Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Нам не патрэбны турыстычныя паездкі, нам патрэбны рашэнні канкрэтных пытанняў


Пачатак снежня ў графіку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі быў поўнасцю прысвечаны міжнароднаму супрацоўніцтву. Беларускі лідар наведаў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кітайскую Народную Рэспубліку, Экватарыяльную Гвінею і Кенію. Фактычна геаграфія візітаў расцягнулася ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. Вынікі гэтых паездак і задачы, якія яны паставілі перад беларускім бокам, разгледзелі на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. 


«Хацеў бы абмеркаваць вынікі нашых камандзіровак — урадавай дэлегацыі і маіх — па дальняй дузе. Думаю, што і ў людзей, і ў вас сёння не павінна ўзнікаць пытанняў, што такое дальняя дуга», — акрэсліў тэму нарады Аляксандр Лукашэнка. Па словах Прэзідэнта, нядаўнія камандзіроўкі яго самога і ўрадавай дэлегацыі акрэслілі гэтую дальную дугу, па якой трэба працаваць. Аляксандр Лукашэнка абазначыў, што ў блізкую дугу ўваходзяць краіны-удзельніцы Садружнасці Незалежных Дзяржаў. «Расія і КНР — дзве дзяржавы, з якімі мы маем найбольш развітыя адносіны, — гэта асобная гісторыя. Вы ведаеце, што прыняты і рэалізуюцца адпаведныя рашэнні Прэзідэнта асобна па гэтых дзяржавах. А далёкая дуга — вось яна абазначана. Паўночней, паўднёвей размешчаны дзяржавы, якія нас вельмі цікавяць», — падкрэсліў ён.

Асобным пытаннем, на якое пакуль не знаходзіцца прынцыповае рашэнне, кіраўнік дзяржавы назваў супрацоўніцтва з Індыяй. Ён нагадаў, што ў свой час колішні міністр замежных спраў Уладзімір Макей пачынаў прынцыпова займацца гэтым пытаннем. «Думаю, што цяперашні міністр замежных спраў унясе свае прапановы ў бліжэйшы час. Не пазней першага квартала будучага года — план работы з Індыяй. Менавіта план, як мы гэта рабілі ў Афрыцы з Экватарыяльнай Гвінеяй. Нам не патрэбны турыстычныя паездкі, нам патрэбны рашэнні канкрэтных пытанняў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Вялікую ўвагу ўдзельнікі нарады ўдзялілі краінам Афрыканскага кантынента. «Я хачу ўсіх папярэдзіць. Віцэ-прэм’ераў я запрасіў, хаця яны і не былі пагружаныя ў дэталі гэтых падрыхтоўчых візітаў нашых спецыялістаў, міністраў. Яны ведаюць гэта. Я вас запрасіў для таго, каб вы ўзялі на асаблівы кантроль вынікі гэтых камандзіровак. — сказаў Прэзідэнт. — З Экватарыяльнай Гвінеяй мы працавалі па-новаму. Усё пад маім найжорсткім кантролем. Там пабываў міністр замежных спраў, усталяваў кантакты з гэтай дзяржавай. Там спецыялісты працавалі. І міністры напярэдадні майго візіту, наведаўшы гэтую краіну, выпрацавалі асноўныя напрамкі (іх 15) нашай работы з Экватарыяльнай Гвінеяй і 74 канкрэтныя праекты, якія мы дамовіліся ажыццявіць з нашымі сябрамі ў Экватарыяльнай Гвінеі. Іх трэба рэалізаваць. Я катэгарычна на гэтым настойваю і папярэджваю», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў памочніку Прэзідэнта Аляксандру Косінцу ўзяць на кантроль у Адміністрацыі Прэзідэнта рэалізацыю дамоўленасцей у рабоце з Экватарыяльнай Гвінеяй і Кеніяй. «Гэта тут у Адміністрацыяй Прэзідэнта павінна быць на кантролі, каб не было, як у нас часам бывае, што мы праводзім рэвізію нашых адносін з тымі ці іншымі дзяржавамі, нешта выключаем, нешта дадаем. Мы дамовіліся — і нам трэба рэалізоўваць гэтыя праекты, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — Я шчыра падкрэсліў там, што гэта не дабрачынная дапамога. Мы не Амерыка, якая друкуе грошы. Мы не Кітай, у якога вялізная колькасць рэзерваў. І нават не Расія. Мы павінны дамаўляцца, за грошы выключна добрасумленна працаваць. Там вельмі добрая перспектыва. Там патрэбна ўсё, што мы умеем рабіць».

Супрацоўніцтва Беларусі з Кеніяй будзе на асаблівым кантролі Віктара Шэймана.«Я вам ужо гаварыў у час палёту: вазьміце і займайцеся Афрыкай, як калісьці вы пачыналі. Яна павінна быць пад кантролем у вас як спецыяльнага пасланніка Прэзідэнта. Па Кеніі вы ведаеце пытанні, па якім нас папрасіў Прэзідэнт дапамагчы ім: тры глабальныя выгадныя для нас пытанні. Ну і іншыя. Таму Афрыка і Кенія асобна — гэта ваша пытанне. Афрыканскі кантынент. Вы пачыналі там, вы за яго адказваеце», — звярнуўся да яго Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што за супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай асабістую і персанальную адказнасць нясе віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, які разам з кіраўніком МЗС прысустнічаў на перагаворах беларускага і кітайскага лідараў. «Не» — не было чуваць такога слова. На ўсе пытанні, якія мы паставілі перад Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, атрымалі адзін адказ: «Так, мы гатовы паглыбляцца, давайце па-сяброўску працаваць». Гэты візіт быў вельмі прадуктыўным і карысным для нашай краіны. Не хачу вам расказваць, што такое Кітай. Кітай — гэта будучыня усёй планеты. І тое, што ў нас з імі добрыя адносіны — гэта наш плюс, наша дасягненне», — сказаў Прэзідэнт. 

Кажучы пра супрацоўніцтва з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, беларускі лідар заўважыў, што яны працуюць з беларускім бокам па асобных пытаннях. І нідзе няма тармажэння, ніхто не крыўдзіўся. «Мы дамаўляліся, што магчыма, (у іх вельмі вялікі інтарэс), мы можам разам працаваць у Афрыцы. Там вялікі кавалак работы для Эміратаў. Маю на ўвазе іх уплыў у свеце і тыя фінансавыя рэсурсы, якія ў іх ёсць. Таму, калі ў іх будзе інтарэс па асобных пфтанняз працы — мы гатовыя іх пакдключаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Ён падкрэсліў, што ўсе пытанні супрацоўніцтва з іншымі краінамі павінны быць сканцэнтраваны ў міністэрстве замежных спраў. «Паглядзім, як новы міністр замежных спраў справіцца з гэтымі пытаннямі. Гэта вялізная колькасць пытанняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён папярэдзіў урад і міністраў, што пры рэалізацыі дамоўленасцей з замежнымі партнёрамі не павінна быць ніякага тармажэння, а ўвесь комплекс пытанняў, звязаных з міжнародным супрацоўніцтвам, павінен быць рэалізаваны. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.