Вы тут

Сцяг перамогі над Гарадком


За гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці фашысты знішчылі больш за 11 900 савецкіх грамадзян, на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі каля 7000 нашых землякоў. На тэрыторыі раёна пахаваны каля 19 000 воінаў і партызан, спалены 183 вёскі, з іх 35 не адрадзіліся. Вырашальнай на шляху да вызвалення стала Гарадоцкая наступальная аперацыя.


Падрыхтоўка

Для генерала Івана Хрыстафоравіча Баграмяна Гарадоцкая аперацыя была першай, у якой ён удзельнічаў у рангу камандуючага войскамі фронту, што і вызначыла тое імкненне да актыўных наступальных дзеянняў, якое выяўлялася ў яго рашэннях і патрабаваннях да падначаленых. Падрыхтоўка да наступу пачалася 19 лістапада пры неспрыяльных умовах надвор’я: пачалася адліга, раставаў снег, шчыльная воблачнасць закрыла неба. Дарогі сталі непраходнымі для колавага аўтатранспарту, а месцамі і для гусенічнага. Усё складвалася так, што паспешлівы пачатак удару пры такім неспрыяльным надвор’і мог пагібельна паўплываць на ход і зыход аперацыі. Таму, прадумаўшы самыя пераканаўчыя аргументы, генерал арміі Іван Баграмян звярнуўся ў стаўку з просьбай аб адтэрміноўцы аперацыі. Іосіф Сталін паставіўся да яе з разуменнем і дазволіў перанесці наступ на больш позні тэрмін. Перадышка была выкарыстана для больш грунтоўнай падрыхтоўкі войскаў.

Вызваленне Гарадоцкага раёна пачалося ў кастрычніку 1943 года, калі завяршылася Невельская аперацыя. З узяцця Невеля на стыку германскіх армій «Поўнач» і «Цэнтр» перастала дзейнічаць ракадная чыгуначная дарога Дно — Навасакольнікі — Невель. Германскае камандаванне пазбавілася магчымасці манеўрыраваць сваімі сіламі. Калінінскаму (з 20 кастрычніка 1-му Прыбалтыйскаму) фронту адкрываўся шлях для далейшага наступу на Віцебск і Полацк.

Праціўнік імкнуўся стрымаць наступальны парыў нашых армій, перакінуўшы пад Гарадок, які знаходзіўся паміж Невелем і Віцебскам, дадатковыя сілы: дзве пяхотныя дывізіі з-пад Ленінграда, пяць пяхотных і адну танкавую дывізіі з паўднёвага крыла групы армій «Цэнтр». Авіяцыйная групіроўка ворага таксама ўзмацнілася. 

У выніку зацятых баёў у канцы кастрычніка Чырвоная Армія вызваліла першыя населеныя пункты Марчанскага, Руднянскага, Газьбінскага сельсаветаў.

У сярэдзіне лістапада 4-я і 3-я ўдарныя арміі 1-га і 2-га Прыбалтыйскіх франтоў прарвалі варожую абарону на захад ад Невеля і прасунуліся на поўдзень і паўночны захад. Праціўнік, выкарыстоўваючы рэзервы, аказаў упартае супраціўленне. Наступ нашых армій быў спынены. Яны апынуліся ў своеасаблівым «мяшку», які быў выцягнуты на 100 км з поўначы на поўдзень і на 55 км з усходу на захад. Сувязь з асноўнымі сіламі франтоў падтрымлівалася праз пярэсмык шырынёй 10-11 кіламетраў. У лініі фронту ўтварыўся вялікі выступ, у аснове якога знаходзіўся Гарадок.

Разгортваючы наступ з яго вяршыні, нямецкія войскі маглі перарэзаць участак, які злучаў дзве нашы арміі з галоўнымі сіламі, цалкам акружыць іх і ліквідаваць, такім чынам засцерагчыся на Віцебскім і Полацкім напрамках. Варожы бок рыхтаваўся да такога наступу, пра што сведчылі даныя франтавой разведкі.

