Вы тут

Старая паштоўка — крыніца гістарычнай памяці


З Санкт-Пецярбурга прыйшло паведамленне. Прысуджаны прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2023–2024 гады. Адпаведнае рашэнне прынята на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета. Прэмія прысуджана аўтарскаму калектыву ў складзе галоўнага архітэктара «Белдзяржпраекта» Віктара Скробата, мастака-манументаліста, члена Беларускага саюза мастакоў Андрэя Пяткевіча, дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандра Храмога — за стварэнне музея ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь». Лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы стаў таксама пазаштатны аўтар Выдавецкага дома «Звязда» Уладзімір Ліхадзедаў за стварэнне і рэалізацыю гісторыка-асветніцкага праекта «Бацькаўшчына», выданне аўтарскіх кніг-альбомаў у серыі «У пошуках страчанага». Прэмія прысуджана генеральнаму дырэктару навукова-творчай установы культуры Краснадарскага краю «Кубанскі казачы хор» Віктару Захарчанка за стварэнне цыкла песень «Беларусь», «Русь», «Цераз рэчаньку».


Віншуючы ўсіх лаўрэатаў, сёння мы расказваем пра плён працы Уладзіміра Ліхадзедава — члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, які даўно і настойліва займаецца прапагандай гістарычнай памяці нашай Айчыны, выкарыстоўваючы пры гэтым уласны багаты збор ілюстрацыйнага матэрыялу, найперш — старых паштовак, выдадзеных у Расійскай імперыі, а таксама ў іншых краінах свету напрыканцы XІX — у першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя.

У першай палове 2004 года на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня» з’явілася рубрыка «У пошуках страчанага». Адзін раз на тыдзень галоўная грамадска-палітычная газета краіны друкавала выявы рэпрадукцый, прысвечаных розным мясцінам нашай краіны, а таксама блізкім да Беларусі рэгіёнам. Старыя паштоўкі, прадастаўленыя Уладзімірам Ліхадзедавым, суправаджаліся тэкстамі журналістаў, пазаштатных аўтараў выдання, а таксама тэкстамі самога калекцыянера. Літаральна ўся краіна зацікавілася нечаканымі і невядомымі ў большасці выпадкаў матэрыяламі. Старонкі газеты з публікацыямі «У пошуках страчанага» пачалі выразаць, збіраць у папкі, выкарыстоўваць на ўроках і гадзінах выхаваўчай работы ў агульнаадукацыйных школах. З розных мясцін, а газету чыталі і чытаюць па ўсёй краіне, пачалі ісці запатрабаванні аб выданні публікацый і перш-наперш рэпрадукцый асобнымі кнігамі. А праца Уладзіміра Ліхадзедава ў газеце і праца яго калег па «СБ. Беларусь» была адзначана высокай узнагародай — прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Ашмяны. Царква (1916 год)

Плёнам даследчыцкіх і збіральніцкіх вышукаў калекцыянера і гісторыка, краязнаўца зацікавіліся музеі, розныя асветніцкія ўстановы. У розных гарадах з’явіліся пастаянна дзеючыя выстаўкі — як прыклад: 

Жыровічы, Мар’іна Горка, Полацк... Старыя паштоўкі — з тлумачэннямі, каментарыямі іх дасведчанага збіральніка — пачалі падарожнічаць па Беларусі, расказваць пра нашу гісторыю. Уладзімір Ліхадзедаў супольна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стаў ініцыятарам шэрагу канферэнцый, круглых сталоў, на якія запрашаў у Беларусь і паплечнікаў па філакартычным захапленні. Найперш — з Расійскай Федэрацыі. Кожнае з такіх мерапрыемстваў суправаджалася выстаўкай, прадстаўленнем новых знаходак калекцыянера.

З часам публікацыі па матэрыялах калекцыі Уладзіміра Аляксеевіча пачалі з’яўляцца на старонках газеты «Голас Радзімы» — цыкл «Знічкі Айчыны», які праз некаторы час быў адзначаны прэміяй Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро», а таксама ў часопісе «Маладосць», урадавай і парламенцкай газеце «Звязда».

