Вы тут

«Агульную справу робім»


Памятаць, каб захаваць нашу цывілізацыю

Мінулыя выхадныя ў Паўночнай сталіцы Расіі праходзілі пад знакам 80-гадовага юбілею поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады. Галоўныя ўрачыстыя мерапрыемствы праходзілі з удзелам Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі.

Падчас цырымоніі адкрыцця Мемарыяльнага комплексу ў памяць аб мірных жыхарах СССР — ахвярах нацысцкага генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават праз 80 гадоў памяць аб тых падзеях прымушае сціскацца сэрцы, зноў адчуваць горыч страт і радасць вызвалення, і неверагодны напал барацьбы за жыццё, за нашу Перамогу. «Цана Вялікай Перамогі — наш агульны боль. Агульны для ўсіх народаў, прыгавораных гітлераўскай Германіяй да смерці. Беларусы адчуваюць яго, як ніхто іншы», — сказаў ён. Па словах беларускага лідара, кожны з такіх помнікаў — «неабвержны доказ генацыду савецкага народа. Гэта прыгавор на стагоддзі, як бы камусьці гэтага ні хацелася сёння».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што памяць аб ахвярах той вайны, аб гераізме нашых бацькаў і дзядоў сёння многім перашкаджае жыць, і перш за ўсё — ідэйным памагатым забойцаў і здраднікаў: «Гэта яны сёння ўшаноўваюць катаў у сваіх парламентах. Гэта яны пачалі вайну з магіламі і помнікамі ў Польшчы, Прыбалтыцы і Украіне. Поўныя вар’яты! Як можна думаць, што, разбурыўшы манумент, вы знішчыце памяць, якая жыве ў сэрцы народа? Народа, які знайшоў у сабе сілы выбудоўваць новыя мірныя адносіны з тымі дзяржавамі, якія яшчэ ўчора неслі пакуты і смерць на нашы землі».

Прэзідэнт падзякаваў Уладзіміру Пуціну, усяму расійскаму народу і тым, хто ствараў гэты манумент. «Дзякуй ад усяго шматпакутнага беларускага народа! Мы не можам змяніць мінулае, але нам пад сілу абараніць будучае. Няхай гэты мемарыял беражэ нашу агульную гістарычную памяць, братэрства народаў і сілу непарушнага адзінства нацый, якія з’ядналіся ў барацьбе з сусветным злом і перамаглі яго. Гэта вельмі важна для нас сёння. Міру, дабра і шчасця ўсім вам!» — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі ўсклалі кветкі да Вечнага агню, агледзелі мемарыяльны комплекс.

Мемарыял узведзены ў Гатчынскім раёне Ленінградскай вобласці, дзе ў гады акупацыі размяшчаліся шматлікія лагеры для ваеннапалонных, а таксама канцэнтрацыйныя лагеры для савецкіх дзяцей, якіх фашысты выкарыстоўвалі ў якасці донараў крыві для нямецкіх салдат. Тут загінула больш за 8 тысяч дзяцей.

Мемарыял будзе бачны ўсім, хто прылятае ў Санкт-Пецярбург, — побач знаходзіцца міжнародны аэрапорт Пулкава.

Тэму неабходнасці захавання гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне Прэзідэнт Беларусі прадоўжыў падчас канцэрта-рэквіема ў гонар 80-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады. «Гэта праўда дэманструе глыбіню духоўнага і маральнага падзення тых, хто стаў пад сцягі нацысцкай Германіі. Яна падае чорным ценем на многія заходнееўрапейскія краіны. Гэта наша праўда. Але размова не ідзе аб варожасці з іх народамі. Мы, нашчадкі пераможцаў, процістаім ідэалогіі нацызму, ад якой пакутавалі і немцы, і французы, і многія-многія іншыя народы. Таксама мы ставім пытанне прызнання генацыду савецкага народа», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што да гэтага часу невядома дакладная колькасць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. І ў Беларусі, і ў Расіі ўсё яшчэ знаходзяць астанкі забітых маці, якія прыціскаюць да грудзей немаўлят. Грудных немаўлят, пахаваных жывымі. «Такіх сюжэтаў не злічыць. І лічбы выклікаюць жах», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