Каб не дапусціць акружэння сваіх войскаў, камандаванне 1-га Прыбалтыйскага фронту на чале з генералам арміі Іванам Баграмянам распрацавала план наступальнай аперацыі. Галоўная роля ў яе ажыццяўленні адводзілася войскам 11-й гвардзейскай арміі (камандзір генерал-лейтэнант Кузьма Галіцкі) і 4-й ударнай (камандзір генерал-лейтэнант Васіль Швяцоў). Планаваўся сустрэчны наступ гэтых армій на станцыю Бычыха з мэтай акружэння і разгрому сіл праціўніка ў раёне азёр Ардова, Езярышча і ліквідацыі Гарадоцкага выступу.

Войскі 11-й гвардзейскай арміі наносілі галоўны ўдар у цэнтры варожых пазіцый і два дапаможных на флангах з мэтай звязаць баявымі дзеяннямі праціўніка на ўсім участку наступу і пазбавіць яго магчымасці манеўрыраваць сваімі сіламі. 4-й ударнай арміі даводзілася наступаць на станцыю Бычыха з захаду, з «мяшка».

Да ўдзелу ў аперацыі з савецкага боку прыцягваліся войскі шасці стралковых, двух танкавых і аднаго кавалерыйскага карпусоў, дзве танкавыя брыгады, асобныя артылерыйскія, мінамётныя, інжынерныя падраздзяленні. Дзеянні наземных войскаў падтрымліваліся авіяцыяй 3-й паветранай арміі. Агульныя суадносіны сіл бакоў былі на карысць Чырвонай Арміі.

Гітлераўцы добра ўмацавалі свае пазіцыі. Іх абарончы рубеж узводзіўся тут летам і восенню 1943 года і атрымаў назву «Пазіцыя Пантэра». У паласе наступлення 11-й гвардзейскай арміі абарона праціўніка складалася з некалькіх ліній траншэй, бліндажоў у 3-5 накатаў. Танкі і бронемашыны, падбітыя ў папярэдніх баях, былі закапаныя ў зямлю і з’яўляліся браніраванымі кулямётна-артылерыйскімі пунктамі. Фашысты стварылі сістэму апорных пунктаў на пануючых вышынях, у вёсках, уздоўж чыгункі і шашы. Пярэдні край абарончых умацаванняў меў мінныя палі, калючы дрот. Увесь раён абароны прастрэльваўся з розных напрамкаў. Вораг добра выкарыстаў асаблівасці мясцовасці са шматлікімі рэкамі, балотамі, якія не прамярзалі да канца снежня. Гэтыя абставіны стваралі значныя цяжкасці для перамяшчэння баявой тэхнікі, а многія месцы былі зусім недаступнымі для яе руху. Гітлераўцы разлічвалі тут зімаваць. Усе бліндажы былі забяспечаны печкамі, а афіцэрскія нават мелі мэблю, канфіскаваную ў мясцовых жыхароў.

Вызваленне Гарадоцкага раёна пачалося ў кастрычніку 1943 года, калі завяршылася Невельская аперацыя. З узяцця Невеля на стыку германскіх армій «Поўнач» і «Цэнтр» перастала дзейнічаць ракадная чыгуначная дарога Дно — Навасакольнікі — Невель. Германскае камандаванне пазбавілася магчымасці манеўрыраваць сваімі сіламі.

Нашы войскі настойліва рыхтаваліся да наступу, прызначанага на 26 лістапада. Асаблівая ўвага надавалася забеспячэнню воінскіх фарміраванняў боепрыпасамі. На баявыя пазіцыі, куды нельга было пад’ехаць з-за бездарожжа або недахопу транспартных сродкаў, артылерысты і пехацінцы самі неслі снарады і міны. 

