Вы тут

Што можа дэпутат


Ужо хутка, 25 лютага, у краіне пройдзе адзіны дзень галасавання. Упершыню мы адначасна будзем выбіраць дэпутатаў усіх узроўняў — ад Палаты прадстаўнікоў да сельскіх Саветаў. І калі заканатворчая дзейнасць першых вядомая, дык пра дэпутатаў мясцовых Саветаў некаторыя скептыкі (іх няшмат, але яны ёсць) гавораць: маўляў, яны мала што вырашаюць.

З гэтым гатовы паспрачацца героі нашага сённяшняга спецвыпуску і тыя людзі, якім яны дапамагаюць на месцах вырашаць надзённыя пытанні. Нашы карэспандэнты ў рэгіёнах пагаварылі з народнымі выбраннікамі розных узроўняў — сельскага, раённага, абласнога. Ва ўсіх — свае задачы, а ідэя адна — быць побач са сваімі выбаршчыкамі і працаваць на іх карысць.


Жыццёвы прыклад пастаяннай работы

Дэпутатаў аблсавета добра ведаюць у іх раёнах

Дзейнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў заўсёды знаходзіцца ў полі зроку жыхароў таго ці іншага рэгіёна. І гэта зразумела, бо дэпутат, асабліва для сельскага насельніцтва, быў і застаецца надзейным чалавекам, да якога можна звярнуцца па дапамогу. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў расказаў аб асноўных кіранках работы аблсавета і ролі народных выбраннікаў у мясцовым самакіраванні.

— Уладзімір Уладзіміравіч, раскажыце аб рабоце дэпутатаў паўночнага рэгіёна.

— Аб тым, як працуюць дэпутаты, сведчыць апошняя прамая лінія старшыні аблвыканкама. Пасля вялікага снегападу, які на працягу тыдня засыпаў рэгіён, людзі амаль не званілі з прычыны непачышчаных дарог. З улікам таго, што для нас пачышчаныя дарогі — гэта там, дзе можа праехаць аўтакрама і прывезці хлеб ці там, дзе людзі могуць дайсці да ФАПа, а дзеці могуць прыехаць у вёску праведаць старых бацькоў. Калі такіх званкоў са скаргамі не паступала, гэта гаворыць аб адным: нашы старэйшыны і старшыні сельскіх Саветаў сёння працуюць. Гэта яркі жыццёвы прыклад пастаяннай работы. Менавіта старшынь сельскіх Саветаў мы сёння можам назваць «соллю зямлі», на якіх усё трымаецца. І ад таго, каго мы сёння выберам, хто будзе працаваць далей, залежыць будучыня населеных пунктаў і самыя простыя пытанні, якія цяпер вырашаюць Саветы.

Арганізацыя пахавання пачэснага грамадзяніна раёна, абрывы на лініях электраперадач, прарвала трубы і няма вады — усім гэтым у першую чаргу разам са спецыялістамі на месцах займаюцца старшыні раённых і сельскіх Саветаў.

Магчыма, дэпутатаў абласнога Савета ў вялікіх гарадах відаць не так, як у раёне. Як правіла, праблемы гараджан не такія глабальныя і вырашаюцца мясцовымі органамі ўладамі хутчэй, а на вёсцы па дапамогу да прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса ідуць тады, калі пройдзены ўсе інстанцыі беспаспяхова. Многія жыхары горада не ведаюць прозвішча ўчастковага інспектара міліцыі, але гэта не значыць, што ён не працуе. Гэта толькі пацвярджае факт, што мясцовыя органы ўлады аператыўна адгукаюцца на праблемы, не даводзячы сітуацыю да крайняй інстанцыі. Тое самае і з дэпутатамі: калі іх работа не бачная, значыць, у людзей не было неабходнасці звяртацца.

У Лёзне сёння ўсе ведаюць Алега Валянцінавіча Жынгеля, у Мёрах — Уладзіміра Сямёнавіча Мацвеева, у Расонах — Галіна Пятроўна Жаланава. І такіх дэпутатаў аблсавета, якія за доўгія гады заслужылі сярод насельніцтва аўтарытэт, даволі шмат. Па выніках мінулых выбараў 50 працэнтаў абаласнога дэпутацкага корпуса было абноўлена, а 30 дэпутатаў засталіся перадаваць вопыт.

— Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які вылучае сваю кандыдатуру на выбарах?

— Дэпутат у першую чаргу — гэта кіраўнік. Сёння ў грамадстве ўзнікаюць спрэчкі, чаму сярод дэпутатаў мала рабочых, служачых. Але калі ставіцца пытанне, хто будзе балатавацца, насельніцтва само вылучае ў першую чаргу лідара, які можа вырашыць пытанні лабіравання інтарэсаў таго ці іншага раёна. Даволі вядомы сёння ў Віцебскім раёне Юрый Адамавіч Дзядзёла. З аднаго боку, ён начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама, а, з другога боку, як дэпутат абласавата па Віцебскім раёне аказвае значнае садзейнічанне ў вырашэнні праблем сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі насельніцтву Суражскага краю. Таму, безумоўна, прадстаўлены павінны быць усе, але так склалася, што людзі хочуць бачыць аўтарытэтных кіраўнікоў, якія могуць аказаць рэальную дапамогу. І дэпутаты аказваюць садзейнічанне.

