Вы тут

Мода зімой: «сучасная яркасць» супраць маркоты


Зімовы верхні гардэроб мала хто мяняе кожны год. Калі ў вашы планы не ўваходзіць набыццё падобнага асартыменту, парадуйце сябе якой-небудзь іншай абноўкай: світарам, блузкай, шапкай.

Гэта зіма на рэдкасць падыходзіць для таго, каб унесці ў свой аўтфіт нейкія яркія дэталі, зрабіць яго больш эфектным, выразным. Каляровая палітра сезона выключна багатая.


Фота: pexels.com

— Колеравыя тэндэнцыі кожнага сезона прагназуе Інстытут колеру Pantone. Яго супрацоўнікі даследуюць уплыў колеру на нашу псіхіку, яго ўспрыманне чалавекам на невербальным узроўні, — расказвае дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда. — У сучаснай модзе прапагандуецца ўсвядомленасць. Пры адборы «фаварытаў» года распрацоўшчыкі ўлічваюць нацыянальныя, кліматычныя, сацыяльныя асаблівасці, недахоп нейкіх эмоцый, інтэлектуальныя запыты. Колеравыя рашэнні на цяперашнюю зіму характарызуе паняцце — «сучасная яркасць». Абраная палітра ўвасабляе праніклівасць, аптымістычны погляд, творчы падыход. Свежыя, крэатыўныя колеры можна гарманічна камбінаваць з традыцыйнымі і звыклымі.

На вырабы якіх колераў варта звярнуць увагу, каб выглядаць найбліжэйшыя тры месяцы стыльна, сучасна, эфектна?

Базавыя колеры:

Какосавае малако

Гэтае адценне выклікае эфект ласунку. Такія рэчы падыдуць тым, хто імкнецца ўнесці ў сваё аблічча нешта мяккае, цёплае, ласкавае.

Сярэбраная бярозка

Белы колер з «кропелькай» шэрага. Гэты халодны варыянт белага далёка не ўсім падыдзе. Яго лепш уводзіць у гардэроб дазавана, у спалучэнні з іншымі колерамі.

Doe: рыжавата-карычневы

Выпраменьвае мяккае цяпло. Асацыюецца з камфортам і рэспектабельнасцю. З ім можна камбінаваць як яркія, так і цёмныя колеры.

Шакаладная памадка

Глыбокі, насычаны, спакуслівы, багаты колер. Стварае ўражанне хараства. Спадніцы, штаны, сумкі, пальчаткі, абутак гэтага адцення абавязкова будуць актуальна глядзецца не адзін сезон; іх можна камбінаваць з масай іншых рэчаў.

Зацьменне: цёмна-сіні колер

Выклікае адчуванне стабільнасці, сур’ёзнасці, дэманструе атмасферу, якая заслугоўвае даверу.

«Сучасная яркасць» зімы 2023-2024: Viva Magenta, жыватворная маджэнта

Фаварыт адыходзячага 2023 года. Гэта глыбокае, складанае адценне, свежае «чытанне» чырвонага. Высакародны, экспрэсіўны, ён увасабляе жыццялюбства, адкрытае самавыяўленне.

Далікатны персік

Увасабляе ўтульнасць, рамантызм, жаноцкасць. Выдатна дапаможа «разбавіць» строгі гардэроб тым, хто не любіць крыклівай гамы.

Чырвона-аранжавы

Больш глыбокі, складаны, чым колер апельсіна або морквы. Сапраўдны падарунак для тых, хто любіць цёплую палітру.

Чырвоная вяргіня

Глыбокі, элегантны цёмна-чырвоны. Яго можна ўдала камбінаваць з нейтральнымі, класічнымі колерамі, дадаючы ў знешні выгляд раскошы, дабрабыту.

Высокая бачнасць

Яркае адценне жоўтага, якое прыцягвае да сябе позірк. Увасабляе цяпло, хараство, радасць, аптымізм, упэўненасць.

Ружова-фіялетавы

Дэманструе яркасць, энергічнасць, смеласць. Дакладна можа стаць разыначкай, якая дадасць у вобраз жыццялюбства, дынамікі, зробіць яго больш прывабным.

Колер кальрабі

Увасабляе прыроду, здаровы лад жыцця, маладую зеляніну. Дадасць пікантнасці і «прасігналіць» навакольным аб вашай унутранай гармоніі.

Карнавальнае шкло

Ментолавы зялёны, мікс мяты і бірузы. Асвяжыць, кампенсуе недахоп зеляніны ў прыродзе ў зімнюю пару.

Персідская каштоўнасць (жамчужына)

Высакародны сіні, які нагадвае лазурыт. Крыху халоднае, заспакаяльнае адценне, выклікае эфект рэлаксацыі, наладжвае на медытацыю.

Паленая сіена

Пудравае, чырвона-карычневае адценне. Успрымаецца як вельмі натуральнае, натуральнае і разам з тым высакароднае, вытанчанае, раскошнае. Яго напэўна палюбяць і кансерватары, і авангардысты.
Рэчы такога колеру настолькі ўніверсальныя, што падыдуць не толькі для паўсядзённага гардэроба, але і для ўрачыстых выпадкаў.

Не выпадкова многія колеры носяць «прыродныя» назвы. Экакірунак праяўляецца сёння ў розных сферах жыцця, у тым ліку і ў модзе.

​Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.