Вы тут

Выбітных навукоўцаў узнагародзілі на Гомельшчыне


На ўрачыстай цырымоніі ў гонар Дня беларускай навукі і 95-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук сабраліся дзеячы навуковай супольнасці Гомельскай вобласці ўсіх пакаленняў: ад пачынаючых рацыяналізатараў да навукоўцаў з больш як паўвекавым стажам работы. 


У рэгіёне навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі займаюцца тры дзесяткі арганізацый. Вядучую ролю выконваюць дваццаць навуковых прадпрыемстваў. Сярод іх пяць інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, шэсць ВНУ і столькі ж прамысловых прадпрыемстваў, дзве прыродаахоўныя ўстановы, медыцынскі цэнтр. Прадстаўнікі навуковай сферы Гомельшчыны — гэта больш як дзве тысячы чалавек, якія займаюцца даследаваннямі, інавацыйнымі распрацоўкамі. У цэлым у вобласці працуюць 130 даследчыкаў, 2 акадэмікі, 24 дактары навук і 106 кандыдатаў навук. На рахунку арганізацыі вобласці, вядомых ў навуковай прасторы — сотні праграм і праектаў міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў.

Як зазначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, свята беларускай навукі — знамянальнае не толькі для вучоных, але і інжынераў, тэхнолагаў, выкладчыкаў, даследчыкаў, якія працуюць у навуковых арганізацыях, установах адукацыі, на прадпрыемствах.

— Гэта свята і зусім юных рацыяналізатараў і даследчыкаў, якія рэалізуюць свой навуковы патэнцыял у конкурсе «100 ідэй для Беларусі», — звярнуў увагу кіраўнік рэгіёну. — За час існавання конкурсу штогод 2-3 праекты маладых гомельскіх распрацоўшчыкаў перамагаюць на рэспубліканскім этапе, атрымліваюць гранты ад дзяржавы на рэалізацыю сваёй ідэі. Напрыклад, летась 9 таленавітых прадстаўнікоў вобласці прайшлі ў фінал конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Двое з іх сталі пераможцамі. Распрацоўка Яна Гулевіча з Буда-Кашалёва прызнана лепшай і на міжнародным конкурсе «100 ідэй для СНД». Больш за тое, ужо ўкаранёна ў жыццё і пацвердзіла сваю эканамічную эфектыўнасць.

Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, да маладых перспектыўных даследчыкаў на Гомельшчыне стаўленне асаблівае. Пацвярджэнне гэтаму — прысуджэнні спецыяльнай штогадовай прэміі аблвыканкама. За 23 гады за распрацоўкі ў самых розных сферах дзейнасці — тэхнічнай, гуманітарнай, сельскагаспадарчай, прыродазнаўчай — яе ўладальнікамі сталі амаль 220 маладых вучоных і спецыялістаў рэгіёна.

— Гэта вельмі добра, што ў нас захоўваецца такая пераемнасць: масцітыя вучоныя — іх таленавітыя вучні — і зусім юныя самародкі, — падкрэсліў Іван Крупко. — Дасягненні айчынных вучоных — прадмет нашага асаблівага гонару. Дзякуючы даследаванням з’яўляюцца унікальныя тэхналогіі, ствараюцца новыя вытворчасці. У Год якасці рэальнаму сектару эканомікі як ніколі неабходны самыя сучасныя тэхналогіі, распрацоўкі, інавацыйныя рашэнні. Фактычна яны ў нас ёсць. Аб гэтым сведчыць значны, практычна ў два разы да узроўню 2022 года, рост вытворчасці інавацыйнай прадукцыі. Яе ўдзельная вага ў агульным аб’ёме вырабленай прадукцыі склала звыш 30%. А гэта заваяванне не толькі унутранага рынка, але і па многіх відах прадукцыі — знешніх рынкаў, — зрабіў акцэнт кіраўнік Гомельскага рэгіёну.

Як звярнуў увагу Іван Крупко, у мінулым годзе на Гомельшчыне адкрыліся новыя галіновыя лабараторыі ва ГДУ імя Ф. Скарыны і Навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.

— Будзе моцнай навука — будзе і тэхналагічны прарыў, і магутнае сучасная вытворчасць, і высокая культура і здаровае грамадства. У гэтым перакананы і наш Прэзідэнт, які ў адным са сваіх выступленняў ёмка зазначыў: «Мэты навуцы ставіць сам час», — нагадаў Іван Крупко.

Кіраўнік рэгіёна ўручыў заслужаныя ўзнагароды вучоным, у тым ліку і пяць прэмій аблвыканкама. Адмысловай падзякі ад кіраўніцтва аблвыканкама ўдастоены Віктар Яўгенавіч Старжынскі. Гомельскі навуковец месяц таму адзначыў 90-гадовы юбілей. На рахунку вучонага 180 навуковых прац, 70 аўтарскіх патэнтаў, 3 пасведчанні аб рэгістрацыі камп’ютарных праграм.

— Працягваю хадзіць у інстытут. Працягваю працаваць, і дастаткова актыўна, — падзяліўся Віктар Яўгенавіч, агульны стаж навуковай дзенасці якога — 65 гадоў, з іх 57 — гомельскі навуковец аддаў рабоце у Інстытуце механікі металапалімерных сістэм імя Белага НАН Беларусі.

Сярод маладых навукоўцаў Гомельшчыны дыпломам аблвыканкама адзначаны аспірант кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслаў Воўчак. Яго навуковая работа «Інавацыйныя тэхналогіі кіравання рызыкамі ў скрынінгу анкалагічных захворванняў» набрала найбольшую колькасць балаў, і абласная конкурсная камісія прысвоіла Уладзіславу Воўчаку званне «Лепшы малады вучоны Гомельскай вобласці 2023 года».

Як падзяліўся малады гомельскі навуковец-медык, навука займае вызначальную пазіцыю ў яго жыцці.

— Пасля заканчэння ўніверсітэта я зразумеў, што хачу займацца далей навуковымі пошукамі і той праблематыкай, якая з’яўляецца актуальнай для вырашэння самых надзённых пытанняў у сістэме аховы здароўя нашай краіны. Ужо сёння нашы распрацоўкі ў вобласці ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў даюць свае вынікі. Мы бачым відавочны рост выяўлення захворвання на ранняй стадыі. І, на мой погляд, гэта той самы прыклад, калі навука павінна мець прыкладны характар і быць лёгка і канкрэтна імплементавана ў сістэму аховы здароўя і практычную работу любой са сфер дзейнасці чалавека, — перакананы Уладзіслаў Воўчак.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.