Вы тут

Пачніце чытаць дзецям на ноч


Кніга — добры настаўнік і сябар. Але сучасныя дзеці звычайна аддаюць перавагу камп’ютарным і мабільным гульням, інтэрнэт-сёрфінгу. Прыцягнуць іх да чытання і пазнаёміць з шэдэўрамі сусветнай літаратуры — справа нялёгкая. Без асабістага прыкладу не абысціся. Але як у жыццёвай мітусні бацькам знайсці на гэта час?.. Пачніце чытаць дзецям на ноч.


Толькі ўявіце: у пакоі таямнічы паўзмрок, на сценах загадкавыя цені ад начніка ці настольнай лямпы, дзеці ўтульна ўладкаваліся ў ложку і, стрымліваючы дыханне, слухаюць чароўны аповед, што перарываецца толькі шоргатам старонак. Манатоннасць размеранай ціхай прамовы выдатна закалыхвае, а дзіўныя гісторыі захопліваюць уяўленне, спрыяюць развіццю вобразнага мыслення, фантазіі і творчага пачатку, узбагачаюць унутраны свет і пашыраюць слоўнікавы запас.

Што чытаць?

Дзеці, асабліва малыя, гатовы слухаць практычна ўсё, толькі б бацькі былі побач. Таму чытаць можна казкі, апавяданні пра птушыны і жывёльны свет, далёкія краіны, вясёлыя прыгоды і г. д. Толькі мінімізуйце экшн (дзе шмат пагонь, перастрэлак і боек) і страшныя гісторыі.

Дзецям малодшага школьнага ўзросту спадабаюцца кнігі Карнея Чукоўскага, Васіля Віткі, Алана Мілна, Рэдзьярда Кіплінга, Анне-Катарыны Вестлі і іншых. Падлеткам будзе цікава пазнаёміцца з творамі Івана Сяркова, Гектара Мала, Жуля Верна, Джэймса Фенімара Купера і іншых.

Калі ў сям’і некалькі рознаўзроставых дзяцей, кнігі варта чаргаваць: спачатку чытаем дзіцяці твор для малых, а потым для старэйшых. Не хвалюйцеся, што нехта чагосьці не зразумее — добрая літаратура заўсёды мае некалькі сэнсавых узроўняў, якія адкрываюцца ў залежнасці ад «пракачаннасці» ў культуры чытання (асабістага і сацыяльнага вопыту, адукацыі і г. д.). Чым больш ведаў чалавек атрымлівае пра свет, тым глыбей і паўней раскрываецца сэнс твора. Таму адна і тая ж, напрыклад, «Ноч перад Раством» Гогаля ўспрымаецца малымі як чароўная казка, тады як падлеткі бачаць у ёй разважанні аўтара пра сапраўднае каханне.

Чытаць можна нават тое, што дзеці звычайна ўспрымаюць з пэўнымі цяжкасцямі, — доўгія паэмы, аповесці, нарысы, раманы і г. д. Спачатку доўгія «сумныя» ўступы або апісанні прыроды будуць прапускацца між вушэй, але з часам малое ўцягнецца і пачне сачыць за сюжэтам і дзеяннямі персанажаў. А там і да просьбаў абмеркаваць прачытанае, і да «ну яшчэ старонку-дзве, мамачка» — недалёка. А потым дзіця і само возьмецца за кнігу, бо чакаць вечара так доўга, а даведацца, што будзе адбывацца далей, хочацца ўжо зараз. Не паспееце азірнуцца, як кнігі ператворацца ў найлепшых сяброў, а чытанне — у выдатны спосаб правядзення вольнага часу. І ўсё гэта без ціску і крытыкі!

Папяровая кніга ці аўдыя?

Часам бацькі замест таго, каб самім узяцца за кнігу, уключаюць аўдыязапісы. Здаецца, розніца невялікая, так нават прасцей: і дзеці заняты праслухоўваннем, і мама з татам могуць спакойна сваімі справамі займацца. Але псіхолагі ўсё ж раяць не карыстацца дапамогай электроннага чытальніка без асаблівай на тое патрэбы. Чаму? Аўдыякніжкі незаменныя ў паездках, на дачы, пры з’яўленні сапраўды неадкладных спраў. Але ёсць недахопы і ў іх:

  • Малым патрэбны менавіта бацькі (мама ці тата, на крайні выпадак — бабуля-дзядуля), іх голас і прысутнасць. Пакуль падлеткі будуць прагна сачыць за сюжэтам, дзеці дашкольнага ўзросту абавязкова збягуць з ложка і адправяцца на пошукі бацькоў.
  • Змест кнігі можа выклікаць пытанні. Напрыклад, могуць сустрэцца невядомыя словы ці выразы або дзіця не зразумее ўчынкі персанажаў, сюжэтныя павароты. Нарэшце, добры твор заўсёды насычаны літаратурнымі, гістарычнымі і культурнымі адсылкамі. Але электронны чытальнік не здольны зрабіць паўзу для тлумачэння складаных момантаў, алюзій і метафар, раскрыць паводзіны герояў, напрыклад, з маральна-этычнага пункту гледжання, правільна расставіць акцэнты.
  • Аўдыякніжкі дазваляюць проста пазнаёміцца з творам, тады як бацькоўскае чытанне ўслых — частка выхаваўчага працэсу. Добрая магчымасць неўпрыкмет правесці аналогіі з хвалюючымі дзіця падзеямі і праблемамі, своечасова і да месца ўзняць і абмеркаваць важныя тэмы: адносіны паміж людзьмі, шкодныя звычкі, вечныя каштоўнасці і г. д.

Чытанне перад сном — традыцыя выдатная. Там, дзе бацькі яе прытрымліваюцца, дзеці больш паслухмяныя, чуллівыя да навакольнага свету і творчыя. 

А яшчэ яна замацоўвае ўзаемасувязі між бацькамі і малымі і гарантавана прывівае любоў да кніг.

Александрына ПАРШЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.