Вы тут

Расказваем пра навацыі для плацельшчыкаў узносаў і пры налічэнні бальнічных


Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва завяршыў працэс шматгадовай мадэрнізацыі, дзякуючы чаму шэраг ключавых працэсаў як для бізнесу, так і для насельніцтва пераведзены ў лічбавы фармат. Уся дакументацыя ў фонд з 1 красавіка бягучага года будзе прадстаўляцца толькі ў лічбавым фармаце, з-за чаго знікне неабходнасць плацельшчыкам узносаў асабіста наведваць органы фонду і рыхтаваць папяровыя дакументы. Шэраг новых магчымасцяў атрымаць інфармацыю па персаніфікаванымуўліку з’явіўся і ў работнікаў. Якія інструменты ФСАН гатовы прапанаваць бізнесу для стварэння камфортнага асяроддзя і як зарэкамендаваў сябе мабільны дадатак для работнікаў, расказалі прадстаўнікі ФСАН.


Што мяняецца для плацельшчыкаў узносаў?

Як адзначыла кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава, сярод задач сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага страхавання — збор і выплата страхавых узносаў, фінансаванне выплат пенсій і дапамог, персаніфікаваны ўлік, прафесійнае пенсіённае страхаванне і іншыя. У фондзе зарэгістравана больш за 600 тысяч плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў, з якіх больш за 250 тысяч з’яўляюцца работадаўцамі. Колькасць асабовых рахункаў у сістэме персаніфікаванага ўліку, якая функцыянуе ўжо 21 год, складае 8 мільёнаў 300 тысяч.

Асноўная задача ФСАН — збор і выплата страхавых узносаў. Тарыф на выплату ўзносаў у бюджэт фонду ўстаноўлены ў памеры 35%. З іх 34% за кожнага работніка ўплачвае работадаўца. У тым ліку 6% паступае на сацыяльнае страхаванне (з іх выплачваецца шэраг дапамог), 25% паступае на будучую пенсію работніка. 1% (таксама на пенсіённае страхаванне) утрымліваецца з заработнай платы кожнага работніка. Такім чынам акумулюецца даходная частка бюджэту фонду. За мінулы год яна склала каля 25 мільярдаў рублёў.

Гэтыя сродкі накіроўваюцца на дзве групы выплат насельніцтву. Асноўная — выплата пенсій грамадзянам, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку (каля 78% усіх расходаў бюджэту фонду), а 21% — расходы на дапамогі (сямейныя, па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах і іншыя).

— Выкананне ўсіх задач немагчымае без іх лічбавай трансфармацыі. І сёння мы кажам, што працэс лічбавай трансфармацыі мы завяршылі. Усе ключавыя задачы гатовы да рэалізацыі толькі ў дыстанцыйным фармаце, — паведаміла Юлія Берднікава.

Шэраг навацый для плацельшчыкаў узносаў з’явіцца ў бягучым годзе. Першая — з 1 студзеня плацельшчыкі маюць магчымасць працаваць у асабістым кабінеце плацельшчыка ўзносаў на партале фонду без электроннага лічбавага подпісу.

— Гэта чаканая функцыя, якая рэалізоўвалася некалькі гадоў. На сёння такі кабінет створаны і дазволіць ахапіць усе групы плацельшчыкаў для рэалізацыі задач, звязаных з ФСАН у дыстанцыйным фармаце без наведвання органаў ФСАН, — адзначыла кіраўнік фонду.

Дарэчы, плацельшчыкаў, якія з’яўляюцца работадаўцамі, зарэгістравана больш за 250 тысяч. Асноўная іх частка — 71% — гэта плацельшчыкі, сярэднеспісачная колькасць работнікаў у якіх складае да 15 чалавек. У гэтай структуры тры чвэрці з’яўляюцца плацельшчыкамі з сярэднеспісачнай колькасцю работнікаў да пяці чалавек, на якіх і будзе распаўсюджвацца лічбавы кабінет плацельшчыка без электроннага лічбавага подпісу.

Гэта новаўвядзенне закране яшчэ адну групу плацельшчыкаў, якія самастойна выплачваюць узносы ў бюджэт фонду, — індывідуальных прадпрымальнікаў. Катэгорыя работнікаў, хто самастойна ўплачвае ўзносы ў ФСАН, складае каля 428 тысяч. Раней ім пры адсутнасці электроннага лічбавага подпісу трэба было прадстаўляць звесткі на папяровым носьбіце з уласным подпісам. Цяпер электронны кабінет «расчыніў дзверы» і для гэтай катэгорыі плацельшчыкаў.

