Вы тут

Што такое «адутлаватка» і з чым яе ядуць?


Штогод з лістапада да лютага рэгіструюцца выпадкі захворвання людзей на трыхінелёз, і звязана гэта з паляваннем на дзікіх звяроў і масавым забоем хатняй жывёлы. Медыкі адзначаюць, што захворванне можа быць смяротна небяспечным для чалавека, часам яно становіцца прычынай інваліднасці і паралічаў.

Трыхінелёзам называюць інфекцыю, якую выклікаюць круглыя дробныя чарвякі. Гэта самыя небяспечныя паразіты, якія перадаюцца праз мяса. Для хваробы характэрныя ліхаманка, ацёк твару, міалгія (мышачны боль), сып на скуры. Пры цяжкім ходзе паталогіі часта пакутуюць унутраныя органы і ЦНС. Захворванне распаўсюджана ва ўсім свеце, акрамя краін, дзе не ўжываюць свініну. Яго пераносчыкі — усёедныя (асабліва свінні) і драпежныя жывёлы.


Як паразіт трапляе да чалавека?

— Трыхінелёз — гэта паразітарнае прыродна-ачаговае захворванне чалавека і некаторых жывёл, выкліканае біягельмінтамі сямейства трыхінел. Трыхінелы — дробныя жывародзячыя круглыя чарвякі, памерам ад 1 да 4 мм. У натуральных умовах цыркуляцыя трыхінел адбываецца з удзелам амаль 60 відаў хатніх і дзікіх млекакормячых, асабліва драпежных і ўсёедных. Паміж прыроднымі і сінантропнымі (жывёлы, якія жывуць сумесна з чалавекам) ачагамі адбываецца абмен інвазіяй. Занос трыхінелёзу з прыродных ачагоў у асяроддзе чалавека адбываецца пераважна з тушкамі забітых дзікіх млекакормячых, пры паяданні якіх заражаюцца хатнія жывёлы і сінантропныя грызуны, — расказвае ўрач-інфекцыяніст 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Дар’я Петрачук.

Крыніцай заражэння чалавека з’яўляецца мяса хатняй свінні, дзіка, барсука, белага і бурага мядзведзя і іншых. 

Заражэнне адбываецца пры ўжыванні мяса, якое змяшчае інкапсуляваныя лічынкі трыхінел. Лічынкі трыхінел устойлівыя да варэння, вэнджання, салення, смажання і замарожвання. У працэсе стрававання капсулы раствараюцца, што займае прыкладна адну гадзіну. Юныя трыхінелы, знаходзячыся ў прасвеце кішэчніка, спеюць на працягу 3-4 сутак, пасля чаго самкі пачынаюць нараджаць лічынак. Працэс адраджэння доўжыцца ад 10 да 45 дзён, і пасля яго заканчэння дарослыя гельмінты хутка гінуць.

На гэтым кішэчная фаза завяршаецца і пачынаецца міграцыйная. Лічынкі пранікаюць у лімфатычныя шчыліны, па лімфатычных шляхах праз грудную пратоку трапляюць у ток крыві і разносяцца па ўсім арганізме. Міграцыя лічынак пачынаецца прыкладна на шосты дзень ад моманту заражэння.

Неўзабаве лічынкі асталёўваюцца ў папярэчнапаласатых мышцах, гэта апошняя, мышачная, фаза іх развіцця. Першыя, пакуль яшчэ нешматлікія лічынкі з`яўляюцца там ужо на 6-7 дзень. Яны размяркоўваюцца нераўнамерна, аддаючы перавагу мімічнай, дыхальнай, жавальнай мускулатуры, дыяфрагме, згінальнікам канечнасцяў. Асеўшы ў мышцах, лічынкі павялічваюцца ў памерах прыкладна ў дзесяць разоў і да 17-18 дня становяцца здольнымі заражаць наступнага гаспадара. Пры гэтым яны звіваюцца ў спіраль. Да 3-4 тыдня вакол лічынак фарміруюцца капсулы, у якіх тыя захоўваюць жыццяздольнасць гадамі.

Сімптомы і ход хваробы

Інкубацыйны перыяд пры трыхінелёзе чалавека часцей працягваецца ад 10 да 25 дзён. Ужо з першых дзён хваробы адзначаецца дрэннае самаадчуванне, галаўны боль, павышэнне тэмпературы, часам да 39-40 °C. 

Візітная картка захворвання — ацёкі павекаў і твару, прычым пры цяжкім развіцці інфекцыі можа быць ацёк шыі. Менавіта па гэтай прычыне хваробу яшчэ называюць «адутлаватка». Неўзабаве ўзнікаюць мышачныя болі. Хворы на трыхінелёз не ўяўляе эпідэмічнай небяспекі, але падлягае шпіталізацыі, зыходзячы з неабходнасці своечасовага і рацыянальнага лячэння.

Як не заразіцца

Ёсць некалькі асноўных правіл прафілактыкі хваробы. Пры пакупцы мяса спажыўца выратуе толькі ўласная пільнасць.

  • Па-першае, неабходна пазбягаць набыцця мяса і мясапрадуктаў (каўбасы, сала, закусачных шпікаў) па-за дзяржаўнымі пунктамі гандлю — на рынках, у выпадковых асоб з рук. Калі ж вы вырашылі купіць мясную прадукцыю на рынку, неабходна запытацца ў прадаўца пра даведку аб праведзенай ветэрынарнай экспертызе і бяспецы прадуктаў.
  • Па-другое, важна правяраць у ветэрынарнай лабараторыі мяса свіней пры хатнім забоі, а таксама дзікіх жывёл, здабытых на паляванні.
  • Паляўнічым забараняецца ўжываць або прадаваць мяса забітых усёедных драпежных жывёл без папярэдняй ветэрынарна-санітарнай экспертызы на наяўнасць лічынак трыхінел.
  • Акрамя таго, нельга пакідаць у лесе тушкі звяроў пасля зняцця з іх скурак. Іх варта спальваць або закопваць на глыбіню не менш за два метры.
  • Нельга скормліваць хатнім свінням ці сабакам мяса дзікіх жывёл без трыхінеласкапічнага даследавання. Пры станоўчых выніках гэтыя прадукты абавязкова трэба знішчыць.
  • Каб папярэдзіць заражэнне трыхінелёзам хатніх свіней, варта забяспечыць непранікальнасць грызуноў у памяшканні, у якіх утрымліваюцца свінні, і своечасовую іх дэратызацыю, а таксама выключаць паяданне свіннямі трупаў грызуноў, загінулых жывёл, адходаў тушак дзікіх жывёл, здабытых на паляванні.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.