Вы тут

Бязлітасны, бескампрамісны лірык Валерый Грышкавец


Гэты час адчаю, бадай, уся творчасць, дый, па вялікім рахунку, сталае жыццё вядомага пісьменніка Валерыя Грышкаўца. Так-так, пісьменніка. Бо хоць Паэзія — гэта яго планіда, сутнасць, тым не менш, ён не меней таленавіты як публіцыст, эсэіст, крытык, перакладчык... І аднолькава бескампрамісна бязлітасным ён заўсёды быў і застаецца якраз ва ўсіх згаданых вышэй праявах-іпастасях.


Прыкладна год таму, гартаючы ў бібліятэцы найстарэйшы і самы аўтарытэтны ў Беларусі літаратурны часопіс «Нёман», трапіў на скарочаны варыянт яго аўтабіяграфічнага рамана ў форме дзённіка «Уходя, остаюсь (год и вся жизнь)». Па-сяброўску ўсміхнуўся, маўляў, быў бязлітасным самотнікам, а тут гэтая яго творчая манера завастрылася данельга. І што адметна: за кожным радком мне бачылася — свяцілася! — праўда. Хаця, па шчырасці, некаторыя месцы ў тэксце як бы засцілалі гэтае святло хмарамі гратэску з маланкамі і громам. Але ж гэтыя маланкі-грамы ён нізвяргаў не толькі і нават не столькі на калег па пяры, якіх падлавіў на фальшы, кан’юнктурнасці, адсутнасці існага па-этычнага таленту, а найперш на самога сябе, паўстаючы перад чытачом гэткім жа недасканалым, як, што тут утойваць, і многія-многія з нас, грэшных. Мне нават падалося, што ён часам занадта перабольшвае гэтыя свае (і не толькі свае) недахопы, крывое падае яшчэ болей скрыўленым. Ну, хоць бы такая вытрымка з рамана-дзённіка: «Господи, неисповедимы пути Твои!.. Жил я грешно, жил я порой грязно и страшно, но... На старости лет привел ты меня в музей Блока, чтобы имел я кусок посытней благодаря Поэту...»; або «...мои запои во многом из-за моей необразованности, самоуверенности, самоуспокоенности и самонадеянности. Увы, увы, слишком поздно дошло до меня». На некалькіх старонках ён прасочвае сваю так званую савецкую біяграфію па назвах вінчарніл і гарэлкі з дакладнымі цэнамі на іх, ды яшчэ градуючы па гадах: калі і якія былі самымі папулярнымі. У рамане-дзённіку ён абсалютна не шкадуе сябе, сячэ плёткаю з-за вуха. Што ж да некаторых іншых творцаў (так званых), якія пазіцыянуюць сябе як члены-карэспандэнты, кандыдаты навук і да т. п., дык вось паказальная вытрымка: «Что ж, подобные академики и кандидаты могут позволить себе что угодно, даже полнейшую графоманию! Но человек, давно пишущий стихи, и, по-моему, безо всякого там высокого образования, должен понимать, что разного рода чины, должности и звания в литературном творчестве не значат ровным счетом ничего! Ну, например, какое образование было у Якуба Коласа? А у Янки Купалы? У Тараса Шевченко? Сергея Есенина?..» Такіх прыкладаў можна прыводзіць дзясяткі, калі не сотні.

