Вы тут

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю


Сёлета больш за ўсё здзелак куплі-продажу адбылося ў Гродне, а найменш — у Магілёве. А вось па кошце жылля на першым месцы Брэст, на апошнім — Гомель і Магілёў. У трэцім квартале самае дарагое абласное жыллё (чатырохпакаёвая кватэра) прададзена ў Брэсце па вуліцы Інтэрнацыянальная за 218,8 тысячы долараў у эквіваленце. Пры гэтым кошт астатніх рэалізаваных у гэты перыяд кватэр не перавышае суму, якая адпавядае 180 тысячам долараў. А найдаражэйшы абласны жыллёвы квадратны метр у трэцім квартале належыць трохпакаёўцы па вуліцы Камісара Крылова ў Віцебску — 2600 долараў у эквіваленце. Аднак актыўнасць рынку кватэр у Мінску ў паўтара раза большая, чым ва ўсіх абласных цэнтрах, разам узятых. Самая дарагая кватэра плошчай каля 250 м2 па вул. Старажоўская ў трэцім квартале «пацягнула» на 580 тысяч долараў. А самы дарагі сталічны «квадрат» — 4400 долараў — знаходзіцца ў кватэры (невялікай па плошчы, але з добрым рамонтам) па вул. Францыска Скарыны, агучылі спецыялісты сталічныя рэкорды трэцяга квартала.


Жыллёвы рэкорд дзесяцігоддзя

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці (па колькасці здзелак). У Віцебску і Магілёве за трэці квартал сёлета набывалі аднапакаёвыя кватэры, а на рынку нерухомасці Брэста, Гомеля і Гродна перавага была за двухпакаёўкамі. Кожны месяц летам у сталіцы рэгістравался да 1,5 тысячы здзелак, а ў абласных цэнтрах гэты паказчык узрос на траціну. У Гродне ён увогуле павялічыўся практычна на 87% (тут было шмат дагавораў куплі-продажу ў новабудоўлях).

— Падмогай для такой актыўнасці сталі спрыяльныя ўмовы крэдытавання пакупнікоў на рынку нерухомасці. Аб’ём крэдытаў, выдадзеных на рэканструкцыю і пакупку жылля, за дзевяць месяцаў сёлета ўдвая перавысіў леташні паказчык. Колькасць здзелак у верасні ў Мінску і абласных цэнтрах ужо прыйшла ў норму, — расказала пра эканамічныя аспекты рынку нерухомасці Вераніка Салаўёва, начальнік упраўлення кадастравай ацэнкі Нацыянальнага кадастравага агенцтва. — У трэцім квартале 2023-га таксама назіраўся плаўны рост цэн на кватэры ў сталіцы і рэгіёнах у рамках 3%, які пачаўся з другога квартала 2022-га, то-бок цэны на нерухомасць досыць стабільныя, з невялікай тэндэнцыяй на павышэнне. Попыт на кватэры ў сталіцы застаецца даволі высокі.

Па інфармацыі рэестра цэн — дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу, дзе ўтрымліваюцца звесткі аб дагаворах куплі-продажу ўсіх аб’ектаў нерухомасці ў краіне, у трэцім квартале ў сталіцы здзейснена 4375 такіх здзелак, што на 3% і на 32% больш, чым у першым і другім кварталах адпаведна. Самым выніковым стаў жнівень, калі было зарэгістравана 1637 здзелак. У абласных цэнтрах за трэці квартал адбылося каля трох тысяч здзелак куплі-продажу, што на 2% больш, чым у другім квартале, і на 4% больш, чым за аналагічны перыяд 2022-га.

Найбольшым попытам у Мінску карыстаюцца «аднапакаёўкі» (46% ад усіх здзелак). Часцей за ўсё набываюць кватэры коштам ад 50 да 75 тысяч долараў у рублёвым эквіваленце (42% ад усіх здзелак). А 4% сталічнага жылля не дацягвае да сумы, якая адпавядае 35 тысячам долараў.

Рынак новабудоўляў складае каля 10–20% ад агульнага аб’ёму рынку, але гэта абумоўліваецца ў тым ліку тым, што колькасць новых аб’ектаў не такая высокая, як агульны аб’ём прапаноў на рынку нерухомасці. Усяго ж за трэці квартал сёлета было прададзена 226 тысяч м2 кватэр агульным коштам 308 млн долараў у рублёвым эквіваленце — гэта на 10% больш, чым за аналагічны леташні перыяд, удакладніла спецыяліст.

