Вы тут

Актрысе Наталлі Чамадуравай — 80 гадоў


Яна служыць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага ўжо 58 гадоў. Тэатралы са стажам напэўна памятаюць яе лэдзі Макбет у славутай пастаноўцы, Гелу ў «Майстрах», доктара Мацільду фон Цанд у «Фізіках».

27 снежня — у Наталлі Чамадуравай юбілей. Аб сваёй выдатнай сям’і, аб сустрэчы з вялікай Марыяй Бабанавай, аб каханні, узросце і аб сваёй мары актрыса і расказала з нагоды гэтай урачыстасці.


Родам з дзяцінства

— Я шчаслівы чалавек, — пераканана Наталля Яўгенаўна. — Гасподзь падарыў мне геніяльнага бацьку, дабрэйшую прыгажуню-маму, цудоўнага брата, таленавітага мужа. І хоць іх ужо няма, я ўвесь час у думках размаўляю з імі.

Народны мастак БССР Яўген Чамадураў з 1959 па 1976 год быў галоўным мастаком нашага Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Аб сваім насычаным падзеямі жыцці ён распавёў у мемуарах «Маё дваццатае стагоддзе. З запісак опернага мастака». Прысвяціў Яўген Рыгоравіч іх сваёй жонцы — Азе Іванаўне Штанковай, музе і анёлу-ахоўніку сям’і.

— Нарадзілася я ў Душанбэ (тады Сталінабадзе), — працягвае актрыса. — Бацьку накіравалі працаваць у Таджыкскі дзяржаўны тэатр оперы і балета пасля заканчэння Ленінградскай акадэміі мастацтваў (сёння Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна — заўв. аўтара). Там ён сустрэў маю маму, бацька якой загінуў у канцлагеры. Ішла вайна, але ў Душанбэ яна не адчувалася. Памятаю, як мы прачыналіся пад гукі малітваў, якія чыталі муэдзіны. У горадзе па вуліцах хадзілі вярблюды, а часам і тыгры. Памятаю, як пачыналіся землятрусы, і ўсё прыходзіла вакол у рух. На шчасце, яны не былі разбуральнымі. Ніколі не забудуся, як тата вазіў мяне ў горы, і я піла найчысцейшую крыштальную ваду, якая сцякала з вяршыняў у арыкі. Мы жылі ў раскошных па тых часах умовах. Я ні ў чым не мела патрэбу, але мама ўвесь час чысціла мяне ад вошай, якіх я падхапляла, бо сябравала з тымі, хто жыў бядней за нас. З дзяцінства шкадавала гэтых людзей, увесь час цягала ім з хаты ежу, кнігі, рэчы. 

Прызванне

— У Душанбэ побач з намі жыла Лютфі Західава, першая з таджычак класічная белярына, — успамінае Наталля Чамадурава. — Гэта была легендарная жанчына! Мяне захаплялі ў тэатры дэкарацыі бацькі, цудоўная музыка вялікіх кампазітараў. Прыкладна да 8 гадоў я не бачыла драматычных спектакляў, толькі балеты і оперы. Тата часта браў мяне з сабой у тэатр. І пакуль ён працаваў, я танчыла ў праходах, паўтараючы рухі балерын з «Лебядзінага возера» і «Бахчысарайскага фантана». Мне вельмі падабалася хадзіць на пальцах і ўяўляць сябе прымай. Пасля Душанбэ наша сям’я ўслед за бацькам, які адгукнуўся на запрашэнне рэжысёра Мікалая Ахлопкава, пераехала ў Маскву. Там мы жылі ў інтэрнаце Маскоўскага акадэмічнага тэатра ім. У. У. Маякоўскага. Бытавыя ўмовы ў параўнанні з Таджыкістанам аказаліся вельмі спартанскімі. Але мяне вадзілі ў МХАТ на «Сінюю птушку», у Малы тэатр, у тэатр імя Я. Вахтангава. Аднойчы мы з мамай вярталіся ўзімку дадому, і міма нас прайшла жанчына. Яна была вельмі сціпла апранутая, у вясковай хустцы, бурках. Мама, паказаўшы на яе, сказала: «Глядзі, вось ідзе вялікая Марыя Бабанава. Запомні гэтае імя». Аднойчы ў двары для мясцовых дзяцей разыгрывала сцэны з вядомых спектакляў. У нейкі момант паварочваюся і бачу: сярод гледачоў стаіць і глядзіць на мяне Марыя Бабанава. Ад нечаканасці, забыўшыся пра ўсё, я літаральна аслупянела. А яна раптам адчыняе сумку, дастае адтуль апельсін і працягвае мне. З таго часу прайшло 70 гадоў. А ў мяне перад вачыма і зараз рука вялікай Марыі Бабанавай і гэты апельсін!