З гэтай мэтай штодня кожнай дывізіяй 11-й гвардзейскай арміі выдзяляліся спецыяльныя групы з найбольш фізічна моцных байцоў. Наступальным дзеянням не спрыяла надвор’е. Дажджы і туманы не давалі магчымасці дзейнічаць авіяцыі. 

З дазволу стаўкі наступ быў перанесены на больш позні тэрмін да ўстанаўлення добрага зімовага надвор’я, калі можна было б ужываць і авіяцыю, і танкі.

Адпраўны снежаньскі пункт

13 снежня пачалося наступленне армій 1-га Прыбалтыйскага фронту. Двухгадзінная артылерыйская падрыхтоўка змянілася атакай байцоў 11-й гвардзейскай арміі пры падтрымцы танкаў. Атакуючыя ўварваліся ў траншэі першай лініі абароны праціўніка, аднак далей рухацца не змаглі. Моцны агонь праціўніка спыніў нашы танкі, залягла пяхота. Артылерыйскія і мінамётныя батарэі гітлераўцаў, якія захаваліся пасля артылерыйскага налёту на другім абаронным рубяжы, затрымалі падраздзяленні, што наступалі. Прыйшлося зноў пачаць артылерыйскі абстрэл, паўтарыць атаку. На гэта было патрачана шмат часу. Вораг змог падцягнуць рэзервы, актыўна супраціўляўся.

Аперацыя развівалася не так, як планавалася. Большасць наступаючых часцей 11-й гвардзейскай арміі да канца дня пераадолелі нязначную адлегласць. Найбольшага поспеху дамаглася 84-я гвардзейская стралковая дывізія: яе байцы прайшлі наперад на два кіламетры ў паласе шырынёй 1,5 км.

Наступ 4-й ударнай арміі ў першы дзень быў больш паспяховым. На ўчастку прарыву пасля артпадрыхтоўкі была пастаўлена дымавая заслона, пад покрывам якой пачалі атаку танкі і пяхота 2-га гвардзейскага стралковага корпуса. 47-я стралковая дывізія разам з 24-й танкавай брыгадай прарвалі галоўную паласу абароны праціўніка і на працягу дня прасунуліся на 5 кіламетраў наперад. Добрае ўзаемадзеянне пяхоты, танкаў і артылерыі забяспечылі поспех. На тры кіламетры ўклініліся ў варожую абарону гвардзейцы 90-й стралковай дывізіі, якая наступала ў цэнтры, і наблізіліся да другой абарончай мяжы гітлераўцаў. Поспеху 4-й ударнай арміі спрыяла раптоўнасць наступу, прымяненне дыму, што было нечаканым для ворага.

На наступны дзень у баявыя дзеянні 11-й гвардзейскай арміі былі ўнесены карэктывы. Генерал-лейтэнант Кузьма Галіцкі вырашыў перанесці галоўны ўдар з цэнтральнага ўчастка на правы фланг, у паласу 84-й гвардзейскай стралковай дывізіі і памножыць яе поспех, дасягнуты напярэдадні.

Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі 84-я гвардзейская стралковая дывізія пры ўзаемадзеянні з 159-й танкавай брыгадай, якой камандаваў палкоўнік Сямён Хайдукоў, перайшла ў наступ. У хуткім часе ўступілі ў бой 117-я танкавая і 44-я мотастралковыя брыгады 1-га танкавага корпуса. Для падтрымкі танкавых брыгад ствараліся спецыяльныя артылерыйскія групы, прадстаўнікі якіх карэктавалі агонь, знаходзячыся ў камандзірскіх танках. Такое цеснае ўзаемадзеянне танкаў з пяхотай і артылерыяй забяспечыла поспех: у першай палове дня гэтыя ваенныя фарміраванні дасягнулі шашу Невель — Гарадок. Прарвала абарону ворага таксама 16-я гвардзейская стралковая дывізія.