Лідар па колькасці здзелак — Фрунзенскі раён сталіцы, а па кошце — Цэнтральны (сярэдняя цана аднаго м2 тут 1530 долараў). Самы танны сталічны раён — Заводскі: за метр квадратны тут просяць 1190 долараў.

— Нацыянальнае кадастравае агенцтва рэгулярна аналізуе інфармацыю і маніторыць рынак нерухомасці на падставе даных базавых інфармацыйных рэсурсаў. Любы ахвотны можа азнаёміцца з аналізам рынку кватэр бясплатна на сайце http://analytіcs. nca. by, дзе штоквартальна з’яўляюцца звесткі па актыўнасці рынку і змене сярэдніх цэн. Асабліва карысна гэта, калі вы збіраецеся прадаць ці купіць кватэру, каб разумець, якія тэндэнцыі існуюць на рынку нерухомасці, — заўважыла Вікторыя Салаўёва.

Офісны, складскі, гандлёвы…

Рынак нежылой нерухомасці (офісныя, гандлёвыя, вытворча-складскія памяшканні) на працягу паўтара года дэманструе стабільнасць, хоць за тры сёлетнія кварталы грашовы абарот у здзелках з гандлёвай і складской нерухомасцю перавысіў выніковы паказчык мінулага года. Такім чынам, намячаецца нейкая актывізацыя рынку, заўважыла спецыяліст:

— Складскі сегмент характарызуецца ўстойлівасцю цягам 3-4 гадоў. Колькасць здзелак, якія рэгіструюцца, і цэнавыя паказчыкі стабільныя. Аднак будаўніцтва гэтых аб’ектаў запаволілася, і далейшы вектар развіцця гэтага сегмента залежыць ад таго, як будуць мяняцца знешнія фактары ў галінах-драйверах (вытворчасці і гандлю).

Гандлёвая нерухомасць у стадыі завісання, попыт застаецца ўмераны, назіраецца нязначная зменлівасць цэнавых паказчыкаў, але ж існуючы ўзровень цэн на гэтым сегменце рынку захаваецца як мінімум да канца года, удакладніла начальнік упраўлення.

На рынку офіснай нерухомасці Мінска таксама заўважны станоўчыя тэндэнцыі па колькасці здзелак. А рынак рэгіёнаў апошні год можна назваць стабільным. Аб’ёмы ўводу нежылых аб’ектаў запавольваюцца. Найбольш развіты рынак нежылой нерухомасці ў абласных цэнтрах, а таксама ў гарадах побач з Мінскам (Заслаўе, Мачулішчы), да іх далучыўся таксама Салігорск.

— У абласных цэнтрах рынак офіснай нерухомасці развіваецца нераўнамерна. У Брэсце функцыянуе некалькі сучасных бізнес-цэнтраў, якія нічым не саступаюць сталічным. Пра іншыя абласныя цэнтры такога не скажаш, — заўважыла прадстаўніца кадастравага агенцтва. — У агульным аб’ёме грашовага абароту офіснай нерухомасці ў першым паўгоддзі 23-га на пералічаныя мной гарады прыходзіцца 77% ад агульнага аб’ёму здзелак (каля сямі мільёнаў долараў у эквіваленце).

Рынак вытворча-складскіх аб’ектаў рэгіёнаў і Мінска не адрозніваецца істотнымі зменамі. Актыўнасць ва ўсіх рэгіёнах (за выключэннем сталіцы і абласных цэнтраў) зніжаецца. А агульны грашовы абарот здзелак у рэгіёнах перавысіў 37 мільёнаў долараў у рублёвым эквіваленце. Амаль палова гэтага аб’ёму прыходзіцца на гандлёвы сегмент, нягледзячы на тое, што па плошчы ён складае крыху больш за 20%.

Вераніка Салаўёва рэзюмавала, што ў цэлым стан рынку нерухомасці характарызуецца як стабільны. А ў перспектыве — тэндэнцыі да плаўнага павышэння цэн і больш актыўнага росту здзелак ва ўсіх сегментах.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.