Пачалі выходзіць і кнігі серыі «У пошуках страчанага». Адно з выданняў так і называлася — «У пошуках страчанага» (выдавецтва «Літаратура і мастацтва», 2007 год). Як правіла, філакартычныя альбомы выходзілі накладамі ад 1000 да 3000 экзэмпляраў і даволі шырока разыходзіліся не толькі па Беларусі, — станавіліся ўпрыгожаннем беларускай экспазіцыі на кніжных выстаўках-кірмашах у Маскве і Пекіне, Вільнюсе і Варшаве, Празе і Львове, Кіеве і Алматы... Неаднойчы альбомы серыі былі адзначаны на рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі», а таксама на конкурсе «Мастацтва кнігі СНД».

Своеасаблівае новае дыханне праекту надаў удзел у пашырэнні ініцыятыў Уладзіміра Ліхадзедава Міністэрства інфармацыі нашай краіны. Цяпер пад назвай «Бацькаўшчына» выстаўкі калекцыянера, яго новыя філакартычныя альбомы, а таксама дэманстрацыя магчымасцяў друку па старадаўніх тэхналогіях — у праграме Дня беларускага пісьменства ў розных гарадах Беларусі, у праграме традыцыйнай штогадовай Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу. «Бацькаўшчына» — твар, неад’емная частка гэтых важных дзяржаўных свят. І ў глыбінцы, правінцыі, і ў сталіцы ідуць літаральна «на Ліхадзедава», ідуць кніжнікі, проста цікаўныя да гісторыі людзі.

Віцебск. Успенскі сабор. Пачатак ХХ стагоддзя

...А ў Выдавецкім доме «Звязда» за гады супрацоўніцтва з калекцыянерам, аўтарам выйшла больш дзесяці філакартычных альбомаў Уладзіміра Ліхадзедава: «У пошуках страчанага», «Знічкі Айчыны», «Блакада», «Місія міласэрнасці», «Мінск. Падарожжа ў часе», «Палігон. Гісторыя Скобелеўскага лагера», «Беларусь. 1914–1918. Вайна і мір», «Гродна. Падарожжа ў часе», «Слонім. Падарожжа ў часе», «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», «17 верасня. Дзень народнага адзінства», «Адзінства непераможнага народа», «Ад Віцебска да Полацка: падарожжа ў часе»... Пра кожнае з гэтых выданняў шырока пісалі ў друку. Кнігі са старымі паштоўкамі Уладзіміра Ліхадзедава ёсць ва ўсіх бібліятэках Беларусі.

Бітва каля Клясціц. 31 ліпеня 1812 года. Паштоўка пачатку XX стагоддзя па карціне П. Геса

...Многія праекты Уладзіміра Ліхадзедава даволі цесна звязаны з гісторыяй, краязнаўствам Расіі. Гэта датычыцца і публікацый у перыёдыцы ў рамках праектаў «У пошуках страчанага», «Бацькаўшчына». Гэта датычыцца і выдання філакартычных альбомаў на тыя ці іншыя тэмы. Па-першае, калекцыянер, літаратар цесна звязаны з праваслаўным краязнаўствам. Падзеяй у крыніцазнаўстве, гістарыяграфіі стаў выпуск альбома, прысвечанага біяграфіі Аляксандра Неўскага. Уладзімір Аляксеевіч сабраў разам выявы старых паштовак з адлюстраваннем праваслаўных храмаў, якія носяць імя Святога Аляксандра Неўскага. Асобнае месца ў творчай, даследчыцкай працы лаўрэата занялі клопаты па збіранні альбома «Блакада». Гэта ўвогуле ўнікальная праца, роўных, аналагічных якой у багатай літаратуры, прысвечанай блакадзе Ленінграда ў Вялікую Айчынную вайну, проста не існуе.

Кастусь ЛЕШНІЦА

На фота: Уладзімір Ліхадзедаў — жаданы госць на кніжных выстаўках; старыя паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава з кніг, якія выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.