Вы тут

Лічбавыя прадукты і супрацоўніцтва Дзяржкарпарацыі «Расатам» і Беларусі


На пачатку гэтага года на Беларускай АЭС адбылася чарговая мадэрнізацыя трэнажораў, якія з’яўляюцца дакладнай рэплікай рабочага месца аператара і дапамагаюць спецыялістам практыкавацца ў кіраванні станцыяй і павышаць сваю кваліфікацыю. У партнёрстве з кампаніяй «Белэнергарамналадка» (пад патранажам «Белэнерга») прадстаўнікі Дзяржкарпарацыі «Расатам» плануюць цягам пяцігодкі забяспечыць 11 станцый высокага ціску спецыяльнымі трэнажорамі, якія стануць сумесным расійска-беларускім прадуктам. Дзякуючы іншым лічбавым распрацоўкам, якія ствараюцца кампаніямі «Расатама», у тым ліку і ў партнёрстве з Беларуссю, адбываецца лічбавая трансфармацыя і ўдасканаленне многіх галін гаспадаркі абедзвюх краін, а на далейшае развіццё партнёрства ў бакоў вялікія планы. Падпісаны шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве, у рамках якіх вядзецца работа. Пра некаторыя лічбавыя рашэнні, якія да таго ж з’яўляюцца і імпартазамяшчальнымі, а таксама супрацоўніцтва з нашай краінай расказалі спецыялісты расійскіх кампаній.


Трэнажоры і тач-панэлі

Трэнажоры выкарыстоўваюцца ў атамнай, цеплавой энергетыцы, у непарыўнай вытворчасці для нафта-газавай галіны і шмат якіх іншых. Трэнажоры для падрыхтоўкі персаналу на атамнай станцыі патрэбны, напрыклад, каб аператар не толькі ўмеў дбайна працаваць, але і ведаў, што рабіць у аварыйнай сітуацыі. Яго нельга дапускаць да кіравання станцыяй, пакуль ён не набудзе адпаведную кваліфікацыю.

Кампанія «ДЖЭТ ЛАБ» стварае дакладныя рэплікі рабочага месца аператара практычна для ўсіх станцый, якія будуюцца ў свеце. Нягледзячы на ўніверсальныя методыкі ўстройства прылады, кожны трэнажор унікальны і робіцца пад канкрэтную АЭС, прычым, як правіла, года за паўтара да запуску станцыі. Падрыхтоўку на трэнажорах праходзіць уся змена работнікаў электрастанцыі. Трэнажоры 3D-візуалізацыі, на якіх можна змадэляваць любую сітуацыю і чалавек будзе адчуваць, што ён у сапраўдных умовах станцыі, а не на трэнажоры, — іх работа.

Трэнажоры для Беларускай АЭС таксама рабіла кампанія, і іх ужо двойчы мадэрнізавалі. Раз на два-тры гады рабіць гэта трэба абавязкова, бо кожны аб’ект працягвае жыць і відазмяняцца, патлумачыў Сяргей Букрэеў, дырэктар кампаніі «ДЖЭТ ЛАБ»:

— На АЭС пастаянна адбываюцца нейкія выпрабаванні, навуковыя даследаванні, адпрацоўваюцца новыя методыкі. Гэта цягне за сабой, магчыма, непрыкметныя, але ж змены тэхналагічных сістэм і сістэм кіравання. Каб трэнажор не «адставаў» ад гэтага, яго неабходна пастаянна абнаўляць. Падчас апошняй мадэрнізацыі шмат што змянілася ў папярэдніх алгарытмах работы трэнажора. Нязначныя змены адбыліся ў сферы органаў кіравання, то-бок аб’ём мадэрнізацыі набіраецца з мноства дробных удасканальванняў. Увогуле, з кожным заказчыкам нашых трэнажораў мы заўжды на сувязі і дапамагаем ва ўсіх момантах.

Сяргей Букрэеў, дырэктар кампаніі «ДЖЭТ ЛАБ»

Запатрабаванымі становяцца трэнажоры для АЭС, дзе інфармацыя выводзіцца на тач-панэлі (зробленыя, як зразумела, не з жалеза), якімі зручна карыстацца. На іх таксама можна мадэляваць любое абсталяванне і прасцей працаваць з рознымі сістэмамі розных аб’ектаў.

— Калі ў вас мяняецца нейкая прылада, то яе прасцей «адмаляваць» віртуальна на трэнажоры, чым замяняць фізічна. Усе панэлі і пульты можна змяшчаць якраз на тач-панэлях. Укараненне тач-панэляў як альтэрнатыўнай замены жалезных дазваляе павысіць якасць навучання, дадаць інавацыйны падыход у падрыхтоўку кадраў і сэканоміць грошы, — заўважыў спецыяліст.

Ствараюцца і аналітычныя трэнажоры для неатамнай энергетыкі. Спецыялісты паказалі адзін з іх на прыкладзе поўнафункцыянальнай матэматычнай мадэлі катлатурбіннага і электрычнага цэха для комплекснай падрыхтоўкі аператыўнага персаналу. Такое абсталяванне плануецца для ўкаранення на прадпрыемствах аб’яднання «Белэнерга» як комплексны падыход да павышэння кваліфікацыі персаналу, зніжэння верагоднасці аварый і змяншэння рызыкі памылкі персаналу.