Такім чынам, з бягучага года ўсе катэгорыі плацельшчыкаў могуць выплачваць узносы і прадстаўляць звесткі дыстанцыйна. І цяпер будзе дзейнічаць два віды кабінета плацельшчыка: першы мадэрнізаваны ў 2019 годзе, ім карысталіся тыя плацельшчыкі, якія маюць электронны лічбавы подпіс, другі від рэалізаваны без электроннага лічбавага подпісу.

— Мы ўваходзім у справаздачны перыяд, калі індывідуальным прадпрымальнікам неабходна прадставіць нам справаздачу, і гэтым плацельшчыкам неабходна будзе зарэгістравацца ў кабінеце. Таксама мы гаворым пра тых плацельшчыкаў — іх каля 23 тысяч — у якіх ёсць наёмныя работнікі, якія прадстаўлялі звесткі на папяровых носьбітах. Гэта таварыствы ўласнікаў, гаражныя кааператывы, ЖСПК і іншыя, для іх таксама першы квартал будзе з’яўляцца пераходным перыядам. Для таго, каб у першым квартале зарэгістравацца на партале без электроннага лічбавага подпісу, ім неабходна адзін раз наведаць орган фонду, каб гэты кабінет зарэгістраваць на сваю арганізацыю. У наступным не трэба ажыццяўляць візіты ў фонд, каб прадставіць дакументы, — патлумачыла Юлія Берднікава.

Праз кабінет плацельшчыка можна рэалізаваць шэраг задач. Найперш гэта падача справаздач і дакументаў персаніфікаванага ўліку ў ФСАН і прагляд вынікаў іх прыёму. Дарэчы, у год у органы фонду прадстаўляецца больш за 28 мільёнаў дакументаў. З1 красавіка, калі скончыцца пераходны перыяд, усе яны будуць паступаць толькі ў лічбавым фармаце.

Таксама асабісты кабінет плацельшчыка дазваляе кожнаму наведвальніку скарыстацца даведачна-інфармацыйнымі сэрвісамі, іх 16. Гэта дазволіць атрымаць інфармацыю пра работнікаў дадзенай арганізацыі, якая ёсць у інфармацыйных сістэмах фонду. Таксама маецца 12 вітрын даных. Яны даюць магчымасць атрымаць зваротную сувязь ад фонду, калі той накіроўвае сігнал плацельшчыку, што нейкая інфармацыя некарэктна адлюстравана на асабовых рахунках таго ці іншага работніка ці ўтварылася запазычанасць.

Яшчэ адна навінка для работадаўцаў — магчымасць маніторыць расходаванне сродкаў на выплату дапамог. Гэта важна, паколькі выплата ўзносаў у бюджэт фонду ажыццяўляецца з улікам выліку расходаў на выплату дапамог.

Бальнічныя будуць разлічвацца па-новаму з ліпеня

Таксама рэалізаваны новы раздзел, звязаны з выплатай дапамог па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах. Пра навацыі заканадаўства, якія нас чакаюць з 1 ліпеня бягучага года па выплаце бальнічных, расказала намеснік кіраўніка Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Кацярына Ліхачова.

Першая з іх — змяненне парадку выліку сярэднядзённага заробку. З укараненнем новага парадку разліку дапамог будуць улічвацца ўсе выплаты, на якія налічваецца ўзнос у ФСАН, а не толькі за работу. Такім чынам, пашыраецца пералік выплат, якія ўвойдуць у разлік сярэднядзённага заробку. Гэта аднаразовыя выплаты, матэрыяльная дапамога, на якую налічваюцца ўзносы, і іншыя выплаты.

Таксама з 1 ліпеня павялічваецца мінімальны памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці. Сёння гэта 50% БПМ, ці 183 рублі. З 1 ліпеня гэта будзе памер мінімальнай заработнай платы, які сёння складае 626 рублёў. Такі парадак разліку бальнічнага выкарыстоўваецца для работнікаў, якія пакуль не маюць працоўнага стажу.

Мяняецца і памер самой дапамогі па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах. Сёння яна ў першыя 12 каляндарных дзён бальнічнага складае 80%, а далей — 100%. З 1 ліпеня на разлік дапамогі будзе ўплываць стаж работніка. Калі ён складае больш за 10 гадоў, 100% заробку будзе захоўвацца з першага дня хваробы. Калі менш за 10 гадоў — разлік застанецца ранейшым: 80% у першыя 12 каляндарных дзён і 100% — у астатні перыяд.

Яшчэ адна навацыя — дапамога будзе выплачвацца толькі па адным месцы работы і, як правіла, па асноўным. Туды і трэба прадставіць бальнічны. Калі асноўнага месца работы няма і работнік працуе толькі па сумяшчальніцтве, ёсць права прадставіць па сумяшчальніцтве, але толькі па адным месцы.

