Вы тут

Круглянскі настаўнік Алег Галаўкоў сабраў цэлы слоўнік асаблівасцяў мясцовай гаворкі


Пра яго кажуць: «Настаўнік з вялікай літары». Ён выкладае ў Круглянскай сярэдняй школе № 1 рускую мову і літаратуру і асобна рыхтуе моцную каманду з вучняў для выступлення на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах. На яго рахунку — некалькі кніг для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання па рускай мове са складанымі заданнямі і тыповымі памылкамі, і ён працягвае ствараць новыя. 


Лепшага даследчыка вуснай народнай творчасці Круглянскага краю наогул не знайсці.

Алег Галаўкоў — заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі, настаўнік-метадыст. Двойчы станавіўся лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама «Чалавек года», чатыры разы быў узнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Невялікая падборка па выніках яго даследавання лексічных крыніц Круглянскага краю выходзіла ў складзе зборніка Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Сёння ў Выдавецкім доме «Звязда» рыхтуецца да друку грунтоўная праца круглянскага настаўніка, куды ўвойдуць словы, фразеалагізмы, прыпеўкі і трапныя выразы Круглянскага краю. У размове з карэспандэнтам «Звязды» Алег Галаўкоў падзяліўся сваімі разважаннямі, планамі і сакрэтамі.

Паміж Смагілаўкай і Загаранамі

Два населеныя пункты ў Круглянскім раёне — і цалкам два розныя светы. Алег Галаўкоў можа прывесці шмат доказаў, бо менавіта з гэтых населеных пунктаў і пачалося яго даследаванне краю. Смагілаўка — гэта яго радзіма, вёска, якая на поўдні Круглянскага раёна мяжуе з Бялыніцкім. Яе, ды яшчэ найбліжэйшыя да малой радзімы Шапялевічы і Боўсевічы ён характарызуе як Запарожскую сечу, вольніцу з бойкамі, дзе жывуць людзі шырокія, разбітныя. Быццам прыгоннага права на іх не было. З дзецьмі там не сюсюкалі, бацькі працавалі, і дзеці таксама. А вось Загараны, да якіх усяго 30 кіламетраў на поўнач раёна, больш інтэлігентныя. Там у людзей іншыя манеры, паводзіны.

— Гэтыя назіранні, напэўна, і сталі першым штуршком да маіх даследаванняў, — прызнаецца суразмоўнік. — Калі я ў 1978 годзе прыйшоў працаваць настаўнікам у загаранскую школу, вельмі адчуў гэты кантраст з маёй малой радзімай. Хоць цікавасць да навакольнага свету цеплілася з дзяцінства, падабалася чытаць кнігі, жыць традыцыямі бацькоў, унікаць ва ўсё народнае. А як прыехаў працаваць, усё зварухнулася з месца. Мне трапіў у рукі «Краёвы слоўнік Магілёўшчыны» Івана Бялькевіча, і ад яго павеяла даўніной, духам Беларусі, што звязана са светам бацькоў. Гэта сёння адзіны падобны слоўнік на Магілёўшчыне. Я пачаў супастаўляць Горацкі і Касцюковіцкі паўднёва-ўсходнія раёны з нашымі паўночнымі Бялыніцкім і Круглянскім і зразумеў, што яны абдзеленыя ўвагай даследчыкаў. Паступова пачаў рабіць свае першыя запісы. Пасля так уцягнуўся, што стаў актыўна працаваць у гэтым кірунку. Носьбітаў вылучаў па гаворцы. Пачуў нестандартнае слова — і адразу ж бліжэй да гэтага чалавека, распытваю яго, запісваю. Так пакрысе і матэрыял назапасіўся. Ездзіў па вёсках, прыслухоўваўся, хто што гаворыць. Убачу старога, падсяду да яго на прызбе і толькі паспяваю занатоўваць. Напрыклад, у Смагілаўцы кажуць «бічук» і ўсе разумеюць. У Загаранах толькі плячыма паціскаюць. А гэта парастак сасны, такая смаката — словамі не перадаць. І такіх слоўцаў у нас шмат. Чым мы больш захаваем нашага спрадвечнага, тым багацейшыя будзем. І замежныя словы не спатрэбяцца.