Калі гаварыць аб дэпутатах Нацыянальнага сходу, то іх работа з людзьмі падчас прамых ліній, прыёмаў эфектыўная, дапамагае зразумець праблемы насельніцтва, што не вырашаюцца ў той ці іншай акрузе, а самае галоўнае — дазваляе заўважыць недапрацоўкі ў заканадаўстве. І менавіта ўдасканаленне законапраектаў з’яўляецца галоўным кірункам дзейнасці сенатараў. Туды павінны ісці людзі, якія маюць багаты вопыт работы не толькі ў юрыдычнай галіне, але і ў сферы адукацыі, культуры, бо штогод прымаюцца законапраекты вузкай накіраванасці. Таму ў першую чаргу трэба выбіраць чалавека, які будзе выдатным спецыялістам у сваей сферы і літаральна «хварэць» справай. Такія людзі сёння ёсць, і за іх трэба галасаваць. Калі ў нашай краіне сёння змяняецца заканадаўства і яно працуе для грамадзян і вырашае іх праблемы, значыць, мы працуем у правільным кірунку і выбіраем тых дэпутатаў.

— Раскажыце аб найбольш важных прыкладах паспяховай дэпутацкай дзейнасці.

— У Лёзненскім раёне на працягу дзесяцігоддзяў былі вялікія праблемы з вадой, якія патрабавалі не толькі фізічных, але і буйных фінансавых уліванняў. Водаканал, ЖКГ не ішлі насустрач мясцовым жыхарам. Дзякуючы старшыні Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў Тамары Леанідаўне Дрылёнак, якая біла ў званы, і дэпутату аблсавета Алегу Валянцінавічу Жынгелю, які на кожным пасяджэнні ўставаў і гаварыў, што лёзненцам патрэбна чыстая вада, пытанне вырашылася. Былі знойдзены фінансы, заменена некалькі кіламетраў труб, пабудаваны станцыі ачысткі і абезжалезвання — праведзены цэлы комплекс работ, каб чыстая вада нарэшце прыйшла ў сам раённы цэнтр, аграгарадок Зубкі і яшчэ дзясятак населеных пунктаў побач. І гэта не адзін яркі глабальны прыклад, калі дэпутацкі корпус вырашыў праблему соцень жыхароў раёна.

Не менш важную работу ў Расонах праводзіць Галіна Аляксееўна Падвіцельская, якая паралельна з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Заўсёды выязджаючы на прыёмы грамадзян, яна не толькі дапамагае людзям вырашыць іх праблемы, але і працягвае руку дапамогі шматдзетным сем’ям, пажылым, тым, хто пражывае адзін і мае патрэбу ў адзенні, прадуктах, леках.

Старшыня Браслаўскага райсавета Ніна Антонаўна Пучынская разам са старшынямі сельскіх Саветаў у сваёй дэпутацкай рабоце нацэлена на добраўпарадкаванне населеных пунктаў раёна. Знаходзяцца сродкі і бюджэтныя, і пазабюджэтныя. З грантавай падтрымкай устанаўліваюць дзіцячыя пляцоўкі, ачышчаюць берагавую лінію, добраўпарадкоўваюць пляжы. Невыпадкова на працягу апошніх дзесяці гадоў Віцебшчына з’яўляецца лідарам па колькасці аграгарадкоў, якія займаюць прызавыя месцы ў рэспубліканскім конкурсе па добраўпарадкаванні. І гэта наш гонар, напрацаваны дэпутатамі розных узроўняў з мэтай павышэння якасці жыцця грамадзян.

На тэрыторыі вобласці паўтары тысячы помнікаў і мемарыялаў, прысвечаных загінулым воінам і ахвярам фашызму гадоў Вялікай Айчыннай вайны. Пераважная колькасць іх знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, менавіта дэпутаты дзякуючы самаабкладанню, спонсарскай дапамозе ўтрымліваюць помнікі і воінскія пахаванні. Летась завяршылася буйная рэканструкцыя Заронаўскага мемарыяла, дзе пахавана больш за 10 тысяч байцоў. У гэтым годзе ў вёсках Заронава і Пестуніца былі адкрыты помнікі на брацкіх магілах. І такіх прыкладаў вельмі шмат.

Дзякуючы дэпутацкім запытам, сёння ідзе асфальтаванне мясцовых дарог, нават з пытаннямі па грэйдзіраванні сельскіх дарог людзі ў першую чаргу звяртаюцца да дэпутатаў сельскіх і раённых Саветаў. Добраўпарадкаванне могілак таксама знаходзіцца ў полі зроку дэпутацкага корпуса.

Другі год у вобласці рэалізоўваюцца грамадзянскія ініцыятывы з прыцягненнем спонсарскай дапамогі. Многія ўнікальныя і патрэбныя праекты ў паўночным рэгіёне ўжо рэалізаваны, сёлета дэпутацкі корпус нацэлены на інклюзію, у першую чаргу дзіцячую. Дзяржава стварае ўмовы для сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі здароўя, але калі ў нас ёсць магчымасць палепшыць безбар’ернае асяроддзе за кошт спонсарскіх сродкаў з мэтай павышэння якасці жыцця для такой катэгорыі насельніцтва, трэба гэту магчымасць выкарыстоўваць. Веласіпед для дзетак з ДЦП, домік савы для дзяцей з парушэннямі аўтыстычнага спектра, хлебная майстэрня для інвалідаў — толькі частка ўжо рэалізаваных праектаў у вобласці, работу ў такім кірунку плануем працягваць.

