Вы тут

Турнір памяці Уладзіміра Рыжанкова зноў сабраў маладых баскетбалістаў


У 26-ы раз у Мінску прайшоў міжнародны турнір па баскетболе памяці першага прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта, першага міністра спорту Уладзіміра Рыжанкова. Турнір быў заснаваны ў 1996 годзе рашэннем Урада Рэспублікі Беларусь, каб увекавечыць памяць пра Уладзіміра Мікалаевіча, які за сваё кароткае, але насычанае жыццё прыклаў шмат намаганняў для развіцця фізічнай культуры, спорту і алімпійскага руху ў краіне. 


Спартыўныя вынікі турніру 

Традыцыйна на гэты турнір прыязджаюць каманды юнакоў і дзяўчат з розных краін. Сёлета на паркеце Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву сустрэліся восем жаночых і мужчынскіх каманд, сярод якіх зборныя U-16 Беларусі, Расіі, Азербайджана і Кыргызстана.

Беларуская каманда хлопцаў пачалf турнір з перамогі над камандай Азербайджана — 52:38. Затым абыгралі сапернікаў з Краснадара — 79:75. Але ў фінальным супрацьстаянні ўступілі расійскай зборнай — 46:102. Такім чынам, беларуская каманда стала сярэбраным прызёрам турніру. «Я выключна задаволены, што мы прынялі ўдзел у гэтых спаборніцтвах. Для нашай каманды гэта вялікі крок наперад. Я заўсёды кажу спартсменам, што змагацца трэба да фінальнай секунды. Што б ні адбывалася, трэба заставацца мужыкамі. І яны гэтаму сёння навучыліся. Я для сябе вырашыў, што ў наступным годзе мы абавязкова выйграем гэты турнір», — падзяліўся Андрэй Клемезь, галоўны трэнер беларускай зборнай юнакоў U-16.

Беларуская каманда дзяўчат таксама пачала турнір з перамогі. У першым матчы яны аказаліся мацнейшымі за зборную Азербайджана — 81:35. Перамаглі і ў другім матчы супраць каманды Кыргызстана — 98:44. Але ў вырашальнай гульні саступілі зборнай Расіі — 47:64. Такім чынам, і дзяўчаты сталі сярэбранымі прызёрамі турніру. 

«Такія турніры насамрэч нясуць у сабе вялікую карысць для маладых гульцоў: розны ўзровень каманд, іншая тактыка, пад кожную з якіх неабходна падстроіцца. Пакуль яны маладыя, штосьці не ведаюць, таму падчас спаборніцтваў даводзіцца падказваць, тлумачыць і, вядома, вучыць новаму. Выдатна, што прыязджаюць такія разнастайныя калектывы і даюць нам такую важную гульнявую практыку на міжнародным узроўні», — адзначыла Алена Іваноўская, галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі U-16.

«Мы вельмі ўдзячныя, што нас з году ў год запрашаюць на гэты цудоўны турнір. Гэта дае магчымасць спартсменам самага малодшага ўзросту праявіць сябе, паспрабаваць сябе ў іншай атмасферы. Для іх немалаважна атрымаць пэўны псіхалагічны досвед. Усе такія юныя, ім ёсць куды расці, у іх яшчэ непачаты край працы, каб вырасці ў вялікіх спартсменаў. Але яны атрымалі досвед і выдатныя эмоцыі», — падзялілася сваімі ўражаннямі ад турніру Наталля Вадап’янава, двухразовы бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў, генеральны сакратар Расійскай федэрацыі баскетбола. Яна таксама падзякавала беларускім калегам за заўжды гасцінны прыём і выдатна арганізаваны турнір. 

