Нядаўна адпаведнае рашэнне прыняў Пінскі райвыканкам. Дакументам прадугледжана ўзяць пад ахову месцы пражывання трохпалага і беласпіннага дзятлаў, а таксама вераб’інага сыча, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Птушкі заўважаны ў кварталах Малаплотніцкага, Клятнянскага, Парэцкага лясніцтваў Целяханскага лясгаса.
Як паведаміў карэспандэнту газеты галоўны ляснічы Целяханскага лясгаса Руслан Шагойка, ахова птушак азначае перш за ўсё асаблівы рэжым вядзення гаспадарчай дзейнасці ў арэоле іх пражывання. Супрацоўнікі лясніцтваў строга прытрымліваюцца ахоўных абавязацельстваў у плане правядзення нарыхтоўкі лясных рэсурсаў, выканання лесагаспадарчых і меліярацыйных работ.
Руслан Анатолевіч падкрэсліў, што вопыт такой работы ў лясгаса ёсць. Гаспадарнікі кіруюцца ў сваёй дзейнасці Лясным кодэксам Рэспублікі Беларусь і Законам «Аб змяненні Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь», які быў прыняты летась і ўступіў у сілу ў студзені бягучага года. Закон якраз накіраваны на ўдасканаленне пытанняў аховы лясоў і прыроды ў цэлым — роля мясцовай улады ў гэтай справе ўзрастае.
Ну і грамадскасць не застаецца ў баку ад добрай справы. Варта сказаць, што многія школы Пінскага раёна надаюць значную ўвагу экалагічнай адукацыі вучняў. Скажам, у Сошненскай сярэдняй школе ўжо шмат гадоў працуе аб’яднанне па інтарэсах «ЛЕСавічОК». Дырэктар школы Святлана Хандрыка расказала карэспандэнту газеты, што дзеці разам з педагогамі і бацькамі робяць кармушкі для птушак, праводзяць назіранні, ладзяць акцыі па зімовых падкормках крылатых сяброў і сустрэчы птушак вясной: «Тым самым мы выхоўваем у вучняў любоў да прыроды, уменне назіраць за навакольным асяроддзем. На занятках гуртка школьнікі атрымліваюць экалагічныя веды, якія і служаць асновай беражлівага стаўлення да прыроды, у нашым выпадку — да птушак», — падкрэсліла Святлана Васілеўна.
Дарэчы, днямі Бярозаўскі райвыканкам сваім рашэннем перадаў пад ахову месцы пражывання вусатай сініцы і шэрага жураўля. Птушкі, занесеныя ў Чырвоную кнігу, заўважаны на землях трох карыстальнікаў зямельных участкаў. Вусатая сініца адзначана на землях ААТ «Міжлессе», Бярозаўскай машынна-тэхналагічнай станцыі і сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Савушкін-Прамень». Пад ахову перададзена амаль 57 гектараў. Шэры журавель пражывае на ўчастку амаль у 40 гектараў тэрыторыі ААТ «Міжлессе». На ўказаных участках устанаўліваецца асаблівы рэжым аховы і выкарыстання. Названыя гаспадаркі бяруць на сябе ахоўныя абавязацельствы. Ну а мясцовая ўлада выступае ў ролі каардынатара работы.
— Наша функцыя ў гэтым пытанні больш асветніцкая, выхаваўчая, а таксама інфармацыйная, — гаворыць старшыня Міжлескага сельскага Савета Бярозаўскага раёна Юрый Кашталян. — На сходах грамадзян будзем яшчэ раз нагадваць, тлумачыць, заклікаць ні ў якім разе не выпальваць сухую траву вясной. Апошняе смяротна небяспечна для птушак-чырванакніжнікаў. На асобных участках нельга прымяняць угнаенні і сродкі аховы раслін у перыяд з 15 красавіка да 31 ліпеня ўключна. Гэта датычыцца не толькі сельгаспрадпрыемстваў, але і фермераў, прыватных гаспадароў. Выканкам даводзіць інфармацыю да зацікаўленых асоб, а вялікай асветніцкай работай у экалагічным кірунку займаецца школа. На нашай тэрыторыі функцыянуе Сігневіцкая сярэдняя школа. Там ёсць адпаведныя гурткі, факультатывы. Добра, што дзеці выхоўваюцца ў духу павагі да прыроды. Інакш і быць не можа ў нашай мясцовасці: побач — Спораўскі заказнік, іншыя запаведныя мясціны.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з адкрытых крыніц
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.