Вы тут

Дар’я Гаражанка: Я не ў поўнай меры ўяўляла, што такое «Вялікая опера»


Яе імя стала шырока гучаць у музычных колах за межамі Беларусі ў сувязі з удзелам у тэлевізійным праекце «Вялікая опера». Але гледачы Вялікага тэатра Беларусі знаходзяцца ў больш выгадным становішчы: могуць слухаць мецца-сапрана Дар’і ў шэрагу спектакляў, а таксама ў канцэртах — маладая салістка звярнула на сябе ўвагу і цяпер даволі запатрабаваная. У яе ўжо ёсць калекцыя вобразаў у тэатры — і гэта менавіта той варыянт вялікай оперы, якая варта ўсяго жыцця...


— Калі дзяўчынка разумее, што ў яе ёсць голас, яна, відаць, марыць стаць зоркай. І мала хто, напэўна, марыць аб оперным тэатры…

— Я нават не марыла, а проста ведала, што не магу не спяваць. У самым раннім дзяцінстве думала, што буду эстраднай спявачкай. Але маці ў нейкі момант сказала, што трэба быць добрым музыкам, атрымаць спецыяльную адукацыю і паступаць у музычнае вучылішча. А калі пачала вучыцца, мяне гэта ўсё зацягнула. Мой педагог Вольга Аляксандраўна Косарава дала столькі ведаў і навыкаў, што я зразумела: мяне гэта цікавіць больш, чым эстрада. Потым пераканалася, што мне бліжэй тэатральная сцэна, бо спектаклі даюцца нават лягчэй, чым сольныя выступленні.

— Ваша мама мае дачыненне да музыкі?

— Яна іграла на фартэпіяна, але з-за аварыі яе музычная кар’ера не склалася. Але яна скончыла інстытут культуры (харавое дырыжыраванне) і была музычным работнікам — спачатку ў дзіцячым садку, потым працавала ў школе настаўнікам музыкі, потым завучам па эстэтычным выхаванні, выкладала сусветную мастацкую культуру. Яна музычны і творчы чалавек. Ходзіць на спектаклі і выказвае мне свае заўвагі — адчувае інтуітыўна, што ўдалося, а што не вельмі, на яе погляд. Тата таксама можа выказаць сваё меркаванне, але ён не звязаны з музыкай увогуле. Я на працягу ўсёй сваёй вучобы назірала за яго музычнай эвалюцыяй ад «нічога не зразумеў» да жадання выказаць сваё аргументаванае меркаванне. Опера — складаны жанр, які патрабуе часу і жадання прымушаць свой мозг напружвацца. Чым больш слухаеш — тым лепш фарміруецца разуменне. Яшчэ я лічу, што абавязкова трэба слухаць добрых спевакоў.

— А калі вы адчулі, што ваша месца на опернай сцэне?

— Калі я вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі, то нейкія партыі ўжо спявала ў опернай студыі. І калі прыйшла ў Вялікі тэатр Беларусі, то ў мяне ўжо былі гатовыя партыі, напрыклад, Вольга ў «Яўгеніі Анегіне», Флора ў «Травіяце», Лаура ў «Іаланце». Гэтыя тры партыі я выконвала на сцэне Вялікай залы кансерваторыі ў Маскве. Рыхтавала тады і Любашу на дзяржэкзамен, але здарыўся ковід і па-іншаму склаліся абставіны, таму не так даўно ў мяне адбылася прэм’ера ў «Царскай нявесце». У тэатр я прыйшла ўжо з багажом — партыямі, якія спявала раней. А цяпер у мяне іх каля 10. Іду ад малога да вялікага, паступова паглыбляюся ў працу і развіваюся.

— У вас вельмі розныя вобразы. Якія гераіні вам бліжэй?