Баскетбол — справа сямейная

Падводзячы вынікі турніру памяці Уладзіміра Рыжанкова, старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што ў цэлым вынікамі ён задаволены. Але залатыя медалі варта было б пакінуць дома, у Беларусі. «Ёсць моманты, якія засмуцілі, ёсць моманты, якія парадавалі. Гэты турнір не чэмпіянат Еўропы, гэта такі пробны крок для дзяцей, якія толькі пачынаюць уваходзіць у дарослы баскетбол. Кантынентальныя першынства пачынаюцца з 16-гадовага ўзросту. А тут мы даем магчымасць спартсменам-пачаткоўцам адчуць сябе на міжнароднай арэне. Насамрэч турніраў для спартсменаў такога ўзросту вельмі мала, таму да нас заўсёды любілі прыязджаць каманды з розных краін. Тое, што сёння ў нас Азербайджан, Кыргызстан, Расія (наш даўні партнёр з цудоўным узроўнем баскетбола) дазваляе праверыць свае сілы і псіхалагічную ўстойлівасць нашых спартсменаў. Убачылі, дзе і да чаго трэба імкнуцца. На аснове вучылішча алімпійскага рэзерву мы сфармавалі юнацкую каманду з апорай на 2008 год нараджэння. Тут жа ў асноўным выступалі хлопцы 2009 года нараджэння, астатніх гульцоў набіралі па ўсёй краіне — без слабых бакоў не магло абысціся, гэта безумоўна. Аднак спарынгі з такімі моцнымі сапернікамі выразна дэманструюць, куды нам трэба рухацца далей і на што рабіць акцэнт у будучым», — сказаў ён. Максім Рыжанкоў пахваліў жаночую каманду. Паводле яго слоў, дзяўчатам трэба нарасціць упэўненасці ў сабе і тады яны сябе яшчэ пакажуць. 

У інтэрв’ю «Звяздзе» Максім Рыжанкоў расказваў, што яго Уладзімір Мікалаевіч вельмі шанаваў баскетбол. «14 гадоў у бацькі пачалося дарослае жыццё — ён паступіў у Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. Там была актыўная вучоба, і пра спорт таксама размова не ішла. Усё змянілася, калі бацьку прызвалі ў армію. За час службы ён паспрабаваў сябе ў боксе і баскетболе, выступаў на спаборніцтвах. Яго вялікі рост, мускулісты целасклад, падрыхтоўка, закладзеная працай на зямлі, рабілі яго добрым баксёрам. А яго баскетбольная каманда была пераможцам спаборніцтваў на ўзроўні вайсковай акругі. Уладзімір Мікалаевіч спачатку служыў у „вучэбцы“ ў Горкім (Ніжні Ноўгарад). А затым — у будаўнічых войсках, яны ўзводзілі касмадром „Байканур“. З войска ён вярнуўся з навыкамі будаўніка і перамогамі ў спаборніцтвах па боксе і баскетболе ў Спартыўным клубе Арміі. Ды яшчэ і ў званні старшыны. Як я разумею, гэта дало яму магчымасць паступіць у Інстытут фізічнай культуры з пэўнымі прэферэнцыямі. І гэтую магчымасць не выпусціў. Ён лёгка паступіў у ІФК. Бацька вучыўся са многімі ў будучым вядомымі баскетбалістамі. Напрыклад, з Аляксеем Шукшыным яны потым сябравалі ўсё жыццё. Дзякуючы яго вайсковым поспехам ім зацікавіліся і баксёры, і баскетбалісты. Але, напэўна, яму больш даспадобы быў баскетбол, таму ён яго абраў», — узгадваў ён.

У сямейным архіве нават захаваліся фотаздымкі і граматы Уладзіміра Рыжанкова не кіраўніка, а баскетабліста. 

Атрымліваецца, што баскетбол — справа сямейная. «Гэта той турнір, з якім звязана маё адчуванне баскетбола. У першую чаргу, таму што ў свой час было прынятае рашэнне праводзіць яго, каб людзі памяталі, што быў такі першы міністр, першы прэзідэнт НАК, чалавек, які вар’яцка любіў баскетбол», — прызнаўся Максім Рыжанкоў. Ён дадаў, што арганізатары кожны год ствараюць для гасцей насычаную не толькі спартыўную, але і культурную праграму. Напрыклад, сёлета госці наведалі Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нясвіжскі замак. «Усім удзельнікам раім прыязджаць з бацькамі. Расійскія каманды прыехалі сюды з цэлым пулам балельшчыкаў, якіх было выдатна чуваць на трыбунах. Мы хочам, каб гэты турнір быў не проста спаборніцтвамі, але і з святам з сямейнай атмасферай», — адзначыў Максім Рыжанкоў. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БФБ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.