Вы тут

105 навучэнцаў прынялі ўдзел у Форуме маладых выбаршчыкаў


У Мінску на мінулым тыдні ўпершыню прайшоў Форум маладых выбаршчыкаў, арганізаваны Міністэрствам адукацыі і Цэнтральнай выбарчай камісіяй. У ім прынялі ўдзел 105 навучэнцаў з устаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі — выбаршчыкі, якія будуць галасаваць упершыню.


У насычанай двухдзённай праграме форуму адно з важных мерапрыемстваў — наведванне маладымі людзьмі абедзвюх палат беларускага парламента. У Савеце Рэспублікі з юнымі выбаршчыкамі сустракалася яго старшыня Наталля Качанава. Размова, у якой спікер закранула шырокае кола тэм: ад сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне да міжнароднай абстаноўкі, а таксама адказала на пытанні моладзі, атрымалася зацікаўленай і шчырай.

«Я ўбачыла, што хлопцам і дзяўчатам сапраўды было цікава. Яны задавалі даволі шмат пытанняў, таму што ім цікавае жыццё нашай краіны, — падзялілася Наталля Качанава па выніках сустрэчы. — Я ім сказала, што яны ўвойдуць у гісторыю як тыя, хто ўпершыню галасаваў у адзіны дзень галасавання, які пройдзе ў нашай краіне 25 лютага». Спікер звярнула ўвагу на шырокую геаграфію мерапрыемства — на форум прыехалі хлопцы і дзяўчаты з усіх рэгіёнаў краіны, з розных навучальных устаноў: ВНУ, ліцэяў, каледжаў. «Я думаю, што такія сустрэчы проста неабходныя. Навучэнцы самі пыталіся, ці будзе функцыянаваць школа маладых выбаршчыкаў, ці будуць надалей праводзіцца такія сустрэчы. Цікавіліся і работай», — сказала яна.

Наталля Качанава падкрэсліла, што вынікам такога мерапрыемства стане больш свядомы ўдзел маладых выбаршчыкаў у электаральнай кампаніі. Прыйшоўшы 25 лютага на выбарчыя ўчасткі, гэтыя маладыя людзі аддадуць свае галасы за таго ці іншага дэпутата Палаты прадстаўнікоў, дэпутата мясцовага Савета, разумеючы, што яны непасрэдна ўдзельнічаюць у далейшым лёсе сваёй краіны.

Маладыя ўдзельнікі форуму разумеюць сваю ролю ў палітычным жыцці Беларусі. «Голас маладых людзей важны для будучыні краіны. Мой абавязак — выбар годнага кандыдата», — заявіў Мікалай Аносаў, студэнт другога курса Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Малады чалавек сказаў, што будзе галасаваць за чалавека, які здольны чуць сваіх суграмадзян і рухаць краіну наперад. Другакурсніца Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Васіліса Іванюшчанка расказала пра свае пытанне да Наталлі Качанавай падчас сустрэчы: «Я спытала, які шлях трэба прайсці чалавеку, каб працаваць у Савеце Рэспублікі. На што мне адказалі, што шлях можа быць розным, але галоўнае — адказнасць, мэтанакіраванасць і працавітасць». Маючы адбыцца адзіны дзень галасавання для студэнткі — хвалюючае мерапрыемства. «Я вельмі рада, што ў тым ліку ад мяне будзе залежаць такое важнае рашэнне. Лічу, гэта мой грамадзянскі абавязак — удзельнічаць у выбарах. Не разумею людзей, якія не хочуць ці не плануюць ісці. Я чакала 18-годдзя, каб прагаласаваць», — прызналася студэнтка. Яна расказала, што абавязкова азнаёміцца з перадвыбарнымі праграмамі кандыдатаў у дэпутаты і з усёй адказнасцю падыдзе да выбару свайго кандыдата.

Ігар Карпенка, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, лічыць правядзенне падобнага мерапрыемства добрым ходам: «Мы сустракаемся з моладдзю, тлумачым навацыі заканадаўства; тлумачым, у чым сутнасць і важнасць электаральнай кампаніі. Ёсць цікавасць. Хлопцы і дзяўчаты былі на сустрэчах у абедзвюх палатах парламента краіны, у іх была магчымасць у рамках форуму пагутарыць з людзьмі, якія на працягу свайго жыцця рабілі нейкі свядомы выбар, а мы з нараджэння да сыходу з жыцця заўсёды робім нейкі выбар: выбіраем прафесію, жыццёвы шлях, прыярытэты, маральна-этычныя ўстаноўкі. Важна захаваць гэтае адзінства краіны, маральна-этычныя нормы, якія заклалі нашы продкі, традыцыі, гісторыка-культурную спадчыну. Моладзь гэта вельмі тонка адчувае, нават па іх пытаннях гэта адчуваецца».

Андрэй Іванец, міністр адукацыі, лічыць мэтазгодным зрабіць камунікат з маладымі людзьмі ў такім фармаце пастаянным. «Моладзь гатова не проста прымаць актыўны ўдзел у грамадска-палітычных працэсах, якія адбываюцца ў краіне, але і бачыць вынік свайго ўдзелу, — адзначыў ён. — Нямала маладых, якія хочуць займацца прававой асветай, хочуць убачыць сваё месца ў грамадскім, грамадска-палітычным жыцці. Я ўпэўнены, што такую практыку мы павінны зрабіць пастаяннай, магчыма, штогадовай, таму што запыт ад моладзі вельмі высокі».

Паводле БелТА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Прагаласаваць — і ўвайсці ў гісторыю

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.