Вы тут

Усё, што вы хацелі ведаць пра Дзеда Мароза і яго жыццё


Здаецца, што Дзед Мароз жыў у Белавежскай пушчы заўсёды. Аднак не — афіцыйную прапіску атрымаў толькі ў 2003 годзе. Да гэтага часу, па легендах, чараўнік жыў у гушчары пушчы, сябраваў з жывёламі, дапамагаў ім. Але непрыстойна галоўнаму чараўніку быць бяздомным. І 20 гадоў таму, у 2003 годзе, для Дзеда Мароза, яго сям’і і сяброў у рэкордныя тэрміны — літаральна за тры месяцы — быў пабудаваны маёнтак. Пляцоўкай для яго стала тэрыторыя былога зубрагадавальніка, дзе ў сярэдзіне мінулага стагоддзя навукоўцы ратавалі папуляцыю імператара Белавежскай пушчы. Тут якраз захаваўся домік, дзе жылі спецыялісты, якія круглыя суткі назіралі за зубрамі і даглядалі іх. Са сваёй задачай вучоныя справіліся, выратавалі самых вялікіх еўрапейскіх жывёл, і патрэба ў гадавальніку адпала, зубры адправіліся жыць на волю.


Брыгада разьбяроў па дрэве на чале з майстрам Аляксандрам Масло перабудавала просты домік у разны двухпавярховы церам, упрыгожаны гірляндамі. Толькі на доміку Дзеда Мароза ў навагоднія святы загараецца каля 40 тысяч агеньчыкаў. Майстры зрабілі і надзейныя вароты. Уваход у маёнтак ахоўваюць сябры Дзеда Мароза Вяз Вязавіч і Дуб Дубавіч. З імі чараўнік знаёмы яшчэ з часоў свайго жыцця ў лясах Белавежскай пушчы. У яго былі два любімыя векавыя дрэвы — дуб і вяз. Ён любіў адпачываць у іх ценю, набірацца ад гэтых векавых дрэў сіл і энергіі, што вельмі карысна для ўсіх наведвальнікаў Белавежскай пушчы. Але неўтаймаваная навальніца аказалася мацнейшай за дрэвы... Тады разьбяры далі ім новае жыццё і зрабілі з іх фігуры вартаўнікоў, а Дзед Мароз займеў надзейных сяброў. Цікава, што сёння ўжо ўнукі ці нават праўнукі тых зуброў, з якіх пачалося адраджэнне папуляцыі, прыходзяць на гэтую тэрыторыю, бо ведаюць, што ў зімовы час іх тут пачастуюць сенам. А Дзед Мароз рады ім, як і іншым гасцям.

Цудоўная беларуская гасціннасць

Дарэчы, пра гасцей. Сёлета на святкаванні 20-гадавога юбілею маёнтка Дзеда Мароза іх было шмат. Прыехаў прапрадзед беларускага Дзеда Мароза Зюзя Паазерскі, прайшлі казачныя дэлегацыі з Полацка і парку жывёл «Дыпрыз» з Баранавіч. Павіншаваць калегу прыляцеў галоўны расійскі чараўнік — Дзед Мароз з Вялікага Усцюга. «Спраўдзілася мая мара. Я даўно марыў наведаць Белавежскую пушчу, убачыць прыгажосць гэтай першароднай прыроды. Прывёз вам крышачку свайго цяпла і крышачку марозу. Мне нязвыкла ваша надвор’е. Цяпер у нас мінус 37. 

І вятры мае байкальскія пачынаюць працаваць: яны разбіваюць ваду аб скалы і робяць ледзяную казку Байкала», — падзяліўся байкальскі Дзед Мароз, які таксама прыехаў на свята. Многія з ганаровых гасцей прыбылі ў Белавежскую пушчу ўпершыню. Таму ў маёнтку ўрачыста дапоўнілі казачную вярсту і казачную карту Беларусі і Расіі, на якіх указаны напрамак і адлегласць ад пушчанскай рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза да пэўнага казачнага месца. Святкаванне юбілею раздзялілі і турысты. Па словах супрацоўнікаў Нацыянальнага парку, у пікавыя навагоднія дні рэзідэнцыю Дзеда Мароза могуць наведаць ад пяці да сямі тысяч чалавек.

