Вы тут

Беларуская навука дае магчымасці развіцця рэальнаму сектару эканомікі


Уся беларуская навука, якая акрамя акадэмічнай уключае таксама і ВНУ, і галіновую, накіравана на атрыманне новых ведаў, але пры гэтым з’яўляецца практыкаарыентаванай, сказаў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай прыярытэтным напрамкам навуковых даследаванняў у 2024 годзе, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіль Гурскі. 


Фота: БелТА

— Новыя веды набываюць форму новых тэхналогій, эксперыментальных і вопытных, новых узораў і матэрыялаў, якія становяцца магчымасцю для рэальнага сектара ў далейшым маштабаваць распрацоўкі, укараняць іх у вытворчасць і атрымліваць новую прадукцыю, лекі і тэхніку, — падкрэсліў галоўны вучоны сакратар НАН. 

Ён адзначыў, што навука — заўсёды погляд у будучыню, яна арыентавана на перспектыву, і ў той жа час любыя распрацоўкі грунтуюцца на тых кампетэнцыях, якія назапашаны папярэднімі пакаленнямі навукоўцаў. 

— Беларуская навука ў гэтым плане выгадна адрозніваецца ад многіх іншых краін, таму што мы ў момант развалу СССР не згубілі свае навуковыя школы, актыўна іх развівалі і назапашвалі новыя кампетэнцыі ў розных напрамках. У многім дзякуючы гэтаму Беларусь з’яўляецца касмічнай дзяржавай, актыўна даследуе Антарктыду, — сказаў вучоны сакратар. — У гэтым годзе 16-ая антрактычная экспедыцыя НАН Беларусі ўжо актыўна працуе на лядовым кантыненце, — дадаў ён.

Дасягненні і перспектывы 

Сярод найбольш перспектыўных напрамкаў работы беларускіх навукоўцаў Васіль Гурскі назваў даследаванне біятэхналогій. 

— Гэта важны напрамак, які ў нашай краіне мае не толькі сур’ёзную навуковую аснову, але і практычнае ўвасабленне, — падкрэсліў спікер. — Так, Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя актыўна супрацоўнічае з навукоўцамі і ўкараняе іх распрацоўкі. 

Развіваецца і такі стратэгічны напрамак, як мікраэлектроніка. 
— Гэта адна з найважнейшых задач, якія кіраўнік дзяржавы паставіў і перад прамысловасцю, і, у першую чаргу, перад вучонымі. Навуковае забеспячэнне развіцця мікраэлектронікі, штучнага інтэлекту, праграмнага забеспячэння вельмі важна для нас на перспектыву, — сказаў галоўны вучоны сакратар. 

І, вядома ж, гаворачы аб перспектыўных напрамках даследаванняў, нельга не згадаць даследаванні ў сферы медыцыны, фармацэўтыкі, атрымання новых матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі, падкрэсліў ён. 

Яшчэ адна найважнейшая задача для беларускіх навукоўцаў — развіццё электратранспарту і метадаў беспілотнага кіравання новымі транспартнымі сродкамі.

— Канкрэтныя распрацоўкі ў сферы электратранспарту ўжо прадстаўлены кіраўніку дзяржавы, — адзначыў Васіль Гурскі. — НАН Беларусі створана практычна поўная кампанентная база для развіцця свайго электратранспарту: гэта і электрарухавік, і каробка перадач, і праграмна-апаратны комплекс кіравання транспартным сродкам.

Уклад маладых 

Навука вызначае якасць нашага жыцця, а гэты год аб’яўлены Годам якасці, падкрэсліў начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Пётр Пякуцька. Ён расказаў, што ў сістэме Міністэрства адукацыі функцыянуюць 34 навуковыя арганізацыі, у асноўным гэта ўніверсітэты. І ў мінулым годзе яны прымалі ўдзел у выкананні навукова-даследчых работ у рамках усіх 12 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, што рэалізуюцца ў краіне. 

— Сярод асноўных вынікаў працы нашых навуковых арганізацый у мінулым годзе, якія атрымалі шырокі рэзананс, было, у прыватнасці, завяршэнне шматгадовага праекта па распрацоўцы і запуску на арбіту універсітэцкага спадарожніка БДУ, — расказаў начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі.

Спадарожнік быў выведзены на арбіту ў чэрвені 2023 года і да канца года здзейсніў ужо 3000 віткоў на калязямной арбіце, а лабараторыямі па ўсім свеце атрымана звыш 3 тысяч пакетаў тэлеметрычных дадзеных. Поўны цыкл распрацоўкі, праектавання і праграмнага забеспячэння спадарожніка быў выкананы спецыялістамі БДУ, звярнуў увагу навуковец. 