Камандуючы 4-й ударнай арміяй генерал Васіль Швяцоў 14 снежня таксама ўвёў у бой дадатковыя сілы: 41-ю танкавую брыгаду і дзве кавалерыйскія дывізіі. Адна з іх, 5-я гвардзейская кавалерыйская дывізія, перарэзала чыгунку Невель — Гарадок у раёне раз’езда Раслякі. Лявей вяла баі за чыгунку і 47-я стралковая дывізія. Пяхотны полк праціўніка быў акружаны ў вёсцы Віроўля часткай сіл 90-й гвардзейскай стралковай дывізіі і 70-й танкавай брыгады, якія дзейнічалі сумесна з часткамі 381-й стралковай дывізіі.

Паляпшэнне надвор’я ў гэты дзень дало магчымасць дзейнічаць нашай авіяцыі. Штурмавыя дывізіі 3-й паветранай арміі наносілі ўдары па рэзервах праціўніка, яго агнявых пазіцыях. Актывізавалася і варожая авіяцыя, успыхнулі паветраныя баі. На трэці дзень наступу, 15 снежня, на кірунку дзеяння 4-й ударнай арміі ўступіла ў бой 166-я стралковая дывізія. Яе байцы разам з танкістамі 41-й танкавай брыгады выйшлі да чыгункі на ўсход ад вёскі Малашэнкі.

Працягвалі наступальныя дзеянні войскі 11-й гвардзейскай арміі. Паспяхова дзейнічала 83-я гвардзейская стралковая дывізія, байцы якой авалодалі вёскай Раіны і вялі бой за Сурміна. Адзін з батальёнаў 248-га гвардзейскага стралковага палка гэтай дывізіі вызваліў вёску Кайкі, у якой размяшчаўся артылерыйскі полк праціўніка, і захапіў гарматы. 250-ы гвардзейскі стралковы полк заняў вёску Лапцёўка, дзе знаходзілася пераправа праз раку Обаль і праходзіла адзіная дарога на поўдзень. Узнікла пагроза акружэння нямецкай 211-й пяхотнай дывізіяй. Гітлераўцы распачалі моцныя контратакі, імкнучыся адбіць у савецкага палка гэты населены пункт.

Кузьма Галіцкі пісаў у сваіх успамінах: «Генерал Вараб’ёў ... узмацніў 250-ы гвардзейскі стралковы полк падраздзяленнямі 252-га. Іх сумеснымі намаганнямі менш чым за 12 гадзін былі адбіты пяць шалёных контратак гітлераўцаў, якія імкнуліся прабіцца ўжо не толькі з поўначы, але і з захаду. Лапцёўка і пераправа засталіся ў нашых руках. Праціўнік жа, страціўшы ў ходзе сваіх контратак толькі забітымі больш за 400 салдат і афіцэраў, быў вымушаны дробнымі групамі прабівацца на поўдзень... па забалочанай нізіне, кінуўшы ўсю баявую тэхніку і абозы».

Тры стралковыя дывізіі, 83-я гвардзейская, 156-я і 29-я, завяршылі акружэнне часцей 211-й пяхотнай дывізіі ворага. У гэты ж дзень, 15 снежня, дамаглася поспеху 360-я стралковая дывізія, байцы якой вызвалілі ад немцаў чыгуначную станцыю Езярышча.

Раніцай 16 снежня працягваўся наступ 11-й гвардзейскай і 4-й ударнай армій. У хуткім часе танкісты 1-га і 5-га танкавых карпусоў сумесна з перадавымі падраздзяленнямі 1-й і 90-й гвардзейскіх стралковых дывізій злучыліся ў раёне станцыі Бычыха. У акружэнні апынуліся часткі адной авіяпалявой, чатырох пяхотных дывізій і шасці асобных спецыяльных і ахоўных батальёнаў праціўніка. Нашы войскі пачалі разгром акружанай групіроўкі ворага. Адначасова з розных напрамкаў удар па ёй наносілі 1-я, 31-я, 5-я, 83-я, 90-я, 26-я гвардзейскія і 381-я стралковая дывізіі. За два дні савецкія воіны выканалі задачу па ліквідацыі варожых часцей, якія трапілі ў акружэнне.