Трэба помніць, што ў мясцовых Саветах усе дэпутаты, акрамя старшыняў, працуюць на грамадскіх пачатках, і кожны з іх сёння з’яўляецца кіраўніком, які не толькі выконвае свае функцыянальныя абавязкі, але і знаходзіць час, каб займацца грамадскай дзейнасцю як дэпутат. І калі чалавек сапраўды аддана працуе як дэпутат, то гэта забірае шмат часу і сіл.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА


Не быць абыякавым

Дэпутаты раённых Саветаў Гродзеншчыны акрэслілі сваё крэда ў рабоце з выбаршчыкамі

У Леаніда Дзівакова з Мастоў і Таццяны Казловай са Скідаля розныя сферы дзейнасці. Магчыма, яны нават не знаёмыя, але маюць нямала агульнага. Абодва — дэпутаты са стажам, не адну выбарчую кампанію паспяхова прайшлі. Але галоўнае, што іх аб’ядноўвае — гэта сумленны падыход да сваіх заяўнікаў. Бо людзі, як правіла, звяртаюцца з самым набалелым.

 

«Кожную справу трэба даводзіць да канца»

Так лічыць дэпутат Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў Леанід Дзівакоў. У 2008 годзе ён узначаліў Мастоўскі РЭС філіяла «Гродзенскія электрычныя сеткі» РУП «Гроднаэнерга». Уся яго працоўная дзейнасць звязана з энергетыкай.

Не першы год ён і ў дэпутацкім корпусе Мастоўскага раёна. За плячыма — некалькі выбарчых кампаній, прычым у розных акругах. Найбольшы дэпутацкі стаж — у Кастрычніцкай выбарчай акрузе, а на мінулых выбарах Леанід Паўлавіч быў абраны дэпутатам па Савецкай выбарчай акрузе горада Масты.

— Гэта цэнтр горада, тут знаходзіцца школа, аб’екты інфраструктуры, жылыя шматпавярхоўкі. Перад выбарамі я пазнаёміўся бліжэй з гэтай тэрыторыяй, праблемнымі месцамі. І ўжо падчас выбарчай кампаніі вызначыўся з праграмай. Яна датычыла канкрэтных аб’ектаў, а дакладна — прывядзення ў парадак трох жылых дамоў. Усе яны трохпавярховікі, і пабудаваны ў ліку першых дамоў у горадзе. За такі працяглы час эксплуатацыі дамы патрабавалі капітальнага рамонту, можна сказаць, поўнага аднаўлення, — расказаў дэпутат.

Паколькі дамы знаходзяцца ў самым цэнтры горада, пытанні па іх аднаўленні неаднаразова закраналіся падчас раённых сесій. Звярталіся да гарадскіх ула і жыхары дамоў з просьбамі звярнуць на іх увагу. Па хадайніцтве дэпутата Дзівакова, рашэннем сесіі гэтыя аб’екты былі ўключаны ў планы работ жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Згодна з праектам, заменены інжынерныя сеткі, поўнасцю аднавіўся фасад, пад’езды. Праведзена работа і па добраўпарадкаванні дваравой тэрыторыі — пракладзены тратуарныя дарожкі, устаноўлены ліхтары. Увогуле, выгляд і двара, і дамоў кардынальна змяніўся. Людзі бачылі, што работа ідзе, таму скаргаў ад жыхароў па рамонту дома больш не паступала. А вось падзякі свайму дэпутату людзі выказвалі.

Зараз дэпутаты раёна аналізуюць, што зроблена за год. Таму на сесіі выносяцца пытанні, якія датычаць поўнага асваення сродкаў. Пры неабходнасці прымаюцца рашэнні па пераразмеркаванні фінансаў. Асаблівая ўвага надаецца аб’ектам, якія павінны быць здадзены да будучых абласных «Дажынак», месцам правядзення якіх абраны горад Масты. Самым знакавым аб’ектам павінен стаць сучасны стадыён. Адновіцца і знакаміты падвясны мост над Нёманам, які, дарэчы, знаходзіцца на тэрыторыі выбарчага участка Леаніда Дзівакова. Таксама, згодна з рашэннем сесіі райсавета, кожная арганізацыя прадстаўляе свой праект падрыхтоўкі да Дажынак.

Выбаршчыкі звяртаюцца да Леаніда Дзівакова і з пытаннямі, якія звязаны з яго прафесійнай дзейнасцю. Напрыклад, па замене ліхтароў, пераносе ліній электраперадач і іншае. Прыходзіцца вырашаць і спрэчныя пытанні адносна гнёздаў буслоў, з якімі жыхары звяртаюцца да дэпутата-энергетыка.