«Мы мірныя людзі. Мы не хочам вайны. Але перад намі зноў пастаўлена пытанне аб праве на жыццё нашай цывілізацыі, на захаванне спрадвечных каштоўнасцяў, нацыянальных культур. Чужога нам не трэба, асабліва тых даброт, якія не раз насаджаліся нашым продкам агнём і мячом. І тым не менш. Як пасля Перамогі, так і сёння мы заклікаем да мірнага дыялогу. Але пры ўмове паважання нашай гістарычнай памяці і праўды аб той вайне. Мы адкрыты любым дружалюбным крокам насустрач — і ў Расіі, і ў Беларусі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар расказаў, што, пад’язджаючы разам з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным да месца правядзення канцэрта, абмяркоўваў з ім, як сёння ацэньваюцца вынікі Вялікай Айчыннай вайны. «І ён назваў адну жудасную ідэю нашых агідных, якія да гэтага часу не могуць супакоіцца. Нашых агідных — маладых, якія не бачылі вайны, ды і сур’ёзнага гора не бачылі. Якія гавораць: „Ды не трэба было абараняць Ленінград. Трэба было яго пакінуць — і вялізную колькасць, больш за мільён, жыццяў бы захавалі“. Небяспечная тэндэнцыя. Яны, сволачы, з мінулага спрабуюць глядзець у сучасны дзень», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле гэтай логікі, заўважыў ён, калі не трэба было абараняць Ленінград, то не варта было абараняць і Маскву, ды і наогул не трэба было абараняцца.

«Я згодны з Прэзідэнтам Расіі, які гаворыць: „Мы страцілі б сваю цывілізацыю і сёння не жылі б на гэтай зямлі, калі б не змагаліся за кожны кавалак зямлі“. Але, як я сказаў, яны з мінулага глядзяць у сучаснае. І логіка ў чым: ды не трэба супраціўляцца, не трэба змагацца. Яны сёння на нашых граніцах точаць мячы, каб прыйсці да нас. Яны едуць зноў да нас, каб зрабіць нас „лепшымі“. І дзе будзем мы? Вось галоўнае пытанне, на якое мы сёння спрабуем адказаць. Мы адказваем і адкажам, будзьце ў гэтым упэўнены. І няхай памяць аб тых, хто пайшоў ад нас, натхняе нас на стварэнне ў імя будучыні нашых народаў, у імя міру. Мы захаваем сваю цывілізацыю, у гэтым вы можаце быць упэўнены», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.


Ад антарктычных даследаванняў да спартыўных дасягненняў

Сімвалічна, што ў нядзелю, у Дзень беларускай навукі, Аляксандр Лукашэнка разам з расійскім калегам прыняў удзел у мерапрыемстве, якое непасрэдна датычыць і нашых вучоных, — ва ўводзе ў доследную эксплуатацыю новага зімовачнага комплексу на станцыі «Усход» у Антарктыдзе у рэжыме відэаканферэнцыі.

Ён канстатаваў, што да гэтага часу гэта самы малавывучаны мацярык планеты. «Расія з’яўляецца лідарам у вывучэнні Антарктыкі на сёння. Ніхто не можа з гэтым параўнацца. У нас была вялікая краіна — Савецкі Саюз. Мы разам працавалі. Але калі нехта спадзяваўся, што гэта ўсё загіне, — аказваецца, не загінула, а выйшла на больш высокі ўзровень», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама падзякаваў расійскім сябрам, якія і раней, і цяпер дапамагаюць беларускім вучоным з размяшчэннем на сваёй станцыі, падтрымліваюць даследаванні, дзеляцца навуковымі данымі, прадастаўляюць абсталяванне. «Ведаю, што працуе і наша абсталяванне там (у Антарктыдзе. — „Зв.“). Мне далі інфармацыю: у 2018–2020 гадах тут быў уведзены ў эксплуатацыю ўльтрафіялетавы фатометр канструкцыі беларускага ўніверсітэта. Я ўпэўнены: праграма будзе прадаўжацца з выкарыстаннем гэтага абсталявання. Я ў Беларусі звярну больш пільную ўвагу на развіццё гэтага сектара навукі і практыкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь на працягу шэрагу гадоў рэалізоўвае і сваю антарктычную праграму. Пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы ў 2006 годзе краіна пачала свой шлях у асваенні Антарктыды. У НАН Беларусі 30 кастрычніка 2023 года быў дадзены ўрачысты старт 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі на чале з вопытным палярнікам, удзельнікам усіх папярэдніх 15 экспедыцый Аляксеем Гайдашовым. У першай дэкадзе студзеня бягучага года была праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы генеральнага грузу і супрацоўнікаў Беларускай антарктычнай экспедыцыі на палявую базу «Гара Вячэрняя». Яна размешчана на ўзбярэжжы мора Касманаўтаў недалёка ад сезоннай расійскай станцыі «Маладзёжная».

