Вы тут

Гарадок адзначыў 80-годдзе са дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


У апошнія снежаньскія дні горад Гарадок адзначыў 80-годдзе са дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Раённы цэнтр знаходзіўся ў акупацыі з 9 ліпеня 1941 года да 24 снежня 1943 года. За гэты час германскія войскі амаль цалкам разбурылі горад. Тут дзейнічаў лагер смерці, у якім загінулі 2,5 тысячы чалавек.


Фота: БелТА

Вызваленне ад фашысцкага прыгнёту прынеслі савецкія войскі 11-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Гарадоцкая наступальная аперацыя была адной з самых падчас прасоўвання Чырвонай Арміі на захад. Гарадок быў вызвалены савецкай арміяй 24 снежня 1943 года падчас начнога штурму, і гэта дата дагэтуль з’яўляецца для мясцовых жыхароў адной з самых важных у гісторыі.

Ушанаваць памяць герояў, якія мужна змагаліся з ворагам дзеля вызвалення Гарадоччыны, сабраліся кіраўніцтва Віцебскай вобласці і раёна, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Арменіі ў Беларусі Размік Хумаран, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ўстаноў. Прыехаў у Гарадок і ўнук праслаўленага палкаводца Івана Баграмяна, які кіраваў сіламі 1-га Прыбалтыйскага фронту, — Іван Баграмян.

Адпраўной кропкай маршрута памяці ў гэты дзень па добрай традыцыі стаў помнік-бюст двойчы Герою Савецкага Саюза маршалу Івану Баграмяну. Менавіта аперацыя па вызваленні Гарадоцкага раёна стала першай у ваеннай біяграфіі палкаводца ў якасці камандуючага фронтам.

«80 гадоў таму была праведзена наступальная аперацыя правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем генерала арміі Івана Баграмяна, якая прывяла да вызвалення мястэчка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для генерала арміі Івана Баграмяна Гарадоцкая аперацыя была першай буйной аперацыяй, у якой ён дзейнічаў у рангу камандуючага войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Гэта ўмова вызначыла імкненне да актыўных наступальных дзеянняў, якое выявілася ў яго рашэннях. Мой дзед асабліва цаніў Гарадоцкую аперацыю, якая пачалася 13 снежня 1943 года і працягвалася да самага Новага года, да 31 снежня. Вырашальную бітву за Гарадок правялі 23 снежня, а 24 снежня ў гонар вызвалення Гарадка ў Маскве быў выпушчаны артылерыйскі салют», — расказаў унук палкаводца Іван Баграмян і ад імя сваёй сям’і выказаў удзячнасць кіраўніцтву Віцебскай вобласці і гораду за тое, што памяць пра вялікага палкаводца беражліва захоўваюць. Мужчына падкрэсліў, што ён, як і яго дзед, лічыць: адным з самых галоўных для перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне фактараў было тое, што ўвесь савецкі народ дзейнічаў як адзіны кулак, не дзелячыся на нацыянальнасці.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Арменіі ў Беларусі Размік Хумаран адзначыў, што армяне асабліва ганарацца тым, што ў вытокаў Перамогі стаяў іх суайчыннік, чалавек з вялікай літары Іван Хрыстафоравіч Баграмян. «Па розных падліках за нашу краіну плячом да пляча змагаліся ад 55 да 60 тысяч маіх суайчыннікаў. З іх не менш за 10 тысяч навечна засталіся ў вашай зямлі, 15 сыноў армянскага народа былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза за вызваленне Беларусі. Прыемна, што памяць аб Іване Баграмяне, імя якога залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю, шануюць і дагэтуль. З гэтага пункту гледжання асабліва вылучаецца Віцебшчына. Акрамя бюста Баграмяну і вуліцы, названай у яго гонар у мястэчку, яго імя носіць школа № 46 Віцебска, дзе летась адбылося ўрачыстае адкрыццё манументальнай кампазіцыі „Маршал Баграмян і Беларусь“, якая адлюстроўвае ўзаемную духоўную сувязь Баграмяна з беларускім народам», — падкрэсліў пасол.

Падчас мітынгу на цэнтральнай плошчы Гарадка старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін павіншаваў жыхароў і гасцей райцэнтра з важнай датай. «Жыхары Гарадоцкага раёна ўнеслі дастойны ўклад у Вялікую Перамогу. Разам з усёй краінай яны мужна змагаліся з ворагам, будучы ў дзеючай арміі, партызанскіх злучэннях, самааддана працавалі ў тыле, пасля вызвалення рэгіёна. Восем вашых землякоў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, двое сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы, больш за шэсць тысяч узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі», — адзначыў кіраўнік вобласці.

На святкаванні 80-й гадавіны вызвалення Гарадка і Гарадоцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін і старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына Палякова ўрачыста адкрылі ўнікальны электронны інфакіёск «Аўтаматызаваная база даных «Кніга „Памяць“ Гарадоцкага раёна», які не мае аналагаў у Беларусі. Ён усталяваны каля брамы мемарыяльнага комплексу «Неўміручасць», у банк дадзеных інфакіёска ўнесены электронныя спісы і інфармацыя аб месцы знаходжання ўсіх воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр вайны на тэрыторыі Гарадоцкага раёна, а таксама спісы пахаваных на іх воінаў і мірных жыхароў. Электронны рэсурс змяшчае інфармацыю аб земляках, загінуўшых і без вестак зніклых у гады Вялікай Айчыннай вайны, звесткі аб героях з апісаннем іх подзвігаў і копіямі архіўных дакументаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.