— На ім мадэлюецца нармальны і аварыйны рэжым работы канкрэтнай станцыі ў рэжыме рэальнага часу. Пры гэтым выкарыстоўваюцца віртуальныя копіі шчытоў кіравання (усе прылады, рэгулятары, дэталі таксама віртуальныя). Прынцып распрацоўкі ўлічвае праблематыку і асаблівасці энергагаліны, бо ў стварэнні ўдзельнічаюць не толькі праграмісты і распрацоўшчыкі, але і тэхнолагі — спецыялісты з вопытам работы на энергааб’ектах. Валодаючы такім вопытам, мы можам мадэляваць практычна любое абсталяванне і любыя турбіны, а таксама розныя віды паліва: прыродны газ, мазут, дызель, цвёрдыя камунальныя адходы, біямасу, — падкрэсліў Сяргей Букрэеў. — Прадукт будзе сумесным і з цягам часу, магчыма, рушыць і на рынкі трэціх краін.

Лічбавыя двайнікі і школы мадэлявання

Работа лічбавых механізмаў і далейшае ўдасканаленне такіх прылад скіравана на дапамогу спецыялістам у штодзённай і складанай рабоце. З гэтай прычыны распаўсюджванне ў розных сферах набылі лічбавыя двайнікі, а таксама праграмныя комплексы, якія не толькі палягчаюць працу, але і павышаюць кваліфікацыю спецыялістаў. Гэта вельмі папулярны напрамак тэхналагічнага развіцця. Лічбавыя двайнікі маюць двухбаковую інфармацыйную сувязь з аб’ектам і могуць атрымліваць даныя з яго. Такія прылады дазваляюць выбраць аптымальны рэжым эксплуатацыі абсталявання, данастроіць яго.

У 2020-м кампанія «ДЖЭТ ЛАБ» распрацавала новы лічбавы прадукт CFE-класа — мадэльна-арыентаванае асяроддзе праектавання і матэматычнага мадэлявання REPEAT, які служыць для стварэння матэматычных мадэляў складаных аб’ектаў і працэсаў у энергетыцы, у тым ліку для стварэння лічбавых двайнікоў.

— Гэтае праграмнае забеспячэнне прызначана для інжынернага аналізу і інжынерных праекціровачных разлікаў. Яно дазваляе на сістэмным узроўні змадэліраваць паводзіны розных аб’ектаў і ўстановак і зрабіць неабходныя інжынерныя разлікі, — патлумачыў дырэктар «ДЖЭТ ЛАБ». — Гэта можа быць і электрамабіль, і аўто з класічнай энергаўстаноўкай або цеплавая ці атамная электрастанцыя. Іншымі словамі, перш чым перайсці да дэталёвых разлікаў на больш складаных праграмных комплексах, на сістэмным узроўні мы можам праверыць і ўзгадніць усе папярэднія патрабаванні, унесці змены і пасля вызначэння геаметрыі вузлоў і агрэгатаў працаваць далей. Гэта цалкам воблачны сэрвіс, які дазваляе рабіць разлікі з любога пункта свету анлайн.

Патрэба ў высакакласных спецыялістах, якія маглі б працаваць са складаным праграмным забеспячэннем, даволі складаным, выклікала стварэнне школ мадэлявання пры ВНУ, якіх цяпер у Расіі шэсць, расказалі спецыялісты.

Сёлета падчас энергетычнага форуму ў Мінску кампанія «ДЖЭТ ЛАБ» падпісала з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам Пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, навукі і інавацыйнай дзейнасці пры рэалізацыі сумесных праектаў.

Канстанцін Кірэенка, кіраўнік праекта групы па праектах «Новыя бізнесы»

— Летась мы аснасцілі Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк нашымі трэнажорамі (больш спрошчанымі версіямі, у якіх, аднак, прысутнічае праграмнае абсталяванне REPEAT), а каб рухацца далей і насыціць кадравы голад у нашай краіне і ў беларускіх арганізацыях, мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з БНТУ і падрыхтоўцы спецыялістаў, — падзяліўся Канстанцін Кірэенка, кіраўнік праекта групы па праектах «Новыя бізнесы». — Мы хочам наладзіць партнёрскія ўзаемасувязі і з БНТУ, і з БДУІР, а налета, магчыма, адкрыем школу мадэлявання і ў Беларусі.

Пры стварэнні расійскіх інавацыйных прадуктаў, дарэчы, частка спецпрылад заказваецца ў беларускіх вытворцаў, у прыватнасці, яны прысутнічаюць у трэнажорах, якія працуюць на БелАЭС. Усе прапановы беларускага боку адносна праграмнага забеспячэння таксама прымаюцца да ўвагі, запэўнілі спецыялісты.

У працяг далейшага развіцця беларуска-расійскіх адносін у лічбава-энергетычнай сферы вядуцца перагаворы па сумесным стварэнні трэнажораў для традыцыйнай генерацыі (станцый класічнай энергетыкі), а таксама ўкаранення тэхналогій для інжынернага аналізу (як для адукацыйнага працэсу ў ВНУ, так і на прадпрыемствах, якія вырабляюць складаную тэхналагічную прадукцыю).

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.