А ўвогуле твор, аснова якога — зусім не самабічаванне і бічаванне асобных калег па творчым цэху, а ўсёабдымны роздум пра перажытыя эпохі, пра блізкіх і знаёмых, і не толькі літаратараў, пераасэнсаванне гэтага перажытага, захапіў неверагоднай эрудыцыяй аўтара, праніклівасцю, аналітычнасцю, дзякуючы якой самыя, здавалася б, будзённыя факты, падзеі, з’явы ператварыліся ў нешта маштабнае, вартае ўвагі шырокага чытача, а яшчэ вытанчаным стылем, быццам гэта агромністая паэма-маналіт, суровая і ў той жа час лірычна-пачуццёвая. А колькі прозвішчаў, большасць з якіх вядомыя і аўтару гэтых радкоў! Колькі ўсяго паказальнага для пэўнага канкрэтнага часу захавала памяць! Уражаны, патэлефанаваў Валерыю. Ён, абыякавы да пахвалы, прапанаваў даслаць мне па «электронцы» поўны тэкст рукапісу кнігі, маўляў, паглядзі, можа, знойдзеш якія хібы, то напішаш. Ён (поўны тэкст) аказаўся ў разы большы, чым часопісны. Прачытаў усе амаль 300 старонак на адным дыханні — сон і апоўначы не браў. Уразіўся яшчэ больш: наколькі ж шырокі кругагляд, наколькі крытычна асэнсоўваюцца падзеі і асобы, найперш вядомыя, твор паўстае сапраўды як прыгодніцкі раман. Да Грышкаўца, як ні напружваў памяць, не змог прыгадаць нікога з пісьменнікаў, нават класікаў, хто б з такім майстэрствам сумяшчаў публіцыстыку-дакументалістыку з дэтэктыўна-прыгодніцкі жанр. Дарэчы: хоць дзённікавыя запісы пачынаюцца з 18 чэрвеня 2019 года і завяршаюцца 18(19) чэрвеня 2020-га, твор ахоплівае значна большую часавую прастору, можна сказаць, ад самага нараджэння. Як пацвярджэнне — запіс, зроблены 23 снежня: «День рождения — самый короткий день в году. Точнее сказать, таких дней в году пять — с 22-го по 26 декабря, когда световой день начинает увеличиваться. Мама, помню, не раз вспоминала день 23 декабря 1953-го — мой день рождения. Было много снега, стояли сильные морозы. Из роддома забрать меня ей помогала двоюродная сестра — моя тетя Соня, мать Володи Невара. А жили мои родители на Ясельдовской улице, каких-то двести метров от роддома. Но было много снега, батя был на работе, мама говорила, всё боялась, чтобы Соня в сугроб вместе со мной не упала...»

Вяртаецца Валерый Фёдаравіч у сваіх літаратурных нататках і да свайго другога нараджэння, цяпер ужо як паэта, пачынаючы са школьнага ўзросту. Аказваецца, паэзіяй ён захапіўся яшчэ ў дзевяцігадовым узросце. Спрабаваў рыфмаваць. А ў восьмым класе на старонках раённай газеты «Палеская праўда» быў надрукаваны яго першы верш. З той пары звычайнае жыццё-быццё пачало як бы няўзнак пераўвасабляцца ў жыццё творчае. Чытаў паэтычныя зборнічкі і зборнікі на беларускай і рускай мовах узахлёб, апантана паглынаў іх душою і сэрцам сотнямі. І, канечне ж, практыкаваў сам, ужо свядома і з неверагоднаю прагаю спасцігнуць таямніцы чароўнага слова, шукаў сябе ў паэзіі, наведваў літаб’яднанне, што дзейнічала пры «раёнцы»... А на хлеб зарабляў, скончыўшы 8 класаў, на заводзе за паўкрок ад бацькоўскага жытла, а пасля службы ў войску — на прасторах тады непарушнага Савецкага Саюза ад далёкага Забай¬калля да Крыма, Прыбалтыкі... Але гэта для яго было не галоўнае. Галоўнай была паэзія. Скончыў літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя Горкага ў Маскве, ды так на доўгія гады і затрымаўся ў Першапрастольнай. Тут яго паэтычны талент раскрыўся напоўніцу. З зайздроснай рэгулярнасцю паэтычныя падборкі з’яўляліся ў «Литературной газете», «Литературной России», часопісах «Наш современник», «Москва», «Дружба народов», «Нёман»... Спіс можна доўжыць і доўжыць. Да таго ж у гэтых выданнях ён выносіў на шырокую літаратурную рускамоўную прастору і свае пераклады вершаў з беларускай мовы берасцейскіх паэтаў. Дый не толькі берасцейскіх. Што і казаць — дарагі падарунак землякам-творцам.