Прага да пазнання краю прымушала зрывацца ў вольны час і ехаць па вёсках. Засталося шмат успамінаў пра тыя вандроўкі. У Любішчах, напрыклад, жылі стараверы. Чвэрць стагоддзя таму там быў яшчэ цалкам іншы свет. Мужчыны з бародамі, жыхары на рускай размаўляюць. Потым разбурылася вёска, і гэты асаблівы свет знік. А Эсьмоны раней лічыліся яўрэйскай вёскай. Дыхтоўныя домікі, прыгожыя вуліцы, брукаванка. Куды ўсё падзявалася?

Жыццё цячэ і змывае цэлыя пласты народнай спадчыны, так хочацца выхапіць з гэтай плыні самае дарагое сэрцу і галоўнае. Разам з лексічным багаццем Алег Галаўкоў збіраў і тыя ўнікальныя народныя рэчы, якія былі зроблены рукамі жыхароў. І знаходзіў, што і тут таксама шмат адрозненняў. У лясной Смагілаўцы, напрыклад, кашы былі квадратныя, плеценыя з сасны, а ў Загаранах — круглыя. У першай вёсцы прыпасы на зіму захоўвалі ў стопках у лесе, у другой — у скляпах. А грыбы, якія мы ведаем пад назвай зялёнкі, ў Смагілаўцы называлі «славянкі».

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі на Кругляншчыну хлынулі перасяленцы з пацярпелых раёнаў, Алег Галаўкоў заўважыў, што практычна на яго вачах свет быццам бы перамяніўся. Амаль зніклі носьбіты той мовы, якая была, і пачаўся новы перыяд.

— Мовы маіх бацькоў ужо няма, яна знікла на разломе эпох, — разважае настаўнік. — Тое, што я зафіксаваў, ужо немагчыма знайсці. Было і не стала. Калі б мы гэта да дзяцей даносілі, мы б не страчвалі традыцый. Чым больш ад папярэдніх пакаленняў возьмем, тым багацейшыя будзем. Калі я запісваў словы, я вяртаўся ў дзяцінства, адчуваў радасць, той дух, энергетыку. Праўду кажуць, што праз слова можна ажывіць былое.

Рукапісы не гараць

Першыя свае матэрыялы даследчык адправіў на так званую атэстацыю ў Акадэмію навук. На той час вучоным сакратаром там быў Павел Міхайлаў. Ён і натхніў маладога настаўніка працаваць далей у абраным кірунку. А потым Галаўкова падтрымаў пісьменнік, фалькларыст, этнограф Фёдар Янкоўскі. Малады настаўнік пабываў у яго ў гасцях і канчаткова пераканаўся, што займаецца патрэбнай справай, бо ўжо не сумняваўся, што ад жывога народнага слова ўсё і пайшло. У 1992 годзе частка рэдкіх слоў, якія запісаў Алег Галаўкоў, была надрукавана ў зборніку разам з іншымі падборкамі з усёй Беларусі.

Калі чалавек займаецца добрай справай, яму Бог дапамагае. Аднойчы ў доме Галаўковых успыхнуў пажар ад кароткага замыкання, пагарэла шмат кніг, але картачкі з даследчымі запісамі засталіся. Пры ліквідацыі пажару іх струменем вады вынесла ў бок. На картачках былі тыя словы, прыклады, фразеалагізмы, што ўвойдуць у кнігу, якая рыхтуецца да друку. Хто пасля гэтага скажа, што рукапісы гараць?

Духоўная праслойка

Алег Галаўкоў прызнаецца, што яму яшчэ пашчасціла застаць настаўнікаў «старой школы», якія жылі сваёй работай.