Наступнае месца наведвання двух лідараў — «СКА Арэна» — нядаўна ўзведзены ў Санкт-Пецярбургу найбуйнейшы хакейны стадыён у свеце. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін агледзелі розныя памяшканні «СКА Арэны», азнаёміліся з умовамі, створанымі як для гульцоў, так і для балельшчыкаў, цёпла пагутарылі з гульцамі каманды СКА, паназіралі за трэніроўкай на лёдзе. Лідарам краін на памяць падарылі хакейныя джэрсі з сімволікай каманды.


Заўсёды ёсць пра што пагаварыць

У нядзелю Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі перагаворы ў Канстанцінаўскім палацы ў Санкт-Пецярбургу. Кіраўнікі дзяржаў сур’ёзна акунуліся ў эканоміку і пытанні ваенна-прамысловых комплексаў. Таксама закранулі парадак дня Вышэйшага дзяржсавета, што меўся адбыцца назаўтра.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў былыя часы, калі Беларусь і Расію «не так душылі», такія дні правядзення ВДС і двухбаковых перагавораў заўсёды былі напоўнены абмеркаваннем нейкіх пытанняў, якія трэба было б вырашыць на ўзроўні ўрадаў.

«Сёння яны вырашаюцца ўрадамі. Ну а шліфануць парадак дня — наша з вамі святая справа. Я вельмі рады і задаволены нашай сустрэчай. Заўсёды гатовы прыехаць у любое месца ў Расіі. Ёсць што паглядзець, ёсць пра што пагаварыць», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў аб сумесных мерапрыемствах, якія прайшлі ў нядзелю перад перагаворамі. «Што датычыцца Антарктыкі, правільна ў Савецкім Саюзе ніхто нічога не дзяліў, працавалі разам. І я вельмі рады. Як і вы, я думаю, у тым ліку. Мы рады, што мы не разышліся. Агульную справу робім. І я падумаў: ну якая краіна магла б даць такія магчымасці такой краіне, як Беларусь! Мы ж у Расіі, па вялікім рахунку, не бачым ніякіх праблем. У Расіі шмат чаго ёсць. — „Калі ласка, прыходзьце, працуйце, давайце разам, бярыце, зарабляйце, дзейнічайце“. — Ні адна краіна не здольна была б так адносіцца, як вы адносіцеся да Беларусі», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Зноў жа я праецырую: а што перашкаджала Украіне, балтыйскім краінам так працаваць з намі? Гэта наш свет, мы яго выбудоўвалі некалькі дзесяцігоддзяў, мы разам перамаглі ў гэтай страшнай вайне. Ну давайце рухацца ў гэтым напрамку! Не, не хочацца — шукаюць за морамі лепшага жыцця», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Згадаў ён і важныя для народаў абедзвюх краін мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады. «Ну так, неяк мы з вамі адчулі, што нядрэнна было б, каб побач стаяў хтосьці з Украіны. Усё ж такі тры славянскія народы пацярпелі. Але гэта іх выбар. Што рабіць, у іх іншы курс... Але, думаю, што яны вернуцца да нас. Дзявацца няма куды», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.