—Па законе, гнёзды буслоў варта здымаць з ліній электраперадач, і такіх фактаў вельмі шмат. У нас распрацаваны пералік такіх месцаў. Часам людзі патрабуюць зняць гнёзды каля іх сядзібаў, а, іншыя, наадварот, супраць. Такім чынам, мы шукаем кампраміснае рашэнне. Напрыклад, вядзецца ўстаноўка пляцовак на электраапорах, каб гнёзды не перашкаджалі правадам, — расказвае дэпутат райсавета.

Па яго словах, многія пытанні дапамагае вырашаць трывалы вопыт работы з людзьмі, камунікатыўнасць. У характары дэпутата — даводзіць любую справу да канца. А яшчэ Леанід Паўлавіч — прыклад здаровага ладу жыцця. Ён рэгулярна наведвае басейн у новым спартыўна-аздараўленчым комплексе і нават удзельнічае ў спаборніцтвах па плаванні. Па яго словах, комплекс не пустуе, з кожным годам наведвальнікаў становіцца толькі больш.

«Самая недапушчальная пазіцыя — быць абыякавым»

У дэпутата Гродзенскага раённага Савета дэпутатаў, дырэктара Скідальскай СШ № 1 Таццяны Казловай, зона адказнасці — Кастрычніцкая выбарчая акруга № 5. Гэты раён горада-спадарожніка адметны сваёй новай забудовай. Шматпавярховікі, якія растуць па вуліцах Кастрычніцкай, Савецкай, Партызанскай, пастаянна папаўняюць жылы комплекс мікрараёна. У ліку 1,5 тысячы выбаршчыкаў значную частку складаюць маладыя сем’і, а таксама шматдзетныя.

Да нядаўняга часу існавала праблема недахопу дашкольных устаноў. У мінулым годзе яе ўдалося вырашыць. У мікрараёне ўступіў у строй сучасны дзіцячы сад на 190 месцаў. Гэта самы сучасны праект з басейнам, спартыўнымі і гульнявымі памяшканнямі і многім іншым.

Аднак так склалася, што СШ № 1 — бліжэйшая ў мікрараёне. Дзве іншыя знаходзяцца ў розных частках горада. Сем’і, якія пражываюць у новым мікрараёне, імкнуцца адправіць сваіх дзяцей менавіта ў тую, што бліжэй. Узнікае нямала спрэчных момантаў.

— З пытаннямі па афармленні дзяцей у школу да мяне звяртаюцца не толькі як да дырэктара, але і як да дэпутата. Такім чынам, мая прафесійная дзейнасць цесна пераплятаецца з дэпутацкай. Заўсёды імкнуся вырашыць праблему тых, хто звярнуўся. Зараз так атрымалася, што наша школа перапоўнена. Колькасць вучняў перавысіла 900, у той час калі ў двух іншых школах вучыцца па 400 школьнікаў. У сувязі з гэтым мікрараён падзялілі на тры часткі. Каб разгрузіць СШ № 1, трэба перакіраваць патокі. Менавіта гэту праблему і прыйдзецца вырашаць, — расказала Таццяна Мікалаеўна.

Яна нагадвае, што яе дэпутацкая дзейнасць цесна звязана з дзецьмі. Гэта і пытанні матэрыяльнай дапамогі шматдзетным, і работа з маламаёмымі сем’ямі, і з тымі, дзе бацькі не заўсёды выконваюць свае абавязкі. Выбарчая акруга знаёмая, за перыяд работы ў школе дэпутат ведае практычна ўвесь свой электарат. Па словах Таццяны Казловай, ёй складана раздзяліць дэпутацкія і прафесійныя абавязкі.

— З аднаго боку, гэта вельмі зручна — працаваць у адным раёне са сваімі выбаршчыкамі. Але трэба разумець, што гэта яшчэ і вельмі адказная работа. Але мне няцяжка. Магчыма, у сілу характару, але людзі давяраюць мне. Лічу, што самая недапушчальная для дэпутата рэч — быць абыякавым. Такая пазіцыя павінна быць і ў кожнага кіраўніка, — лічыць дэпутат райсавета.

Канешне, яна ганарыцца тым, што дабілася рэканструкцыі сваёй школы. Будынак даволі стары, пабудаваны яшчэ ў канцы 50-х гадоў. Аднак пасля рамонту, які адбыўся некалькі гадоў таму, школа поўнасцю аднавілася, з’явіліся новыя прыбудовы — сучасная спартыўная зала, харчовы блок, майстэрні.

«Галоўнае, дэпутаты павінны разумець, што ў нас сацыяльна арыентаваная дзяржава, і дзейнасць дэпутацкага корпуса павінна быць накіравана на падтрымку сацыяльнай сферы», — упэўнена Таццяна Казлова.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Галоўнае — не падвесці людзей

Як у Мсціслаўскай глыбінцы дэпутаты дапамагаюць людзям вырашаць надзённыя пытанні

У вёсцы кожны на віду, і быць народным абраннікам тут вельмі адказна. Калі нешта паабяцаў, але не зрабіў, людзі пакрыўдзяцца. Абедзве народныя абранніцы, пра якіх пойдзе размова, — прадстаўніцы Саветаў дэпутатаў сельскага ўзроўню. Іх дэпутацкі стаж болей, чым 10 гадоў, а гэта значыць, што яны ў аўтарытэце. У запісных кніжках мясцовых жыхароў тэлефон гэтых жанчын пад нумарам 1.

