Вы тут

Глыбокае на паштоўках Уладзіміра Ліхадзедава


У калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава, складзенай са старых паштовак і іншага фатаграфічнага матэрыялу, выяў з глыбоцкімі краявідамі дастаткова. Толькі ў філакартычным альбоме «Ад Віцебска да Полацка. Падарожжа ў часе», які сёлета выйшаў у Выдавецкім доме «Звязда», мы налічылі ажно 28 рэпрадукцый.


Глыбокае. Замкавая вуліца. Пачатак ХХ стагоддзя.

Віртуальна праз іх мы і сутыкнёмся з Глыбокім і яго ваколіцамі пачатку XX стагоддзя. Пройдземся па Замкавай вуліцы, пабываем на Кірмашовай плошчы. Адна з паштовак дэталізуе гандлёвы рад на Кірмашовай плошчы, паказвае яе з іншага ракурсу. Іншая паштоўка прысвечана возеру перад Глыбокім, на ёй адбітак горада падае на ваду. Уражанне такое, што выява выпісана пэндзлем мастака... На іншай — Петрапаўлаўская царква і Беразвецкі кляштар базыльян удалечыні. А вось — касцёл у Задарожжы. Побач — касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дзеркаўшчыне. А яшчэ — касцёл у Залессі... Можам зазірнуць і ў заснежаную Лаўрынаўку 1916 года, наведацца на службу ў праваслаўную царкву ў вёсцы Кавалі (у далёкім 1936 годзе). А як цікава разглядаць царкву і палац у Мамаях! Альбо — паштоўкі старога, даўняга мястэчка Мосар... Касцёл Святой Ганны ў Мосары ёсць адразу на некалькіх рэпрадукцыях. Следам — наша знаёмства з Удзеламі, Парэччам, Чарневечамі...

Глыбокае. Выгляд ад возера.  Пачатак ХХ стагоддзя.

Цікавым на адной са старых паштовак падаецца і хрэсны ход у Празароках. Гэта ў Празароках пахаваны пачынальнік беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі (1861 — 1917). Магіла яго знаходзіцца ў скверы паселішча. Цытуем з краязнаўчага даведніка «Літаратурныя мясціны Беларусі», які выйшаў у «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» ў 2000 годзе: «...Праз 30 гадоў пасля смерці І. Буйніцкага жыхар Празарокаў І. Чомер засведчыў, што «памяць пра Буйніцкага сярод жыхароў вёскі Празарокі жыве дагэтуль. Успамінаюць яго самымі цёплымі словамі, а некаторыя маюць яго фатаграфіі, якімі даражаць як святыняю». Помнік Буйніцкаму ў Празароках устаноўлены ў 1976 годзе, аўтарам яго з’яўляецца народны мастак Беларусі Іван Міско. Дарэчы, закінутую магілу акцёра і рэжысёра адшукалі ў 1970-я гады Уладзімір Караткевіч і тэатразнаўца Уладзімір Няфёд. Тады ж парэшткі Ігната Цярэнцьевіча былі перанесены ў Празарокі і перапахаваны ў парку. Гэта Буйніцкі вывеў на сцэну беларускі «мужыцкі» танец. Як пастаноўшчык і выканаўца Ігнат Цярэнцьевіч паказаў усю прыгажосць беларускіх народных танцаў. У 1907 годзе ў сядзібе Палівачы паблізу Празарокаў славуты ўраджэнец Глыбоччыны заснаваў самадзейны тэатр. Спярша ўдзел у ім прымалі сваякі, блізкія знаёмыя Буйніцкага. У тэатры ўдзельнічала восем акцёраў, а яшчэ прыблізна 16 танцораў. Буйніцкі арганізоўваў прадстаўленні ў Празароках і іншых паселішчах Глыбоччыны. Увайшла ў гісторыю беларускай культуры і «Першая беларуская вечарынка ў Вільні», якую акцёр і рэжысёр паставіў 12 лютага 1910 года па запрашэнні рэдакцыі «Нашай нівы». Другое яркае выступленне трупы з Празарокаў адбылося 22 лютага 1910 года на вечары, прысвечаным культурам народаў Паўночна-Заходняга краю. Кампазітар Людамір Міхал Рагоўскі напісаў да гэтай падзеі музыку на словы верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?». Твор стаў неафіцыйным гімнам трупы. У наступныя гады (1910 — 1913) тэатр гастраляваў у Нясвіжы, Паставах, Полацку, Слуцку, іншых гарадах, а таксама двойчы выступаў у Пецярбургу. У 1982 годзе ў школе ў вёсцы Празарокі быў заснаваны музей Ігната Буйніцкага.

