Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Справядлівасць павінна напаўняць увесь крымінальны закон і практыку яго прымянення


Пытанні ўдасканалення заканадаўства аб крымінальнай адказнасці абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, гэтыя пытанні ўзніклі непасрэдна ад зваротаў грамадзян да Прэзідэнта. 


Першае пытанне, якое Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важным, пытанне амністыі. «У гэтым годзе мы адзначым 80-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І калі мы прымем станоўчае рашэнне, то з улікам асаблівасці даты амністыя павінна мець адрозненні. Трэба будзе больш уважліва паглядзець на жанчын і дзяцей, і на жанчын з дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных. Трэба падысці да пытанняў амністыі нетрадыцыйна», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў парламенце таксама абмяркуюць гэты законпраект, прааналізуюць з усіх бакоў. Тым больш працаваць трэба будзе новаму складу — людзям са свежымі поглядам і ідэямі. І як адзначыў Прэзідэнт, з пэўнымі амбіцыямі. 

«Але трэба ўлічваць і крымінагенную сітуацыю ў грамадстве. Звярніце ўвагу на недахопы папярэдніх амністый, каб іх не паўтарыць», — сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. 

Трэба займацца практычнай прафілактыкай

Другая тэма не менш важная. «Мы няўхільна паўтараем: дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх інстытутаў павінна будавацца на прынцыпе справядлівасці. Гэта сапраўды так. Гэта датычыцца і крымінальнай палітыкі. Справядлівасць павінна напаўняць увесь крымінальны закон і практыку яго прымянення. Але ці так на самай справе? Крымінагенная сітуацыя ў нас характарызуецца нармальнымі паказчыкамі, надзвычайшчыны мы ніякай не бачым», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў навагоднія святы спецыяльна заслухаў даклады кіраўніцтва сілавога блоку. «Упэўніўся, што калі і недзе надзвычайшчына нейкая, то вінаваты мы. Адзін сігнал у грамадства, што Прэзідэнт заслухаў усіх і міністры мне паабяцалі, асабліва міністр унутраных спраў, што будзе поўны парадак у краіне. Так і атрымалася. Усяго дзевяць правапарушэнняў і ні аднаго цяжкага. Калі такое было? То бок людзі чуюць, людзі разумеюць. Нам трэба страпянуцца і адпаведным чынам займацца практычнай прафілактыкай, скажам так. Не проста паклікаць чалавека і яму пальцам каля носа паківаць, папярэдзіць яго. А практычнай прафілактыкай, каб людзі разумелі, што любое злачынства, любое правапарушэнне непазбежна пацягне адпаведнае пакаранне», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго даручэнні, Адміністрацыяй Прэзідэнта прааналізаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса і іх рэалізацыя. Кіраўнік дзяржавы акрэсліў найбольш актуальныя пытанні, якія ўзнікаюць да гэтага аспекта: «Каго мы затрымліваем? Каго асуджаем? Ці адпавядаюць прызначаныя меры пакарання цяжкасці злачынстваў і той небяспекі, якую ўяўляюць гэтыя людзі для грамадства?»