 

«У любым сельсавеце ёсць людзі, з якімі ўсё можна зрабіць»

Старшыня Ракшанскага сельсавета Алена Селязнёва ў дэпутатах вось ужо 13 гадоў. Прызнаецца, што, хоць і клопатныя гэтыя абавязкі, але ж прыемна, калі людзі падыходзяць і прапануюць і далей заставацца на народнай пасадзе. Яна ж жанчына мабільная, калі трэба, адразу села ў машыну і паехала справы вырашаць.

Пачынала з дэпутата, як яна кажа, вуліцы і дарасла ў гэтым статусе да сельскага ўзроўню. Зараз пад яе кіраўніцтвам 12 вёсак з колькасцю насельніцтва 1130 чалавек. У народныя абранніцы прыйшла, калі працавала настаўніцай беларускай мовы ў Мішнінскай сярэдняй школе. Пры такой пасадзе нават не трэба было знаёміцца з выбаршчыкамі. Усе і так яе ведалі. І першая справа, якую яна рабіла са сваімі актывістамі, — гэта ўстаноўка і афарбоўка агароджы вакол дзіцячай пляцоўкі. Жыхары Мішняў прасілі зрабіць гэта ў мэтах бяспекі. Далей — болей. Каля школы знаходзіцца вадаём. Разам высеклі кустоўе, прыбралі смецце — стала прыемна летам на беражку пасядзець.

— У любым сельсавеце ёсць людзі, з якімі ўсе можна зрабіць, — адзначае суразмоўніца. — Трэба толькі захацець. Людзі розныя, але адказных вельмі шмат.

Алена Селязнёва прызнаецца, што да таго, як стала дэпутатам, нічога пра гэтую дзейнасць не ведала. Усе пытанні сама вырашала, ніколі не хадзіла па інстанцыях з патрабаваннем — зрабіце мне тое або гэта. Калі было патрэбна, знаходзіла аднадумцаў — і наперад. Зараз з вышыні свайго вопыту прызнаецца, што дзесьці крыху шкадуе, што да свайго дэпутацтва з народнымі абраннікамі не сябравала. Разам маглі б зрабіць яшчэ больш.

У вёсках шмат пенсіянераў, людзей слабых і хворых, якім заўсёды дапамога патрэбна. І тут дробязяў не бывае. Зараз, напрыклад, разбіраецца, чаму фельчар ФАПа ў аддаленыя вёскі не прывозіць таблеткі. Зімой пажылыя людзі самі на ФАП не ездзяць, чакаюць медыцынскай дапамогі дома.

Жыхары вёскі Пячонкі папрасілі дарогу пачысціць ад снегу. Алена Селязнёва звярнулася па дапамогу да кіраўніка мясцовага калгаса «Сцяг працы». А вось дапамагчы ў такім жа пытанні пенсіянерам з вёскі Башары старшыня папрасіла вучняў Андраноўскай школы з ліку валанцёраў БРСМ. У Башарах насельніцтва невялікае, усяго шэсць чалавек на трох вуліцах, да таго ж, людзі не маладыя — па 60–80 гадоў.

Летам старшыня сельсавета разам з калегамі-дэпутатамі зрабіла камфортную зону для адпачынку ў Андранах. Гэта непадалёк ад рэчкі Кашанка, якая з-за дамбы пераўтварылася ў возера плошчай каля 10 гектараў. Там заўсёды вельмі шмат жадаючых адпачыць.

А ў Мішнях сёлета жыхары сабралі грошы і разам са старшынёй рамантавалі дзіцячую пляцоўку. Дэпутат сельсавета Наталля Сцяпанава і стараста Людміла Іванова напісалі праект «Лепшае — дзецям!», які фінансава падтрымала Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. На выдзеленыя грошы аграгарадок набыў арэлі.

На думку Алены Селязнёвай, дэпутат на вёсцы чалавек неабходны. Яго фінансавыя магчымасці, канешне, абмежаваныя, але ён заўсёды ведае, да каго звярнуцца па дапамогу, як падняць пытанне на раённым узроўні. Калі сам нешта не зробіць, іншага папросіць, і паступова праблема вырашыцца. Зняць градус напружання дапамагае чат у Вайберы. У ім на прамой сувязі з Аленай Селязнёвай каля 60 чалавек. Працытавала некалькі зваротаў з перапіскі. «Аляксандраўна, заўтра ў Ракшына аўтакрама прыязджае. Хто дарогу чысціць?» Алена Селязнёва, яна ж Аляксандраўна, адразу пачала выбудоўваць лагістычныя ланцужкі.

Шмат хто з мясцовага насельніцтва на сувязі ў групе «Мішня — Андраны — Доўгавічы — краіна нашага дзяцінства» у Аднакласніках. Там таксама розны кантэнт. І аўдыё, і відэа, і «гарачыя» навіны.

