Вы тут

Жыхары вёскі Запур’е загадаюць аднолькавае жаданне — сустрэцца з роднымі з Літвы


Населены пункт Парэцкага сельсавета знаходзіцца ля самай літоўскай граніцы. Тут не проста пагранічная зона, а пагранічная паласа, дзе дзейнічае больш шчыльны кантроль за тэрыторыяй. Металічную агароджу на літоўскім баку можна ўбачыць неўзброеным вокам. У вёсцы амаль усе жыхары маюць родных у Літве, многія не бачыліся дзесяцігоддзямі. Напярэдадні Новага года месцічы выказваюць пажаданні сустрэцца са сваімі замежнымі сваякамі.


Сярод хвойных лясоў...

Мне пашанцавала — знаёмы, які жыве ў аграгарадку Парэчча, пагадзіўся праехаць са мной да Запур’я. Гэта вельмі зручна, бо ён добра ведае гэтыя мясціны.

Дабрацца да вёскі Запур’е без уласнага транспарту не так проста, хоць яна і знаходзіцца ў 5-6 кіламетрах ад аграгарадка. Праўда, можна даехаць поездам да вёскі Салацце, але адтуль трэба будзе прайсці яшчэ кіламетр лесам. Прытым можна заблытацца ў дарогах — яны вядуць у розныя бакі. Гэта звязана з тым, што вёска мае хутарскую сістэму.

Перад вёскай Запур’е спецыяльныя знакі папярэджваюць, што далей пачынаецца пагранічная паласа. Без асаблівай патрэбы сюды ехаць не рэкамендуецца. Магчыма, таму на ўсім працягу нашага падарожжа не сустрэўся ніводны аўтамабіль. Здаецца, што галоўны валадар наваколля — імшысты лес, крыху загадкавы і містычны.

Жылі па-суседску

У заблытаным лабірынце дарог мой праважаты ўпэўнена пад’ехаў да сядзібы карэннай жыхаркі Станіславы Ластаўкі. Аказалася, што журналісты не аднойчы наведвалі жанчыну. Яна нават паказала невялікае дасье з артыкулаў. Як правіла, усе яны звязаны з трагічнымі падзеямі 1943 года. Тады ў вёсцы прайшоў масавы расстрэл мірных жыхароў, было спалена больш за дзясятак дамоў. Так фашысты расправіліся з вяскоўцамі з-за забітага партызанамі немца-ляснічага. Ахвярамі сталі ўсе сем’і па прозвішчы Бура і Церабей. Імёны ўсіх 48 чалавек выбіты на помніку, які стаіць у вёсцы. У ліку закладнікаў апынуліся родныя яе будучага мужа Ігната, якія жылі ў гэтым самым доме.

Некаторы час дом пуставаў, потым сюды вярнуліся маці з Ігнатам. Ім змайстравалі печ, паціху наладжваўся быт. Сюды пераехала і Станіслава, калі выйшла замуж. Тое, што вёска была такой раскіданай па наваколлі, не перашкаджала сяброўскім кантактам суседзяў, у тым ліку падчас святаў.

— Раней пад Новы год было весела. І ў Ёзіка сустракалі Новы год, і ў Даміцэлі, звычайна збіраліся пяць-шэсць сем’яў, дружна жылі. У вёсцы нямала было літоўцаў. У Сідаравічусаў, гэта літоўская сям’я, былі кросны, і многія хадзілі да іх ткаць дываны. Бачыце, на канапе дыван, гэта я ў іх выткала, — дзеліцца ўспамінамі жанчына.