«Канкрэтна па-народнаму скажу: трэба быць больш асцярожнымі ў вынясенні пакаранняў, асабліва ў судзе. Для большасці нашых беларусаў само з’яўленне ў судзе — гэта ўжо цяжкае пакаранне перад грамадствам. Таму трэба акуратна да гэтага падыходзіць — прыцягнення да адказнасці праз судовыя органы. Але найперш трэба глядзець, каго мы цягнем у суд. Думаю, нас чакае вялікая работа ў гэтым плане. Трэба пералапачваць Крымінальны кодэкс. Тым больш, што сітуацыя ў краіне характарызуецца нармальна ў плане правапарушэнняў, таму трэба на гэта ісці», — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што з больш 40 тысяч месцаў, якія маюцца ў пенітэнцыярнай сістэме, запоўнена толькі палавіна. І ўвесь час гэты працэнт памяншаецца. Кіраўнік дзяржавы назваў гэта добрай тэндэнцыяй. «Але на што нам трэба звяртаць больш увагі — на занятасць насельніцтва. Калі нават мы ідзём на амністыю, памілаванне чалавека, ён абавязкова павінен працаваць, ён абавязкова павінен працаўладкавацца. А для гэтага мы павінны кантраляваць гэтых людзей. Гэта работа, якую часам адпаведныя органы выконваць не хочуць, а трэба. У нас нямала людзей, якія не працуюць. А некаторыя стогнуць, што ім два дзясяткі людзей на прадпрыемства не хапае», — заўважыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што да гэтага пытання яшчэ раз трэба вярнуцца, паколькі не раз звярталі ўвагу на дармаедаў і гультаёў, але, па словах кіраўніка дзяржавы, воз і сёння там на асобных тэрыторыях. «Таму я хачу, каб мяне пачулі адпаведныя кіраўнікі раёнаў і гарадоў. Яны дакладна ведаюць, хто ў іх працуе, а хто — не. Калі людзі будуць занятыя, у нас яшчэ на парадак менш будзе злачынстваў», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што злачынцы ёсць розныя. Адны мацёрыя, закаранелыя рэцыдывісты, іншыя — тыя, хто аступіўся выпадкова. «Пытанне: ці ўлічваем мы гэта ў правапрымяненні? Ці заўсёды крымінальны закон дае вам магчымасць індывідуалізаваць пакаранне? Гэта ўжо пытанне да суддзяў», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што думкі ў прысутных на нарадзе кіраўнікоў праваахоўных і судовых органаў разыходзяцца. Але, па словах Прэзідэнта, гэта добра, бо ёсць што абмяркоўваць. 

Каго закране амністыя ў 2024-м годзе?

З дакладам выступіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. МУС адпрацаваны падыходы да пытанняў аб’яўлення амністыі ў краіне. «Прыняцце такога рашэнне ў бягучым годзе, па нашым меркаванні, з’яўляецца мэтазгодным. Амністыя закранае інтарэсы не толькі саміх асуджаных, але і іх родных, некаторыя з іх з’яўляюцца ветэранамі вайны і працы, людзьмі сталага ўзросту, якія маюць патрэбу ў дапамозе і доглядзе. На сёння прагноз развіцця крымінагеннай абстаноўкі ў краіне не выклікае сур’ёзных апасенняў», — далажыў міністр. Ён адзначыў, што прымяненне акта амністыі ў 2022 годзе істотна не аказала негатыўнага ўплыву на стан правапарадку ў краіне. Іван Кубракоў прывёў лічбы: з 5,5 тысячы амніставаных асоб зноў здзейснілі злачынства каля 4 працэнтаў, ці 274 чалавека. 

«Прыняцце амністыі мае сацыяльную наікраванасць і эканамічную мэтазгоднасць. Адной з абавязковых умоў яе прымянення з’яўляецца поўнае пакпрыццё нанесенага ўрону пацярпелым. Гэта пабуджае асуджаных кампенсаваць нанесеную сваімі злачыннымі дзеяннямі шкоду. Так, у перыяд дзеяння Закона аб амністыі 2022 года, асуджанымі, якія адбылі пакаренне ў месцах пазбаўлення волі, кампенсавана шкода ў памеры 4,5 мільёна рублёў», — расказаў Іван Кубракоў. 

У новым законе аб амністыі МУС прапануе закласці наступныя ўмовы. Першая — безумоўнае вызваленне ад усіх відаў пакарання, а таксама спынення папярэдняга раследавання па злачынных справах асоб, што ўчынілі злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці тое, якое адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх. Гэту ўмову прапануецца прымяняць да непаўналетніх, цяжарных жанчын, жанчын і адзінокіх мужчын з дзецьмі да 18 гадоў, асоб пенсійнага ўзросту, інвалідаў першай і другой груп, асоб, хворых на актыўную форму туберкулёзу, на анкалагічныя захворванні і людзей з ВІЧ-інфекцыяй, а таксама ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў і пацярпелых ад катастрофы на АЭС, на асобы льготнай катэгорыі грамадзян. Другая ўмова — вызваленне асоб, што ўчынілі злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, і якім назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ці пазбаўлення волі. Трэцяя ўмова — вызваленне асоб, якія здзейснілі злачынства, што адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх, якім назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, пазбаўлення волі і якія адбылі на дзень уступлення закона не менш за чвэрць прызначанага ім тэрміну пакарання. Чацвёртая — вызваліць ад пакарання ў выглядзе арышту. Пятая ўмова — вызваліць ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год асоб, якія не ўваходзяць ў ільготную катэгорыю грамадзян і якія здзейснілі цяжкае злачынства, а таксама асуджаных на пазбаўленне волі цяжарных жанчын і жанчын з дзецьмі да трох гадоў, якім суд адтэрмінаваў адбыванне пакарання. Шостая ўмова — вызваленне ад неадбытай часткі пакарання асоб, якія не ўваходзяць у льготную катэгорыю, якія ўчынілі цяжкія злачынствы, у якіх на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амінстыі да заканчэння тэрміну пакарання застаецца менш за адзін год. 