Алена Селязнёва прызнаецца, што вельмі ёй дапамагаюць яе калегі. Усе дэпутаты сельсавета малайцы, адразу ж гатовыя прыйсці на выручку. А інакш і быць не можа. Стаў народным абраннікам — трымай статус з гонарам. «Ёсць такое слова — трэба, — усміхаецца дэпутат. — Я тэлефаную калегам і кажу: нагадваю пра вашы дэпутацкія абавязкі. Гэта такі наш дэпутацкі гумар. Насамрэч нікому нічога нагадваць не трэба. Людзі нават у сельсавет не звяртаюцца, адразу ж да дэпутата або старасты. Дзмітрый Новік, напрыклад, вельмі часта асабіста пытанні вырашае. Тэлефануе толькі, калі нейкі інструмент патрэбны або ў адзіночку праблему не рашыць. Адна жыхарка паскардзілася яму, што пладовыя дрэўцы ў садзе няма каму падрэзаць. Ён сам прыйшоў і падрэзаў. Да яго і з іншых вёсак людзі звяртаюцца, ён едзе і дапамагае.

Жыхары вельмі сардэчна адносяцца да Алены Селязнёвай, кажуць, што чалавек на сваім месцы.

Надзея Антоненка — жыхарка Мсціслава, а ў вёсцы Доўгавічы, якая на тэрыторыі Ракшанскага сельсавета, жыла яе маці. Калі тая цяжка захварэла, даглядала яе. Са старшынёй сельсавета пазнаёмілася, калі маці памерла і спатрэбілася пасведчанне аб смерці. Заадно спыталася пра паклонны крыж. Маўляў, шкада, што вёска вымірае, калісьці тут багата было людзей. Старшыня не адмовілася дапамагчы, з таго часу Надзея Антоненка сувязь з Аленай Селязнёвай не губляе. Разам рабілі вялікую справу — ставілі агароджу на могілках, дзе пахаваныя землякі, у тым ліку і бацькі Надзеі Антоненка. Старшыня паклапацілася жэрдкі дастаць, а людзі сабралі грошы на штыкетнік. Разам яго ўстанаўлівалі і фарбавалі. А які шыкоўны Дзень вёскі арганізавала народная абранніца, што ўся вёска цяпер жыве чаканнем новага свята. Было шмат людзей, канцэрт. Даўно так весела тут людзі не адпачывалі.

— Алена Селязнёва вельмі добры дэпутат, — кажа Надзея Антоненка. — Калі нешта абяцае, заўсёды выконвае. Гэта вельмі важна, калі жадаеш мець аўтарытэт сярод людзей. І павінна быць дысцыпліна. Каб пракантраляваць, як пытанне вырашана. Тады за такім дэпутатам усе людзі пойдуць. У старшыні Ракшанскага сельсавета ўсе гэтыя якасці ёсць.

«Наша старшыня — самы спагадны дэпутат»

Не менш адказная і актыўная старшыня Падсолтаўскага сельсавета Аксана Лісоўская. Яна заўсёды ў нейкіх справах. То на ферме, то на сходзе, то на ўборцы, то на выкліку. Пад яе кантролем 30 населеных пунктаў, дзе жывуць 1236 чалавек. Вырашаць праблемы людзей на месцах ёй дапамагае актыў: 17 стараст, 11 дэпутатаў і орган тэрытарыяльнага самакіравання — Савет аграгарадка Падсолтава. Іх работа распаўсюджваецца на ўсе населеныя пункты. Яны пастаянна на сувязі з сельвыканкамам, прысутнічаюць на пасяджэннях і сесіях. Падчас суботнікаў удзельнічаюць у добраўпарадкаванні сваіх населеных пунктаў — саджаюць дрэвы, прыбіраюць смецце, высякаюць кустоўе і скошваюць пустазелле, арганізуюць і падштурхоўваюць да навядзення парадку мясцовых жыхароў. Стараста з аграгарадка Падсолтава Святлана Макароўская ў штогадовых спаборніцтвах займае прызавыя месцы, двойчы была ў прызёрах на вобласці. Не менш актыўныя старасты Аліна Мануйлава з вёскі Залессе і Пуцяты, Валянціна Бялова з вёскі Шамава і іншыя. Яны першыя памочнікі Старшыні, у курсе ўсіх вясковых праблем: вырашаюць пытанні, звязаныя з водазабеспячэннем, нарыхтоўкай паліва, гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва. На чале з Аксанай Лісоўскай наводзіцца парадак і прыгажосць у населеных пунктах. Напрыклад, устанавілі дзве лаўкі каля паклоннага крыжу ў вёсцы Залессе, зрабілі дзіцячую пляцоўку і пасадзілі кветкі ў аграгарадку Курманава, паставілі памятны знак у вёсцы Багацькаўка.

