Пераможца конкурсу «Міс Мінск — 2023», фіналістка XIII Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2023», «Міс Топ — мадэль» Надзея Тоўсцікава ўпэўненая: прыгажосць — гэта не толькі пра знешнасць, але і пра ўнутраныя якасці чалавека. А робячы людзям дабро, мы самі становімся лепшымі.
— Безумоўна, у тытулаванай прыгажуні больш магчымасцей, але каб рабіць добрыя справы, тытулы не патрэбныя, — пераканана Надзея Тоўсцікава.
Сваю кар’еру мадэлі і спецыяліста (Надзея вучыцца на факультэце транспартных камунікацый БНТУ) яна плануе будаваць у роднай Беларусі:
— Некаторыя дзяўчаты-мадэлі адпраўляюцца працаваць за мяжу. Я не збіраюся нікуды з’язджаць. Вельмі люблю нашу краіну, менавіта з Беларуссю звязваю сваю будучыню, свае жыццёвыя планы.
Гутарку з Надзеяй Тоўсцікавай вы прачытаеце ў рубрыцы часопіса «Жаночая сіла: змяняць, ствараючы».
Іван Цярэшка ў «Альпійскай баладзе», Білі ў спектаклі «Калека з вострава Інішман», Саўка ў «Адамавых жартах». За пяць гадоў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі малады акцёр Аляксандр Ніканенка сыграў розных персанажаў. Хто дапамог яму знайсці сваё прызванне? На якія ахвяры гатовы ісці дзеля ролі, каб дабіцца эмацыянальнага водгуку з боку гледача? З акцёрам гутарыць журналіст «Алесі».
— Я разумеў, які цяжкі матэрыял трэба будзе ўвасобіць на сцэне, — успамінае Аляксандр Ніканенка пра тое, як рыхтаваўся іграць Івана Цярэшку. — Як быць пераканаўчым у ролі чалавека, які ўцёк з палону, у лёгкай робе ідзе праз горы, дзе пачынаецца завіруха? Каб лепш уявіць стан Івана Цярэшкі ў такіх экстрэмальных умовах, выходзіў у холад на вуліцу без майкі, некалькі дзён нічога не еў. Камусьці гэта, магчыма, падасца празмерным, але мне гэта было неабходна. Я не мог іграць у «Альпійскай баладзе» напаўсілы.
На работы з лямцу мінчанкі Ірыны Калеснікавай немагчыма не адгукнуцца эмацыянальна. Нягледзячы на ўзрост, майстрыха працягвае верыць у цуды і быццам прыцягвае іх да сябе, што адлюстроўваецца ў яе карцінах. Пра тое, як звычайны майстар-клас па валянні з лямцу дапамог знайсці сябе, пра незвычайнае, на думку Ірыны Калеснікавай, знаёмства з будучым мужам, пра падарожжы і яркія фарбы ў «ваўняных» карцінах чытайце на старонках часопіса.
— Мне падабаецца атачаць сябе яркімі, натхняльнымі рэчамі, — кажа майстрыха. — Да таго ж валянне само па сабе — выдатная псіхатэрапія. Калі пачынаюцца халады, хочацца раскласці вакол сябе цёплую рознакаляровую воўну, уключыць музыку і ствараць прыгажосць, якая абавязкова падорыць камусьці ўсмешку.
Стравы ў выглядзе Дзеда Мароза, ёлачных шарыкаў, ялінак, снегавікоў, пададзеныя да навагодняга стала, абавязкова прыўнясуць у дом святочную атмасферу — іх рэцэптамі дзеліцца са сваімі чытачамі «Алеся». А таксама расказвае, якія гарачыя напоі да навагодняга стала можна прыгатаваць, і як «задобрыць» сімвал 2024 года па Усходнім календары — Зялёнага Драўлянага Дракона, каб прыцягнуць у сваё жыццё поспех. Калі ж вы маеце намер сустракаць свята ў рэстаране, з часопіса даведаецеся, як правільна есці розныя стравы ва ўстанове.
Што падарыць блізкаму, каб прэзент не стаў яшчэ адной непатрэбнай рэччу ў доме і сапраўды прынёс максімум карысці? «Алеся» падабрала для вас некалькі ідэй універсальных і практычных падарункаў.
Дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда распавядае пра модныя тэндэнцыі ў верхнім гардэробе на зіму 2023-2024 гг., а таксама раіць, на вырабы якіх колераў варта звяртаць увагу, каб выглядаць стыльна, сучасна і эфектна.
Акрамя гэтага, са снежаньскага нумара «Алесі» вы даведаецеся пра сакрэты святочнага макіяжу і пра тыповыя памылкі жанчын пры доглядзе скуры. Раскажам і пра тое, што абяцаюць зоркі розным знакам Задыяку ў надыходзячым годзе.
Заставайцеся з «Алесяй» — з намі цікава! І не забудзьцеся падпісацца на часопіс. Да сустрэчы ў 2024-м!
Алена ВАЛЕР’ЕВА
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».