Акрамя таго, прапаноўваецца скараціць тэрмін пакарання на адзін год асобам, якія ва ўзросце да 18 гадоў здзейснілі злачынства, звязанае з незаконным абаротам наркотыкаў, і тым, хто здзейсніў карупцыйныя злачынствы. Адной з навацый з’яўляецца скарачэнне тэрміну адбывання пакарання на адзін год шматдзетным жанчынам, якія маюць больш за трох дзяцей да 18 гадоў, не пазбаўленых бацькоўскіх правоў, асуджаным за забойства ці нанясенне цяжкага фізічнага пашкоджання, якое пацягнула смерць, без абцяжарваючых адказнасць прыкмет. Па словах міністра, прапаноўваецца прымяняць гэтую ініцыятыву да 10 асуджаных жанчын. Усяго такіх жанчын 20 па краіне. Дадзеная прапанова мае сацыяльна-гуманны характар і накіравана, у першую чаргу, на хуткае ўз’яднанне маці і дзяцей. Іван Кубракоў прывёў канкрэтны прыклад. Асуджаная адбывае пакаренне тэрмінам на 6 гадоў пазбаўлення волі за забойства мужа. Жанчына характарызавалася станоўча, мае вышэйшую адукацыю, працавала адміністратарам у кафэ, мае трох непаўналетніх дзяцей, бацькоўскіх праў не пазбаўлена, зараз дзеці знаходзяцца пад апекай дзялулі. Забойства здзейсніла падчас сваркі з мужам, нанесла яму ўдар нажом у вобласць грудзей. У дзень сваркі ён кідаў жанчыну на падлогу, разбіў галаву, забіраў тэлефон, не даваў пакінуць кватэру. Жанчына сама выклікала хуткую дапамогу, да яе прыезду сама спрабавала дапамагчы мужу. 

«Дык навошта яе пасадзілі, каля яна абараняла саму сябе? Таму нам трэба прынцыпова з кожным чалавекам разбірацца, а не чохам іх вызваляць ці караць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Іван Кубракоў падкрэсліў, што няглядзячы на мноства прапаноў і навацый, прымяненне амністыі не будзе мець агульны і неабдуманы характар. Амністыю 2024-га прапаноўваецца прымяняць толькі для тых асоб, якія маюць станоўчую характарыстыку ва ўстановах адбывання пакарання, і да тых, хто поўнасцю кампенсаваў нанесеную шкоду. 

Міністр унутраных спраў расказаў, да каго не будзе прымяняцца амністыя. Гэта тычыцца асоб, да якіх на працягу 2020-2024 гадоў прымяналася амністыя ці памілаванне і якія зноў здзейснілі наўмыснае залчынства ў перыяд нязнятай і непагашанай судзімасці. А таксама да тых, хто злосна парушае ўстаноўлены парадак падчас адбывання пакарання, да тых, хто дапусціў асабліва небяспечны рэцыдыў парушэнняў. Асобам, якім пакаранне ў выглядзе вышэйшай меры заменена на пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, таксама не трэба разлічваць на амністыю, таксама як і асуджаным на пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення. Амністыя не будзе прымянана да асоб, асуджаных за экстрэміцкую і тэрарыстычную дзейнасць. 

«Згодна з нашымі папярэднімі адзнакамі, пры рэалізацыі ўсіх прапаноў, мяркуецца вызваліць з месцаў пазбаўлення волі каля 900 чалавек. З выпраўленчых устаноў адкрытага тыпу — 460 і каля 2,5 тысячы чалавек прапаноўваецца зняць з уліку крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Усяго каля чатырох тысяч чалавек», — далажыў Іван Кубракоў. 