— У гэтай жа вобласці можна адзначыць распрацаваную Інстытутам прыкладных фізічных праблем імя Сеўчанкі сістэму арыентацыі відэаапаратуры, якая ўсталёўваецца на расійскім сегменце Міжнароднай касмічнай станцыі і дазваляе ў аўтаматычным рэжыме вырабляць факусіроўку відэаапаратуры і здымкі зададзеных паверхняў на Зямлі.

Сярод дасягненняў, якімі ганарыцца беларуская навука, вучоны назваў і распрацоўкі ў галіне біятэхналогій. 

— У мінулым годзе быў уведзены ў эксплуатацыю ўчастак па вытворчасці новых арыгінальных біярэзарбіруемых поліфункцыянальных лекавых прэпаратаў на прадпрыемстве «УНІТЭХПРАМ БДУ». Цяпер завяршаюцца работы па падрыхтоўцы камплектаў дакументаў па акрэдытацыі гэтага вытворчага ўчастка ў адпаведнасці з патрабаваннямі GMP і вядзецца падрыхтоўка да пачатку клінічных выпрабаванняў гэтых прэпаратаў, — расказаў Пётр Пякуцька. 

Гонарам беларускіх распрацоўшчыкаў стаў эндапратэз каленнага сустава, падкрэсліў навуковец:
— У канцы мінулага года ўжо выраблена 600 такіх эндапратэзаў, яны пастаўлены ва ўстановы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, зроблены першыя аперацыі. У гэтым годзе наша задача — павялічыць аб’ёмы вытворчасці гэтага пратэза, рухацца ў напрамку распрацоўкі і пачатку вытворчасці эндапратэзаў тазасцегнавага сустава. 

У поле зроку навукоўцаў — самыя розныя сферы і галіны. Так, сярод новых распрацовак — інфармацыйна-аналітычная сістэма кантролю і аналізу дзейнасці ў водаахоўных зонах (яна будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў бліжэйшыя тыдні), а таксама ўзор аўтамабільнага радыёлакатара папярэджання сутыкнення далёкага дзеяння. 

— Узмацненне прыкладной арыентацыі нашых даследаванняў з’яўляецца для нас надзённай задачай і на бягучы год, — сказаў Пётр Пякуцька. 

Моладзь у нашай краіне актыўна ўключана ва ўсе прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў, расказаў старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі. Кожны трэці даследчык у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — гэта малады вучоны: штогод на працу і вучобу сюды прыходзіць каля 300-350 маладых людзей — у аспірантуру, магістратуру і на пасаду малодшых навуковых супрацоўнікаў. У сферы навуковых інтарэсаў маладых вучоных — напрыклад, розныя ахоўныя пакрыцці, у тым ліку для выкарыстання ў касмічнай сферы, расказаў старшыня Савета маладых вучоных НАН. Ёсць напрацоўкі і ў сферы аграпрамысловага комплексу. У прыватнасці, харчовы 3D-прынтэр, які стаў летась пераможцам конкурсу «100 ідэй для Беларусі».

Прамое імпартазамяшчэнне 

— Усе распрацоўкі навукоўцаў з’яўляюцца прамым імпартазамяшчэннем. Калі мы не навучымся вырабляць самі лекі, новыя матэрыялы, новыя тэхналогіі, нам давядзецца або гэта закупляць за мяжой, або адмаўляцца ад гэтага, — падкрэсліў Васіль Гурскі. 

Ён адзначыў, што распрацоўкамі, якія пазіцыянуюць Беларусь як высокаразвітую краіну, што належыць да ліку тэхналагічна паспяховых, з’яўляюцца, вядома ж, даследаванні ў сферы космасу. Цяпер у Акадэміі навук пачата распрацоўка новага спадарожніка зандзіравання Зямлі. 

— Нельга таксама не адзначыць поспехі беларускай навукі ў частцы вытворчасці фармацэўтычных прэпаратаў. Тут вялікая колькасць новых імпартазамяшчальных прадуктаў, але найбольшую вядомасць атрымалі нашы ўнікальныя распрацоўкі ў сферы лекаў ад раку — супрацьпухлінных прэпаратаў. Не так даўно быў анансаваны «Еленаген», а ў мінулым годзе завяршыліся даследаванні і будзе ўкараняцца ў практыку яшчэ адзін зусім новы лекавы сродак, расказаў вучоны. 

— Аналагаў яму ў свеце няма, гэта перадавы край не толькі айчыннай, але і сусветнай навукі, — адзначыў ён. 

Кожная з прарыўных распрацовак не з’яўляецца вырванай з кантэксту, яна аб’ядноўвае вялікую колькасць даследаванняў. Гэта комплекс работ многіх вучоных, інстытутаў і лабараторый, падкрэсліў галоўны вучоны сакратар НАН.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.