Вы тут

Надвор'е: Зноў моцны вецер, а ў сераду — да 18 марозу


На гэтым тыдні ў нас зноў будуць разгойдвацца «сінаптычныя арэлі», якія адрозніваюцца няўстойлівымі тэмпературнымі ваганнямі. А франтальныя раздзелы будуць прыносіць у краіну новыя порцыі ападкаў рознай фазы і інтэнсіўнасці, у асобныя дні дыскамфорту будзе дадаваць моцны парывісты вецер, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У аўторак на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, месцамі мяцеліца. На асобных участках дарог галалёдзіца. Ноччу па заходняй палове краіны, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с. Тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ад мінус 3 да мінус 8 градусаў.

Самым халодным днём на гэтым тыдні, будзе серада. У гэтыя суткі ноччу месцамі прагназуецца невялікі снег, днём — пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы месцамі па паўночным усходзе краіны чакаецца ўзмацненне ветру да 15–18 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе 10–16 градусаў ніжэй за нуль, а пры праясненнях — да мінус 18 градусаў. Днём тэмпература будзе ў межах ад мінус 1 градуса па паўднёвым захадзе да мінус 10 градусаў па паўночным усходзе.

А ў чацвер чакаецца пагаршэнне ўмоў надвор’я. Тэрыторыя Беларусі апынецца ва ўладзе актыўных атмасферных франтоў, за якімі пачне паступаць цёплая марская паветраная маса.

Маразы будуць адступаць, а ападкі са снегу пяройдуць у мокры снег, раніцай і днём з дажджом, што можа стаць прычынай утварэння галалёдных з’яў. Разам з тым ападкі будуць суправаджацца моцным парывістым ветрам, што паспрыяе ўзнікненню завей. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 2 градусаў па паўднёвым захадзе да мінус 15 градусаў па паўночным усходзе, а днём — ад мінус 3 да плюс 4 градусаў.

У ноч на Вадохрышча (у пятніцу) вецер аслабее, а ападкі працягнуць ісці на значнай частцы тэрыторыі. У асобных раёнах слабыя туман і галалёд. На дарогах месцамі галалёдзіца. Пры гэтым моцных маразоў чакаць не варта. Тэмпература паветра на працягу сутак будзе ад мінус 5 градусаў па паўночным захадзе да плюс 1 градуса па паўднёвым усходзе, а ўначы ў паўночна-заходніх раёнах пры праясненнях да мінус 8 градусаў.

Згодна з папярэднім прагнозам айчынных сіноптыкаў, у выхадныя дні зноў чакаецца зімовае надвор’е, тэмпературны фон панізіцца, а ападкі — у выглядзе снегу. Асобныя ўчасткі дарог будуць слізкія. У суботу-нядзелю месцамі пройдзе невялікі снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы апусціцца да мінус 5–12 градусаў, а пры праясненнях — да 13–17 марозу. Днём сіноптыкі абяцаюць 1–8 градусаў ніжэй за нуль.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.