Вы тут

Жыхары Камянецкага раёна нясуць крыжы да дрэва, пад якім, паводле легенды, вясковай дзяўчынцы явілася Божая Маці


Менавіта яна, гаротная сірата, пасвіла неяк чужых авечак на пагорку. Неба зацягнулася хмарамі, грымнула страшная навальніца. Дзіця схавалася пад дзікую грушку, што расла ў полі. Ды галіны дрэва не закрылі небараку ад халоднага дажджу. Малая пастушка прамокла, скалела, і такая журба яе агарнула, што стала яна горка плакаць, маліцца Святой Багародзіцы, расказваць пра сваю горкую сірочую долю. Тады і з’явілася беднай сіраце Божая Маці, каб суцешыць яе і прадказаць шчаслівае жыццё. Да таго ж, ад нараджэння Параска кепска бачыла, а тут ёй вярнуўся зрок. Было гэта недзе ў 1899-1900 гадах.


Надзея Карпук

Дзяўчынка прыбегла ў вёску ўзрадаваная, прасветленая, расказала людзям пра тое, што здарылася, і ёй паверылі. Вяскоўцы пацягнуліся да дзічкі, і неўзабаве там сталі адбывацца цуды. Ёсць шмат гісторый на гэты конт. Расказвалі, напрыклад, пра маленькага хлопчыка, які да трох гадоў не хадзіў, яго прынесла маці да грушкі, доўга і горача малілася. А калі, стомленая, сабралася ісці дадому, паклікала сына залазіць на плечы, ён сказаў, што сам пойдзе. І пайшоў ножкамі. Пра другую жанчыну казалі, што яна несла крыж да грушы аж ад самай вёскі, рукамі выкапала пад яго яму, замацавала крыж, малілася пад ім, і дачка яе выздаравела.

Барацьба з Грушкай і яе шанаванне

Пагалоска пра цудоўную грушку пайшла па ўсёй ваколіцы, а мясціну сталі называць Грушкай альбо Святой Грушкай. Людзі неслі крыжы і маліліся за сваіх родных, якія хварэлі. Калі пачалося масавае паломніцтва, станавы прыстаў распарадзіўся ссекчы грушу, але людзі не далі. Больш за тое, грамада вырашыла сабраць грошы і паставіць побач царкву. Ужо і будаўнічы матэрыял падрыхтавалі, ды здарылася Першая сусветная вайна. Дрэва тым часам расло, убіралася ў сілу. Але за польскім часам нехта выкупіў зямлю побач і ўсё ж такі зрэзаў грушу. Толькі яна зноў узрасла на тым жа месцы.

Людзі палічылі, што гэта знак. І перад самай вайною, у пачатку 40-х, ва ўрочышчы Грушка была ўзведзена драўляная капліца на каменным падмурку. У Надзеі Іванаўны, як дарагая рэліквія, захоўваецца здымак таго часу. Тады тэрыторыю святога месца ўпершыню абнеслі агароджай. Пад грушай устанавілі абраз Успення Прасвятой Багародзіцы. У той час недзе дзве трэці абгароджанай плошчы было занята крыжамі. А ў дзень Успення Прасвятой Багародзіцы (28 жніўня) да святога месца здзяйсняліся масавыя шэсці. Людзі пакланяліся Божай Маці, прасілі заступніцтва і благаславення. А на крыжах былі занатаваны даты іх устаноўкі — пачынаючы з 1910 да 1953 года.

Але ў 50-я гады ва ўлады дайшлі рукі і да Грушкі. У архівах знайшоўся дакумент за 1960 год, у якім упаўнаважаны па справах рэлігіі па Брэсцкай вобласці рапартаваў: «Праведзеная значная работа па ліквідацыі так званых „святых месцаў“ — „Грушка“ Высокаўскага раёна (цяпер Камянецкі раён. — Аўт.) і іншыя, куды раней здзяйсняліся паломніцтвы вернікаў».

Надзея Іванаўна добра памятае той дзень, што стаў трагедыяй для ўсёй вёскі. На досвітку яна, 15-гадовая, выбегла з хаты, і ўбачыла на гары пад грушай людзей, тэхніку. Вярнулася, сказала бацьку. Той хуценька сеў на матацыкл і паехаў ва ўрочышча. А там ужо стаялі салдаты, міліцыя, месца ачапілі. Улічылі папярэдні вопыт, калі хацелі знесці Грушку мясцовымі сіламі, а жанчыны наляцелі з граблямі, віламі ды разагналі брыгаду.

На гэты раз падрыхтаваліся грунтоўна. У сем гадзін раніцы пачалі і да дванаццаці дня не засталося ні грушы, ні капліцы, ні крыжоў. Зямлю аддалі пад ворыва, пасеялі сельгаскультуру. Але што цікава, тутэйшыя трактарысты ніколі не аралі зямлю, дзе расла груша. У кожнага ж былі жонка, маці, якія строга наказвалі зямлю ў тым месцы не чапаць. І праз некалькі гадоў дрэўца зноў адрасло са старога карэння. Людзі, як і раней, панеслі крыжы, пайшлі з малітвамі да Грушкі. З часам на ранейшым месцы з’явілася каля дзвюх соцень крыжоў.