— Асаблівасць — мы ўлічваем заробак усіх работадаўцаў. Сярэднядзённы заробак не зменшыцца. У яго разлік увойдуць выплаты ўсіх работадаўцаў, прычым не толькі дзейных, але і былых у разліковым перыядзе, — патлумачыла Кацярына Ліхачова.

Зменіцца з 1 ліпеня і разліковы перыяд. Цяпер ён складае шэсць месяцаў, а павялічыцца да 18. Калі за гэты час работнік паспеў змяніць месца работы, улічваецца яго заробак і на мінулым месцы ў азначаны перыяд.

— Яшчэ адна навацыя, якая даўно прасілася. Калі органы фонду выходзяць на праверку і ўстанаўліваюць недаафармленне бальнічнага, то работадаўца ў праве яго дааформіць. Раней абавязкам фонду было заўважыць няправільнае афармленне, і гэтыя выплаты мы не прымалі да заліку. Цяпер ён даафармляецца і працягвае быць аплачаным. Такая патрэбная для нашых работадаўцаў навацыя, — адзначыла Кацярына Ліхачова.

Апошняе змяненне — разлік сярэднядзёнага заробку будзе ажыццяўляцца ФСАН, а не работадаўцам.

Справядлівасць і мінімізацыя памылак бухгалтараў

Які ж чакаецца эфект ад уведзеных змяненняў?

— Найперш мы мелі на мэце больш справядлівыя адносіны ў прымяненні нормаў заканадаўства. Чым больш чалавек працуе, тым больш у яго дапамога. Калі занятасць і месцаў работы больш, дапамога таксама большая. Таксама мелі на мэце скарачэнне выпадкаў злоўжывання сродкамі сацыяльнага страхавання. Сёння мы бачым такія выпадкі, калі завышаецца разліковая велічыня дапамогі. Калі набліжаецца працяглы бальнічны, напрыклад, па цяжарнасці і родах, то рэзка ў разліковы перыяд, які цяпер складае шэсць месяцаў, павышаюцца выплаты ў гэтага работніка. І такім чынам павышаецца памер дадзенай дапамогі. Для таго каб пазбегнуць такіх сітуацый, у тым ліку і па гэтай прычыне павялічаны разліковы перыяд, — патлумачыла Кацярына Ліхачова.

Яшчэ адна мэта — устараніць абіральны падыход у выплаце дапамог.

— Практыка паказвае, што, калі грамадзяне маюць некалькі месцаў работы, мы бачым: аднаму работадаўцу бальнічны адносяць, другому — не. Больш за 60% грамадзян, якія маюць два і больш месцаў работы, прадставілі бальнічны ліст выбарна. Цяпер, калі работнік не прадставіць інфармацыю аб тым, што хварэў, усім работадаўцам, дапамога не будзе прызначацца. Адзін бальнічны — адна дапамога, пры ўмове, што хварэў на ўсіх месцах работы, — падкрэсліла спецыяліст.

Яшчэ адзін эфект, якога чакаюць у ФСАН, — мінімізацыя памылак бухгалтарскіх службаў.

— Слабае звяно ва ўзаемадзеянні з ФСАН — няправільны разлік у частцы прызначэння дапамог па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах. Гэта парушэнне сустракаецца ў 45% выпадкаў. Шмат недаплат дапамог, у 2022 годзе яны былі недаплачаны на суму больш за 200 тысяч рублёў, — расказала Кацярына Ліхачова.

У мабільнага дадатку ФСАН 670 тысяч карыстальнікаў

Год таму з’явіўся мабільны дадатак для работнікаў, дзе можна атрымаць карысную інфармацыю аб працоўнай дзейнасці, пракантраляваць выплату работадаўцам узносаў у ФСАН і атрымаць звесткі пра гарантыі, якія дае дзяржава.

— Мабільная прылада — першая спроба выбудаваць узаемадзеянне з работнікамі. І тое, што стрэл аказаўся трапным, сведчыць, што ўжо на першым тыдні функцыянавання дадатак трапіў у топ самых запатрабаваных. Яно запатрабаванае. Праз год можна сказаць, што 670 тысяч грамадзян карыстаюцца мабільным дадаткам. Сярод іх 57% жанчын і 43% мужчын. Па ўзросце карыстальнікі дзеляцца наступным чынам: 2,4% — маладыя людзі да 21 года, 50% — людзі ва ўзросце 22–40 гадоў, 36,7% — 41–63 гады, 1,3% — людзі, старэйшыя за 63 гады. Такім чынам, эканамічна актыўнае насельніцтва складае 87% сярод карыстальнікаў. Так што гэты крок быў зроблены не дарэмна. Цяпер мы маем паўнацэнна выбудаваны лічбавы фармат узаемадзеяння з нашымі застрахаванымі грамадзянамі, — рэзюмавала Юлія Берднікава.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.