Вы тут

Калі форма прэвалюе над зместам


У 1980-я гады, калі савецкія людзі пачалі масава выязджаць за мяжу, яны былі ўражаны не толькі багаццем выбару розных прадуктаў у еўрапейскіх краінах, але і абгорткамі для іх. Дзякуючы прыгожай упакоўцы некаторым нашым мяшчанам нават смак харчу здаваўся лепшым, чым быў на самай справе. А я памятаю, як мой бацька ў 1963 годзе вярнуўся з Амерыкі, з сесіі ААН, куды дыпламаты заўсёды бралі з сабою пісьменнікаў, каб пісалі тэксты, і прывёз пакаштаваць амерыканскі хлеб. Абсалютна аказаўся нясмачны — як гума. У параўнанні з тагачасным савецкім (і наш цяперашні да яго набліжаецца) — без водару, ды і без асаблівага смаку. І так амаль усе прадукты. Але затое сёння яны і ў нас у яркіх і прыцягальных абгортках. Вось і атрымалася: «як» — прыгожа, а «што» — горш, чым было. Форма прэваліруе над зместам.


Фота Кастуся Дробава.

Запазычанні ў маркетынгу, у дызайне — не буду аспрэчваць — у цэлым пайшлі на карысць нашай побытавай культуры. Але часам перабіраем меру і схіляемся ў бок пошласці і прымітыву. Напрыклад, на вокладцы звычайнага рабочага нататніка для настаўнікаў пазначана: «Лепшы настаўнік у свеце». Гэта амаль тое ж, што «Галіна Бланка, буль-буль...» або характэрнае мычанне, калі ў рэкламных мэтах харчуюцца нейкай ежай — быццам ад асалоды. Або называюць касцёл (!) у вёсцы Беніца «крутым» (канал ТВТ, 10.11.2023). На абароне дыпломных работ у БДУ ў 2023 годзе студэнтка прапанавала на абгортках некаторых тавараў памяшчаць партрэт Максіма Багдановіча. Ёй здалося, што гэта надзвычай удалы маркетынгавы ход, яе асабістая знаходка. Але абгорткі заўсёды здымаюць і выкідваюць. А на іх — партрэт нашага любімага паэта. Студэнтка не разумее, што гэта непавага да класіка — кідаць яго партрэт у сметнік. 

Фота з сайта fishki.net

Асаблівая размова пра рэкламныя слоганы. Скажам, рэклама «Дыпсервіс Хола»: «Гэта дом для прыгожых і паспяховых (па-руску "состоявшихся") людзей». А калі раптам там апынецца непрыгожы? На самай справе, стваральнік слогана меў на ўвазе каштоўнасці нашых абывацеляў: «прыгожы» — значыць, у адпаведнай «абгортцы»: адзенне, касметыка, наяўнасць машыны... Або заклікаюць дзяўчат удзельнічаць у конкурсе «Міс Беларусь»: «Вы атрымаеце ўсё і адразу». І пасля гэтага будзем гаварыць пра выхаванне моладзі, фарміраванне ў ёй працалюбства?! Працягну, дарэчы, пра гэты конкурс, пра які пісала ў ранейшай публікацыі («ЛіМ», № 40, 2023). У эстэтыцы ёсць паняцці «прыўкрасны» і «прыгожы». «Прыўкрасны» — не толькі знешне, але і ўнутрана прыгожы. А ў народзе гэта заўсёды разглядалася як сціпласць, дзявочы гонар, дабрыня. Духоўна багатая, сапраўды прыўкрасная дзяўчына не пойдзе дэманстраваць сябе на подыум. Вось гэта і неабходна ў нашых дзяўчатах выхоўваць, культываваць. Называць іх «міс», увогуле, калі ўдумацца, ахінея. Безумоўна, мы, дарослыя, разумеем, што гэта ўмоўнасць. Але мысленне маладых больш прамалінейнае. Для іх такія назвы — яшчэ адзін доказ перавагі заходняй культуры над нашай. Мы так збіраемся выхоўваць патрыятызм? 

