Вы тут

У Савет Рэспублікі дэлегацыі з раёнаў прывозяць не толькі выставы, але і ідэі


У Савеце Рэспублікі замацавалася добрая традыцыя наведвання яго прадстаўнікамі мясцовага самакіравання. Дэпутаты мясцовага ўзроўню не толькі прэзентуюць свае раёны, расказваюць аб дасягненнях і праблемах, але і прымаюць удзел у сесіях, дэталёва знаёмяцца з работай парламентарыяў.

Дэлегацыя Любанскага раёна прадставіла выставу, якая адлюстроўвала гістарычныя этапы развіцця Любаншчыны і яе сучаснасць. Праз прызму часу яскрава відаць, які няпросты шлях прайшоў рэгіён, як ён выстаяў у Вялікую Айчынную, як аднаўляўся ў нялёгкі пасляваенны час і чаго дасягнуў у перыяд незалежнай Беларусі. Чырвонай ніткай прэзентацыі была думка, што галоўнае багацце раёна — яго людзі: сціплыя і працалюбівыя, таленавітыя і неабыякавыя да лёсу малой радзімы і дзяржавы.

— У зносінах з людзьмі галоўнае — не быць фармалістам, — зазначыў старшыня Любанскага райсавета дэпутатаў Андрэй Драбудзька. — Толькі сапраўдная цікавасць да іх праблем і да іх асабіста дапамагае наладзіць добры, узаемакарысны дыялог. Бо калі не ўнікнеш у сутнасць звароту, то і не варта гаварыць аб нейкім станоўчым выніку. Тым больш што менавіта людзі — нашы галоўныя дарадцы, падказчыкі і кантралёры. Гэта вялікая адказнасць, вялікі давер, які трэба апраўдваць штодзённа.

Падчас наведвання Савета Рэспублікі мне як старшыні раённага Савета дэпутатаў было карысна даведацца пра арганізацыю работы ў верхняй палаце парламента. І, канешне, узяць на ўзбраенне найбольш эфектыўныя яе метады.

Падчас размовы са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай мясцовыя дэлегаты ад Любаншчыны абмеркавалі надзённыя пытанні жыцця раёна. Сярод іх і медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, у прыватнасці замацаванне маладых урачоў, закранулі тэму выдзялення ім, і не толькі, арэнднага жылля. Многа было сказана аб спорце і адукацыі, развіцці сацыяльнай інфраструктуры і захаванні культурных каштоўнасцяў, гістарычнай спадчыны. Асобным радком — развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, бо дабрабыт рэгіёна залежыць у першую чаргу ад яго эканомікі. Наталля Качанава ўважліва аднеслася да ўсіх пытанняў, узнятых прадстаўнікамі мясцовай улады, імкнулася зразумець іх хваляванні і турботы. Дарэчы, усе удзельнікі сустрэчы адзначылі атмасферу цяпла і добразычлівасці, у якой яна прайшла.

— Я прадстаўляла Урэцкі сельвыканкам, расказвала пра яго асаблівасці і адметнасці. У нас шматнацыянальны склад насельніцтва, бо ў свой час тут было многа воінскіх часцей і многія ваенныя, афіцэры пасля заканчэння службы аселі ў нас. Вядома, гэта накладвае сур’ёзны адбітак на работу, надае ёй пэўныя асаблівасці і дадатковую адказнасць, — гаворыць старшыня сельвыканкама Ядвіга Ярохіна. — І мяне вельмі ўразіла, як шчыра, з непадробнай цікавасцю паставілася да нашых клопатаў Наталля Іванаўна Качанава.

Такія запрашэнні, асабліва ўдзел у сесіі Савета Рэспублікі, вельмі важныя, яны дазваляюць адчуць непасрэднае дачыненне да заканатворчага працэсу, данесці на самы высокі ўзровень усё тое, чым жыве рэгіён: і яго дасягненні, і цяжкасці, з якімі сутыкаюцца жыхары.

Так, гэта сапраўды важны момант. Удзельнічаючы ў пасяджэннях, мясцовыя дэпутаты на свае вочы бачаць, як праходзяць абмеркаванне і экспертыза законапраектаў, іх прыняцце.

— Такі досвед, безумоўна, — важкая дапамога ў рабоце, а таксама і матывацыя ў далейшым, — у сваю чаргу адзначыла намеснік старшыні Любанскага райвыканкама Тамара Дамашэвіч. — Запрашэнне ў Савет Рэспублікі, прадстаўленне там роднага краю — гонар. Бо гэта дзесьці і прызнанне заслуг раёна, і ацэнка работы нашага мясцовага самакіравання. Адначасова, падчас падрыхтоўкі да сустрэчы з парламентарыямі, мы нібыта паглядзелі на раён збоку. А такі погляд заўсёды патрэбны і карысны — своеасаблівая рэвізія зробленага і карэкціроўка планаў на будучыню. Калі ж казаць увогуле аб уражаннях, то яны самыя станоўчыя і запамінальныя. Я даўно працую, шмат дзе бывала, але гэтае наведванне падарыла, бадай, самыя яскравыя эмоцыі.

Падсумоўваючы вынікі сустрэчы, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, засяродзіла ўвагу на тым, што ўдзел мясцовых дэпутатаў у сесіях Савета Рэспублікі прыносіць шмат плёну. Гэта не толькі магчымасць паўдзельнічаць у заканатворчасці, але і свайго роду стымул да заканадаўчых ініцыятыў, якія зыходзяць ад мясцовых улад.

— Так павінна быць, — дадала яна. — Дэпутаты мясцовага ўзроўню бліжэй за ўсіх да людзей, яны ведаюць, што трэба зрабіць у першую чаргу. Хто, як не яны, падкажуць найбольш эфектыўныя спосабы вырашэння тых ці іншых праблем? Таксама менавіта мясцовыя дэпутаты могуць загадзя папярэдзіць магчымыя хібы ў механізмах рэалізацыі пэўных заканадаўчых актаў. Адзначу і тое, што падчас сустрэчы надта ўразіла нават не сама прэзентацыя Любаншчыны, якая, дарэчы, была вельмі цікавай і змястоўнай, а тое, з якой любоўю да свайго краю расказвалі пра свае сельсаветы іх старшыні. Адразу адчуваеш, што перад табою людзі на самай справе апантаныя сваёй працай, неабыякавыя і шчырыя, сапраўдныя патрыёты.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.