Вы тут

У Віцебскай вобласці адкрылі медыялабараторыю для маладых журналістаў і блогераў


Пры медыяцэнтры Віцебскай вобласці адкрылі ўнікальную медыялабараторыю для маладых журналістаў і блогераў. Сумесны праект рэалізаваны галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і рэдакцыяй абласной газеты «Віцебскія весткі».


Платформа стане практыкаарыентаванай, адукацыйнай і інфармацыйнай прасторай для моладзі, якая жадае прысвяціць сябе рабоце ў сродках масавай інфармацыі. Тут з навінкамі ў медыяпрасторы будуць знаёміцца як маладыя спецыялісты з дыпломамі журналістаў, так і юныя блогеры з ліку школьнікаў і навучэнскай моладзі.

Медыялабараторыя складаецца з пяці лакацый: тры з іх прызначаныя для здымкі фота — і відэакантэнту, правядзення прамых эфіраў і стрымаў, майстар-класаў. Чацвёртая лакацыя прызначана для здымкі аглядаў рэгіянальных навін для YouTube і ТіkТоk. Пятая ўяўляе сабой зону рэкрэацыі, каб у перапынках ад здымкаў хлопцы і дзяўчаты змаглі адпачыць, папіць кавы.

Адкрыццё медыялабараторыі прайшло падчас выязнога пасяджэння калегіі Міністэрства інфармацыі Беларусі ў Віцебску з удзелам кіраўніка ведамства Уладзіміра Пярцова. На ўрачыстым адкрыцці міністр адзначыў, што падобныя медыяцэнтры функцыянуюць ва ўстановах адукацыі, універсітэтах, дзе рыхтуюць спецыялістаў журналісцкай накіраванасці.

«Такія пляцоўкі, як медыялабараторыя, дзе можна прыйсці павучыцца, паспрабаваць сябе, карысныя і важныя для дзяцей, якія робяць першыя крокі ў гэтай няпростай прафесіі. Дзякуючы светлавому абсталяванню, мікрафонам, розным зонам з моднымі лакацыямі можна зрабіць стэндап і праходкі — тое, што цяпер модна і прыйшло да нас з блогасферы, — адзначыў Уладзімір Пярцоў і пажадаў моладзевым СМІ і будучым спецыялістам „захварэць“ гэтай прафесіяй у маладосці. — Ты ні на што не прамяняеш гэтую справу, калі сапраўды адчуваеш сябе журналістам, гатовы ахвяраваць асабістым часам, нават больш моднымі прафесіямі з больш высокімі даходамі, бо ты прыйшоў у гэтую сферу і прыкіпеў да яе ўсім сэрцам».

На выязным пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі абмяркоўвалася таксама роля медыяхолдынгаў у стварэнні актуальнага сучаснага кантэнту. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў ідэалагічнай работы і па справах моладзі, галоўныя рэдактары абласной і раённых газет Віцебшчыны. На калегіі быў разгледжаны вопыт работы раённых газет, якія ўвайшлі ў медыяхолдынг абласной газеты «Віцебскія весткі», удзельнікі сустрэчы абмеркавалі перспектывы і кропкі росту ўжо існуючага холдынгу.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр СУБОЦІН і міністр інфармацыі Уладзімір ПЯРЦОЎ

«Медыяхолдынгі — гэта выклік сённяшняга дня. Цалкам відавочна, што ў раёне немагчыма знайсці спецыяліста SMM, чалавека, які можа граматна займацца камп’ютарнай вёрсткай, сучасным дызайнам, стварэннем і прасоўваннем кантэнту ў сацыяльных сетках, адаптацыяй друкаванай версіі для добрай індэксацыі ў інтэрнэце. Гэтых людзей проста няма, і спадзявацца, што яны туды прыедуць, мы таксама не можам. Але гэтую працу трэба аддаваць на аўтсорс галаўной рэдакцыі холдынгу, дзе ў абласцях такія спецыялісты ёсць, іх дастаткова, каб гэтую працу ажыццяўляць. У раёнах застаюцца журналісты, якія там жывуць, ведаюць свой раён, людзей, падзеі, і могуць рабіць зыходныя матэрыялы ў сваім раёне і населеным пункце, каб іх потым распаўсюджваць па ўсіх магчымых асяроддзях», — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Віцебскія весткі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.