У тэму 

Галоўныя патрабаванні — індывідуальны падыход і прынцып справядлівасці

Пасля нарады прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант расказала журналістам аб асноўных акцэнтах мерапрыемства. Па яе словах, абмеркаванне, якое працягвалася амаль дзве гадзіны, будавалася на двух прынцыпах, якія з самага пачатку акрэсліў Прэзідэнт — індывідуальны падыход і справядлівасць. Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на некаторыя моманты. «Прэзідэнт гаварыў аб рабоце Камісіі па пытаннях памілавання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Тут прынцыпы і патрабаванні Прэзідэнта наступныя: работа камісіі павінна пастаянна ўдасканальвацца, Прэзідэнт чакае ад камісіі прапаноў», — адзначыла Наталля Эйсмант. І, безумоўна, у аснове прапаноў камісіі, якія выносяцца на ўзровень кіраўніка дзяржавы, павінны ляжаць прынцып справядлівасці і індывідуальны падыход.

Падчас нарады разглядалася таксама работа праваахоўных органаў і іх асобных структурных падраздзяленняў — інспекцый па справах непаўналетніх і Дэпартамента па выкананні пакаранняў. Па словах Наталлі Эйсмант, асобна абмяркоўваліся пытанні, звязаныя са злачынствамі па наркатычных артыкулах. «Тут зразумела роля камісій па справах непаўналетніх і зразумела, што Прэзідэнт чакае ўзмацнення работы гэтых камісій. Такі сігнал быў сёння пададзены», — дадала яна. І ў гэтым накірунку праца праваахоўнікаў павінна у будавацца на прынцыпе справядлівасці. «Любыя праявы так званай палачна-галачнай сістэмы абсалютна непрымальныя. Аб гэтым Прэзідэнт гаварыў і раней не раз, сёння ён гэта для міністра ўнутраных спраў, у прыватнасці, паўтарыў», — адзначыла Наталля Эйсмант.

Удзельнікі нарады ўдзялілі ўвагу дзейнасці папраўчых устаноў і Дэпартамента выканання пакаранняў. Па словах Наталлі Эйсмант, Прэзідэнт бачыць неабходнасць узмацніць ролю папраўчых устаноў, улічваць іх меркаванне пры прыняцці рашэнняў аб амністыі або памілаванні, паколькі менавіта там ведаюць аб паводзінах тых, хто адбывае пакаранне.

«Асобная тэма — гэта занятасць, і асабліва занятасць памілаваных, амніставаных. Гэта павінна быць безумоўна і павінна выконвацца беспярэчна. На гэтым Прэзідэнт зрабіў акцэнт і праанансаваў па пытаннях занятасці вялікую размову на вышэйшым узроўні, на ўзроўні Прэзідэнта», — расказала Наталля Эйсмант. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць кантролю за тымі асобамі, якія будуць вызвалены ў выніку амністыі, а таксама іх уліку. «Яны будуць выходзіць з месцаў зняволення на пэўных умовах. І кантроль за тым, як гэтыя ўмовы будуць выконвацца, павінен быць жалезным. А інакш, як сказаў Прэзідэнт, рэакцыя будзе імгненнай і жорсткай. Пры ўсіх змякчальных падыходах, пры ўсіх прынцыпах справядлівасці, на якіх мы працуем, пытанне бяспекі Прэзідэнт безумоўна ставіць на чале», — адзначыла Наталля Эйсмант. 

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў расказаў журналдістам, што ўсе прапановы па прымяненні амністыі да 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у цэлым Прэзідэнтам былі падтрыманы. «Аднак Прэзідэнтам была пастаўлена задача канкрэтна прапрацаваць па кожнай прапанове. Асабліва ўвага была ўдзелена непаўналетнім, якія былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Таксама Прэзідэнт звярнуў увагу на жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, шматдзетных маці», — расказаў міністр. Ён таксама адзначыў, што Прэзідэнтам пастаўлена дакладаная задача — кожны выпадак разглядаць індывідуальна, а на чале — справядлівасць пры прымяненні амністыі. 

