Вы тут

Іван Прыходзька: Грамадскія эколагі і інспектары Мінпрыроды — больш за 60 гадоў поплеч


Упершыню пры падтрымцы Праграмы ўдзелу на 2022–2023 гады, што фінансуецца ЮНЕСКА, на базе Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Мінпрыроды адбылася серыя семінараў «Павышэнне дасведчанасці грамадзянскай супольнасці па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя для дасягнення мэт устойлівага развіцця». У мерапрыемствах прынялі ўдзел прадстаўнікі прыродаахоўных ведамстваў Мінпрыроды, педагогі, грамадскія эколагі, супрацоўнікі экалагічных, краязнаўчых і турыстычных цэнтраў з усіх куткоў Беларусі.


На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Прыходзька, дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, намеснік дырэктара Дэпартамента па гуманітарнай дапамозе Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргей Казлоў і рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ігар Войтаў.

Намеснік кіраўніка прыродаахоўнага ведамства Іван Прыходзька нагадаў словы Прэзідэнта Беларусі падчас пленарнага пасяджэння на Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату ў Дубаі пра лёсавызначальную важнасць аб’яднання намаганняў сусветнай супольнасці ў імя будучыні планеты Зямля. Вялікі ўклад у забеспячэнне экалагічнай бяспекі нашай краіны ўносяць грамадскія эколагі, якія ўжо больш за 60 гадоў дапамагаюць інспектарам Мінпрыроды, у першую чаргу, у ахове біяразнастайнасці, навядзенні парадку на зямлі, экалагічнай асвеце грамадзян, а таксама прымаюць удзел у рэспубліканскіх і рэгіянальных экалагічных каардынацыйных саветах.

— Таму асабліва важна праводзіць абмен вопытам, укараняць новыя формы работы, удасканальваць агульныя падыходы да ўзаемадзеяння... Грамадскі эколаг павінен працаваць у адной звязцы з дзяржаўным інспектарам, а дзяржаўны інспектар са свайго боку абавязаны забяспечваць усёй неабходнай інфармацыяй, арганізоўваць навучанне і г. д. Цяпер пастановай урада ўводзіцца норма аб замацаванні грамадскага эколага за канкрэтным работнікам інспекцыі або камітэта. Пытанні аб пашырэнні паўнамоцтваў грамадскіх эколагаў, мерах стымулявання прапануем абмеркаваць пры падрыхтоўцы праекта Экалагічнага кодэкса, які будзе распрацоўвацца ў 2025 годзе.

Таксама Іван Прыходзька заклікаў шукаць новых партнёраў накшталт прадстаўнікоў ПРААН, ЮНІСЕФ для рэалізацыі ініцыятыў, асабліва экаасветніцкіх. У якасці аднаго з такіх перспектыўных праектаў ён прапанаваў стварыць спецыяльны дадатак, у якім будзе адлюстравана інфармацыя, звязаная з прыцягненнем і навучаннем грамадскіх эколагаў. Пажаданне, каб ініцыятыўныя прадстаўнікі грамадства больш прымалі ўдзел у праектнай дзейнасці, прагучала і ў прамове Сяргея Казлова, намесніка дырэктара Дэпартамента па гуманітарнай дапамозе Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Алесь Карлюкевіч, дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда», нагадаў пра велізарную ролю кніг у выхаванні насельніцтва. Вобразнасць, якасная мастацкая мова, незвычайны фармат выкладання, прывабны дызайн не толькі прыцягваюць увагу, але і маюць вялікі ўплыў на свядомасць, у першую чаргу юных чытачоў. У якасці прыкладу кіраўнік выдавецкага дома расказаў пра яго прыродазнаўчую друкаваную прадукцыю: часопіс «Родная прырода», дадатак да газеты «Звязда» «Карані і кроны», дзіцячую мастацкую і публіцыстычную літаратуру. Матэрыялы, размешчаныя на іх старонках, могуць аказаць істотную дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні розных экаасветніцкіх мерапрыемстваў.

Грамадскі эколаг Юлія Прылішч падзялілася вопытам экаасветніцкай дзейнасці бабруйскіх калег. Так, з мэтай ахапіць як мага больш людзей рознага ўзросту ладзяцца своп- і экафестывалі «Дармаш», тэматычныя кіналекторыіі, экалагічныя настольныя і звычайныя гульні і іншае. Іван Прыходзька высока ацаніў комплексны падыход, арыгінальнасць і разнапланавасць работы грамадскіх эколагаў Бабруйска:

— Сёння з улікам запыту маладога пакалення на інтэлектуальную экалогію такія формы работы набываюць асаблівую значнасць. Думай глабальна — дзейнічай лакальна.

Падчас мерапрыемства была арганізавана дыялогавая пляцоўка «Тэндэнцыі развіцця дадатковай адукацыі дарослых, уключаючы навучанне грамадскіх эколагаў з мэтай рэалізацыі прынцыпу галоснасці і ўліку грамадскай думкі пры правядзенні дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, стратэгічнай экалагічнай ацэнкі і ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе». Напрыканцы дыялогавай пляцоўкі быў падпісаны Дагавор аб супрацоўніцтве паміж Рэспубліканскім цэнтрам дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Мінпрыроды і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам.