Фота Кастуся Дробава.

Выхаванне патрыятызму, увогуле выхаванне моладзі — задача комплексная. Не толькі на прыкладах ваеннай гісторыі і сённяшніх спраў ваенных людзей. А ўздыманне, прапаганда, рэкламаванне свайго ва ўсіх сферах. І думаць, калі каментуем розныя падзеі. Напрыклад, 3 лістапада — дзень нараджэння Якуба Коласа. У «Вячэрніх навінах» дыктар сказаў пра пісьменніка: «Першы пасля Купалы». Наўрад тут можна ўжываць слова «пасля». Мы, літаратуразнаўцы, ніколі класікаў не ранжыравалі — яны заўсёды лічыліся роўнымі, хоць рознымі.

Увогуле, талент людзей, як і іх прыгажосць, нельга параўноўваць. Пры тым, што пра дзеячаў культуры гаворым да крыўднага мала, не ўмеем іх прапагандаваць. Праўда, перадач на тэлебачанні шмат, але моладзь тэлевізар не глядзіць. Нам, выхавацелям, неабходна выходзіць на нейкія іншыя прыёмы і метады ўздзеяння на маладых. Пры гэтым, усяляк узносячы сваіх, абуджаць цікавасць таксама і да іншых — заходняй і ўсходняй — культуры. Нашы людзі павінны ўзбагачаць сябе веданнем класічнай культуры іншых народаў, асабліва еўрапейскіх, памятаючы, што і мы — Еўропа, хоць і з горшым кліматам (не абаграваемся Гальфстрымам). 

А ў сучасную Еўропу, увогуле ў сусветныя працэсы трэба ўглядацца ўважліва. Сёння ўсюды зніжэнне, дэградацыя. На Захадзе гэта датычыць нават лідараў краін — яны здаюцца не вельмі разумнымі. У цэлым Еўропа сыходзіць са сцэны ў ролі перадавой асветніцкай сілы. А галоўнае — перажывае маральнае банкруцтва. Шмат што з тэндэнцый цяперашняга заходняга жыцця для нашых людзей непрымальнае. Увогуле, заўсёды, ва ўсім варта сыходзіць са сваёй філасофіі быцця, да чаго і беларускія ўлады заклікаюць. І ў той жа час, калі Захад здраджвае сваім уласным культурным традыцыям, нам неабходна было б іх падхапіць, вывучаць лепшае, развіваць. Інакш кажучы, захаваць баланс паміж супрацьлеглымі, здавалася б, падыходамі: культываваць сваё і вывучаць чужое. 
Неабходны рашучы паварот да новай парадыгмы. Але як яго ажыццяўляць? Відаць, трэба выкарыстоўваць метады забароны і ў той жа час адкрываць самыя шырокія перспектывы. У дарожным руху шмат знакаў забароны. Без іх — хаос. А ў руху грамадства? Прычым я маю на ўвазе не столькі адміністрацыйную забарону, колькі грамадскае непрыняцце, фарміраванне як бы пагарды да амаральных і непатрыятычных з’яў. 

Мне бачыцца, што наша насельніцтва неабходна літаральна ахутаць усім сваім, адмовіўшыся ад некаторых праяў чужога. Напрыклад, памяняць усе шыльды, часта недарэчныя, напісаныя лацініцай, на кірылічныя; перастаць на кожным кроку ўжываць драўляную англамоўную лексіку; не насіць адзенне з іншамоўнымі слоганамі на грудзях; рашуча адмовіцца ад элементаў Балонскай сістэмы, якія яшчэ застаюцца ва ўніверсітэтах. У той жа час у намнога большым аб’ёме вывучаць еўрапейскае, усходняе, а таксама рускае класічнае мастацтва. Будзем шчырымі: сусветную культуру, нават культуру суседзяў, мы не ведаем. 

