Калі вы апошні раз адпраўлялі паштоўку сваякам, блізкім сябрам ці калегам? Здаецца, са з’яўленнем месэнджараў і сацсетак гэта ўсё пачало забывацца... Як бы не так! Нягледзячы на развіццё інфармацыйных тэхналогій актывісты БРСМ да Адзінага дня галасавання стварылі праект «Паштоўка.БЕЛ».
Гэта выглядае як класічная паштоўка з запрашэннем паўдзельнічаць у выбарах і кішэнным календаром, на якім выдзелены важныя дзяржаўныя даты. Удзел у праекце абсалютна бясплатны. Галоўнае — паспець адправіць да 20 лютага. Літаральна 2-3 дні — і паштоўка будзе ў руках у атрымальніка ў любым кутку Беларусі.
— У перспектыве каля сямідзесяці тысяч такіх паштовак на першым этапе паступіць у рэгіёны. Іх можна займець, на мерапрыемствах БРСМ, а таксама на кансалідаваных пікетах, якія зараз праходзяць па ўсёй краіне. — распавёў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.
Цэнтральнай падзеяй старту праекта стала цырымонія ўрачыстага гашэння на спецыяльных паштовых планшэтах паштовай карткі «Выбіраем будучыню разам!» на Галоўпаштамце. У ёй прынялі ўдзел старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Перцоў, Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган, а таксама першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.
Паводле слоў Ігара Карпенкі, ЦВК падтрымлівае гэты маладзёжны праект, які ў крэатыўнай форме садзейнічае выбарчым камісіям.
Акрамя таго, ён перакананы, што старэйшае пакаленне да гэтага часу памятае, як адпраўлялі адзін аднаму лісты і паштоўкі па пошце:
— Цяпер, з развіццём інтэрнэту і інфармацыйных тэхналогій, гэта стала не так актуальна, але думаю, што атрымаць персанальную маляўнічую паштоўку будзе прыемна. Гэта цікавы праект, які нагадае выбаршчыкам пра адказны грамадзянскі абавязак кожнага беларуса.
У пазітыўным ключы наконт праекту «Паштоўка. БЕЛ» выказаўся і міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Перцоў:
— Ідэя добрая, тым больш што большасць моладзі наўрад ці карысталіся паштоўкамі ў якасці сродку сувязі. Тут жа выбрана цікавая форма — нарыхтоўка паштоўкі-нагадоўкі аб тым, што 25 лютага пройдзе адзіны дзень галасавання. І маладым людзям, асабліва тым, у каго гэта першы дзень галасавання, будзе ганарова атрымаць такую паштоўку, прыйсці прагаласаваць, пакінуць яе як памяць і паказваць потым сваім сябрам. Ганарова яшчэ і тым, што гэта першы ў гісторыі Беларусі адзіны дзень галасавання, калі мы будзем выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.
Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган перакананы, што паштоўкі актуальныя ў любы час, і што ўсё новае — добра забытае старое.
— Паштоўкі ніколі ніхто не забываў. Яны не толькі маюць калекцыйную каштоўнасць, але і выкарыстоўваюцца як спосаб паведамлення аб нейкіх падзеях сябрам і сваякам. — адзначыў ён, — Таму атрымаць папяровае запрашэнне на адзіны дзень галасавання — асабліва цікава.
Пасля цырымоніі ўрачыстага гашэння ўсе ўдзельнікі мерапрыемства адправіліся ў Круглую залу Галоўпаштамта, дзе можна было запоўніць імянную паштоўку і адправіць яе патэнцыйным выбаршчыкам. Моладзь выстройвалася ў чаргу, запаўняла паштоўкі-запрашэнні і рабіла з імі фота на памяць.
Дарэчы, і пра сучасныя тэхналогіі БРСМ таксама не забыліся. Яны ўжо прадставілі новы стыкерпак, прысвечаны электаральнай кампаніі, якая праводзіцца ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта 10 яркіх тэматычных стыкераў, якія ў анлайн-рэжыме будуць нагадваць моладзі пра важны этап у жыцці нашай краіны.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».