— Гэта было моцнае пакаленне, зусім іншы свет, — кажа ён. — Ніякіх ультрамодных методык. Усё вырашала слова. У Загаранах была настаўніца беларускай мовы Соф’я Салаўёва, якая так расказвала аб пісьменніках, што зачароўвала голасам. Яе меладычны, акаючы голас закалыхваў. Для мяне як настаўніка гэта быў вельмі важны вопыт. Потым з’явілася мода на наватарства, сталі прымяняцца ўсякія замежныя методыкі, пачалося скаканне з аднаго на іншае. І вось у разгар усяго гэтага я трапіў на ўрок беларускай літаратуры, які выкладаў пажылы настаўнік, дырэктар школы. Ён цэлы ўрок расказваў дзецям пра Якуба Коласа, «Новую зямлю», пра той свет, які мне быў блізкі. І я зразумеў: вось яна самая галоўная методыка — жывое слова. Цяпер гэта, на жаль, страчана. І калі кажуць, што дзеці беларускую мову ўспрымаюць як замежную, у тым наша віна. Проста мы да іх не дастукаліся. Не з’явіўся настаўнік, які б зачараваў беларускім словам.

Правільна кажа наш Прэзідэнт: не трэба нам гнацца за нечым модным. Трэба вяртацца да сваіх традыцый. Калі мы вернемся, будзем непераможныя. Каб зразумець, хто мы, трэба чытаць «Новаю зямлю» Якуба Коласа, «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча. Гэта дзве нашы нацыянальныя бібліі, якія расказваюць, хто мы ёсць на самай справе. Каб не забываць беларускае слова, іх трэба перачытваць. Або вучыць на памяць вершы. Я, напрыклад, вучу і рускія, і беларускія. І ёсць такія, што кранаюць за жывое, пачынаеш разумець, што мы тая самая нацыя, той народ, за якім вялікая будучыня. Чалавек з’яўляецца на свет, каб пакінуць часцінку духоўнасці, прыгажосці для іншых. І чым больш гэтай прыгажосці, тым болей мы будзем аддзяляцца ад жывёльнага свету. Кажуць, паміж намі і жывёльным светам ёсць духоўная праслойка. І калі яе не нарошчваць, можна вярнуцца да жывёл. Наш знакаміты народны мастак Савіцкі казаў, што ў гады вайны чалавек за хвіліну мог стаць зверам. Наогул, наша нацыя ад зямлі і ў гэтым наша веліч і моц, падмурак, на якім мы будуем сваю дзяржаву.

Зямля крывічаў

Алег Галаўкоў кажа, што Круглянскі раён разам з Бялыніцкім і Крупскім, што на мяжы з Мінскай вобласцю, нездарма называюць малым Палессем. Круглянскі раён мяжуе яшчэ і з Віцебскай вобласцю, ад яго да Друцка, цэнтра былога Друцкага княства, рукой падаць. Усё гэта прарадзіма крывічоў, тут шмат іх курганоў. Тут жа праходзіў шлях «З варагаў у грэкі». Настаўнік застаў цікавую традыцыю, якой, па яго меркаванні, некалькі тысяч гадоў. Свята называлася «На Івана».

— Яно нам ад крывічоў дасталася, — кажа ён. — Нечым нагадвае Радаўніцу, калі людзі на могілках радавымі кланамі садзяцца. А гэта была трызна крывічоў, ачышчэнне. Адзначалася заўсёды 7 ліпеня, пасля Купалля. І месцам для гэтых сустрэч было знакамітае возера Хотамле. Пасля поўдня з усіх бакоў Круглянскага, Бялыніцкага, Крупскага раёнаў пешшу або на калёсах ішлі і ехалі маладыя і старыя, апранутыя ў святочнае адзенне. У 1970-я гады гэта была звычайная з’ява. Тысяча азёр у Беларусі называюцца святымі, але гэта па-сапраўднаму святое. Вакол яго курганы крывічаў. Людзі палілі вогнішча, сядзелі радамі, спявалі народныя песні, паміналі продкаў. Вада з возера захоўвалася год. Бацька казаў, што да вайны там была кладка і стаяла капліца. А ў XVІІ стагоддзі магнаты з Польшчы ездзілі сюды лячыцца. У 80-я гады мінулага стагоддзя традыцыя стала знікаць. Сёння пра яе памятаюць толькі некаторыя старажылы. Я расказаў пра традыцыю намесніку старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыю Малашку, і ён вельмі зацікавіўся. Як і наша намеснік старшыні Круглянскага райвыканкама Анжэла Лукашэвіч.