Гаспадар маёнтка сустракаў доўгачаканых гасцей у суправаджэнні ўсёй сваёй казачнай світы — унучкі Снягуркі, матухны Зімы і яе дачок Сцюжы, Завірухі і Мяцеліцы. Пра сям’ю Дзеда Мароза вядома не так шмат, як пра яго самога, а між тым сям’я ў яго вялікая. І, як у кожнай сям’і, у ёй бываюць свае радасці і нягоды. Некаторыя з іх вядомыя і публіцы. Жонка Дзеда Мароза — матухна Зіма. У іх тры дачкі — Сцюжа, Завіруха і Мяцеліца. З іх толькі малодшая Мяцеліца доўга не магла сустрэць сваё шчасце, але і жыць з бацькамі таксама не хацела. І была яна няшчаснай, пакуль не сустрэла Снегавіка. Ён не ўмеў рухацца, быў нешматслоўным, але здолеў адабраць у 

Бабы Ягі яе галоўную зброю — мятлу, а ў Кашчэя Бесмяротнага — шапку-невідзімку, пераўтварыўшы яе ў іржавае вядро. Устаяць Мяцеліца не змагла. Ад вялікага кахання ў іх нарадзілася дачка — Снягурка. Дзяўчына пайшла ў бацьку: яна можа растаяць. Таму, як толькі пачынаюцца цёплыя дні, Снягурка з’язджае да бабулі Зімы на Паўночны полюс. А ў пачатку снежня вяртаецца да любімага Дзядулі. Дзед Мароз, дарэчы, дамасед і Белавежскую пушчу пакідае зрэдку: да цёплага надвор’я прыладзіўся і сустракае гасцей круглы год. Для кожнага сезона ў яго ёсць свой камплект адзення. Зімой — расшытая золатам шуба і валёнкі. Вясной і восенню — ільняная накідка і белыя боты. Летняй спякотай Дзед Мароз апранае лёгкія скураныя лапці, паласатыя льняныя штаны, белую кашулю і саламяны капялюш — касцюм, які вельмі нагадвае традыцыйнае беларускае адзенне. Увесь гардэроб размяшчаецца ў спальні Дзеда Мароза, дзе няма нічога лішняга — ложак, два крэслы і столік. Большую частку свайго часу чараўнік праводзіць у кабінеце — у ім ён разбірае карэспандэнцыю, якая прыходзіць з усяго свету, асабліва яе шмат у навагоднія дні. Дзеці дзеляцца сваімі думкамі і жаданнямі, дасылаюць малюнкі і аплікацыі. Усе падарункі захоўваюцца ў Скарбніцы, якая размешчана проста насупраць дома Дзеда Мароза. Тут можна лёгка застацца на некалькі гадзін, разглядаючы малюнкі, аплікацыі, самаробныя цацкі і мноства іншых падарункаў, якія дасылаюць Дзеду Марозу. Скарбніцу можна лічыць вялікім музеем дзіцячага таленту.

Паколькі Снягурка — дзяўчына дарослая, жыве яна ў асобным церамку, упрыгожаным рознакаляровымі сняжынкамі. Аглядаць церамок трэба толькі па гадзіннікавай стрэлцы. А яшчэ з ім звязана адна прыкмета, якая вельмі даспадобы жанчынам. Калі зазірнуць у акенца і ўбачыць свой адбітак у люстэрку, якое вісіць на сцяне насупраць, можна вельмі хутка памаладзець. Галоўнае, не перашчыраваць.

