Вы тут

Якія вакцыны айчыннай распрацоўкі з’явяцца ў бліжэйшы час?


Беларускія навукоўцы сумесна з медыкамі актыўна працуюць над стварэннем уласных вакцын. Гэта і сучасная чатырохвалентная вакцына супраць грыпу, якая, акрамя іншага, будзе прыдатная для тых, хто мае супрацьпаказанні да прышчэпкі, а таксама вакцына супраць COVІD-19 і шэраг РНК-вакцын, якія пры параўнанні з традыцыйнымі, інактываванымі, называюць «лічбавымі», бо яны маюць шэраг пераваг перад сваімі «аналагавымі» папярэднікамі. Навукоўцы расказалі пра свае распрацоўкі.


Фота: pexels.com

Без супрацьпаказанняў і алергій

Неаспрэчным з’яўляецца той факт, што вірусы былі пастаяннымі спадарожнікамі чалавецтва і перамагчы іх у бліжэйшай перспектыве наўрад ці ўдасца. Адзінае выйсце — быць гатовымі да сустрэчы з нябачным ворагам.

— Вірус SARS-COV-2, які выклікаў пандэмію каранавіруса, па факце аказаўся не самым смяротным. А вось давайце ўявім, што з’явіўся нейкі вірус умоўнай хваробы X, якая закранула значна большую колькасць насельніцтва ва ўсім свеце і лятальнасць ад якой разы ў тры больш чым ад covіd, — наступствы на эканоміку і на развіццё краін могуць быць нашмат горшымі, чым ад нядаўняй пандэміі. Напрыклад, той жа банальны грып з узніклым новым штамам, да якога ў насельніцтва планеты не будзе імунітэту, можа нанесці вельмі істотны ўрон. Успомнім пандэмію той жа «іспанкі», «свіны» грып, перыядычныя ўспышкі «птушынага» грыпу. Менавіта таму кожная краіна павінна распрацоўваць свае ўласныя сродкі — як для дыягностыкі, так і для прафілактыкі і лячэння вірусных інфекцый, — лічыць дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Андрэй Ганчароў.

У той час, калі ў свеце з’явіліся першыя вакцыны супраць COVІD-19, толькі дзве краіны — Расія і Кітай — на пачатковым этапе дапамаглі Беларусі. Усе іншыя выбралі спачатку забяспечыць уласныя патрэбы. У сувязі з гэтым у Беларусі актывізавалі даследаванні ў вобласці вірусалогіі і стварэння вакцын.

Таму з пачаткам пандэміі каранавіруса НАН Беларусі выступіла ініцыятарам распрацоўкі ўласнай вакцыны ад каранавіруснай інфекцыі і стварэнне новага цэнтра вірусалогіі.

— Новы цэнтр з’яўляецца сучаснай пляцоўкай для распрацоўкі вакцын. Гэта сістэма герметычных боксаў са шлюзамі з самымі сучаснымі на сённяшні дзень сістэмамі вентыляцыі і ачысткі сцёкавых вод. У нас маецца дазвол на працу з узбуджальнікамі першай — трэцяй груп рызыкі, — расказаў Андрэй Ганчароў.

Асноўная задача новага цэнтра вірусалогіі — распрацоўка сродкаў прафілактыкі і лячэння рэспіраторных інфекцый, якія выклікаюцца вірусамі. У прыватнасці, тут абяцаюць у наступным годзе выпусціць на рынак беларускую вакцыну супраць грыпу.

— Сёння вядзецца перш за ўсё распрацоўка нашай беларускай інактываванай вакцыны супраць грыпу. Яна чатырохвалентная, гэта значыць, будзе ўтрымліваць два штамы грыпу А і два штамы грыпу В. У адрозненне ад большасці прэпаратаў, якія зараз прымяняюцца, вірус будзем вырошчваць не на курыных эмбрыёнах, а на культурах клетак. Гэта прыбярэ адно з асноўных супрацьпаказанняў да вакцынацыі — алергію да бялку. Дадзеная распрацоўка будзе завершана ў наступным годзе, і я спадзяюся, што мы прыступім ужо да прамысловай вытворчасці, — кажа Андрэй Ганчароў.

Вядзецца ў інстытуце і шэраг іншых распрацовак, у прыватнасці, самых розных вакцын на аснове адэнавірусаў. А таксама прадпрымаюцца спробы атрымаць бялкі вірусаў з раслін.