— Наша Аксана Віктараўна чалавек вельмі дзейны, — кажа стараста аграгарадка Падсолтава Святлана Макароўская. — Я яе яшчэ са школы ведаю. Заўсёды была актыўная, у мастацкай самадзейнасці ўдзельнічала. У горадзе, вядома, прасцей вырашаць жыццёвыя пытанні, той жа снег пачысціць або тэрыторыю абкасіць не праблема. У нас па рознаму бывае. Але, дзякуючы нашай старшыні сельсавета, пытанні вырашаюцца. І мы ёй за гэта вельмі ўдзячныя.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Ідэй шмат, толькі не лянуйся

Працаваць ва ўнісон, аказваць дапамогу адзін аднаму... На Гомельшчыне досвед работы з вясковымі актывістамі ў Буда-Кашалёўскім раёне чарговы раз даказвае: поспех у грамадскіх ініцыятывах абавязкова прыходзіць, калі людзі і каманда дэпутатаў мясцовага ўзроўню працуюць разам. Грамадзянскія ініцыятывы сёння — гэта сумесны пошук вырашэння любога хвалюючага пытання. З практыкі работы ў раёне адзначаюць, што асноўная частка мясцовых ініцыятыў датычыцца так ці інакш пытанняў добраўпарадкавання населеных пунктаў, развіцця іх сацыяльна значнага асяроддзя. За гэтым — не толькі ўдзел вяскоўцаў у суботніках, але і матэрыяльная, фізічная, інфармацыйная дапамога…

Актывістка ініцыятыўнай групы грамадзянскай ініцыятывы «Трымай імпульс» — загадчык філіяла Уваравіцкага гарадскога Дома культуры Людміла Якіменка і старшыня Уваравіцкага сельвыканкама Буда-Кашалёўскага раёна Віталь Панцялеенка на месцы, дзе плануюць адкрыць вясковую варкаўт-пляцоўку

Трымай імпульс

— Людзі, калі прапаноўваюць ініцыятыву, заўсёды звяртаюцца і спадзяюцца на дапамогу мясцовай улады. У ініцыятыўных групах у населеных пунктах часта лідарам таксама выступае менавіта дэпутат. Ідэй у нашых людзей вельмі шмат, і важна тое, што іх ёсць з кім увасабляць у жыццё, — перакананы старшыня Уваравіцкага сельскага Савета дэпутатаў Буда-Кашалёўскага раёна Віталь Панцялеенка.

Гарадскі пасёлак Уваравічы на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна — прыклад стваральнай грамадзянскай актыўнасці. Толькі за апошнія гады ў населеным пункце ажыццявілі адразу некалькі сацыяльна значных праектаў: уладкавалі спартыўны гарадок, добраўпарадкавалі бегавыя дарожкі на стадыёне. Са школьнага спартыўнага пакоя, які быў аснашчаны толькі самаробнымі трэнажорамі, зрабілі сучасны спартыўны аб’ект для жыхароў усіх узростаў. У школе абсталявалі інфармацыйны цэнтр для правядзення мерапрыемстваў. Ва ўвасабленні ў жыццё гэтых праектаў актыўны ўдзел браў дэпутат Уваравіцкага сельскага Савета дэпутатаў, дырэктар Уваравіцкай сярэдняй школы Аляксандр Канцавенка.

Аляксандр Анатольевіч — адзін з васьмі дэпутатаў мясцовага ўзроўню Уваравіцкага сельскага Савета дэпутатаў. Цяпер уся іх дэпутацкая каманда ў чаканні ажыццяўлення чарговай сацыяльна значнай грамадзянскай ініцыятывы пад назвай «Трымай імпульс».

— Гэта ініцыятыва па адкрыцці варкаўт-зоны з трэнажорамі на розныя групы мышцаў. Пляцоўка ва Уваравічах рэальна патрэбна, чакаюць яе не толькі моладзь, але і людзі старэйшага пакалення. Размясціць яе плануем у цэнтры населенага пункта, каля існуючай дзіцячай пляцоўкі. Ужо цяпер людзі нашы цікавяцца ў дэпутатаў, якая канкрэтна патрэбная дапамога для адкрыцця пляцоўкі, гатовы паўдзельнічаць у ініцыятыве не толькі фінансава, але і фізічна папрацаваць падчас яе ўстаноўкі, — пацвярджае Віталь Панцялеенка.

Віталь Уладзіміравіч дадае: дэпутаты з іх сельскага Савета дэпутатаў — першыя памагатыя не толькі пры ажыццяўленні грамадзянскіх ініцыятыў, але і ў вырашэнні надзённых праблем: курыруюць пытанні і па аўтакрамах, асабліва ў аддаленых населеных пунктах, і вулічнага асвятлення. Важны ўдзел сельскіх дэпутатаў ва ўсіх мерапрыемствах, якія праходзяць на тэрыторыі сельсавета. У гэтыя апошнія надзвычай снежныя дні асабліва заўважна дапамога дэпутатаў мясцовага ўзроўню ў вырашэнні пытанняў з ачысткай ад наступстваў снегападаў тэрыторыі населеных пунктаў. Аляксандр Канцавенка, напрыклад, арганізоўвае і валанцёрскія групы па прыборцы снегу. Падтрымліваюць гэту ініцыятыву не толькі моладзь, школьнікі, але і проста неабыякавыя грамадзяне.

— Дэпутаты — гэта каманда, бо ў адзіночку, здараецца, вельмі цяжка вырашаць хвалюючыя пытанні. Дэпутаты вялікую ролю адыгрываюць у працэсе зносін з грамадзянамі, інфармацыйнай работы з імі, — падкрэслівае Віталь Панцялеенка.

Не зарастае сцяжынка, пракладзеная дэпутатам

Ініцыятывы дэпутата па Кашалёўскай выбарчай акрузе Буда-Кашалёўскага райсавета дэпутатаў Аляксея Аўдашкова добра вядомыя і ацэненыя жыхарамі вёскі Кашалёва.