Было б цудоўна гэта свята аднавіць, такога няма ва ўсёй Беларусі. Гэта ўнікальна. І месца для яго правядзення прыгожае. Да возера з усіх бакоў вядуць дарогі, як прамяні сонца. У Боўсевічах раней была яшчэ і святая крыніца. І каля яе маліліся, каб потым ісці на возера. Свята можа стаць усебеларускім. Кругляншчына, лічы, цэнтр Друцкага княства. Ад нас Друцк за 8 кіламетраў. Ёсць таксама меркаванне, што бітва на Нямізе адбылася не ў Мінску, а менавіта на Кругляншчыне. Этнограф Мікола Целеш пісаў пра гэта ў сваіх «Паляўнічых аповедах». Ён выказаў ідэю, што Няміза — гэта рэчка непадалёк ад возера Хотамле. Маўляў, уся разгадка ў словазлучэнні літар. Потым яе перайменавалі ва Усяслаўку.

Залікоўкі для школьнікаў

Настаўнік за час сваёй работы стварыў так званую «школу Галаўкова». Ён лічыць, што для таго, каб зрабіць лебедзя з гадкага качаняці, патрэбна перш за ўсё ўседлівасць і працаздольнасць. Дзеці, якія праходзяць яго школу, нязменна перамагаюць на алімпіядах. У яго і цяпер новых матэрыялаў па падрыхтоўцы алімпіяднікаў на некалькі кніжак.

— У мяне свае прыёмы навучання, — дзеліцца сакрэтам Алег Галаўкоў. — Мае вучні працуюць асобна ад іншых. У іх ёсць залікоўкі, мы нават інстытуцкія кнігі вывучаем. Каб перамагчы на вобласці, трэба шмат чаго ведаць. Вучні пасля ўрокаў садзяцца і працуюць. Выкарыстоўваю, у тым ліку, і даваенныя кнігі, ёсць нават дарэвалюцыйныя. Мы прапрацоўваем шмат літаратуры розных выдавецтваў і розных гадоў. Тое, што неабходна ведаць, падкрэсліваю і адзначаю — «важна», «выпісаць». Вучні не чытаюць у мяне «ваду», бяруць самае важнае. Спецыяльна раблю падборкі аналізу вершаў, выбіраю найлепшыя з сотні часопісаў, тысячы кніг. Мае вучні ўжо з пятага класа ведаюць, як трэба правільна аналізаваць. Бяру дзяцей розных здольнасцяў, але ўсе паказваюць цудоўныя вынікі. А залікоўкі ім патрэбны для таго, каб потым у інстытуце было лягчэй. Я шмат патрабую, але ніколі не сваруся на іх. А калі гэта трэба, раблю вельмі далікатна, пад выглядам пахвалы. Нават дзеці, якіх бацькі лічаць слабымі, могуць стаць пераможцамі. Важна раскрыць патэнцыял. Дзеці, якія не чыталі, у мяне пачынаюць чытаць і нават вядуць дзённікі. Вучу адстойваць сваю пазіцыю словам, а не крыкам. Пераконваю, што, калі не чытаеш, дэградуеш. Ладжу літаратурныя баі, спаборніцтвы, віктарыны. І дзеці ўцягваюцца ў чытанне. У іх ёсць спіс літаратуры па пазакласным чытанні, і раз на месяц я па ім выстаўляю адзнакі. 250 старонак прачытаў — «дзясятка». Спачатку чытаюць не ахвотна, потым не адарваць. Свет літаратуры неабсяжны, маё прызначэнне — іх туды падштурхнуць. І там яны ўжо самі будуць размаўляць з пісьменнікамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Круглае

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.