Вы тут

Наталля Качанава: «Якая краіна сёння — залежыць ад нас, якой ёй быць заўтра — вырашаць вам»


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з выхаванцамі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Спікер верхняй палаты расказала пра законатворчую дзейнасць, ролю СМІ і інтэрнэта, Маладзёжны парламент і праект «Цягнік памяці». Сувораўцаў цікавілі самыя розныя пытанні — ад колькасці моладзі ў парламенце ў будучым да хобі, распарадку дня і мары старшыні Савета Рэспублікі.


Фота: БелТА

Расказваючы пра дзейнасць Савета Рэспублікі, Наталля Качанава спынілася на рабоце экспертнага савета, на пасяджэннях якога сумесна са спецыялістамі разглядаюцца законапраекты. За два апошніх гады такім чынам разгледжана каля 300 дакументаў.

— Мы бачым, якая сітуацыя складваецца ў свеце. І разумеем, што войны, гарачыя кропкі, тое, што гінуць людзі, нацызм і фашызм падымаюць галаву, — гэта страшна. І ў нас былі гарачыя галовы, якія свастыкі выколваюць у якасці татуіровак, распаўсюджваюць у інтэрнэце адпаведныя ідэі. Гэта не наша, а навязанае нам. Мы павінны памятаць свае традыцыі і ўшаноўваць памяць тых людзей, якія аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць нашай краіны. Таму прымаліся законы аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму, аб генацыдзе беларускага народа, — распавяла старшыня Савета Рэспублікі.

Закранула Наталля Качанава і міжнародную дзейнасць верхняй палаты парламенту, расказаўшы пра супрацоўніцтва ў межах СНД, Саюзнай дзяржавы.

— Мы выязджаем і ў краіны дальняй дугі. Зусім нядаўна нашы прадстаўнікі выступалі ў ААН, дзе казалі пра неправамерныя дзеянні ў адносінах да нашай краіны. Тое, што адбываецца сёння ў свеце, не можа нас не насцярожваць, мы абураны гэтым. І як члены Савета рэспублікі накіроўваем у міжнародныя арганізацыі заявы, каб нас чулі. Заўсёды запрашаем: прыедзьце у нашу краіну, паглядзіце, як жывуць людзі. І тыя, хто прыязджае, у захапленні ад нашай краіны. А за мяжой ідзе зусім іншая прапаганда, — дадала Наталля Качанава.

Расказваючы пра маладзёжную палітыку ў нашай краіне, спікер Савета Рэспублікі нагадала, што сенатары былі ініцыятарамі ўнясення ў новую Канстытуцыю асобнага артыкула, які датычыцца моладзі.

— Якая наша краіна сёння, залежыць ад нас, якой яна будзе заўтра — вырашаць вам. Мы робім усё, каб перадаць вам мірную, прыгожую, дагледжаную краіну, з добрымі магчымасцямі для кожнага. А вы павінны зрабіць усё, каб яе захаваць. Бо гэта вялікае шчасце — жыць у сувярэннай незалежнай краіне, на сваёй зямлі.

Наталля Качанава расказала сувораўцам пра слаўныя традыцыі кадэцкага вучылішча ў яе родным горадзе, Полацку, калектыў якога зусім нядаўна ўдастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне».

— Я ганаруся, што ў маім родным горадзе ёсць такое вучылішча. Мы рады, што такая ўвага надаецца сёння падрастаючаму пакаленню ў ваенных вучылішчах, патрыятычных клубах і з боку Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны, МНС.

Адказна займацца сваёй справай — задача кожнага ў нашай краіне, падкрэсліла Наталля Качанава.

— Наша задача — зрабіць усё, каб захаваць мір і спакой у нашай краіне, каб дзейныя законы былі правільнымі, актуальнымі, каб людзі адчувалі справядлівыя адносіны да сябе. Ганарыцца нам ёсць чым, бо краіна наша выдатная. Паездзіўшы па розных рэгіёнах, я пераканалася ў гэтым. А ўся справа ў кожным з нас. Добра працуе доктар — ты да яго прыйдзеш і парадуешся. Добра выкладае настаўнік — задаволены і дзеці, і бацькі. Таму кожны павінен займацца сваёй справай сумленна і адказна. І мы павінны быць адзінымі ў імкненні захаваць сваю краіну, зрабіць яе лепш і прыгажэй, каб тым, хто прыйдзе за намі, было камфортна на сваёй роднай зямлі.

Далей удзельнікі сустрэчы задалі свае пытанні, Наталля Качанава шчыра адказала на ўсе. У прыватнасці, адзін з сувораўцаў пацікавіўся хобі старшыні Савета Рэспублікі. Наталля Качанава расказала, што вольнага часу ў яе графіку цяпер няшмат. Аднак у вольную палову суботы яна абавязкова наведвае басейн — любоў да спорту і актыўнага ладу жыцця засталася з маладосці. А ў нядзелю абавязкова сустракаецца з дзецьмі і ўнукамі і любіць пачытаць.

— Атрымліваецца, што хобі — мая работа. Я прыходжу рана і позна сыходжу. Але мне так камфортна, і я так шмат гадоў працую.

Выхаванцы сувораўскага вучылішча пацікавіліся, якую кнігу павінен прачытаць кожны падлетак. Спікер Савета Рэспублікі параіла чытаць класічныя творы, адзначыўшы, што ў кожным узросце адзін і той жа твор успрымаецца па-рознаму.

— Нядаўна перачытала «Яўгена Анегіна» — там рэчы, якія і сёння для нас актуальны, у прыватнасці тое, як дакладна паказана чалавечая натура. Класіку трэба чытаць, гэта ваша адукаванасць. Калі сёння за мяжой знішчаюць помнікі Пушкіну, Лермантаву, гэта паказвае найперш іх недальнабачнасць. Я вось цяпер чытаю кнігу «Леў Талстой: Бегства з рая». Вялікіх пісьменнікаў і паэтаў неабходна ведаць. На вашым месцы я б пачытала і «Маладую гвардыю», — параіла Наталля Качанава.

Напрыканцы сустрэчы сувараўцы пацікавіліся, аб чым марыць спікер Савета Рэспублікі.

— Мір у нашай краіне. Калі ёсць мір, тады можна думаць пра будучыню, будаваць планы. Таму, хлопцы, захоўвайце мір у нашай краіне, — адказала Наталля Качанава. 

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.