Толькі раз бывае ў жыцці сустрэча

— Школу № 19 я скончыла ўжо ў Мінску, — распавядае Наталля Чамадурава. — Пытання, кім быць, перада мной не стаяла. Толькі актрысай! Марыла паступаць у Маскву, а ў выніку стала студэнткай нашага БДТМІ (цяпер БДАМ), трапіла на курс да выдатнага педагога, народнага артыста БССР Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова. Думаю, гэта лёс. На другім курсе здавала іспыт у зале інстытута — выконвала ролю Кацярыны з «Навальніцы» А. Астроўскага. Мой партнёр дзесьці замарудзіўся, і я вымаўляла словы гераіні ў пустату. Мікалай Калінін, які вучыўся на рэжысёрскім факультэце, у гэты час праходзіў па калідоры, спыніўся ад майго гучнага эмацыйнага воклічу, прыадчыніў дзверы і ўвайшоў у залу. А я прамаўляю са сцэны: «Пачакай, пачакай! Дай мне паглядзець на цябе ў апошні раз». Такой была наша першая сустрэча. На першым спатканні Мікалай павёў мяне да магілы беларускага паэта Паўлюка Труса, чытаў яго вершы. Праз год мы сталі мужам і жонкай.

Муж родам з вёскі Карма Гомельскай вобласці, з вельмі простай сельскай сям’і. Чалавек з зусім іншага, чым я, свету. І пры гэтым незвычайна таленавіты. Цудоўна ведаў беларускую, рускую, сусветную літаратуру, валодаў выключнай памяццю. Ён і бацька размаўлялі адзін з адным на роўных. Кожнае лета я ехала ў Карму. Палюбіла маму і бацьку Мікалая, усю яго радню, а потым і Беларусь. Муж быў неверагодна працаздольным чалавекам, поўным творчых ідэй і грандыёзных планаў. Адзін з заснавальнікаў беларускага кіно, народны артыст СССР Уладзімір Корш-Саблін не аднойчы паўтараў пра Калініна: «Гэты хлопец — будучыня беларускага кіно». Хто ж мог падумаць, што ў 36 гадоў ён завершыць свой зямны шлях, а я ў 30 гадоў стану ўдавой з 7-летнім Дзянісам?

«Корцік» і «Бронзавая птушка» — кінакласіка, якой магло не быць

— Нядаўна пасля «Гора ад розуму» да мяне падышоў незнаёмы мужчына, — дзеліцца Наталля Яўгенаўна. — Аказалася, спецыяльна прыехаў у Мінск з Томска, каб трапіць на спектакль з маім удзелам і, паводле яго слоў, «дакрануцца да эпохі» — у асобе выканаўцы ролі маці Мішы Палякова. Ён прызнаўся: «Корцік» і «Бронзавая птушка» — яго любімыя фільмы, дзякуючы якім ён «стаў чалавекам». Вось як непрадказальна ўсё ў мастацтве! Сёння гэтыя карціны называюць класікай савецкага дзіцячага кіно. А Мікалай жа ўзяўся за гэтую працу вымушана і не разлічваў на нейкі поспех. Пасля «Рудабельскай рэспублікі», «Ідучых за гарызонт» ён меў намер пісаць свой сцэнар, марыў здзейсніць прарыў. Але ў нас ужо быў сын, і муж хацеў забяспечыць сям’ю, каб потым год спакойна прысвяціць увасабленню сваіх задум. Мікалай адгукнуўся на прапанову экранізаваць творы Анатоля Рыбакова і працаваў вельмі прагна. З такой хуткасцю, як «Корцік» і «Бронзавую птушку», тады ніхто кіно не здымаў. Усе трое хлопчыкаў-выканаўцаў галоўных роляў аказаліся па-сапраўднаму таленавітыя. У вобразе Мішы Палякова вельмі шмат ад самога Калініна. Сярожа Шаўкуненка рабіў усё так, як казаў Мікалай, пераймаў яго. Пераканана: Сяргей мог стаць цудоўным акцёрам. Як і Уладзімір Дзічкоўскі (выканаўца ролі Генкі Пятрова — заўв. аўтара), і Ігар Шульжэнка (які ўвасобіў на экране Слаўку Эльдарава — заўв. аўтара). І яны ж хацелі звязаць сваё жыццё з кінематографам. Іх не падтрымалі? Хіба магла я ўявіць, што Сярожа Шаўкуненка стане рэцыдывістам, узначаліць АЗГ і будзе забіты 11 лютага 1995-га? Чытала, што ў лютым 2009-га памёр Ігар Шульжэнка. А раней за ўсіх, 12 лютага 1974-га года, не скончыўшы працу над «Бронзавай птушкай», сышоў Мікалай. Нейкі фатальны месяц — люты.