— На мой погляд, жаночая натура настолькі шматгранная, што кожны вобраз у той ці іншай ступені адгукаецца ўва мне. У кожнай з нас ёсць крыху Таццяны, і трошкі Вольгі, і ракавой жанчыны Кармэн, і зладзейкі Любашы, і халоднай Снежнай Каралевы... Таму больш за ўсё мне падабаецца займацца пошукам фарбаў і ў голасе, і ў характары. Нешта мне даецца больш складана. Напрыклад, рыхтавала партыю Снежнай Каралевы. У мяне дастаткова цёплы тэмбр, мяккі, агрэсіўнасць майму голасу не ўласцівая. Але так ці інакш я ўмею злавацца, і трэба гэта ў сабе знайсці і вынесці на сцэну, каб гэта адчулі гледачы. Гэты пошук мяне вельмі захапляе.

Даводзіцца працаваць над сабой, бо не бывае двух аднолькавых спектакляў. І кожны раз я ў сабе адкрываю нешта новае. Напрыклад, у партыі Снежнай Каралевы зразумела, што да асаблівасцяў майго музычнага выканання можна падключыць ідэю, што гераіня не з самага пачатку халодная, а гіпнатызуе і прыцягвае Кая, таму ён ідзе за ёй. Гэта можа быць такая хітрасць, каб апраўдаць мой цёплы тэмбр. Кожная роля — нагода падумаць пра адпаведнасць выканання характару героя.

— Вы цяпер пагаджаецеся спяваць усё, што прапануюць?

— Як маладая артыстка я не адмаўляюся ні ад чаго. Мне вельмі цікава паспрабаваць усё. Было што спрабавала пазмагацца з партыяй Разіны. Але зразумела, што альбо я спяваю рэпертуар тыпу Канчакоўны, альбо спяваю рухомы высокі рэпертуар. Таму што быць усёеднай немагчыма, інакш доўга не праспяваеш. У выніку я засталася на тым, што бліжэй маёй прыродзе, што даецца лягчэй. Каларатуры і лішняй вялікай рухомасці ў маім голасе няма, але я гэта развіваю. Ад кожнай партыі бяру нешта, вакальна расту і знаходжу новыя фарбы і ўдасканальваю тэхнічныя моманты.

— Раіцеся з педагогамі?

— Я падтрымліваю сувязь з Касрашвілі Маквалай Філімонаўнай, якая была маім выкладчыкам у Маскоўскай кансерваторыі. І з Вольгай Аляксандраўнай тут займаюся. Яна прыходзіць на ўсе спектаклі і прэм’еры, мы абмяркоўваем, вядзём работу над памылкамі. Канешне, каб доўга і добра спяваць, заўсёды павінна быць вуха, якое цябе кантралюе збоку. Мы з маім педагогам супадаем. Ва ўяўленні пра эталоннае гучанне важна мець такога педагога і канцэртмайстра — у гэтым вельмі дапамагае Настасся Дубоўская. Мы з ёй аднолькава глядзім на музыку, і яна ўмее сказаць так, каб я зразумела. Каб адчула, дзе і як павінен нарадзіцца гук, які неабходны.

— Для вас больш важна праспяваць партыю тэхнічна бездакорна ці ўпісацца ў вобраз спектакля?

— Рэжысёры даюць сваё бачанне, але я, напэўна, унутрана сама дадаю, што адчуваю. Нават калі ў нас розныя склады, напрыклад, на адной ролі два ці тры выканаўцы, цудоўна менавіта тое, што мы ўсе розныя, творчыя індывідуальнасці. Глядач можа схадзіць на тры розныя склады і атрымаць розныя адчуванні ад аднаго і таго ж спектакля. Ёсць над чым падумаць, бо кожны саліст дадае нешта сваё ў развіццё, у вобразы і думкі, закладзеныя ў твор.

Тэхнічную работу я ўсё ж раблю ў класе і стараюся спяваць так, каб выходзячы на сцэну пра гэта не думаць. Вобраз адкрываецца, калі ты ў яго паглыбляешся, і дае фарбы той самай тэхніцы — адно без другога існаваць не можа. Я імкнуся да таго, каб быў добры сінтэз. Але часам бывае, што эмоцыі захлістваюць. Трэба ўмець трымаць сябе ў руках, глядзець на дырыжора і кантраляваць, што ты спяваеш, думаць, што павінна быць далей, дзе партнёры, якая мізансцэна... Вельмі шмат задач адначасова.

— Партнёраў шмат, і калектыў у тэатры вялікі, трэба ў яго ўпісвацца. Як прымаюць маладых артыстаў?