Між тым, калі на філалагічным факультэце БДУ яшчэ чыталіся культуралагічныя дысцыпліны (а як без іх выкладаць літаратуру і мову?), у студэнтаў заўсёды да іх была велізарная цікавасць. І яны гаварылі: «Чаму мы гэтага не ведалі раней, яшчэ ў школе?» Сапраўды, не ведаюць самых элементарных рэчаў. Калі б ведалі, то не чулі б мы ляпы ад, здавалася б, высокіх прафесіяналаў у журналістыцы. Так, у адной з кулінарных перадач: «Дзякуючы каралеўскай сям’і, у прыватнасці Аляксандру І, у Расіі з’явілася шарлотка». У Расіі не было каралеўскай улады. Каментатар пераблытаў з імператарскай (і яна ж — царская). Падобнае сустракаецца і на расійскім тэлебачанні. Напрыклад: «Чыпы робяць у ЗША і іншых еўрапейскіх краінах». ЗША кіруюць Еўропай, але ўсё ж не размешчаны ў Еўропе. 

Але і шмат якія нашы студэнты карту абсалютна не ведаюць, не ўяўляюць, дзе знаходзяцца тыя ці іншыя краіны. Між тым пры выкладанні сусветнай культуры адначасова вывучалася і геаграфія, і гісторыя замежных краін. 

Мне можна запярэчыць: «Ад англійскай мовы хочаш пазбаўляцца, а помнікі іншай культуры насаджаць. Для людзей візуальнае яшчэ больш прывабнае, чым вербальнае, будуць больш прагна імкнуцца за мяжу». Адказваю: «Мы ў сваім жыцці шмат ездзілі, назіралі каштоўнасці ў суседзяў, слухалі замежную класічную музыку і чамусьці не пераставалі быць патрыётамі». Безумоўна, і ў наш час сустракаліся іншыя маладыя, для якіх замежныя джынсы — верх жаданняў. Але ці варта на прымітыў раўняцца? 
Такім чынам, у нас у краіне павін¬на панаваць атмасфера роднага, але пазнаваўчая актыўнасць накіравана і на асваенне чужога, выключна прыгожага, маральнага, класічнага, прычым і заходняга, і ўсходняга, каб яны ўраўнаважваліся адно адным. Зноў-такі, мне скажуць: «Ну, добра, нашы людзі будуць ведаць сусветную культуру, канцэнтруючыся ўсё ж на сваім. А ці не адстануць яны ад цывілізацыйнага прагрэсу?» Але, па-першае, і ў прагрэсе ёсць выдаткі, увогуле, што лічыць прагрэсам — трансгендараў? Па-другое, высокакультурныя, з шырокім кругаглядам, людзі, як правіла, крэатыўныя, з багатай фантазіяй, самі здольны рабіць адкрыцці і рухаць прагрэс, не кажучы ўжо пра захаванне маральных каштоўнасцей. 

Выкладаю, як быццам, абсалютную ўтопію. Але сітуацыя не безнадзейная. У час перабудовы (1980 — пачатак 1990-х гг.) пад уплывам СМІ адбыўся вельмі хуткі ментальны паварот ад дабра да ліха. Чаму нельга зрабіць наадва¬рот, тым больш што ў нас журналістыка вельмі высокага ўзроўню? А пачаць, можа быць, варта з выдзялення аднаго дня ў тыдзень (на працягу года), у які на ТБ расказвалася б у некалькіх перадачах пра той ці іншы багаты на помнікі горад (напрыклад, Смаленск, Кракаў, Стамбул і інш.). 

Ёсць і іншы аспект праблемы. Нашы суседзі, бачачы, якую цікавасць мы праяўляем да іх прыроды і мастацтва, будуць нас паважаць, і мы зноў пачнём жыць з іншымі народамі дружна і шчасліва — так, як захавалася ў маёй памяці. 

Таццяна ШАМЯКІНА

Фота Кастуся Дробава

Фота з сайта fishki. net

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.