Большасць раёнаў рэгіёна за апошнія тры гады значна скарацілі колькасць незавершаных будаўнічых аб’ектаў. Але сёлета быццам расслабіліся. Да такога выніку прыйшлі ўдзельнікі пасяджэння калегіі Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці сумесна з прадстаўнікамі выканаўчай улады рэгіёна.
Увага да аб’ектаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва надаецца ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы і патрабаваннямі Дырэктывы № 8 «Аб прыярытэтных кірунках развіцця будаўнічай галіны», якая ўступіла ў дзеянне ў 2019 годзе. Пасыл зразумелы — сотні даўгабудаў не эксплуатуюцца, а значыць, не прыносяць даходу. Між тым у будаўніцтва ўкладзены значныя дзяржаўныя сродкі. З цягам часу сітуацыя з іх «разборкамі» толькі пагаршаецца.
У Гродзенскай вобласці за два гады і дзевяць месяцаў зроблены даволі значны рывок у скарачэнні аб’ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва. Вынікі дасягнуты дзякуючы сумеснай рабоце КДК і Гродзенскага аблвыканкама.
— Па кожным аб’екце былі заслуханы планы мерапрыемстваў з боку кіраўнікоў гарадскога і раённых выканаўчых камітэтаў. Дэталёва разглядаўся кожны аб’ект. З пункту гледжання іх рэальнай патрэбы скарэкціраваны рэгіянальныя і галіновыя мерапрыемствы на 2021–2025 гады па скарачэнні такіх аб’ектаў-даўгабудаў. І большасць раёнаў спрацавалі нядрэнна, — зазначыў старшыня КДК Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка.
Калі па стане на 1 студзеня 2021 года на тэрыторыі рэгіёна налічвалася 458 аб’ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва, то за два гады і дзевяць месяцаў іх колькасць знізілася на 402, ці амаль на 90 працэнтаў.
— На 1 кастрычніка 2023 мы выйшлі з лічбай 56. Але і гэтая лічба магла быць меншай, калі б усе суб’екты гаспадарання своечасова выконвалі зацверджаны рэгіянальны план. Існуюць такія аб’екты, якія да гэтай пары яшчэ не знесены альбо эксплуатуюцца без акта ўводу ў эксплуатацыю. Між тым пры правільным падыходзе праблему можна вырашыць літаральна за некалькі дзён, — упэўнена намеснік старшыні КДК Гродзенскай вобласці Таццяна Слабыш.
Яна прыводзіць такі прыклад. У цэнтры аграгарадка Забалаць Воранаўскага раёна больш за 30 гадоў стаяў трохпавярховы даўгабуд. Аб’ект узводзіўся пад Дом культуры, але не быў рэалізаваны і страціў актуальнасць. Было вырашана яго знесці. Калі падлічылі, аказалася, што на спецыялізаваную тэхніку і работу адпаведнай арганізацыі спатрэбіцца 700 тысяч рублёў. Мясцовыя ўлады сумесна з сельгаспрадпрыемствам-уласнікам прыцягнулі да зносу спецыялістаў выбуховых работ. У лістападзе масіўны будынак быў ліквідаваны са значнай эканоміяй сродкаў. На гэтым месцы плануецца стварыць паркавую зону для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Падобныя даўгабуды — гэта аб’екты пачатку 80-х гадоў. Іх будаўніцтва было пачата за бюджэтныя сродкі ў савецкі час у невялікіх населеных пунктах. Амаль усе яны належаць зносу.
А вось корпус абласнога лячэбнага цэнтра «Фтызіятрыя» ў Гродне будзе дабудаваны. Справа зрушылася з месца. Сёлета на дадзены аб’ект выдзелена 740 тысяч рублёў. Праект мяркуецца ўключыць у абласную інвестпраграму і на будучы год.
Як правіла, тэмпы скарачэння даўгабудаў у рэгіёне дасягаюцца за кошт «свежых» аб’ектаў, якім не больш як пяць гадоў. У КДК звяртаюць увагу на недасканалую работу ў гэтым годзе.
— Сёлета рывок па скарачэнні аб’ектаў незавершанага будаўніцтва паўтарыць не ўдалося. За дзевяць месяцаў па вобласці ліквідавана толькі 32 аб’екты. Гэта вельмі нізкія тэмпы ў параўнанні з той работай, якая была праведзена ў папярэдні перыяд, — тады лік ішоў на сотні. Аб’екты, як правіла, знаходзяцца на балансе абласнога цэнтра і райвыканкамаў. Некаторыя раёны сёлета наогул не прынялі ніякіх мер па іх скарачэнні, — рэзюмаваў Анатоль Дарожка.
У выніку ў вобласці зноў вырасла колькасць даўгабудаў, цяпер іх 110, з якіх больш за паўсотні — тыя, што дабавіліся ў гэтым годзе. У ліку прычын спецыялісты КДК называюць парушэнне тэрмінаў будаўніцтва, а таксама нізкія тэмпы асваення фінансавых сродкаў. Найбольш праблемнай у гэтым плане з’яўляецца сфера АПК. На яе прыпадае 40% даўгабудаў.
У ліку складаных аб’ектаў незавершанага будаўніцтва ў Гродзенскай вобласці можна назваць рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў у гарадскім пасёлку Воранава і Ашмянах, будаўніцтва двух жывёлагадоўчых комплексаў у Воранаўскім раёне, прыбудову да пажарнага дэпо ў Зэльве. Рэканструкцыя Дома культуры з басейнам у аграгарадку Верцялішкі Гродзенскага раёна таксама вядзецца з парушэннем графіка. У Астраўцы падобная сітуацыя склалася з упарадкаваннем паркавай зоны з мастамі і алеямі, кварталам сядзібнай забудовы, рэканструкцыяй бальніцы пад паліклініку.
— Пры наяўнасці бюджэтнага фінансавання рэканструкцыя бальніцы пад паліклінічны комплекс у Астраўцы вялася з парушэннем графіка. Увод быў запланаваны ў гэтым годзе, але графік сарваны. Пры праверцы было выяўлена завышэнне кошту і выканання работ на суму звыш 190 тысяч рублёў, — паведаміла Таццяна Слабыш.
Многія аб’екты знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці. Сярод іх — рэканструкцыя і рамонт даху дзіцячага садка, а таксама будаўніцтва мемарыяльнага комплексу, прысвечанага героям Першай сусветнай вайны ў Смаргоні, кансервацыя замка Сапегі ў Гальшанах.
Некаторыя падыходы мясцовых улад выклікаюць здзіўленне ў спецыялістаў КДК. Напрыклад, у Шчучыне беспаспяхова імкнуцца прадаць праз аўкцыён былы калгасны зернесклад, які ў якасці гаспадарчай пабудовы калісьці будаваўся пры палацы Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне. Аб’ект, мяркуючы па здымках, знаходзіцца ў аварыйным стане, значна разбураны. Дазвол на яго знос трэба атрымаць у Міністэрстве культуры. Пакуль будынак чакае новы аўкцыён з паніжэннем кошту.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.