— Вельмі ўдзячная сваім калегам за мікраклімат і атмасферу ў тэатры, адчуваю сябе цалкам камфортна. Ёсць асаблівасць работы ў тэатры. У нейкіх няпростых рабочых момантах трэба быць эмацыянальна ўстойлівай. Думка, што я прыйшла працаваць у Вялікі тэатр, шмат што ў душы расстаўляе па месцах. Але бывае і роўна наадварот, часам кажу сабе: ты ведала, куды ідзеш. Бо ўсе людзі розныя, а ўсе артысты яшчэ і вельмі эмацыянальныя. І ў гэтым хараство, бо ў кожнага свой шлях у прафесіі.

— Вы абралі шлях, каб быць у тэатры, але спяваеце канцэрты. Што прасцей вытрымаць: спектакль ці канцэрт?

— Напэўна, мне маральна прасцей вытрымаць спектакль. Я адключаюся і гледачоў не бачу, не думаю пра іх. Паглыбляюся ў тыя абставіны, якія абумоўлены дзеяннем, але звяраюся з дырыжорам, паглядаю на яго. Думаю пра вобраз, пра ролю і пра спевы. Калі выходжу ў канцэрце, то, канешне, таксама спрабую падстроіцца, але мне гэта даецца больш складана: я на сцэне адна, усе глядзяць на мяне, я магу бачыць іх вочы…

— Як вырашаеце, што выконваць у канцэртах?

— Ёсць тое, што я магу і хачу выконваць, але не адмаўляюся спяваць тое, з чым запрашаюць, калі гэтая музыка ў мяне ў рэпертуары. У мяне ёсць вывучаная праграма, якую мне вельмі хацелася б выконваць. Але яна можа не ўпісвацца ў канцэпцыю рэжысёра. Ці гэта занадта складаная музыка для ўспрымання простага слухача, калі гаворка, напрыклад, аб выязных канцэртах. Але лічу, што часам трэба ісці на рызыку: людзі гэтага ніколі не чулі, яны могуць для сябе адкрыць нешта новае ў музыцы. Трэба ж гледача развіваць, а не даваць яму толькі папсу. Нас часам можа зачапіць дзіўная мелодыя, і ты для сябе адкрываеш тое, што раней ніколі не чуў: а што гэта гучыць? а хто напісаў? які персанаж?.. Пачынаеш шукаць, чытаць, больш даведвацца. Так яно працуе ва ўсіх. Бо бывае, што часам нейкі нумар падчас канцэрта стрэліць зусім нечакана.

— Ці дапамог вам нешта адкрыць удзел у праекце «Вялікая опера»?

— Гэта тэлебачанне, тэлепраект, які пабудаваны па канонах шоу. Я да гэтага была гатовая, але, мабыць, не ў поўнай меры ўяўляла, што такое «Вялікая опера». Яшчэ больш упэўнілася: тое, чым займаюся, вельмі суб’ектыўнае мастацтва. Гэта не спорт, у якім ёсць адзін пераможца. Як аднаму чалавеку могуць падабацца ў артысце нейкія якасці, так роўна гэтыя ж якасці іншаму не спадабаюцца. Таму для сябе вырашыла, што да гэтага трэба ставіцца па-філасофску, бо ўсім не спадабаешся.

Шоу пабудавана на тым, што ёсць канкрэтная праграма: італьянская опера, руская, дуэт, аперэта, арыі з опер Вердзі, рамансы Рахманінава, неапалітанская песня і прысвячэнне вялікім спевакам. Няма такіх універсальных артыстаў, якія маглі б быць добрыя ва ўсім. Але гэта цікава. Гэта новы досвед, праверка на трываласць — маральную і фізічную. Здаецца, мне цяпер не страшна наогул нічога.

— Вы згадалі аб праграме, прысвечанай вялікім спевакам. Каго выбралі?

— Для мяне абсалютным эталонам мецца-сапрана з’яўляецца Алена Васільеўна Абразцова. І па чалавечых адчуваннях для мяне яна ўвасабленне ідэалу.

