Вы тут

...Аднойчы мова прарастала


Тыражом 2 500 экзэмпляраў пабачыла свет кніга выбраных твораў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Разанава (1947 — 2021) «З маланкаю ў сэрцы». 


Болей як два гады няма з намі паэта, які ўжо з першых сваіх кніг (у 1970 годзе быў выдадзены яго зборнік «Адраджэнне»: яшчэ праз тры гады — кніга «Назаўжды») заявіў аб сабе як паэт-наватар. «...Хоць тыя дваццаць пяць вершаў, што склалі кнігу «Адраджэнне», былі, па сутнасці, вельмі сугучнымі рамантычнаму светаадчуванню тагачаснага маладога пакалення, творчасць А. Разанава ўражвала сваёй памкнёнасцю і дзёрзкасцю, той апантанасцю, з якой паэт услаўляў подзвіг, дзеянне, рух» (Ганна Кісліцына). 

Новая кніга, якую ўклалі доктар філалагічных навук Г. Кісліцына і жонка паэта Галіна Разанава, была спярша задумана як том выбранага і сабрана самім паэтам — у 2019 годзе. З прадмовы Г. Кісліцынай «Класік беларускага авангарда» да выдання, якое мы зараз маем шчасце трымаць у руках: «З маланкаю ў сэрцы» — так павінен быў называцца том выбранага, які ўклаў сам паэт у 2019 г. Назва супадае з радком з аднаго з разанаўскіх версэтаў, але значна шырэйшая за яго змест. Бо маланка — гэта і паэтычная метафара той энергіі, якая злучае ў творчасці паэта зямлю і неба, быццё і небыццё, і метафара тых выпрабаванняў, якія выпалі на яго долю. Здаецца вельмі важным, каб чытачы маглі ацаніць творчасць Алеся Разанава, кіруючыся яго ўласнымі ўяўленнямі пра тое, якія з яго твораў з’яўляюцца найбольш істотным здабыткам для айчыннай літаратуры. У гэту анталогію ўвайшло не ўсё адабранае — у тым рукапісе было каля 1200 старонак, — але асноўныя кірункі яго творчых пошукаў у кнізе, якую вы трымаеце ў руках, прадстаўлены. На наш погляд, яны даюць поўнае ўяўленне, чаму Алеся Разанава называлі класікам беларускага авангарда, бо краевугольнай ідэяй авангарда, нагадаем, з’яўляецца выйсце за межы вядомага ў невядомае і нават непазнавальнае». 

«З маланкаю ў сэрцы» адкрываецца вершам, які быў народжаны ў 1965 годзе, — «Мова»: «Празрысты звон,/ грымотны грукат,/ скалісты свіст,/ магутны гул — / усе / разрозненыя гукі/ цяклі,/ каб зліцца/ у агул./ Хісталі/ ўздыбленыя далі,/ глыбаста білі ў небасхіл./ І ў немату не прападалі, / а западалі/ і раслі./ І ціш і гром,/ і звон і шорах/ спляліся/ ніткаю радства,/ калі з грудзей,/ нямых і чорных,/ аднойчы/ мова прарасла». 

Падаецца, што ўсе памкненні, усе, на першы погляд, самыя складаныя мастацкія і філасофскія, проста жыццёвыя вышукі Алеся Разанава былі скіраваны на ўмацаванне таго моста, што злучае традыцыі з вечнасцю, з будучыняй. Наш вялікі сучаснік Алесь Разанаў і далей будзе прачытаным, і зразумелым не толькі для новых пакаленняў беларусаў. Такой упэўненасці дадаюць і заключныя разанаўскія радкі з кнігі «З маланкаю ў сэрцы», якая выйшла ў мінскім выдавецтве «Папуры»: «Мэта паэтычнай творчасці — вершы, а метамэта — у выйсці... У выйсці з абмежаванасцяў, з якімі зрошчана і зроднена асабовасць, у боскія абсягі. Вершы — сляды ў паднябессі ці, калі ўдакладняцца, сляды з паднябесся». 

Давайце паспрабуем пайсці следам за яркім мастаком слова, паспрабуем зразумець і адкрыць штосьці сутнаснае, што гучыць, што закладзена ў яго вершах, паэмах, пункцірах, версэтах, вершаказах, квантэмах, зномах. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.