Публікацыі ў такіх аўтарытэтных выданнях — гэта ўжо знак найвышэйшай якасці твораў. Таму і кнігі Валерыя Грышкаўца, вытрымаўшы такі строгі экзамен, таксама адпаведна пазначаны гэтым самым знакам. Першым убачыў свет зборнік паэзіі «Время отправления» ў 1981 годзе. Праз дзесяць гадоў наступны — «Круг аистиный». У 2004-м выдае першую сваю паэтычна-празаічную кнігу «Белые мосты», у якую акрамя вершаў увайшлі апавяданні, эсэ, артыкулы, заметкі. У 2012-м — кнігу ў серыі «Бібліятэка Саюза пісьмен-нікаў Беларусі» «„Я из тех...“ Избранное», у якую, як пазначана ў анатацыі, увайшлі выбраныя творы пісьменніка, што адлюстроўваюць творчы партрэт аўтара, яго думкі і перажыванні. Першая яе частка — паэтычная — мае жыццесцвярджльную назву «Мы ещё соберём урожай», што не характэрна Грышкаўцу, дый вершы ў ёй большаю часткай самотныя, з налётам адчаю, затое многія ўтойваюць у сваіх недрах праменьчык надзеі. Наступныя — «Бюро находок» і «Что пад сердцем ношу» — гэта нейтральныя ў эмацыянальным плане нататкі пераважна пра літаратараў, іх тво¬ры, эпізоды з літжыцця. У 2016-м выйшаў паэтычна-празаічны зборнік «Как на духу!..». У ім сабраны больш за тры сотні найлепшых, па меркаванні аўтара, вершаў з уласных кніг мінулых гадоў.

Наступныя дзве кнігі (адзіныя, выдадзеныя па-за межамі Беларусі) — «Поезд вне расписания: эссе, дневники, записки» і «Соборная площадь: избранные стихи и статьи» — выдадзены ў Екацерынбургу ў 2018-м.

Апошні па часе зборнік «Остаюсь навсегда... Избранное» пазначаны 2020 годам. Дай Бог, як гаворыцца, не апошні ўвогуле. Паэзія, як і проза, Грышкаўца запатрабаваная чытачом найперш сталага ўзросту, калі чалавек пачынае асэнсоўваць перажытае, і добра, калі робіць гэта са шчырым суразмоўцам, душа якога адгукаецца нават на ціхуткі звон напятага нерва. Гэтак жа запатрабавана і кніга яго перакладаў з беларускай мовы на рускую літаратараў-берасцейцаў. Яе назва — «Белой вежи свет». Выдадзена ў 2005-м у Брэсце, перавыдадзена ў 2010-м у Мінску. З польскай мовы пераклаў кнігу паэзіі «Возвращение» знакамітага Рышарда Капусцінскага, ураджэнца Пінска.

Літаратурныя здабыткі пісьменніказемляка сталі і здабыткам шырокай чытацкай аўдыторыі не толькі на прасторах Расіі, але і ўвогуле рускамоўнай. А гэта ўжо ледзь не ўвесь свет. Таму і першая яго важная літаратурная прэмія — міжнародная. Імя Андрэя Платонава. Дарэчы, празаіка. Атрымаў яе ў 1998-м. Затым былі абласная літаратурная прэмія імя У. Калесніка, гадавыя прэміі часопісаў «Москва», «Нёман», «Беларуская думка», літаратурная прэмія «Залаты Купідон» за найлепшую кнігу ў жанры перакладу, незалежная літаратурная прэмія «Пуд мёду», медаль Францыска Скарыны, Нацыянальная літаратурная прэмія Беларусі...
Шматкроп’е паставілася ў гэтым пераліку само па сабе, аўтаматычна. І, як ні паглядзі, цалкам лагічна. Творчасць жа працягваецца. І ўзнагароды новыя паспеў заслужыць новымі, прабачаюся за каламбур, творамі.

Ледзь не забыўся нагадаць, што нашаму мясцоваму чытачу Валерый Грышкавец добра вядомы і як журналіст. У розныя гады шчыраваў у раённай газеце «Полесская правда», гарадской «Пінскі веснік», абласной «Заря». Цяпер — на заслужаным адпачынку. Але які ж у пісьменніка можа быць адпачынак?..

Анатоль КРЭЙДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.