— Звычайна ўсе думаюць, што оперны артыст — гэта перш за ўсё голас…

— На мой погляд, вельмі важна заўсёды заставацца чалавекам. Трэба быць добрым, але і моцным, каб выжыць. Умець не даваць сябе крыўдзіць, пры гэтым не пакрыўдзіўшы іншых.

— Напэўна, на «Вялікай оперы» ў вас з’явіліся новыя знаёмыя, і гэта можа быць карысна для далейшай працы ці супрацоўніцтва…

— Мне вельмі хацелася б, і было б цікава, але пакуль прапаноў не было. Для мяне вынік у тым, што я гэта перажыла. А далей не загадваю. Думаю, што трэба сапраўды рабіць сваю справу, а вынікі ў любым выпадку цябе знойдуць. Можа быць, не ў такой кароткатэрміновай перспектыве.

— З якім адчуваннем пасля праекта вярталіся ў тэатр?

— Мне было вельмі цяжка вяртацца. Я прыехала, і якраз пачаўся сезон. Усе пыталі: як? А я нічога не магла расказаць раней часу. Цяжка перажывала, цяпер ужо нейкія заўвагі здаюцца не зусім справядлівымі. І законы жанру дыктуюць умовы: нехта павінен выбываць кожны выпуск. Мы былі ў няпростых умовах, калі ад чакання здымкаў выгараюць нервы. Але тэлеглядач, на жаль, успрымае такога роду шоу і меркаванне журы ісцінай у апошняй інстанцыі. Таму што тэлепраект — гэта тут і цяпер. А потым будзе новы сезон і новыя героі.

У тэатры, наадварот, кожны можа сфарміраваць сваё меркаванне аб артысце. Гледачы могуць звярнуць увагу на маладога выканаўцу, зацікаўленыя гледачы адзначаць дынаміку, з разуменнем таго, што творчае жыццё — не на адзін сезон, што гэта лёс, які патрабуе ад артыстаў пастаяннай работы над сабой. Яны ацэняць, калі ты быў пераканаўчы, гэта заўсёды адчуваецца на паклонах. Часам пастаянныя гледачы дораць мне кветкі.

— Гледачы бываюць з розным узроўнем падрыхтоўкі. Якая публіка для вас больш зручная? Ці ходзяць не оперныя сябры на вашы спектаклі?

— Цікава спяваць для больш дасведчаных слухачоў. Ты стараешся як на іспыце, але ў гэтым і складанасць. Іншыя гледачы прабачаць нейкія агрэхі. Але ў гэтым як плюс, так і мінус. Хацелася б расці прафесійна, не даючы сабе ніякіх паслабленняў.

Так, сябры прыходзяць паслухаць. Атрымліваецца, што людзі, якія не звязаныя з музыкай, упершыню ў жыцці прыйшлі ў Вялікі тэатр толькі таму, што я тут працую. Для мяне гэта перамога: прывяла сюды гледача і адкрыла яму гэты жанр. Але аднойчы мне сказалі, што не разумеюць, чаму я гэтым займаюся: опера адбірае ўвесь час, для сябе яго не застаецца. Кажу: ёсць панядзелак, каб прывесці сябе ў парадак... Нездарма гавораць, што ў тэатры служаць. Або ты аддаешся яму цалкам, або не трэба напружвацца. І людзі, якія побач, павінны гэта разумець.

Вядома, на адным энтузіязме доўга не працягнеш, моладзь павінна быць зацікаўлена тут працаваць, бачыць перспектыву для жыцця свайго і сям’і, у каго яна ёсць. Пакуль у мяне нікога няма, я жыву ў тэатры. Рада, што мяне запрашаюць у значныя мерапрыемствы: згаджаюся на ўсё, хоць мяне некаторыя за гэта крытыкуюць. Але мне хочацца і на адпачынак зарабіць, і на рамонт у кватэры, дзе мы жывём з бацькамі. Гляджу на ўсё пазітыўна. Удзячная за магчымасць паказаць сябе і за тое, што мае намаганні не застаюцца незаўважанымі як на ўзроўні кіраўніцтва тэатра, так і на ўзроўні краіны. Таму што шмат залежыць менавіта ад мяне.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.