Тады, у 70-ыя гады, некаторыя вяскоўцы, у тым ліку і муж Станіславы Ластаўкі, ездзілі на работу ў суседнюю Літву. Вытворчы скіпідарны цэх знаходзіўся ў літоўскай вёсцы ўсяго ў 6 кіламетрах ад Запур’я. Ігнат ездзіў на працу на ровары, а зімой — на лыжах. Жанчына дадае, што ў літоўскай Ротніцы была іх парафія. Туды таксама дабіраліся на роварах. Ездзіла яна разам з суседкай, і гэта было бліжэй, чым да беларускага Парэчча. А да знакамітага курорта Друскінінкай адсюль наўпрост кіламетраў пяць, калі аўтобусам — крыху больш. Праўда, цяпер транспарт ходзіць зусім іншым маршрутам. Толькі праз прызначаны пункт пропуску. І гэта асобная гісторыя.

Домік вокнамі... на мяжу

Станіслава Антонаўна вядзе нас па сваім двары, дзе звяртае ўвагу на розныя інсталяцыі. Там альпійская горка з камянёў, там квятнік, выкладзены бутэлькамі, побач яшчэ кампазіцыя, абрысы якой пакуль не зусім відавочны. «Дачка займаецца дызайнам двара, калі прыязджае, але часу не хапае», — расказвае субяседніца. На падворку — гаспадарчыя пабудовы, лазня, вяндлярня. Звяртаю ўвагу на невялікі акуратны домік. Аказваецца, ён на маленькіх колах і можа ездзіць. Раней стаяў на літоўскім баку, потым яго перацягнулі на нейтральную паласу, а калі ўладкавалі граніцу, дазволілі яго забраць бліжэйшым ад мяжы жыхарам.

Але самым дзіўным для тых, хто трапіў сюды ўпершыню, можна назваць від металічнай агароджы, якая ўладкавана літаральна ў некалькіх сотнях метраў. Агароджа цягнецца ўздоўж вадаёма і спускаецца да вялікага Дуб-возера, якое таксама падзелена папалам. Заходзіць у ваду тут не рэкамендуецца, можна трапіць на штраф. Каб знаходзіцца тут, трэба мець спецыяльны дазвол.

Станіслава Ластаўка ўспамінае, што напачатку будаўніцтва агароджы было асушана балота за вадаёмам, а калі ставілі металічныя слупы, на ўсё наваколле стаяў грукат.

— Я падыходзіла, паглядала, што там робіцца, а мой сабака тады нават пералез пад дрот на літоўскі бок, я баялася, каб ён назад вярнуўся, бо агароджа калючая, мог абадрацца, але нічога, вярнуўся, — прыгадала жанчына.

Сёння гэтыя мясціны ўражваюць сваёй цішынёй і нейкай асаблівай насцярожанасцю. Магчыма, такое ўражанне складаецца напачатку прыезду сюды. Для тых, хто жыве тут пастаянна, нямала іншых клопатаў. Напрыклад, цяпер Станіслава Антонаўна займаецца расколкай дроў, якія прывёз зяць жанчыны. Кажа, што такога аб’ёму паліва ёй хопіць на некалькі сезонаў. А наконт таго, што жыве ў такім бязлюдным месцы, жартуе:

«Хіба ж я адна? Тут у мяне тры каты і мой Пуфік». Праўда, з Пуфіка наўрад ці будзе вартаўнік — сабака надзвычай дружалюбны. Магчыма, у сваю гаспадыню.

Родныя замежнікі

Станіслава Антонаўна раз-пораз ды і ўспомніць, як жылі некалі без мяжы і калючага дроту. Як ездзіла ў Друскінінкай і прымала ў сябе гасцей з Літвы. А іх нямала. У суседняй краіне жывуць яе пляменнікі, а таксама дзеці сястры яе мужа.

— Мая сястра замуж выйшла ў Літве, там і засталася. Праўда, лёс яе выдаўся нешчаслівы, мужа і сына там страціла. Дочкі яе там засталіся, мае пляменніцы. У адной муж у Парэччы жыве, і дзеці тут, а яна ў Літве. Кажуць, што часта прыязджае да іх. Яшчэ за мяжой жыве стрыечная сястра мужа з дзецьмі. Усе раскіданы па ўсёй Літве. На Новы год паспрабую ім патэлефанаваць, магчыма, яны захочуць прыехаць у свае мясціны, — разважае жанчына.