— Самі трансгенныя расліны або раслінныя клеткі можна паспяхова мадыфікаваць такім чынам, каб яны сінтэзавалі для нас патрэбныя бялкі, якія будуць у далейшым выкарыстоўвацца ў якасці вакцын. Пакуль тая праца знаходзіцца на стадыі эксперымента. Але я спадзяюся, што мы тут таксама атрымаем нядрэнныя вынікі, бо ёсць шэраг пераваг падобнага метаду атрымання бялкоў у параўнанні з традыцыйнымі, — падзяліўся кіраўнік інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі.

Акрамя стварэння вакцын у цэнтры вірусалогіі актыўна працуюць з ленцівіруснымі вектарамі. Гэта адмысловая сістэма дастаўкі генетычнай інфармацыі ў клетку, якая дапамагае мадыфікаваць клеткі і стымуляваць імунную сістэму. Мяркуецца, што гэта дапаможа ў барацьбе з ракам.

— Мы завяршылі работу над дэндрытнымі клеткамі, якія мадыфікаваны пры дапамозе ленцівірусных вектараў так, што добра экспрэсуюць анкаасацыяваныя пептыды. Такія дендрытныя клеткі будуць неўзабаве выкарыстаны для лячэння анказахворванняў. Самі дендрытныя клеткі, не мадыфікаваныя генетычна, мы выкарыстоўваем вельмі даўно і атрымліывалі добры лячэбны эфект. А вось генетычна мадыфікаваныя клеткі, я спадзяюся, будуць мець шэраг пераваг і адпаведна клінічны эфект іх ужывання будзе вышэйшы, — дзеліцца Андрэй Ганчароў.

Распрацоўваюць навукоўцы і новыя прэпараты супраць грыпу. Яны будуць блакаваць уваходжанне віруса ў клетку. Структура гэтых прэпаратаў разлічваецца на камп’ютары пры дапамозе спецыялізаванага праграмнага забеспячэння. Затым такія лекавыя сродкі будуць сінтэзаваны і апрабаваны. У выпадку іх высокай эфектыўнасці яны будуць запушчаны ў вытворчасць.

РНК-вакцыны без уколаў

Выраб вакцын — праца шматгранная. Стварэннем яе кампанентаў займаецца Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі.

— Адна з работ, якія завяршаюцца ў нас сёлета, прысвечана стварэнню генна-інжынернага штаму мікраарганізма, які дазваляе прадукаваць РНК і ствараць так званыя РНК-вакцыны. Яе перавага ў тым, што зніжаюцца адмоўнае ўздзеянне, алергічныя праявы. Важным элементам з’яўляецца тое, што ўводзіцца такія вакцыны будуць не ўколамі, а ўнутрыназальна, а гэта больш прывабна для пацыентаў, — расказвае дырэктар Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Аляксандр Шэпшэлеў.

Прычым вакцына, якую тут ствараюць, будзе не супраць пэўнага канкрэтнага захворвання. Яе ўніверсальная генетычная канструкцыя дазволіць уключаць у сістэму ДНК вызначаны вірус. І тыкім чынам з’явіцца магчымасць хутка атрымаць вакцыну актуальнага на дадзены момант віруснага захворвання.

— Мы арыентаваліся на вакцыну супраць COVІD-19. Пакуль даклінічныя выпрабаванні, якія ўжо завяршаюцца, паказваюць дастаткова добрыя вынікі. На наступны год пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя плануем перайсці ўжо да стадыі клінічных выпрабаванняў, — падзяліўся Аляксандр Шэпшэлеў.

Варта адзначыць, створаная генетычная канструкцыя новай вакцыны дазволіць хутка мяняць яе састаў у залежнасці ад штамаў, якія цыркулююць.

Яшчэ адзін цікавы напрамак — распрацоўка генна-інжынерных мікраарганізмаў, якія дазволяць ствараць пэўныя бялкі.

— Мы ўзялі малочнакіслыя бактэрыі і на базе іх імкнемся стварыць канструкцыю, якая дазваляла б прадукаваць не РНК-кампаненты, а непасрэдна мэтавыя бялкі, якія забяспечваюць выпрацоўку імунітэту. Гэта таксама ўніверсальная канструкцыя, якая дазваляе стварыць канкрэтны прэпарат пад актуальнае захворванне. У гэтым годзе мы правялі даклінічныя выпрабаванні, якія паказалі эфектыўнасць. У наступным годзе таксама выходзім на стадыю клінічных выпрабаванняў, — дадаў Аляксандр Шэпшэлеў.

Сумесна з РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі тут распрацоўваюць генетычную канструкцыю, якая дазваляе выпрацоўваць мэтавы бялок для барацьбы з ротавіруснымі інфекцыямі. Яе ўжо, дарэчы, удалося атрымаць, цяпер прэпарат вывучаецца і праходзіць апрабацыю ў клінічнай практыцы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.