Безліміт на цуды

Маёнтак беларускага Дзеда Мароза — гэта месца, дзе жыве казка. Тут сабраныя ўсе магчымыя сродкі, якія дапамагаюць выканаць самая запаветныя жаданні. А яшчэ тут жыве шмат казачных персанажаў, герояў паданняў і легендаў, якія дапамогуць зрабіць мару рэальнасцю. Прыходзіць у госці да казкі варта з чыстымі думкамі. Таму чароўны млын пераўтварае дрэнныя ўчынкі і думкі ў пыл ці пясок. Найперш чым загадваць жаданні, трэба падысці да млына, пакласці рукі на самы вялікі камень, перамалоць усё дрэннае — і з чыстым сумленнем загадваць жаданні. Тут жа побач з млынам заўзятыя халасцякі могуць вырашыць свае праблемы з асабістым жыццём. Усяго толькі і трэба, што пацалаваць царэўну-жабку. Калі ў прыгожую дзяўчыну не ператворыцца, то, можа, хтосьці з наведвальніц маёнтка гумар ацэніць.

Усе памятаюць казку «Дванаццаць месяцаў» Самуіла Маршака. З дзяцінства засталася ў памяці сцэна з савецкага фільма, дзе Месяцы сядзяць на палянцы вакол вогнішча. І гэтая знакамітая карціна становіцца рэальнасцю ў маёнтку Дзеда Мароза: на вялікай палянцы размясціліся фігуры Месяцаў, створаныя беларускімі разьбярамі. Кожны госць павінен падысці да Месяца свайго нараджэння і загадаць жаданне. Для таго, каб яно гарантавана спраўдзілася, варта тры разы абысці скульптуру. Недалёка размешчаны памятны знак Новаму году, устаноўлены ў маёнтку ў 2018 годзе. Ён уяўляе сабой цыферблат гадзінніка, які паказвае без дзвюх хвілін да Новага года. 

Побач размяшчаюцца галоўныя атрыбуты Дзеда Мароза — валёнкі, посах, рукавіца і мяшок з падарункамі. А яшчэ гэта выдатная фотазона. Кожны ахвотны можа прымерыць валёнкі і рукавіцу Дзеда Мароза... і што зрабіць? Правільна, загадаць жаданне. Для людзей, у якіх жаданняў вельмі шмат, тут сапраўднае раздолле. Мабыць, няма больш месца, дзе можна загадаць адразу 100 жаданняў. А ў маёнтку Дзеда Мароза — лёгка. Дастаткова прайсці па зачараваным мастку і, наступаючы на кожнае бервяно, загадваць адно жаданне. Здаецца, так шмат чаго хочацца, але адразу ўспомніць 100 сваіх самых запаветных жаданняў не так і проста. Выдатная магчымасць прааналізаваць жыццёвыя прыярытэты. Каму не хапіла бярвення на мастку, можа працягнуць загадваць жаданні на алеі знакаў Усходняга календара. Тут схема такая ж, як і з Месяцамі — трэба падысці да свайго знака і загадаць жаданне. Так павольна, з чароўным настроем і верай у найлепшае праходзіць шпацыр па маёнтку Дзеда Мароза, плошча якога займае каля 15 гектараў. Але ні час, ні адлегласць тут не адчуваюцца. Казка на фоне прыроды запавольвае і супакойвае. А якія тут атрымліваюцца незвычайныя фотаздымкі для сямейнага архіва і сацыяльных сетак!

Дарэчы, кожнаму свайму госцю Дзед Мароз дарыць падарунак. А каля ўваходу ў маёнтак можна пакатацца на навагоднім цягніку, а ў гандлёвых радах купіць сувеніры. Побач размешчаны рэстаран «Хата Дзеда Мароза», дзе можна паласавацца пушчанскімі прысмакамі.

Напэўна, калі б нейкі сацыялагічны інстытут высвятляў, хто самы папулярны чалавек у свеце сярод дарослых і дзяцей, пераможцам стаў бы Дзед Мароз. Яго ведаюць усе незалежна ад узросту, прафесіі, месца пражывання. І самае прыемнае, што да гэтай легенды абсалютна рэальна патрапіць у госці. Дык чаму б не скарыстацца такой магчымасцю?

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Белавежская пушча

Загаловак у газеце: Сардэчны гаспадар, добры чараўнік, адданы сем’янін

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.