педагога Эвеліна паспяхова спалучае з дызайнерскім хобі. Дарэчы, гэты кірунак для яе не новы:

—Я сама была мадэллю з 16 гадоў, прадстаўляла дызайнеркае адзенне, і мне заўсёды хацелася штосьці падправіць, унесці нешта сваё. Гэта мяне і падштурхнула да стварэння ўласнай калекцыі. Зараз у мяне свае мадэльнае агентства, мае мадэлі пабывалі на паказах у Маскве, у Санкт-Пецярбургу і не толькі. Я супрацоўнічаю з арганізатарамі модных паказаў, заўсёды адгукаюся на прапановы паказаць свае калекцыі, прадэманстраваць іх шырокаму колу гледачоў. Таму з радасцю прыняла запрашэнне супрацоўнікаў абласной бібліятэкі прыняць удзел у вечарыне моды, якую яны арганізавалі. 

Дарэчы, падчас вечарыны прысутныя даведаліся нямала цікавых фактаў аб гродзенскім мадэльным бізнесе пачатку ХХ стагоддзя. Загадчыца аддзела мастацтва Гродзенскай абласной бібліятэкі Аксана Жук расказала пра самую вядомую на той час мадэльершу Антаніну Самсонаву, якая скончыла Парыжскую акадэмію мастацтваў — адну з самых прэстыжных устаноў таго часу. Яе адзенне разыходзілася па ўсім горадзе, да яе стаялі вялікія чэргі. Яшчэ яна вядомая як першая ў Гродне фотамадэль. У гродзенскага калекцыянера ёсць арыгінал здымка Самсонавай для рэкламы шампанскага — яе сукента паўтарае сілуэт бутэлькі, а прычоска — форму пробкі, і не цяжка здагадацца, што сукенку яна пашыла сама. 

Што датычыць сучасных тэндэнцый, яны, па словах Аксаны Жук, спалучаюць у сабе капцэптуальнасць і традыцыйнасць, зварот да нацыянальнай гісторыі і культуры. Што і было прадэманстравана калекцыямі маладой гродзенскай дызайнеркі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.