За пяць дзён баявых дзеянняў войскі 11-й гвардзейскай і 4-й ударнай армій акружылі і знішчылі варожую групіроўку ў паўночна-заходняй частцы Гарадоцкага выступу. Гэта прывяло да пашырэння (30 — 35 км) гарлавіны прарыву на поўдзень ад Невеля, што значна палепшыла становішча 3-й і 4-й ударных армій.

Адначасова з ліквідацыяй акружаных часцей праціўніка нашы войскі вялі наступ на Гарадок, вызваленне якога 24 снежня сіламі 11-й гвардзейскай арміі стала другім этапам наступальнай аперацыі. У наступныя дні злучэнні гэтай арміі з баямі вылучаліся ў напрамку Віцебска. Лінія фронту адступіла на поўдзень на 18–20 кіламетраў ад мястэчка. Войскі 4-й ударнай арміі наступалі ў напрамку Шуміліна. Яны перарэзалі шашэйныя і чыгуначную дарогі Віцебск — Полацк. Праціўнік аказваў моцнае супраціўленне на ўсіх участках наступлення нашых армій.

У апошнія дні снежня 

1943 года Гарадоцкая аперацыя скончылася, быў ліквідаваны выступ у лініі фронту і вызвалена тэрыторыя раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У выніку разлютаваных баёў, асноўныя манеўры якіх праходзілі на подступах да горада, было вызвалена больш за 1200 населеных пунктаў.

Адваяваны танк у гонар вызваліцеляў

Абарончы рубеж немцаў «Пантэра» вакол райцэнтра ў першыя дні наступальнай аперацыі ператварыўся ў магутную і складаную сістэму, але наш адказ быў няўхільны. Савецкія пяхота і танкі імгненна захапілі стратэгічна важныя пункты на першай лініі абароны. Прасоўванне наперад сустрэла супраціўленне, вораг падцягнуў свае рэзервы. Але раптоўнасць і выразнасць баявых дзеянняў заспелі ворага знянацку. Ад дзеянняў партызан у немцаў гарэла зямля пад нагамі. Ужо 15 снежня савецкія войскі прасунуліся амаль на дзесяць кіламетраў і вызвалілі першы населены пункт Езярышча. Гэты дзень назаўжды ўвайшоў у гісторыю населенага пункта як самы важны.

Месцам памяці і смутку, да якога ўдзячныя жыхары раёна праз 80 гадоў прыносяць кветкі, з’яўляецца магіла камандзіра 159-й танкавай брыгады 1-га танкавага корпуса Сямёна Паўлавіча Хайдукова, які загінуў тут падчас наступальнай аперацыі. На магіле Хайдукова, аднаго з герояў вызвалення, і іншых удзельнікаў аперацыі ўзведзены незвычайны помнік — танк Т-70, рэальная баявая машына, адна з 16, якая была падбіта паблізу Езярышча ў 1943 годзе. Там жа яна і знаходзілася на невялікім пастаменце, а затым была перанесена на мемарыял у цэнтры. Мясцовую славутасць у 2010 годзе хацелі вывесці на Алею Славы ў Віцебск, але жыхары пасёлка выступілі супраць гэтай ініцыятывы і абаранілі сваю галоўную рэліквію. Сёння яна з’яўляецца для нашчадкаў сімвалам неверагоднай моцы і нязломнага духу герояў-вызваліцеляў, а яшчэ нагадвае, якой вялікай цаной была заваявана перамога. Імя камандзіра Хайдукова носіць і адна з вуліц гарадскога пасёлка сёння.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.