Тэорыя і практыка

Праграма кожнага семінара разлічана на два дні. Першы быў прысвечаны ўдасканаленню ведаў у галіне прыродаахоўнага заканадаўства. Разглядаліся прававыя асновы ўдзелу грамадства ў прыняцці рашэнняў, звязаных з навакольным асяроддзем, прыродакарыстаннем, складаныя аспекты розных нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць пытанні аховы жывёльнага і расліннага свету, паверхневых і падземных вод, абыходжання з адходамі. Апрача таго, удзельнікі семінара распачалі дыскусію аб праблемах супрацоўніцтва з рознымі прыродаахоўнымі ўстановамі, сартавання смецця, алгарытмы атрымання дазволаў на вынятку з прыроды аб’ектаў жывёльнага свету і інш. Напрыклад, адно з пытанняў датычылася ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі ведамствамі ў рамках выканання навукова-даследчых работ, праектнай дзейнасці і дзяржаўных праграм: у якой установе (лясгасе, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, райвынканкаме і інш.) патрэбна прасіць дазвол на наведванне лясоў у пажаранебяспечны перыяд, калі ўваход туды прадыктаваны неабходнасцю падрыхтаваць пэўную справаздачу для праекта.

— Такія семінары вельмі карысныя. Яны дазваляюць, па-першае, абнавіць веды па адпаведнай тэме, па-другое, абмяняцца вопытам з калегамі, у тым ліку па абыходжанні з адходамі. Напрыклад, хтосьці займаецца ўтылізацыяй кандэнсатараў. Цікава пагутарыць, якую колькасць атрымалася вывезці, якія арганізацыі прымаюць у гэтым удзел. Па-трэцяе, гэта выдатная магчымасць наладзіць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі неабыякавай грамадскасці, — падзяліўся поглядам кіраўнік аддзела кантролю абыходжання з адходамі Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Палянчук.

Прыкладна гэтаксама лічыць Вольга Жалезная, настаўніца хіміі, кіраўнік праекта «Зялёныя школы» Люсінскай сярэдняй школы імя Я. Коласа Ганцавіцкага раёна:

— Смецце — гэта бяда. Нашы людзі не ведаюць, чаму яго трэба сартаваць. Кажуць, а які сэнс, калі зранку прыязджае смеццявоз і забірае ўсё ў адзін кантэйнер. Насамрэч такіх бакаў чатыры... Трэба паказваць, тлумачыць. Асабліва наконт адходаў з падворкаў. Я праводжу заняткі, майстар-класы па сартаванні адходаў для дзяцей, іх бацькоў і жыхароў нашага раёна. Таму хацелася б даведацца больш глыбока пра нарматыўныя прававыя акты ў гэтай галіне, аднак стрымлівала мудрагелістая юрыдычная мова. А цяпер гэта праблема вырашана.

У другі дзень заняткі праводзіліся на базе Бярэзінскага біясфернага запаведніка (Віцебская вобласць). Яго супрацоўнікі распавялі пра свой вопыт работы па захаванні, вывучэнні і рацыянальным выкарыстанні прыродных комплексаў. Апрача таго, для ўдзельнікаў семінара быў праведзены майстар-клас экаасветніцкай экскурсіі ў Музеі прыроды і лясным заапарку. Многім, асабліва настаўнікам агульнага сярэдняга ўзроўню і выхавальнікам дадатковай адукацыі, спадабаўся экалагічны адукацыйны пункт, які ладзіцца ў рамках праекта «Зялёная школа».

Экалагічны адукацыйны пункт складаецца з аўдыторый для тэарэтычных заняткаў са спецыяльным тэхнічным абсталяваннем у Доме экалагічнай асветы і двух экалагічных маршрутаў з месцамі назірання за дзікай прыродай. Гэты праект дае дзецям магчымасць на практыцы і ў нязмушанай гульнявой абстаноўцы прымяніць тэарэтычныя веды ў галіне прыродазнаўства, атрыманыя ў школе.

Наталля Салагуб, намеснік дэкана факультэта прыродазнаўства па навуковай рабоце, навуковы кіраўнік маладзёжнага рэсурснага цэнтра Green Offіce BSPU, падзялілася ўражаннямі:

— Лічу выезды на прыроду добрым дадаткам да практычных заняткаў. Гэта сапраўдная матывацыя, тое, дзеля чаго мы вядзём барацьбу за навакольны свет. Што датычыцца тэарэтычнай часткі, то няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Мы вельмі шмат працуем з навучэнцамі, настаўнікамі, установамі адукацыі. Атрыманая інфармацыя пра некаторыя аспекты аховы жывёльнага і расліннага свету, абыходжання са смеццем, іншыя складаныя нарматыўныя нюансы дазваляе цяпер больш абгрунтавана адказваць на ўсе пытанні.

Напрыканцы семінара кожны ўдзельнік стаў уладальнікам брашуры з інфармацыйна-аналітычнымі матэрыяламі вучэбных прэзентацый і лекцый. У асноўным гэта вытрымкі з законаў і пастаноў, якія могуць быць выкарыстаны грамадскім эколагам у яго паўсядзённай рабоце. Матэрыялы закліканы садзейнічаць прапагандзе і фарміраванню ў насельніцтва беражлівага стаўлення да прыроды, развіцця экасвядомасці, пашырэнню сеткі грамадскіх эколагаў.

Таму місія семінара не толькі ў павышэнні дасведчанасці грамадзянскай супольнасці па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і абмене досведам. Галоўная задача — наладзіць кантакты. Сабраць у адным месцы школьных настаўнікаў і метадыстаў цэнтраў дадатковай адукацыі, грамадскіх эколагаў і экспертаў сістэмы Мінпрыроды, супрацоўнікаў заказнікаў і турыстычных устаноў. Пазнаёміць між сабой, даць інструменты рэалізацыі ініцыятыў і разам ісці да будучыні.

Александрына ПАРШЫНА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.