Вы тут

Наталля Качанава падвяла вынікі работы экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі


Пад старшынствам спікера Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай адбылося чарговае пасяджэнне экспертнага савета пры верхняй палаце парламента. Як вядома, у такіх сустрэчах удзельнічаюць не толькі члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі і прадстаўнікі дзяржорганаў, але і шматлікія эксперты ў пэўных галінах. Усе законапраекты праходзяць дэталёвае абмеркаванне на экспертных саветах перад тым, як яны ўносяцца на разгляд кіраўніка дзяржавы.


Фота БелТА

Трэба сказаць, што экспертны савет пры Савеце Рэспублікі быў створаны па даручэнні Прэзідэнта краіны ў чэрвені 2021 года. З таго часу ён максімальна задзейнічаны ў працэсе заканатворчасці. Гэта свайго роду «фільтр» важных для краіны заканадаўчых рашэнняў. Нарматыўныя дакументы разглядаюцца вельмі пільна, і падчас абмеркавання па кожным вядзецца дыскусія сенатараў, прадстаўнікоў дзяржорганаў, экспертаў і іншых зацікаўленых.

Гэта дае магчымасць на ранніх стадыях нарматворчага працэсу выявіць як пазітыўныя, так і негатыўныя наступствы прыняцця тых ці іншых законаў і наступнага іх практычнага прымянення. Незалежная экспертная ацэнка запатрабаванасці нарматворчых навацый набыла асаблівую актуальнасць ва ўмовах канстытуцыйнай рэформы, якая праводзілася, а таксама неабходнасці адэкватнага адказу на новыя выклікі і пагрозы.

У цэлым жа дзейнасць экспертнага савета садзейнічае павышэнню якасці і абгрунтаванасці канкрэтных прававых рашэнняў. У апошнія дні 2023 года чарговы экспертны савет стаў своеасаблівым падвядзеннем вынікаў гэтай работы.

— За двухгадовы перыяд работы мы правялі 114 пасяджэнняў, разгледзелі 230 дакументаў. З іх толькі 28% былі падтрыманы адразу. Астатнія былі з заўвагамі, а 14% мы ўвогуле не падтрымалі. Работа праведзена і вядзецца сур’ёзная, і я шчыра ўдзячная удзельнікам, бо гэта дадатковая праца да той, якой вы займаецеся на сваіх працоўных месцах, — адзначыла Наталля Качанава, звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння. — Але мы разумеем, што гэта патрэбна для краіны, для нашага народа, бо Прэзідэнт нас заўсёды нацэльвае на тое, што ўсе рашэнні, якія прымаюцца, мусяць быць на карысць дзяржавы і людзей. Калі пэўныя пытанні трэба вырашаць, то гэта трэба рабіць і не баяцца прымаць рашэнні там, дзе яны неабходны. А там, дзе яны неактуальныя і несвоечасовыя ці будуць негатыўна ўздзейнічаць на соцыум, яны не патрэбны.

Напрыканцы пасяджэння за вялікі ўклад у развіццё заканадаўства і актыўны ўдзел у рабоце экспертнага савета Падзякі Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу былі аб’яўлены начальніку галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінскага гарвыканакама Таццяне Астрэйка, першаму намесніку старшыні Камітэта дзяржкантролю Дзмітрыю Баско, першаму намесніку начальніка Акадэміі МУС Аляксею Башану, першаму намесніку старшыні Мінскага гарвыканкама Надзеі Лазарэвіч, дырэктару Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алегу Макараву, намесніку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерыю Міцкевічу, старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іне Мядзведзевай, першаму намесніку міністра юстыцыі Наталлі Філіпавай, старшыні праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь Аляксандру Ягораву.

— Вы многае зрабілі, каб заключэнні экспертных саветаў былі правільнымі, выверанымі і ўспрымаліся, каб рашэнні, якія прымаюцца, як нам заўсёды гаворыць наш Прэзідэнт, былі на карысць дзяржавы, — рэзюмавала Наталля Качанава падчас уручэння ўзнагарод.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.