МУС прапаноўвае не прымяняць амністыю да тэрарыстаў і экстрэмістаў, якія прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. І гэта прапанова падтрымана. «Усе разумеюць, што здзейснілі гэтыя людзі, і на сёння праблема захоўваецца. На жаль, тыя беглыя, якія сёння знаходзяцца за мяжой, спрабуюць уплываць рознымі спосабамі на нашы грамадзян, асабліва на моладзь. Сітуацыю мы кантралюем, вядзем інтэрнет-разведку. Таму мы лічым, што да гэтых асоб прымяняць амністыю нельга. У кожнага, хто асуджаны за экстрэмізм ці тэрарызм, была магчымасць звярнуцца да кіраўніка дзяржавы за памілаваннем. На сёння раскаяння мы не заўважылі, таму наша адзначная пазіцыя — не прымяняць амністыю да гэатй катэгорыі асуджаных», — адзначыў Іван Кубракоў. 

У размове з журналістамі старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала нагадаў, што ў мінулым годзе была прынята канцэпцыя прававой палітыкі Беларусі, у якой ужо адзначаўся некаторы дысбаланс норм крымінальнага заканадаўства. Для ўстаранення такога дысбалансу Вярхоўны Суд прааналізаваў некаторыя санкцыі злачынстваў за менш цяжкія і негвалтоўныя злачынствы. «Мы прыходзім да высновы, што гэтыя санкцыі маюць патрэбу ў карэкціроўцы. У першую чаргу з тым, каб у іх увесці альтэрнатыўныя пазбаўленню волі віды пакарання», — сказаў ён. 

Пазбаўленне волі сярод 10 відаў крымінальнага пакарання займае 7-е месца па ступені цяжкасці. «Калі ў санкцыях артыкула за менш цяжкія і негвалтоўныя злачынствы няма нічога, акрамя пазбаўлення волі, вядома, судам вельмі складана выконваць такія неабходныя прынцыпы назначэння пакарання, як суразмернасць, індывідуальнасць і справядлівасць. Каб аблегчыць работу судоў, Вярхоўны суд прапанаваў адкарэкціраваць гэтыя санкцыі, прадугледзець у іх абавязковыя альтэрнатыўныя пазбаўленню волі віды пакарання. Гэта сур’ёзна аблегчыць задачу судоў па вызначэнні сапраўды справядлівага пакарання», — растлумачыў Валянцін Сукала. Па яго словах, такі падыход узгаднілі ўсе ўдзельнікі нарады. У бліжэйшы час будзе створана спецыяльная рабочая група, якая зоймецца гэтага пытання.

Пры гэтым, Валянцін Сукала падкрэсліў, што неабходнасць паправак абумоўлена і тым, што дзейны Крымінальны кодэкс сур’ёзна не мяняўся на працягу апошніх 24 гадоў. У гэты перыяд заканадаўцы ўзмацнялі адказнасць за нейкі від злачынстваў. І з часам узнік дысбаланс паміж нормамі Крымінальнага кодэксу. Вярхоўны Суд бачыць гэты дысбаланс, і таму паставіў пытанне аб змяненні гэтых санкцый. Валянцін Сукала расказаў, што праведзены аналіз паказаў, што ў Крымінальным кодэксе ёсць 35 артыкулаў за менш цяжкія, негвалтоўныя злачынствы, у санкцыях якіх адсутнічаюць альтэрнатыўныя віды пакарання, толькі пазбаўленне волі. На іх іх будзе звернута першачарговая ўвага пры падрыхтоўцы паправак. «Я не лічу, што ў кожнай з іх трэба ўводзіць альтэрнатыўныя санкцыі, там ёсць і складаныя, грамадска небяспечныя злачынствы», — сказаў ён. На думку старшыні Вярхоўнага суда, альтэрнатыўныя санкцыі могуць быць па 24 саставах злачынстваў з 35. Гэта можа закрануць, напрыклад, артыкул № 171 Крымінальнага Кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за арганізацыю занятку прастытуцыяй або ўцягванне ў занятак прастытуцыяй. Але толькі ў першай частцы артыкула, калі адсутнічаюць абцяжваючыя акалічнасці. Як растлумачыў кіраўнік Вярхоўнага суда, за гэтыя злачынствы былі асуджаныя 49 чалавек, але да 31 з іх суды былі вымушаныя прымяніць адтэрміноўку выканання пакарання. Пры гэтым кіраўнік Вярхоўнага Суда падкрэсліў, што будучыя змяненні крымінальнага заканадаўства ў частцы ўвядзення альтэрнатывы пазбаўленню волі не будуць датычыцца цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.