Чарговая ліквідацыя прайшла 9 чэрвеня 1980 года. Частку крыжоў адправілі на паліва ў мясцовыя школу і бальніцу, другую частку адвезлі ў лес і кінулі там. А ў вёсцы сталі заўважаць, што тыя, хто займаўся знішчэннем святога месца, сталі паміраць заўчасна: адзін на балоце загінуў, другі ў калодзеж упаў, трэці наогул рукі на сябе налажыў.

Гісторыя славутасці

Але грушка і на гэты раз вырасла, і людзі зноў пайшлі да яе. 

І цяпер ва ўрочышчы Святая Грушка стаяць сотні крыжоў. Іх устанаўліваюць ад свайго імя, нават ад імя прадпрыемстваў і арганізацый, павязваюць рознакаляровымі стужкамі. У 2012 годзе побач з вядомым дрэвам была пабудавана і асвечана невялікая царква. Кожны год, 27 жніўня, напярэдадні Успення Прасвятой Багародзіцы, сюды прыязджаюць святары, служаць малебен. З усіх навакольных вёсак ідуць паломнікі, каб папрасіць у Божай Маці здароўя і заступніцтва, працягнуць традыцыю шанавання месца, дзе Яна з’явілася дзіцяці.

Устанавіўся звычай рыхтаваць трапезу да свята. У гэты дзень гаспадыні прыносяць з сабой розныя стравы, пасля набажэнства накрываюць сталы, і кожны паломнік можа падсілкавацца, перш чым накіравацца дадому. Калі яшчэ сталоў не было, то слалі на зямлі абрусы доўгай паласой і перакусвалі такім чынам. Цяпер усё робіцца больш культурна і цывілізавана. Традыцыю шанавання Грушкі ўсебакова вывучылі работнікі аддзела культуры Камянецкага райвыканкама, прадставілі дакументы ў адпаведны савет пры Міністэрстве культуры. Некалькі гадоў таму «Традыцыя паломніцтва і пакланення «Грушка» была ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны.

...А грушка стаіць прыбраная, нібы тая нявеста. У любую пару яна расквечана яркімі стужкамі, касынкамі з бантамі. Тэрыторыя вакол добраўпарадкаваная, пакладзена плітка, пастаўлена агароджа. У свой час унёсак зрабілі мясцовы калгас, прыхаджане са святаром, грошы ахвяроўвалі землякі. Парадак падтрымліваюць актывісты на чале з Надзеяй Карпук. Тут ёсць і абразы, перад якімі моляцца вернікі. Кажуць, што адна з ікон засталася з самай першай капліцы.

— Можна пачуць меркаванне, што, маўляў, трэцяя па ліку грушка не мае сілы той, самай першай, пад якой здараліся цуды, — разважае Надзея Карпук. — Але справа не ў дрэве, а ў моцнай веры людзей, якая асаблівым чынам праявілася ў гэтым месцы, куды прыходзілі маліцца некалькі пакаленняў нашых аднавяскоўцаў. Гэта месца асаблівае. Яно каштоўнае як сваёй святасцю, так і шанаваннем даўняй традыцыі. Нездарма ж яго параўноўваюць з польскай Грабаркай. Для мяне, маіх дзяцей, унукаў ды іншых нашых аднавяскоўцаў Грушка яшчэ і як памяць пра нашу былую вёску. Адносна нядаўна гэта быў вялікі населены пункт з насельніцтвам 675 чалавек. У Бушмічах працавалі сельсавет, калгас, школа, клуб, бібліятэка, ФАП, аддзяленне сувязі. 

З часам, калі гаспадарку далучылі да другой, жыццё стала сыходзіць адсюль. Цяпер у вёсцы пражывае літаральна два дзясяткі чалавек, няма ніводнай грамадскай установы. Цяпер Грушка — наша галоўная славутасць.

З Надзеяй Карпук мы наведвалі Грушку прыгожым кастрычніцкім днём, калі ярка свяціла сонца, а лісты на дрэве былі яшчэ не жоўтыя, а спрэс зялёныя. Паводле слоў Надзеі Іванаўны, Грушка прыгожая заўсёды. Нават цяпер, калі снежаньскі туман даеў апошні снег, што выпаў на пачатку зімы, сама груша радуе вока сваім стракатым рукатворным убраннем. Да яе не зарастае сцяжына. Людзі ідуць у любую пару года, бо прасіць у Божай Маці заступніцтва ёсць нагода заўсёды.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Камянецкі раён

Загаловак у газеце: Грушка, што пакідае надзею

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.