— На пустцы, дзе калісьці была школа, сваімі сіламі зрабілі спартыўную пляцоўку. Паставілі вароты для гульні ў футбол, турнікі, пляцоўку для валейбола, лаўкі. Сельвыканкам дапамог і агарадзіў тэрыторыю, атрымалася вельмі добрае месца для актыўнага адпачынку і заняткаў спортам, — распавёў дэпутат.

Аляксей Аўдашкоў ужо год як узначальвае Буда-Кашалёўскае дарожна-рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 184. У яго калектыве ёсць у тым ліку мясцовыя жыхары вёскі Кашалёва. Яны шчыра падтрымліваюць дэпутата ў рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў на тэрыторыі іх населенага пункта.

— У нашым калектыве адзін з супрацоўнікаў Павел Елісееў яшчэ ад свайго дзеда і бацькі ведаў гісторыю аб крыніцы, якая біла калісьці каля царквы ў вёсцы Кашалёва. Храм згарэў у вайну, пра крынічку забыліся, тэрыторыя, дзе, па ўспамінах старажылаў, яна знаходзілася, моцна зарасла. Але мы вырашылі адшукаць крыніцу. Старыя людзі падказалі: на тым месцы варта шукаць жолаб з выдзяўбленага дубовага бервяна. Мы гэту канструкцыю і адшукалі. Разам з мясцовымі жыхарамі вырашылі, што пачысцім і адновім крыніцу. Дамовіліся працаваць па выхадных, за трое выхадных усё зрабілі. Замянілі тую старую дубовую «трубу», укапалі калодзежныя бетонныя кольцы, зрабілі трубу для набору вады, паставілі вечка з металачарапіцы, каб не трапляла смецце. Ваду з крыніцы бралі на аналіз, каб праверыць яе якасць, і пераканаліся, што ўсё адпавядае нормам. Добраўпарадкавалі і тэрыторыю вакол: падсыпалі грунт, з бардзюраў зрабілі «пятачок», каб было зручней падыходзіць і браць ваду, праклалі дарожку. Калі праязджаю міма, заўсёды прыемна глядзець, што сцяжынка да крынічкі не зарастае, крынічка гэта карыстаецца вялікай папулярнасцю ў людзей, — вельмі цікава і з захапленнем расказвае аб іх грамадзянскіх ініцыятывах на вёсцы Аляксей Аўдашкоў.

Аляксей Іванавіч, дарэчы, падзяліўся, што вопыт дэпутацкай работы яму вельмі дапамагае і ў асноўнай рабоце кіраўніка раённага ДРБУ: знутры ведае, у якім населеным пункце ёсць найбольш вострая дарожная праблема.

Мастачка з народа

Дэпутат Гусявіцкага сельскага Савета дэпутатаў Буда-Кашалёўскага раёна Людміла Грышай амаль дзесяць гадоў прапрацавала кіраўніком спраў у сельвыканкаме. Сёння працуе па сваёй першай спецыяльнасці. Яна настаўнік пачатковых класаў Гусявіцкай сярэдняй школы. Людміла Аляксандраўна адна з тых актыўных вяскоўцаў, хто шчыра падтрымлівае ўсе грамадзянскія ініцыятывы.

Дэпутат Гусявіцкага сельскага Савета дэпутатаў Буда-Кашалёўскага раёна Людміла Грышай

— У свой час у Лоеўскім педкаледжы вучылася па спецыяльнасці «Кіраўнік дзіцячай мастацкай студыі». Калі прыйшла працаваць у нашу школу, папрасілі размаляваць сцены. Гэта быў першы мой такі вопыт. Пасля гэтага стала прыгажосць і ў вёсцы наводзіць, — расказвае аб сваёй грамадзянскай ініцыятыве, якую працягвае ўжо некалькі гадоў, Людміла Грышай.

Рукой дэпутата ў роднай Гусявіцы размаляваны прыпыначны пункт, шахтавыя калодзежы, малыя архітэктурныя формы.

— Некалькі гадоў таму ў вёсцы мы вырашылі зрабіць незвычайную клумбу. З дошак вырабілі стылізаваную ваенную машыну, якую я таксама размалявала. У прычэп насыпалі грунт, пасадзілі кветкі, і саму машыну ўсталявалі на клумбе — атрымаўся такі шмат’ярусны кветнік. Вельмі многа за гэты час размалявала шахтавых калодзежаў. Сачу за тым, каб абнаўляць усе свае работы, падфарбоўваю іх. Людзі прыгажосць такую цэняць, ганарацца — фатаграфуюць і выкладваюць у інтэрнэт. На прыпыначным пункце, які размалявала, менш і смецце кідаюць, — заўважае Людміла Аляксандраўна.

У яе малодшай дачкі, як падзялілася дэпутат, таксама ёсць схільнасць да малявання. Маці возіць яе займацца ў школу мастацтваў ва Уваравічы.

— Так што будзе каму сваю ініцыятыву перадаць у спадчыну, — смяецца дэпутат. — Галоўнае, каб наша вёска жыла, каб дзеці, моладзь наша вярталіся сюды жыць.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.