Нямала сваякоў жыве за мяжой і ў Віктара Грыгаса, суседа Станіславы Ластаўкі. Яго бацька літовец ажаніўся з мясцовай дзяўчынай і застаўся жыць на беларускім памежжы, як і яго сын Віктар. Радня па бацьку, стрыечныя браты і сёстры з пляменнікамі жывуць у літоўскім горадзе Варэна і на курорце Друскінінкай. З многімі на гэты час згублена сувязь.

— Калі мая маці працавала ў літоўскім санаторыі, я часта ездзіў туды, сустракаўся з роднымі. Цяпер гэта складана — трэба візу рабіць. А ці яны прыязджаюць тут да каго — не ведаю. Канешне, хацеў бы сустрэцца, столькі гадоў не бачыліся, але ці атрымаецца калі, цяжка сказаць, — гаворыць вясковец.

У самога Віктара дзеці жывуць тут, у Беларусі. Сын нядаўна ажаніўся і з’ехаў з вёскі, жыве ў Парэччы, дачка — у Гродне. На Новы год вясковец мяркуе паехаць да сына, ён бліжэй. Але не адмаўляецца ад мары сустрэць калі-небудзь і сваіх замежных родзічаў. Магчыма, цяпер, напярэдадні Новага года, ёсць сэнс загадаць і такое жаданне.

Увогуле ўсе, каго давялося сустрэць у Запур’і, маюць радню ў Літве. Літоўскае памежжа адчуваецца і ў самой вёсцы. Напрыклад, у адным з дамоў вісяць шыльды на літоўскай мове, некаторыя жыхары і мовай валодаюць. Усе вяскоўцы гатовы прыняць у сябе сваіх замежных сваякоў. Тым больш што бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы будзе дзейнічаць і ў наступным 2024 годзе.

Жыхары Запур’я лічаць, што замежнікам будзе вельмі цікава пабываць у сваіх родных мясцінах, даведацца, што вёска жыве і нават прырастае новымі сучаснымі сядзібамі. Тут можна ўбачыць прыгожыя драўляныя катэджы навых пакаленняў вяскоўцаў. Ёсць і вельмі цікавая пабудова, страха якой накрыта тоўстым пластом трыснягу. Такі фармат таксама характэрны для літоўскіх дамоў ці гаспадарскіх пабудоў.

На гэтых землях развіваецца фермерская гаспадарка па вырошчванні буякоў — гэта працоўныя месцы для жыхароў вёскі.

Відаць, і на Новы год вёска не будзе пуставаць. На адным з двароў убачылі жывую ёлку з агеньчыкамі. Маладая сям’я жыве тут пастаянна. Праўда, пагутарыць з жыхарамі сядзібы не атрымалася — яны спяшаліся па сваіх справах. У гэтыя пераднавагоднія дні ва ўсіх нямала клопатаў.

На тэрыторыі Гродзенскага раёна функцыянуе адзіны пункт пропуску «Прывалка», які размешчаны на мяжы з Літвой. Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Гродзенскай пагранічнай групы Надзея Масевіч, толькі праз яго па бязвізу ў Беларусь прыехала амаль 43 тысячы замежных грамадзян, з іх 30 тысяч літоўцаў. А ўсяго за перыяд безвізавага рэжыму Беларусь наведала больш 784 тысяч чалавек, амаль 400 тысяч — з пачатку 2023 года.

Упершыню візавыя льготы для жыхароў Літвы, Латвіі і Польшчы ўведзены ў 2022 годзе. Дзеянне бязвізу было актуальным і ў 2023. Згодна з нядаўнім указам Прэзідэнта, бязвізавы рэжым з Літвой, Латвіяй і Польшчай працягне дзейнічаць і ў 2024 годзе. Бязвіз паказаў устойлівы інтарэс жыхароў суседніх краін да Беларусі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Памежжа з навагоднім акцэнтам

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.