Глыбокае. Кірмашовая плошча. Пачатак ХХ стагоддзя.

На Глыбоччыне, ды і ў самім Глыбокім можна адкрыць адрасы многіх славутых людзей. У горадзе нарадзіўся вядомы савецкі гісторык і філолаг Барыс Волін (1886 — 1957). У дарэвалюцыйныя гады, да 1917-га, ён рэдагаваў падпольную бальшавіцкую газету «Уфимский рабочий». Вымушаны быў эмігрыраваць у Францыю. Некаторы час у дні ўзброенага паўстання 1917 года быў старшынёю Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Замаскварэчча. Напрыканцы 1920-х гадоў стаў адказным рэдактарам часопіса «Трезвость и культура». У другой палове 1930-х гадоў пад рэдакцыяй Д. Ушакова і Б. Воліна быў выдадзены чатырохтомны «Тлумачальны слоўнік рускай мовы». У 1936 — 1945 гады наш зямляк — галоўны рэдактар «Исторического журнала». Глыбокае — радзіма славутага рускага паэта Мікалая Мінскага (1855 — 1937), які разам з Васілём Разанавым, Зінаідай Гіпіус, Дзмітрыем Меражкоўскім у 1901 годзе заснаваў у Пецярбургу Рэлігійна-філасофскія сходы. У 1905 годзе паэт спачуваў сацыял-дэмакратам, разам з Максімам Горкім узначальваў бальшавіцкую газету «Новая Жизнь».

Глыбокае — радзіма Героя Савецкага Саюза Канстанціна Максімавіча Пятроўскага (1892 — 1965). У Вялікую Айчынную вайну наш зямляк служыў першым памочнікам капітана па палітычнай частцы лесавоза «Стары бальшавік». Цеплаход перавозіў грузы ў складзе саюзнага канвоя з Рэк’явіка (Ісландыя) у Мурманск: ваенную тэхніку, паліва, прадукты харчавання. 28 мая 1942 года караван быў атакаваны варожымі самалётамі і падводнымі лодкамі. Адна з бомб трапіла ў «Стары бальшавік». Англічане, якія суправаджалі караван у якасці эскорту, прапанавалі экіпажу пакінуць лесавоз. Але ніводзін марак не сышоў з судна. Караван адышоў, пакінуўшы палаючы карабель. Экіпаж разам з К. Пятроўскім змагаўся з полымем, карабель выстаяў і даставіў у Мурманск вельмі патрэбныя фронту грузы. Пятроўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Цемруку (Краснадарскі край, Расійская Федэрацыя), дзе жыў пасля вайны наш зямляк, на гарадскім мемарыяле Канстанціну Максімавічу ўсталяваны надмагільны помнік. Мо да 80-годдзя Вялікай Перамогі ў Глыбокім ці Віцебску з’явіцца вуліца імя Канстанціна Пятроўскага?

Глыбокае. Беразвецкі манастыр. 1930-я гады.

Нарадзіўся ў Глыбокім і правёў тут свае дзіцячыя гады вядомы рускі савецкі пісьменнік Лявонцій Іосіфавіч Ракоўскі. Удзельнічаў у Грамадзянскай вайне. Большую частку свайго жыцця пражыў у Петраградзе — Ленінградзе. У 1927 годзе выдаў першы зборнік апавяданняў — «Зялёная Амерыка». Л. Ракоўскі — аўтар кніг «Генералісімус Сувораў», «Адмірал Ушакоў», «Кутузаў», «Міхаіл Тухачэўскі», «Канстанцін Заслонаў»...

І, канешне ж, памятаюць у Глыбокім савецкага авіяканструктара, аднаго з заснавальнікаў савецкай рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі Паўла Восіпавіча Сухога (1895 — 1975). Двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, ён лічыцца стваральнікам дзясяткаў знішчальнікаў, бамбардзіроўшчыкаў, штурмавікоў. У Маскве, Гомелі, Віцебску і Глыбокім імя канструктара носяць вуліцы. У СШ № 1 горада Глыбокага створаны музей у гонар знакамітага земляка.

Задарожжа. Касцёл. Пачатак ХХ стагоддзя.

Ідучы рознымі сцежкамі-дарожкамі ў Глыбокім, у паселішчах Глыбоччыны, ідучы слядамі блізкіх і далёкіх прашчураў, вы адкрыеце 
шмат цікавага, звернеце ўвагу на многія адметнасці гэтага краю, прыхіняцеся да яго ўнікальнай прыроды.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.