Тэатр — гэта стрэмка

— Быў бы мой акцёрскі лёс шчаслівым, застанься муж-рэжысёр жывы? Хто ведае..., — разважае Наталля Чамадурава. — Мікалай даваў мне ролі ў сваіх праектах, але не тыя, якія мяне творча прыцягвалі. Хаця у «Рудабельскай рэспубліцы» нешта цікавае ў мяне, лічу, атрымалася.

Мой настаўнік Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў напісаў у свой час у характарыстыцы, што я магу граць усё. А што ў выніку мне ўдалося? Сваёй «вяршыняй» у тэатры лічу ролю лэдзі Макбет у аднайменным спектаклі Барыса Луцэнка. Ставіў Барыс Іванавіч шэкспіраўскую п’есу перш за ўсё на народную артыстку СССР Аляксандру Іванаўну Клімаву. Яна выконвала лэдзі Макбет геніяльна. Але і аб сваёй працы я чула пахвальныя водгукі.

Тэатр — гэта мой манастыр. Магчыма, Гасподзь накіраваў мяне сюды, каб я ўтаймоўвала сваю ганарыстасць. І я душыла свае амбіцыі. Цярпела. Аднойчы запрасіла на «Майстроў» па М. Булгакаву, дзе грала Гелу, знаёмага святара. Пасля спектакля кажу яму: «Калі вы скажыце мне кінуць тэатр, нагі маёй заўтра там не будзе». Але ён адказаў: «Не, не магу гэтага патрабаваць. Хто лепш за вас увасобіць такую мярзоту?» І я засталася. Калі на рынку ці на вуліцы да мяне падыходзяць і пытаюцца: «Вы актрыса Наталля Чамадурава?», я звычайна адказваю: «Памыліліся». Пазнавальнасць ужо не радуе. Але наша прафесія — гэта сапраўдная стрэмка, якая сядзіць ўнутры. Самае дзіўнае — я і сёння адчуваю прагу граць. У 80 гадоў мне па-ранейшаму хочацца — патрэсці гледача, адкрыць на сцэне сваю душу, сказаць гледачу нешта вельмі важнае, што я зразумела пра жыццё, пра цярпенне, Веру, Надзею і Любоў.

Аб узросце

— У мяне ніколі не было жадання рабіць пластычныя аперацыі, — прызнаецца Наталля Чамадурава. — Як казала вялікая Ганна Маньяні: «Кожная мая маршчынка — гэта маё жыццё. Я не развітаюся ні з адной сваёй маршчынкай, таму што кожная з іх занадта дорага мне дасталася». Даўно заўважыла: калі на душы лёгка, светла, твар разгладжваецца, прыгажэе, маладзее. Калі на душы цёмна, цяжка, то і выглядаеш горш. Так, наша цела фізічна старэе, хварэе. І я памятаю аб сваім узросце. З гадамі мы пакрысе губляем прыкметы пола. Але душа застаецца маладой. Ва ўсякім разе так я сябе адчуваю. Мяне ратуе вера ў Бога, у жыццё вечнае.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадстаўлены Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя М. Горкага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.